Плача ў вокны туман...
Лірыка
Чакс Аляксандрс
Паэма пра фурмана
Уступ
Сцелецца восень лiсцем на вулкi,
Ранiцай лёд серабрыцца з лужын,
Кветкамi больш не гандлююць бабулькi --
Клопат асеннi -- сцюжы!
Восень сноўдаецца па лiсцi.
Я -- ацяжэлы, я ў слоце,
Нават арэх не магу разгрызцi --
Ядраны, коўзаецца ў роце.
Гадзiнамi ў кубачак кавы тыцкаю зiркi,
Рады, што болей не набрыдаецца заедзь,
Мацаю вокам клубы ў касiркi
I хмары, якiя клубамi па небе валяць.
Часам чуецца музыка з рэстарана,
Ледзь-ледзь патыхае прадажнымi панькамi.
Але яшчэ вельмi рана,
Яшчэ можна панянькацца з думкамi даўнiмi.
Iншым разам -- махнуў бы на танцы,
Скруцiў бы факстроцiк з кухаркаю ў пары.
Што рабiць, куды дзецца-падацца --
Калi ў Югле брудам захарканы тратуары?
Мроiць? Наеўся я мрояў па горла
У каморцы душнай, нядэшлай --
Вантробiна мроямi ўся прагоркла,
Змарылiся, просячы есцi, падэшвы.
Годзе з мяне. Каўнер пальтугана
Высока наставiўшы плотам,
На прадмесце з кавярнi паганай
Шыбую ад гэтых вокан.
Еду бадзяцца па цiхiх завулках,
Дзе так патыхае гноем шыкоўна.
Захочаца есцi, куплю сабе булку
У лаўцы маленькай, нiбы шпакоўня.
З чужога загончыка выскубну морквы,
Як што не змецiць мяне гаспадынька,
А вечарам выйду паслухаць, прымоўклы,
Як фурман на балалайцы брынькае.
Лiсце, прызоленае першым марозiкам,
Падае з дрэў на вулiцу слёзкамi.
Са стайнi праз шчылiну ў парозе
Да зорак выпырхвае цяпло конскае.
I песня складацца пачне пра фацэта,
Шукальнiка долечкі лепшай;
А можа, шпурляць камянямi, на гэта
Ого -- я заўсёды першы!.
Пра вазака-фацэта: змалку ён свінні пасвiў
У Латгалii, дзе лясы i азёры ў дрымоце бухматай,
Выпер пад бэльку, голас прарэзаўся ў басе --
Хоч-не-хоч, развiтвайся з бацькавай хатай.
У горад махнуў дзяцюк, наiўна-раззяўлены,
Гаварыў па-латышску -- чорт сэнсу не ўмацае.
Уплiшчыўся на басака ў шырокiя халявiны
I гайда -- у балаголы наймацца.
Цяпер апазнай -- на лобе касмыль напамажаны,
Замест касавароткi манiшка з гальштукам модным.
Па нядзелях у Шрэйнбуша лыкае піва з выглядам важным,
Вечарам цiскае ў Верменскiм парку пакаёвак галодных.
1
Аўто,
усім падавай аўто.
У бензiнным смуродзе, гарачым,
грай варанячы
хмарай пад неба,--
каму гэта, братачка, трэба?
Чаму з паэтаў не пратэстуе нiхто?
Вечарамі,
у жанчын
нiбы жалеза ўбіваючы вочы,
на Елгаўскую шашу вышастваю
са змроку
я, паэзii маэстра,
у фраку,
у пятлiцы з белаю астраю.
Цылiндр набакiр, мне гэта прывычна,
чаравiкам вострым па броўцы панелi паляскваю,
як змоўшчык Жора Борман,
умоўлены знак,
крычу два словы зычна:
-- Гэй, вазак!
Да мяне йдзе вазак вальяжна, са смкам,
у лiўрэi з доктарскай палярынай, развалiста, млява,
яго брычка зiхцiць агнём чорнага лаку --
аслупянелi хлапчукi-разявы:
-- О-о-о... Фурмана Чаку?!..
Ага!
Папаездзiў i я, пачапiўшыся на рысоры,
цяпер больш вазак не апярэжа пужкай.
У класным гуморы,
як пан, я раскiнуўся на жаўтлявым плюшы!
З шыкам пад'еду да самай панелi.
Фыркнуў конiк, стаў, як перад светафорам,
Чырвонай паперай лiхтар абклеены.
-- Куды Ваша? – У піўнуху, у горад...
А мог бы скумекаць: куды едзе Чак i чаму
З кашальком пузатым, па модзе.
Вядома, ў карчму, а нягож, у карчму,
Дзе п'юць i дзе б'юць па мордзе!
Людзi па вулiцах ходзяць, ездзяць трамваем.
Лаўлю я пагляды, хлапечыя крыкi,
Нага на нагу сяджу,
Горда "трам-трам" напяваю
I ў Рыгу Старую ўязджаю, як Пётр Вялiкi.
Стыла дамы куксяцца ў цесных завулках,
Льснiцца асфальт ад туману, як змазаны салам,
Добра нагам хадзiць тут, нi слiзка, нi мулка,
З сябрам якiм -- правiнцыяльным чангалам.
Бы хiб япручыны, брук шырокi i гладкi,
Сцёкi -- вузейшыя торбiны валачобнай,
З люкаў раззяўленых тхне смурод гадкi.
Рыссю не ездзяць тут нават з п'янкi карчомнай.
Цiхама,
Старажытнасць шануючы, пхнуцца
Кабыле няма як, няма
Як да свежай травiцы на ўзбоччы дапнуцца.
А на спiчастых дахах луской шабуршыць чарапiца,
У дамах, бы ў клазетах, вузенькiя аконцы.
Цяжка вячэрняму сонцу ў iх ушчамiцца,
Еду i думаю: зiмна iм тут, вiдаць, бясконца!
I ў сiвым змрочышчы вулiц мне робiцца млосна,
Быццам я там на прадмесцi сэрца забыў, як пантофлю.
Бачу, вазак мой матляецца грузна на козлах,
Нешта мармыча пад нос, а што -- не ўшалоплю.
Ці пяе пра далёкі бацькоўскі хутар
У латгальскіх сырых, зялёных лясах?
Кожны рады свой колішні горкі смутак
Сэрцам згадваць пазней – так і вазак.
Ці запала ў сэрца з тых пор дзяўчына,
І вось ён – пачуццяў сваіх не стрымаў?
Рады шчасцю, адбітак якога ў маршчынах –
Вунь іх колькі на твары, а шчасця няма.
Ах, ты шчасце... чаму так, чаму так
Моцна б’ецца ў грудзях людскіх?
І чаму той боль, і чаму той смутак
Ззяе зоркай, чаму не аціх?..
I прыгадваецца, як на санках калiсьцi ездзiў,
Елачкi ў вокнах i цацкі, і свечкi...
А доленечкі --
Вiр мой басяцкi! Глынуў былыя прадмесцi...
Дзынканне бомаў i рып хамутоў,
Масленiца рассупонiлася па дварах.
Ах,
Усё адплыло.Толькi шчэрыцца злосна аўто.
Снег. Першы снег -- з пяском перамяшаны,
Як цукар з кавай.
У траскучы мароз тут не ўбачыш больш санак
Рыга не Рыга, а нейкае чортава Цынандао!
Рыжскiх падлеткаў не вабiць больш былая рысора,
Кожны ўжо трызнiць мазутам, шафёрам.
Як скора,
Сэрцам чую, час мой мiнуўся, як скора.
2
Стукацяць капыты па бруку.
Са старажытных завулкаў
Нам ззяе Калцю -- залацiсты жар.
Тратуар
Пад ёю дымiцца вадкiм волавам.
У твар б'е бляск рэклам.
Хрыпата гаўкае аўто --
Нішто,
Гэта, братка, нiшто!
Далей, як жоўтая змяя, плазуе бульвар--
Пропадзь спакусаў, жывы тавар.
Бульвар Свабоды,
Парад-allez лiп
Старажытных, вялiкiх капiталаў,
Дзе, пасекшы сотню свiных лычоў,
Мяснік
Модным фраерам выплывае на шпацыр.
Ён шукае жанчыну,
Далiкатную, быццам страфа ў Шэлi,--
Бульвар Свабоды дзевак яму падверне,
Што з учарашняга дня не елi.
Бульвар Свабоды
Можа
Ганарыцца сабою,
Бо як дзе ўжо свабода -- дык тут!
Ах, свабода, свабода,
Калiсь мы чакалi цябе
Як чакае трамвая
Ускраiна гарадская.
Ёсць свабода цяпер
З бульварам Свабоды ўдадатак,
Дзе свабодна
Разнiк
Ператвараецца ў моднага фата,
I свабодна гандляр па звычцы
Мчыцца ў ролс-ройсе да ўскраiны,
I свабодна
Паэт
Ездзiць на брычцы.
Ведае цэлы свет:
Вазак -- як рыхтык паэт.
Абодвух -- на звод.
Зброд --
Нямаш iм месца на свеце.
Абодвух змяце самаход,
Як дворнiк венiкам смецце.
Вясёлкавай фарбай
Укрылiся лужыны, як ёдам.
Прыродай
Бензiн завалодаў.
Бульварных лiп саладжавы водар
Хiба што ў вясковых красунь у вяночках.
На плошчы бачу-- паліцэйская рожа:
Можа,
Скора там будзем сеяць пахучы гарошак!
У яго пацікавіцца? --
Дзе гэта тут вазакi ашываюцца?
-- А, мой пане, прапашчая нацыя!
Шуруй туды, дзе станцыя,
Вунь на козлах зады-валуны над вазамi,
Плячыскi.
Зверху блiшчаць лiхтары -- зазывалы,
Вось i ўсе вашы зыскi.
Ранiцай -- зноў на козлы. Сонца зяхоча,
Дзюбаюць носам.
Лусту вымае каторы, жуе або смокча
Папяросу.
Нездарма вазакi нашы славяцца мацюкамi,
Толькi шлюхi збрахацца спасобяцца з вазакамi.
Торбу накiне кабыле на морду, як працiвагаз.
Рэдка хто ў нас
Сядзе цяпер на калёсы...
3
Час настае --
Замыкаецца склепчык апошнi,
Лiхтары ў лiстоце, як з хрызантэмамі кошыкi,
На лаўках парачкi цiснуцца шчыльненька –
Пара,
Не лiшне i нам каб якая дзе шчылiнка.
-- Гэй, вазак, стой!--
Крычу:--
Зойдзем, дзюбнем па адной,--
На пару,
Ты i я...
Эх, маладая часiна мая!
За ручку сыходзiць вазак, як панок,
Дзверы – нагою! –I перад намi знаёмы шынок.
З вокан лiецца святло
Тут п'янае кубло,
Усё тут пунсовае, як памада,
Пануе тут любоўнасці аркестрада.
Тут лямпы, як манеты, усё падобна,
Праспiртавана ўсё i тытунём прасмердла,
Усiх усупольнiла п'янка свiнаўтробна,
Тут банкетуе паразiт са смердам.
А за буфетам са шпротамi i вiнегрэтам,
Гурочкамi, следзiкам, яб'ядзенцыяй,
Заваленым нажамi, вiдэльцамi,
Як егіпецкая мумія, як цэбар,
Як вiж-выведчык,
Стаiць, як цэрбер,
Буфетчык
I выскаляецца на ўсю храпу, зараза,
А госцi з курвамi пад вiскi джаза...
Крычу яму:-- Ану,
Каб слiзка елася, каўтну,
Гарэлiцы давай
Па першай налiвай --
Гарэ-элкi!
"Тут былi мы, тут пiлi мы,
Выпiвохi-пiлiгрымы.
Я падмазаўся да дзеўкi..."
А джаз,
А джаз,
Вялiкi цар музыкаў джаз,
У горле сцяў мае прыпеўкi.
Адставiўшы свой кантрабас,
Чарнявы музыканцiк рукi ў бокi:
-- Ах, мiлы Аманула,
Тваё мурло заснула,
Куды табе у скокi...
Во скула!
Рукі ў бокі,
Ногі ў скокі,
П’ю фруктовыя сокі...
Рукі ў бокі,
Ногі ў скокі,
П’ю фруктовыя сокі...
Пі!
Па зале пары топчуцца ў дзiкунскiм танцы,
Усё цясней злiпаецца каскад фiгур.
Ужо са стана да варштата слiзгаюцца пальцы,
Ужо сплывае потам хваляванне, юр.
Тут джаз ацiх. У зале люстраў бляск патух,
I толькi барабан трашчыць часцей, часцей,
Танцоры тут, вядома, ў цеснаце
Абцалавалi, абсмакталi п'яных шлюх.
Ды зноў святло жаўтлявiцца у вокны,
Хрыпiць спявак, пацеюць люстры,
Пiжоны лыбяцца, пацепваюцца сцёгны,
На тварах пустацвет распусты.
Мы з вазаком душу каля стойкi грэем.
За чаркай чарку куляем згары.
I тут жа -- басяк з тварам Дарыяна Грэя,
I дзяцюк шырокі, як дзверы, i п'яны стары.
Цыганка пагадаць руку прасіла,
А ёй гарэлкаю ў вочы – хлюп!
Ах, як дасціпна! Жарт жалезны, сіла –
Рагоча люд!
Стары трудзяга – з п’яных пустабрэхаў,
Штовечар бо каўтае ў кабаку, --
На лаўку ўскочыў і напрастарэкаў
Гарачы спіч на скорую руку.
І заспяваў, і песню падхапілі
На пґяны голас дружна, -- і пагас
У полымі жывым на гэтай хвілі
Кабацкіх гульбішчаў маэстра джаз.
А ля буфетнай стойкі мы гамонім
З тым Дарыянам Грэем і старым
Ды нахлістам за чаркай чарку гонім
І сэрца грэем, чорт яго дзяры!
Аж вось шафёр -- увесь у скуры рыпучай --
Устае з-за стала, бокам-хiстам-наўскос
Падыходзiць да нас i, нахабна лiпучы,
Вазаку чарку тыц пад самусенькi нос.
Пi, пi, пi, стары!
Скора цябе звядуць.
Скора ты сам i твая кабыла
На мыла --
Цябе й тваё быдла звядуць.
Пі!
Вазаку як зарвала.
Мяне
апантала
лютасць.
-- Што ты тут мелеш?
I,
пусцiўшы шафёра,
як чарку, пад столiк
у залу папёр
я,
на крэсла залез,
як мiтынговы прамоўца.
Гаркнуў:
-- Маўчаць!
Дзяўгаць я не дазволю!
Я жадаю сказаць
слова
звонкае,
нiбы поўха,
пра сябра,
пра гэтага,
побач са мной,
пра таварыша ў долi,
пра вазака:
Грамадзяне,
братове,
рабочыя,
шлюхi, зладзеi!
Крайнi тэрмiн,
самы крайнi --
праехацца на калёсах,
пакуль пугу,
пралётку, лiўрэю
музею
пад шкло
не здалi.
Крайнi тэрмiн,
пакуль на рагу
не прыбiлi
мемарыяльную шыльду:
"Вазакова стаянка".
Грамадзяне, братове, рабочыя, сяляне...
Але афiцыянты
не далi сказаць
чалавеку:
груба
з крэсла,
звалаклі, сцягнулі,
як старую анучу,
і за дзверы – шпургель!
з вазаком
турнулі.
4
Зноў хвошча рыжскi вецер мокры,
Вада булькоча, пад нагамi слiзь,
Усё радзей падбрэхваюць маторы,
I камянiцы ўзносяцца ў пустую высь.
Цяснiны вулiц перапоўнiў морак,
У садах i скверах дрэвы шалахцяць,
Над Горадам Старым шпiцы сабораў,
Як зданi ў белых вэлюмах, зiхцяць.
Ах матухна сiвая Рыга, Рыга,
Як ластаўка былiнку у жытло,
Нясеш ты сэрца з маiм лiхам,
З маёй любоўю i маiм цяплом!
Адгэтуль я ляцеў у марах шчасна,
Хацеў, як светач, яснiцца ў жыццi,
Не дай, матуля, у шынках заўчасна,
Як па асфальце лужыне, сплысцi.
Яшчэ хачу сказаць табе сам-насам
Я словы запаветныя свае,
Што кружацца ўва мне пяшчотным вальсам, --
Што сэрца птушкаю табе пяе.
Прабiла вежа Домская дванаццаць,
Звон задуменна льецца ў неба, ў ноч.
Душа палае. Чым цяпер заняцца?
-- Вазак, вязi мяне... куды ты хоч!
-- Мiлы голубе, няма й заводу
Тут дамоў вясёлых, тых забаў,
Так паны рашылi, на выгоду,--
Мне вазак панура адказаў.--
Быў жа час, калi не твой шафёр
Мчаўся найхутчэй на пампаваных колах.
Жыў вазак -- на скiбку мазаў здор
I хадзiў, як пан, задраўшы голаў!
Конь у кожнага пароднай масцi,
Брычкi новыя -- зiхоткi лак.
Таргавацца -- сорамна, ўсё роўна як
Рабаваць альбо ў сляпога кiя ўкрасцi.
Паставы не гыркаў, як сабака:
"Асадзi, аджыласць, каламаз!"
Памятаю, дзёгаць пахнуў, як табака,
Як сянцо ў капiцы,-- во, быў час!
А зiмой! Наўкол нагурбавана,
Снег, як сырная дарога,-- навылёт,
Афiцэрык сядзе поруч з паннай --
Ну, глядзi, не выпырхнi ў сумёт.
Мода ўзбаламуціла спакой
І студэнтаў колішнюю славу:
З гогатам, як гусі, талакой
Піва піць не ездзяць у Ялгаву.
А цяпер аўтамабiльны рост --
Ты ж стаiш наводшыбе, як палец.
Патыкнецца часам падшыванец:
"Дзядзечка, прышый кабыле хвост!"
Век машын, век хуткасцяў і трас
Захапіў усіх, стаў козырам юнацтва.
Больш імклівым робіца наш час,
Нам за ім на козлах век не ўгнацца.
Наш заступца Крыстап чарнадрэўны
У музей дапяў, пад саменькае шкло.
Пэўна, добра панству дапякло,
Тое ж будзе й нам, напэўна.
Так. Аджыласці няма ўжо спасу!
Я кажу i плачу, бо сам вызнаў:
Зменаю бязлiтаснага часу
Высмеяна прахлая старызна.
Дай цябе на козлы падсаджу,
Годзе сэрца кроiць, добры дзед,
Едзь памалу, покуль я скажу
Колькi слоў журботных напаслед.
Мiлы фурман,
донкiхоце вузкiх вулiц!
Я на жоўтых плюшаўках тваiх,
як дзiця
ў калысцы даўняй,
раскашую.
Ты
люляеш пяшчотна мяне,
нiбы вершык, завучаны змалку,
як легенда пра вулiцы Рыгi.
Мiлы мой вазачок,
ты -- мой сум па былым,
ты -- апошнi мой крык
пустырам i канюшням ускраiн,
і крык горада ты.
Яшчэ можаш правезцi
пасля пахавання,
калi выдыхаецца скруха,
як блiзкасць чароўнай жанчыны.
Як гляджу я табе
у сiнiя плечы,
так i хочацца мне
на iх напiсаць
верш
на тваю магiлу,
мiлы рыцар калёс...
Аўто,
усім падавай аўто,
у бензiнным смуродзе гарачым
грай варанячы
хмарай пад неба.
Я не знаю, каму гэта трэба?
Чаму з паэтаў не пратэстуе нiхто?
Аў-то-о!!!