Гульня бяз картаў
Творы на музыку Яна Давіда Голанда
Сьвецкія песьні
Песьня пра іней
d.d. (de dato) ? сьнежня 1780г. Клаўдзіусам*
Зірніце на кароны дрэў,
На крохкае гальлё,--
Як іней густа іх акрыў
Срабрыстым крышталём!
Цудоўны казачны убор
Ці ёсьць другі такі!
Карункі белыя, узор
Пяшчотна-трапяткі!
І ўсе кусты, і дрэвы ўсе,
Наўсьцяж -- куды ні глянь,
Стаяць у белым харастве
У сонечную рань.
Жанчын ад хатняга цяпла
І радасных дзяцей
Краса чароўнага сьвятла
Ў лес казачны вядзе.
З прыродай дзікай быць насам --
не балаганны шык;
Як пацалунак, як бальзам
Гаеньне ран душы.
У вас у горадзе ня так,
Там іней -- рэдкі госьць.
У вас крэдыты, біржа, банк
І золата ў вас ёсьць.
А срэбных вольхаў і ялін,
Дубоў -- у вас няма;
Вам сэрцы точыць горкі сплін,
І на душы турма.
Прырода іншы мае план:
Нам хараство дае,
І любіць нас, зямных сялян,
Другіх не прызнае.
Які прыгожы бор! Туман
Малочна разамлеў!
Бярозка ў вэлюме, а там --
У сонечным сьвятле.
У прамяніста-чыстых зім
На ўсё красы стае!
О, асьвятлі у сэрцы ўсім
Таемнасьці яе!
А мы глядзім і круцім клёк,
Дурненькім нам няўцям,
Адкуль узяцца іней мог,
І як ён даўся нам?
Бо ўчора зьвечара было
Празрыста ўсё, як шкло!
Павінен няхта ж серабро
Пасеяць на сяло.
Сышоў сярод начы анёл,
Пасеяў іней нам,
Прачнуўся люд, а навакол
Анёла ўжо няма.
Анёле, за твой чын і лад
Табе падзяку шлём!
Зрабі, каб сьветлы дзень каляд
Сьвяціўся крышталём!
- - - - - - - - - - - - - - - - - - -
* Верагодна, Маціяс Клаўдзіус (1740 -- 1815).
Твой, о сэрца, вечна твой...
Твой, о сэрца, вечна твой
Божы мусіць быць анёл!
Ах! я чую -- гэта ён,
Мой анёлак, мара, сон!
Гэтай абдымаў рукой!
Чую мяккі поціск твой,
Вуснаў слодыч, водар, смак --
Шчасьце мне, анёльскі знак!
Ах! вы сьлёзы-ручаі,--
Дзякую табе за іх!
І маім павер сьлязам,
Што я ў словах не сказаў!
Радасьць і любоў з табой;
Золата -- жыцьцё з табой;
Кожны дзень у харастве
Мне даруецца ў табе.
Дык цалуй, анёле мой!
Я -- анёл, калі з табой!
О! я на тваіх грудзях
Ад любві памёр бы й спрах!
Твой я, слодыч пачуцьця,
Твой па край майго жыцьця!
Кожны міг па гэты край
Будзе толькі твой няхай!
Божы весьнік, Божы знак,
Шчасьце сэрца, слодыч, смак!
Кожны клопат твой прыму --
Любы сэрцу ён майму!
Дык цалуй мяне, кахай!
Хай памру аж шчасьця, хай!
Дзякуй, дзякуй, Валадар,
За любові чысты дар!
Падымайце чаркі, нямцы...
Падымайце чаркі, нямцы,
Адсьвяткуем ноч, браты!
Хай да раніцы нам п’ецца,
Будзем піць: і я, і ты!
Хай акрыліць нас гасьцінна
Наша добре віно,
Зь вінаграднікаў краіны,
Рэйнам сьпелена яно!
Хто чужыя любіць трункі,
Той ня госьць, ня сябар нам!
Рэйна чыстыя дарункі
Толькі вольнасьці сынам!
Пойце шматгалосым хорам,
Эберт, Хагедорн і Гляйм,
Павучыцца ў вас ня сорам,
Вашы рыфмы -- сьветлы храм.
Сорам будзе тым блюзьнерам,
Што з пранонсам гальскім кпяць
З мовы нашай, з нашых нярваў!
Кпінамі нас не прайняць!
Пасьмяёмся з іх, братове!
Моцна так, як моцны дух
У віне, у песьні, ў мове,
І каб дух наш не патух!
Хай жыве наш кайзер Ёзаф!
Немец ён і сьціплы муж.
Цені продкаў хай у крозах
Абуджае гордасьць душ,
Каб ён, мужны у нягодах,
Краю роднаму служыў,
Каб і ў міры, і ў паходах
Самы лепшы кайзер быў!
Слава ўсім князм краіны,
Мудрым, верным спадарам!
Хай бог кожнаму мужчыну
Сябра дасьць; на радасьць нам
Жонку добрую у хату,
Царства Божае і лад,
Дзетак мілых і мурзатых,
Хлапчукоў, красунь-дзяўчат.
Хай жывуць красуні-кветкі,
Нам нясуць свае плады,
Толькі нашыя палеткі
Даглядаюць хай заўжды!
Дух нямецкі, вернасьць, гонар
Робяць вартаснымі нас.
За здароўе! Чаркі ўгору!
Вып’ем, хлопцы, ў добры час!
Клаўдзіус (?)
Гісторыя пра Галіяфа і Давіда
Жыў раз асілак Галіяф --
страшэнны меў кураж!
Насіў кірасу з галуном,
яшчэ насіў плюмаж,
каптан, пашыты з drape d’argent
як сьлед усё, як advenant.
А вусы -- страх! а барада --
ўся морда зарасла,
ну, і ў натуры выглядаў,
як задніца ў казла!
А дзіда, як навой ткача,--
дзяржак трымае да пляча.
Нахабны лоб, і ўсё было
нібыта ў жарабца,
агідна-конскае мурло,
мазгоў жа -- каліўца;
і як нахрапісты трапло
ён выхваляўся ўсім назло.
Так ён выходзіў сорак дзён,
з Ізрайля кпіў, герой:
“Ну, хто у вас там младзён?
Выходзь са мной на бой,
выходзь на бой, сабачы сын,
выходзьце сто, я вас -- адзін”.
Наперад выйшаў пастушок,
хлапчо, а сэрцам -- леў,
Трымаў прашчу і пасашок,
і камень круглы меў;
сказаў: “Гардун ты -- ня герой,
я не адзін, мой Бог са мной”.
І камень запусьціў юнак
у лоб яму наўпрост;
і ўпаў асілак той наўзнак
на ўвесь даўжэзны рост.
Давід спакойна меч узяў
і галаву яму адцяў.
Не выстаўляй плюмаж, кутас,
і галуном ня страш,
і не палохай мордай нас --
так вучыць прыклад наш;
вучыся ў тога пастушка,
як мае трапнай быць рука.
Патаемнае
Тайна ад вачэй людскіх
любімся абое;
бо любоў баіцца ўсіх,
зайздрасьці людское.
Не павінен ведаць люд
нашае мілосьці;
бо ягоны страшны суд
патурае злосьці.
Нам за сьведкаў пеюны --
у гайку салоўкі;
шчасьцю нашаму яны
радуюцца толькі.
Пачуцьці пастушкі
Пастух, які мяне кахае,
які мне сэрца прысушыў,
любоўную навуку знае,
і мне душу разварушыў.
Ах, як жа соладка было,
калі каханьне нас вяло.
Ён мне руку паклаў на плечы,
пяшчотна ў вочы паглядзеў,
і далікатна шчочкі ўлешчыў,
і сам нібы памаладзеў.
Ах, майстар штучак і забаў
як сэрца ты прычарваў.
О, колькі слоў сказаў каханы,
я чырванела, ён узяў
у міг зусім няспадзяваны
у вусны мне пацалаваў.
А я дагэтуль не магу
забыць і дараваць яму.
І як жа трэба так даўмецца --
не забываць, забараняць,
калі вучыў ён цешыць сэрца
і з асалодаю кахаць.
І я цяпер ані гу-гу,
глуміць каханьне не магу.
Пахвала жанчынам
Варты зайздрасьці муж-леў,
Каму жонку Бог спашле,
Прыгажуню і красу,
Што ўцірае нос хлусу.
Рады ён бязь меры ёй
За свой гонар і спакой;
Бо ў любой яго бядзе
Жонка клопат разьвядзе.
Нібы месяц серабром,
Абяртае гнеў дабром,
Дорыць радасьць асалод
Дзень у дзень і год у год.
NB: Калі ў ім бунтуе кроў,
Што ня чуе ён сяброў,
Дык, як гнеў, агнём гарыць любоў.
О, тады яна ў сьлязах,
Лашчыць, песьціць -- ах! ды ах!
Як вячэрняя раса --
Мужу жончына сьляза.
Ён і ў працы не адзін,
Шчасьце -- ня лічыць гадзін,
Бо пасьля працоўных дзён
Ён да слодычу жадзён.
Мір, спакой нясе анёл, --
Замыкае вочы ён:
Цноту шлюбу славіць плоць,
Мілату дае Гасподзь.
Мужнасьць Бог дае і кроў,
Дабрачыннасьці сыноў,
Сэрцу моц дае, цяпло,
Каб свабоднае жыло.
Нібы краску, нібы квет,
Дочак іх прымае сьвет,
Чыстых, гожых, маладых,
Звон крынічнае вады.
Бацька радуецца з іх,
Маці радая за ўсіх.
І ў малітвах за любоў
Бога славяць зноў і зноў.
Шчасьця ў золаце няма;
Шлюб фальшывы -- як турма;
Знатнасьць не дае дабра;
І ў навуках -- мішура.
Бог де жанчын, каб зло
На зямлі не прарасло!
І на нябе, й на зямлі
Без жанчын мы ня жылі б!
NB: На чацвёртай страфе адсутнічае пасьля-пройгрыш.
Задаволенасьць
Я рады (і няхай мой верш
Пра гэта скажа вам!)
Манархі радуюцца менш
Іх радасьці -- ня нам!
А будзь ім радасьць -- о-ля-ля!
Манархам гэтым быў бы я!
Султан раскошы і магол,
І шчасьце (як яго?),
Ну, што сядзеў сярод багоў,
Быў рады з усяго;--
Такога шчасьця не хачу,
Я проста рады, я лячу!
Быць проста радым -- мой дэвіз!
А грошы, гонар -- пыл!
Свайго мне досыць, я ня Крэз,
Свае жаданьні збыў.
Нашто жадаць яшчэ чагось,
Калі ты сыты і ўсё ёсьць!
Бо грошы, гонар угары --
Ламаюцца, як шкло,
Такі лад рэчаў, ход ігры
(Так ёсьць і так было),
Багаты ў скарбішчы свае
І дробнай доляй дадае.
Шляхетным быць, рабіць дабро
Важней, чым грошы мець:
Дае нам гэта шмат сяброў
І ў добрай славе жыць:
І ты у згодзе сам з сабой,
І зло ня справіцца з табой!
Я рады (і няхай мой верш
Пра гэта скажа вам!)
Манархі радуюцца менш,--
Іх радасьці -- ня нам!
А будзь ім радасьць -- о-ля-ля!
Манархам гэтым быў бы я!
NB: Пры 5 страфе няма першай чвэрці аўфтакта.
Пры 6 страфе няма першай чвэрці аўфтакта.
Ліда
Твой чысты вобраз, Ліда,
лунае прада мной,
адно ў часіны скрухі
цябе няма са мной.
Са мной у час вячэрні,
як месячык з нябёс
мне сьвеціць, плачу я,
што зноў ты не са мной,
што зноў ты не са мной.
Калі зьбіраю ў лузе
я краскі на вянок,
лісткі, галінкі міртаў
дакладваю ў вянок,
цябе малю,
мой вобраз, мой, мой,
о, явіся мне, мне,
явіся мне, о вобраз,
о вобраз, Лідай стань,
явіся мне, о вобраз,
о вобраз, Лідай стань,
вобраз, Лідай стань,
вобраз, Лідай стань.
Л. М.
Вечар
З вечаровай хмаркай лётка
Да цябе душой лячу,
Падзяліць твой сум пяшчотна,
Клопаты твае хачу.
Як раса з аблокаў хмурных,
Сьлёзы сочацца з вачэй;
І на позірку панурым
Жальба флёр жалобны тчэ.
І прамень жыцьця навечна
Зьнік з яго, з вачэй прапаў.
І з зары астылы вечар
Мне яго ўжо не аддаў.
О, гадзіны жарсьці першай,
Першых сьлёз і першых ласк,
Як жа хутка, як жа сьпешна
Паглынае вечнасьць вас!
Штл. ф. А.
Успамін пра юнака
Хто найбольш мне цешыць вочы,
Гэта ты і толькі ты.
Спадабаўся ты мне, хлопча,
Ах, як вобраз пекнаты.
Ах, душэўнасьць няспатолі
З твару ў сэрца мне цякла,
Не праменілі ніколі
Іншыя таго цяпла.
Ах, калі кранаў за рукі,
Рукі ўздрыгвалі твае;
Ах, а ў танцы, што за мукі --
Сэрца так і растае.
Падыходзіў, млелі крокі,
Вочы долу апускаў,
Заліваў румянец шчокі,
Сарамліва пазіраў.
Хлопча, век цябе ня збуду,
Колькі часу ні міне;
Колькі буду, не забуду,
Як глядзеў ты на мяне!
Ф. Л. Тр.цу Штольберг
Песьня вольных муляроў
Гэй, братове, запявай,
Брата чаркай прывітай,
Што у наш свабодны ордэн
Уступіў пачэсна й горда,
Што і сам ня знае тут,
Як з ім стаўся гэты цуд.
Слаўны браце, радуйся!
Радая суполка ўся!
Ты цяпер, брат, муляр вольны,
Мудра шлях адолець здольны,
З новай праўдай часу змог
Ты пераступіць парог.
Не зьвяртай, наш брат, пагляд
Ў змрок мінуласьці назад!
А глыбей глядзі у праўду!
З цемры ў яснасьць, як сьлед брату!
Сьмела йдзі! ня блытай ног!
Да сьвятла! Да перамог!
Суцяшайся, не зважай,
Што вярзе дурны шахрай,
Бо ліхія цемрашалы,
Заўжды праўдзе заважалі!
Толькі што табе да слоў
Ліхамысных плеткароў?
Слухай мудрасьць, ня тужы:
“Службай праўдзе даражы!
Сотні лютых супастатаў
Нашага ня схіляць брата,
Не сыходзь убок з дарог,
І з табою будзе Бог.
Падавай жа, брат, руку,
Стань у нашу талаку!
Абнавіць саюз наш, брацтва
Рады будзь, прымі сваяцтва!
Вып’ем жа, каб быў здароў
Хаўрус вольных муляроў!
Да юнакоў
Паслухайце, хлопцы, навукі,
Як радасьць душы! Ды ганіце.
Паверце шчасьліваму мне;
Я чэрпаю радасьць з крыніцы--
І сэрцам магу наталіцца
У добрым мадзярскім віне. (2 разы)
Устаньце, братове, і піце
На радасьць душы! Ды ганіце
Дракона пякельнага,-- ён
Цікуе, палюе той злыдзень,
У п’янцы хлапца не абыдзе,--
Слабога хапае дракон. (2 разы)
Часамі ўначы пры паходні,
Дурнога пантае дух зводны,
Панадным журботлівым сном.
Ці ўводзіць у тлумішча танца
Нямоцнага духам абранца,
І вабіць сяброўкай Нінон,
Панадным вяночкам Нінон. (2 разы)
Паверце, што цнота -- і тая
Зусім не бязьвіннай бывае,
І гідасным ядам граху.
Ёсьць так: з-пад цяністага бука
Бывае, лагодна гадзюка
Паўзе і кусае ў нагу. (2 разы)
Таму наматайце на вусы:
Каб злыдзень ня ўвёў у спакусы,
Дык жонку шукайце сабе.
Не пырхайце марна, хай дзева
Прывабіць душою і целам,--
І жонкаю стане табе. (2 разы)
Хай ганьбаю будзе на згубу,
Сьвятога цурацца вам шлюбу,--
Бо жонку нам вызначыў лёс!
Вядзе нас на стужцы ружовай
Жыцьцёваю сьцежкаю жонаў
Жанчына да самых нябёс. (2 разы)
О шчасьце, прылашчыць у ложку
Каханае жоначкі ножку,
У слодычы стомы трымцець!
Дазвольце шчасьлівую голаў
Пакласьці на крылцы анёлаў
І ў рай на асалоды ляцець. (2 разы)
Я шмат вас чаму навучыў бы,
Ды вось вочы дзяўчыны--
Яна там вунь будзяць хмялька.
Чакай, мая красачка! З цноты
Сарве зь цябе кветку пяшчоты,
Яго трапяткая рука. (2 разы)
Шпрынкман
Ліна
Ня пытайцеся, дзяўчаты,
Калі хлеб у полі зжаты,
І цалуюць пастуха,
Дзе тут Ліна, дзе рака.
Сьвята пацалункаў -- Ліна
І цячэ рака далінай
Па начной пустыні ўцех,
Дзе ня чуцен звонкі сьмех.
Быў Вільгельм мой сінявокі,
Нібы эльф быў статны, гонкі
Моцны ў целе і ў касьцях,
Сэрца вернае ў грудзях.
Эх! Дзе тое, што прыгожа,
Памажы мне, мілы Божа!-
Сьмерць у целе і ў касьцях,
Сэрца мёртвае ў грудзях.
Жыта ўжо ў снапах на пожні,
Жухнуць ружы ў дзень апошні,
Эх! Я чую голас той:
Паміраю, Ліна,-- стой!
Я зь яго сьмяюся стогнаў,
З енкаў, стыласьці нямоглай,
Я скачу, лячу ў даліну,--
Не хвалююць скаргі Ліну.
Любыя, вы мне скажыце!
Дзе цяпер Вільгельм? У жыце,
Што расьце на той зямлі,
Сьлёзы дзе яго цяклі?
Вы яго аплачце, людцы,
І над ім хай сьлёзы льюцца!
Тут ён жыў і ня тужыў,
Тут галоўкай налажыў.
А па мне ня плачце, людзі,
Як памру, -- хай так і будзе:
Без рыданьняў сваякоў,
Без апошніх мне вянкоў.
Толькі я апошняй скрухай,
Заміруся з тваім духам,
Каб, калі мой прыйдзе час
Разам рай прывеціў нас.
Овэрбэк
Яна яму
Чаму завеш халоднай?
Я не такая, не!
Ну, трошкі, можа, -- згодна,
Яно відаць па мне.
Дзяўчаты ўсе такія:
Ў іх вочы гаваркія.
Дык не заві халоднай,
Я ж не такая, не.
Бо што б вы ні спыталі,
Дзяўчына скажа -- не:
Калі ж пацалавалі,
Не запярэчце, не!
Таму перад ахвочым
Мы не апусьцім вочы!
Нашто, каб мы пыталі,
Каб вам казалі -- не.
Эх, каб жа вы адчулі,
Што адчуваем мы;
Адкінулі б і гулі,
Ішлі б напераймы!
Для вас мы нядаступы,
А вы! -- дурныя ступы!
Ах! каб жа вы адчулі,
Як любім сьмелых мы!
Др. Шыбэлер
Добрая парада
Каханку, бледны, няжывы чаму ты?
Твой гонар востры жар не ўскалыхне;
Павер, твая маркота
Ёй сэрца не кране.(2 разы)
Чаму журба табе змыкае губы?
Чаму ласкава не адкажаш мне?
Павер, нішто, мой любы,
Іх век не разамкне. (2 разы)
Пакінь! Дай сэрцу самаму прызнацца,
Хай сэрца да цябе яе вядзе,
Калі ж яна ня здасца,
Няхай к чарцям ідзе! (2 разы)
Ганс
Гайда! Гайда! Вось я,Ганс!
Клопату ня маю!
Я жыву на сьвеце раз,
Ні пра што ня дбаю.
Стараста і старшына
Мне запанібрата,
Я за імі -- як сьцяна,
Я ім -- за кум-свата!
Жонка Ганна -- ёй віват! --
Хоць надзень карону!
На любы мой сказ, загад
Не наробіць звону!
Хоць і лёгкі быў пасаг,--
Вернасьць з добрай волі:
Не зьвязеш і на вазах
Скарб такі ніколі.
Праца і малітва нас
Кожны дзень займае;
Хто працуе, той на час
Нават не зважае;
З працаю жывеш спарней,
Яна дух лагодзіць,
Сонца ўсходзіць весялей,
Весялей заходзіць.
Бравы, спраўны я хлапец,
Горад мне -- ня мэта!
Зорка Ганна -- мой вянец,
Пацвярджае гэта.
Не зайздрошчу я панам,
Што мне іх багацьце!
Гайда, Ганс! Хай будзе нам
Шчасьце ў нашай хаце.
Мілер
Мая дзяўчына
Ах, каханьне! Я вясёлы --
Радасьць мне з табою,-- ах!
Хай зайздросьцяць мне анёлы:
Сплю я на яе руках,
Сплю я на яе руках!
І нябесьней майскай краскі
Тварык лашчыць яне і душу;
Ах! даброць яе і ласкі
Я ў грудзях сваіх нашу,
Я ў грудзях сваіх нашу.
Вернасьць горлінкі і цнота,
Дух нямецкі, розум, спрыт,
І любоўнаю пяшчотай
Сьвеціцца вачэй блакіт,
Сьвеціцца вачэй блакіт.
Шчыры нораў і пачцівы!
Пацалунак -- дар нябёс!
Божа мой, які шчасьлівы
Чалавеку выпаў лёс!
Чалавеку выпаў лёс!