Агасфэр

Вечны Жыд

Гайм Штэфан


Разьдзел дваццаць восьмы

У старасьці мы зьбіраем ураджай жыцьця, і калі яно было добрае й падабалася чалавеку, дык ён багаты й дабраславёны, і, слова Божае, як калісьці ў такога чалавека як Паўль фон Айцэн, якому слова сам Бог уклаў у вусны, пабожна сыходзіць зь іх. У яго ня толькі выходзіць у сьвет «Нямецкі зборнік казаняў» (Deutsche Postille), куды прадумана й старанна ён уключыў усе свае нядзельныя і сьвяточныя пропаведзі, каб ягоныя падначаленыя службовыя браты на будучае ведалі, што й як яны, зь лёгкімі, мясцова абумоўленымі ariatviones, павінны гаварыць сваім авечачкам; ён ня толькі субмітуе прыхільнай публіцы сваё «Хрысьціянскае настаўленьне, як, зыходзячы з двух пастулатаў хрысьціянскага вучэньня і веры, пра сьвятую эўхарыстыю нашага любаснага Госпада Ісуса Хрыста, з чыстай праўды Боскага слова, даказваючы шчырую ісьціну супроць усякага роду сэктаў і аблудаў, можна сьціпла й бяз прыкрай лаянкі весьці казань», і сьпешна прысьвячае яго пасьля заўчаснай сьмерці свайго літасьцівага князя і герцага наступніку Ёгану Адальфу; не, цэлы сьвет, асабліва пратэстанцкі, і на чале яго новы герцаг, згодныя, што без намогі й стараньня супэрінтэндэнта ў Шлезьвігу з герцагства ніколі ня сталася б царства божага, да якога, кажучы словамі прарока Ісаі, натоўп ля мора навяртаецца.

Ідзе да таго, што й хатняга шчасьця не бракуе. Хоць яго жонка Барбара, пасьля таго як схуднела яшчэ больш і высахла да касьцей і пасьля таго, як ён цьвёрда паабяцаў ёй спатканьне ў іншым, лепшым месцы, шчасна спачыла, але дзеці вырасьлі здаровымі й дзельнымі людзьмі, і нават крошка Маргарэтэ нягледзячы на сваё калецтва дасталася пад вянец зь пісарам Вольфгангам Калундам, разам зь якім anno 1610 за забойства іхняга зяця, бургамістра Клаўса Эсмарха з Апэнрадэ, была пакарна сьмерцю; але гэтага яшчэ Айцэн ня ведае наперад, а яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, які з прычыны некаторых ведаў мог бы сказаць пра гэта, маўчыць.

Гер тайны радца таксама не памаладзеў; бародка сівая, акурат як і рэдзенькія валасы на чэрапе, толькі густыя, востра сагнутыя бровы па-ранейшаму чорныя, крыху аддаючы ў рыжаватасьць. Ён шмат езьдзіць, ніхто ня ведае, куды й зь якімі гешэфтамі, але сёньня на месцы, быў пры двары, каб разьвітацца: новым валадарам патрэбны новыя дарадцы, і цяпер ён сядзіць у Айцэнавым пакоі, у каміне гарыць агонь, крошка Маргарэтэ, якая са сваім Калундам ўсё яшчэ жыве ў доме, каб быць пад рукою ў бацькі, праставіла віно, бочачку якога прывёз Лёйхтэнтрагер з далёкіх земляў, сказаўшы, быццам яно было сапраўднай крывёй, - чырвонага віна пі чарку да дна.

- Такое самае, - казаў ён, - як і тады ў Вітэнбэргу, калі я частаваў цябе, і Маргрыт была з намі.

- Ах, - уздыхае Айцэн, - Маргрыт.

- Самыя прыгожыя жанчыны, - кажа Лёйхтэнтрагер, - заўсёды тыя, якіх мы самі сабе ствараем.

- Міраж, блізір, - кажа Айцэн, - чорт выдумаў, чорт і зрабіў.

- Але ж ты кахаў яе, - кажа Лёйхтэнтрагер і ўсьміхаецца сваёй ціхай, крывой ухмылкай, якая кажа, што за кожным, хто ёсьць, стаіць нехта іншы, а за ім яшчэ нехта ці нешта, і што на сьвеце ногул няма нічога, нам усё толькі здаецца, а ўсе ісьціны пакрыўленыя і перакручаныя.

- Яна абдурыла мяне, - кажа Айцэн, - і ўцякла зь жыдам, Агасфэрам, які быў пахібаю ўсіх веруючых хрысьціян.

- І якога ты дазволіў закатаваць кіямі да сьмерці, - дадае Лёйхтэнтрагер.

Айцэн адпівае віна й паляпвае сябра па горбіку.

- Калі б ён быў Агасфэр, сапраўдны, - кажа ён, - якога пракляў наш Гасподзь Ісус і асудзіў на вечнае вандраваньне, дык у яго не дайшло б да сьмерці, ён весела перанёс бы ўсё і ўцёр бы носа геру прафузу, калі той у канцы саўгануў яму ботам пад бок, каб пераканацца, што ў ім сапраўды не засталося жыцьця.

І ў самы гэты момант у пакой уваходзіць крошка Маргарэтэ й ставіць на стол трэйці кубак, і калі бацька пытаецца ў яе, што б гэта значыла, бо як бы ён жадаў бачыць за сталом гера Калунда, ён бы ўжо яму паказаў, дык яна з усім належным рышпектам адказвае, што кубак не для яе Калунда, а для аднаго чалавека, які толькі што прыйшоў, гэта сябар дома, як сказаў ёй, і тут запозьнены госьць ужо стаіць у парозе, цёмны ў сьвятле каміна, у якім раптам шалёна замільгатала полымя, і гер супэрінтэндэнт закрычаў бы яму, калі б толькі здолеў: Вымятайся прэч, у імя Айца, Сына й Духа Сьвятога!, але такая слабасьць сталася ў яго чэлесах, і толькі сэрца застукатала ў горле, як тысяча молатаў. Але Агасфэр набліжаецца да стала, за якім сядзяць Айцэн і Лёйхтэнтрагер, такі ж малады, як і раней, пры першым разе; малады жыд у плямістым лапсердаку, чорная ярмолка на кучаравых валасах, ужо вальяжыцца ў крэсьле, вальготна выцягнуўшы наперад ногі, тым часам як крошка Маргарэтэ апускаецца перад ім на калені й сьцягвае перапэцканыя боты з ног, ступакі якіх закарэлі, як вырабленая скура, ад доўгіх вандровак. Пасьля гэтага ён гладзіць крошку Маргарэтэ па галоўцы й кажа геру тайнаму радцу:

- Мір з вамі, Лёйхтэнтрагер, а як ідуць справы з вашай працай, і ці ўсё яшчэ пры вас кесарава манэта й пэргамант з надпісам?

- Мая праца ідзе наперад, - кажа Лёйхтэнтрагер, - гэта вы самі бачыце. І кесарава манэта пры мне, як і пэргамант са словамі прарока, напісанымі на ім. - І дастае манэту й пэргамант з кішэні й перадае Агасфэру, быццам гэта былі няма ладу якія скарбы.

Айцэну робіцца вусьцішна, ён быццам бы гэта ўжо раз перажыў. А яго прыяцель Лёйхтэнтрагер ужо хоча ведаць, чаго ён так дрыжыць, ці ж мала ён прапаведаваў уваскрэсеньне зь мёртвых, і вось табе маеш, калі тое сталася, ён палохаецца.

- Але я ня ўцямлю, што за гэтым, - кажа Айцэн, - альбо тут сам жыд у плоці, альбо ж выпладзень пекла, і гэта мяне так палохае.

Лёйхтэнтрагер налівае яму віна й суцяшае.

- Ня бойся, Паўль, - кажа ён, - што йдзе, прыйдзе, і ня ты першы, ня ты апошні, каго чорт забірае.

Айцэн прымушае сябе засьмяяцца, хоць яму зусім не да сьмеху, і пасьля таго як ён адаслаў крошку Маргарэтэ з пакоя, якая даволі такі неахвотна выйшла, ён няцьвёрдым голасам пытаецца, ці ня хоча прыяцель Лёйхтэнтрагер сказаць на поўным сур'ёзе, што ў ім больш д'ябальскага чым проста імя, Люцыпар; акрамя таго ён, Айцэн, ніколі не схаўрусаваўся б з чортам і пактаў не заключаў бы так, каб ён гэтага ня ведаў, бо такі сатанінскі дакумант, як яно належыцца, прыпячатваецца крывёю, а тут ніякі чорт ня мае ні права на яго, ні якіх бы там ні было прэтэнзій да яго.

Тут падымаецца Агасфэр і выпростваецца ў цёмную постаць і разгортвае кавалак асьлінай скуры, якую даў яму Лёйхтэнтрагер, і чытае напісанае на ім у тоне, ад якога ў Айцэна кроў у жылах стыне:

- Глядзі, вось Я - на пастыраў, і спаганю авечак Маіх з рук іхніх і ня дам ім болей пасьвіць авечак, і ня будуць болей пастыры пасьвіць саміх сябе, і вырву авечак Маіх з пашчанак іхніх, і ня будуць яны ежаю ім.

Айцэн ведае словы, прарок Эзэкііль гэта той, якога ён сам часта панукаў на добрыя справы, і калі ён пачынае разумець, што Вечны Жыд пасьля яго праходу па «вуліцы» не вярнуўся б толькі дзеля таго, каб правесьці зь ім духоўны дыспут, а што тут ідзе пра вечнае жыцьцё, ён абараняецца з усім запалам і зацята, як толькі можа, і заяўляе, што ён, Айцэн, быў-такі лепшым пастухом, чым нехта ў сваім гешэфце, і хоць з Богам на вуснах, але ня чужы й сьвецкім выгодам, бо што ж тут такога; азірнешся вакол у герцагстве, і гер тайны радца пацьвердзіць: тут пануе найлепшы духоўны парадак, і няма нікога, хто самахоць ухіліўся б ад хрысьціянскага вучэньня, якое рупліва закладзена добрым доктарам Марцінусам Лютэрам, а сьледам за ім і ім, Яго герцагскай мосьці вярхоўным інспэктарам і супэрінтэндэнтам, і народ пачувае сябе ахаваным у веры, тым часам як па той бок мяжы, як на ўсход, так і на захад, культывуюцца самыя заганныя ератычныя вучэньні, і ўсякі там Гінц альбо Кунц лічыць, што лепш выкладае Хрыста, чым ардынаваны на тое слуга Гасподні.

Гаворыць гэта й глядзіць, шукаючы сьведчньня і падтрымкі, на Лёйхтэнтрагера, які заўсёды падшпорваў яго на богаўгодныя чыны й часта вяцягваў яго з лужыны; але той падбірае насьмешліва губкі й кажа:

- Менавіта таму, мой усехрысьціянскі дружа, менавіта за гэтыя адмысловыя заслугі ты цяпер чортаў.

І як толькі Айцэн падымаецца, каб запярэчыць, хоць у глыбіні душы ён ведае, што няшчасны ўкрыжаванец не на тое аддаў сваю кроў, каб увекавечніць паліцыю і сваё цела, ня дзеля пэрпэтуіраваньня вялікай моцы ўладаў, як жыд падымае руку й кажа:

- Бог ёсьць свабода, бо вырашае Ён, і ніхто іншы за Яго; калі ж тое праўда, што Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу, хто ж тады адважыцца ўціснуць чалавечы дух у дактрыны?

І тут Айцэн адчувае, што загнаны ў вугал, ён бачыць танец ценяў ў мігатлівым сьвятле й думае, што ўсё гэта маленькія чарцяняты, якія цікуюць за ім з распаленымі ражнамі й віламі, і ўскрыквае. Але гер тайны радца лёгенька кранае яго пальцамі й кажа:

- Паколькі вы лічылі сябе мудрым, вы сталіся дурнем, як і пісаў апостал Павел рымлянам.

Айцэн чуе гэта, і ў яго мозгу, у якім выслоўі й вершы Сьвятога Пісаньня закруціліся, як маленькія колцы, яго гэта тузае й падколвае, і ён думае, што чорт падкінуў яму выратавальную вяровачку, каб ён ухапіўся за яе. Таму кажа:

- Усё яно менавіта так, але што меў на ўвазе апостал, пішучы гэта? Што чалавек можа ісьці няправільным шляхам і ўпадаць у памылкі; ці ж за гэта ён робіцца чортавым і павінен быць пракляты на векі вечныя? Так, я памыляўся, бо я намагаўся пабудаваць на зямлі царства, якое сутнасьцю падобнае да нябеснага, дзе мае значэньне толькі адна рада і ўсё робіцца паводле адной волі; чалавек не павінен хацець чыніць, падобна Богу, ён толькі жменька праху.

І паколькі Лёйхтэнтрагер складвае рукі на грудзях і маўчыць, пакуль жыд ківае так, быццам успамінае словы, сказаныя ім Ісусу, калі той падышоў да ягоных дзьвярэй, Айцэн падазрае, што ён на правільным шляху, і калі крыху патрэніруецца ў самапрыніжэньні, альбо наогул знойдзе каго-небудзь, на каго мог бы перакласьці сваю віну, яму, дадаўшы крыху лёгкай рыторыкі, удалося б пазьбегнуць выраку, які яму пагражае, альбо, прынамсі, памякчыць яго. Таму кажа далей:

- Item, паколькі чалавек памыляецца, а Бог не, і ўсё ідзе паводле Божага рашэньня, направа, калі гэта так вырашана, альбо налева, калі й на гэта Ягоная воля, дык вынікае, што ня ўласна чалавек вінаваты, а Бог; і калі б чалавечая віна ня клалася не на самаго Бога, дык чаму ж тады Бог паслаў свайго роднага сына, каб той узяў усю віну на сябе?

- Так што, - кажа Агасфэр, - ergo, закасьцянелыя і зацятыя жыды таксама ня вінаватыя, тыя, што крычалі Укрыжуйце яго! і Яго кроў на нас і на нашых дзецях!, так, нават мусілі крычаць Укрыжуйце яго! і наклікаць і чыніць ўсё самае ліхое й пахібнае, каб споўнілася воля Божая? І што, ergo, праклён, які мяне, Агасфэра, спасьціг, павінен быў бы спасьцігнуць самаго Бога ўва мне, Вечна Вандроўным Жыдзе?

Гер супэрінтэндэнт бачыць, куды ён залез са сваім аргумэнтам і што ён будзе глыбей і глыбей засмоктвацца багнай, чым больш ён абтоптваецца, але страх перад пякельным пракляцьцем і вечным агнём пад задніцай падганяе яго, і ён думае, што Божыя плечы шырокія, і маё каліўца чалавечай віны, якую я ўскладу на Яго, Яму плячэй не намуляе, і кажа: «Вядома!» і «Так яно й ёсьць!» і, «еrgo, навошта караць пастуха, калі ён робіць толькі тое, што сказаў яму яго гаспадар?» і, павярнуўшыся да свайго сябра Лёйхтэнтрагера: «Д'ябал, дзе твая логіка, сатана, дзе твой розум?»

Вострыя бровы Лёйхтэнтрагера падымаюцца, у вачах бліскаюць іскры, бо падлічыць, колькі будзе два разы па два, ён умее лепей, чым тыя, якія пакладаюцца на сваю веру й на цудадзействы Бога. Пасьля ён устае й ідзе да паліцы на сьцяне, на якой роўненька стаяць Бібліі Айцэна й іншыя пабожныя старакніжныя рарытэты, акуратна пераплеценыя, а справа Айцэнавыя ўласныя друкаваныя творы, вялікае багацьце й гонар аўтара. І бярэ адтуль «Хрысьціянскае настаўленьне etc. etc.», выдадзенае ў Шлезьвігу ў Нікалаўса Вегенэра, гартае яе, задаволена ківае й заўважае, што ў творы гаворка йдзе пра prаedestinatio альбо Божае прадвызначэньне, гэтую тэму вы толькі што прадыспутавалі й абгаварылі, і паколькі Айцэн, якому стала горача за вушамі, пацьвердзіў гэта, пытаецца як бы між іншым, ці ён і ніхто іншы напісаў усё, што ў гэтай кнізе, і паколькі Айцэн, мусіць пацьвердзіць гэта, сябар падыходзіць, трымаючы кнігу ў руках, назад да стала й разгорнутую кладзе перад Айцэнам, паказваючы пальцам разьдзел і радок, і кажа: «Чытай!», і паколькі Айцэн толькі мыляе губамі: «Уголас! Агасфэру таксама цікава паслухаць».

І Айцэн мусіць прачытаць тое, што напісаў у запале сваёй рупнасьці й што цяпер хацеў бы, каб ніколі так ня думаў, хоць усё гэта было старанна прадумана й пражавана яго добрым доктарам Марцінусам зь Вітэнбэрга, а менавіта: «Такім чынам, верны, сьвяты, найлюбасьнейшы Бог нікога не прадвызначаў і не ствараў для грэху й пракляцьця альбо вечнай сьмерці, а пракляцьце бязбожнага паходзіць зь яго ж самога.»

- «Зь яго ж самога» - паўтарае гер тайны радца й дадае, скіраваўшы вочы ўгору: - Не з таго там. - Гартае далей і кажа: - Чытай! - І зноў Айцэн мусіць чытаць уголас, і пацьвярджаць, што напісаў гэта сам, як ён апасаецца, сабе ж вырак, а менавіта:

- «І Бог сваім судом караў, і карае ў сёньняшнія дні асьлеплых і зацятых жыдоў паводле іхняй жа волі й іхняга праклёну; і трэба адзначыць, што Сьвятое Пісаньне гэтую жорсткую, працяглую кару прыпісвае ня Божаму прадвызнначэньню, а разбэшчанасьці й зацятасьці саміх жыдоў».

- Разбэшчанасьці й зацятасьці саміх жыдоў, - паўтарае Лёйхтэнтрагер, - а што важна й мае значэньне для саміх небаракаў жыдоў, мусіць, павінна мець значэньне для гера доктара Божай вучонасьці, такога як ты, дружа Паўль.

- Ідзі, гер супэрінтэндэнт, - кажа Агасфэр і падыходзіць да каміна, у якім злосна паблісквае, - якраз пара ўжо.

- Ідзі, Паўль, - кажа Лёйхтэнтрагер і паказвае яму кірунак, - мы пойдзем.

У Айцэна калоцяцца калені; яму хочацца пабыць яшчэ хоць хвілінку, яшчэ выпіць віна, якое так сьвеціцца на стале, але ён ведае, што яму не дазволяць, і ён баіцца, што застране ў коміне, калі яны ўтрох паляцяць празь яго, ён і Лёйхтэнтрагер і Агасфэр, і можа нават тут унізе звэндзіцца. Але яго сябар Лёйхтэнтрагер, які раптам устае перад ім увесь у белым, як анёл на карцінах, і Агасфэр, адзеньне на якім здаецца як бы са сьвятла, кладуць на яго рукі, амаль пяшчотна, і, быццам адгадаўшы ягоны клопат, Лёйхтэнтрагер кажа, што ня бойся, ня трэба страху й ты будзеш правільна транссубстанцыяваны. І як што Айцэн усё яшчэ зьдзіўляецца, якім жа чынам усё гэта можа стацца, ён раптам адчувае, як яму шырока адамкнула рот, як гэта бывае, калі палявы фельчар рве зубы, і чуе, як Лёйхтэнтрагер кажа: - «Прэч, душанятка, так і так ты ня цаца, а жалю вартая штучка, недабратворная, ня жыўнасная», - і адчувае, як нешта вырываецца зь яго, хоча яшчэ закрычаць да Бога альбо яшчэ да каго, але ня можа гэтага зрабіць.

Праз хвіліну, калі ў пакой уваходзяць крошка Маргарэтэ й пісар Калунд, яны знаходзяць бацьку: ён ляжыць каля каміна, задраўшы галаву, страшна вырачыныя вочы ашклянелі, язык вываліўся з рота.

Агонь у каміне патух, а каля стала, на якім усё яшчэ чырвона рдзее віно й сьвецяцца тры келіхі, стаяць боты, якія крошка Маргарэтэ сьцягнула з ног маладога жыда.