Гульня бяз картаў

Творы на музыку Яна Давіда Голанда


Духоўныя песьні

Др. Шыбэлер

Песьня пакаяньня

1
Даволі!Хопіць песнапеньня
Пра марны пах зямных вятроў!
Прыйдзі, сьвятое захапленьне,
І зачаруй мне дух і кроў,
Напоўні грудзі мне тугою,
Якая Божы дар нясе.
І праз журботу да спакою,
Да міру й радасьці вядзе.

2
Як часта збочваў я з дарогі,
Якую Бог мне наказаў,
Як часта абяцаў, убогі,
І слоў прысягі ня стрымаў.
Цяпер нясьмелы і пакорны,
Бо пакараны мушу быць,
Цябе я клічу, жалю поўны,
Хачу у пакаяньні жыць.

3
Глядзі, я каюся, я брудны,
Прыму пакорліва твой гнеў!
Мой цяжкі грэх на мне, я блудны,
Мой грэх палохае мяне.
Увесь маіх злачынстваў шэраг
Перада мной,-- душа маўчы;
А дзе ім край, і дзе ім бераг,
Куды ад кары уцячы?

4
Мой грэх вялікі: і на літасьць
Надзей ня можа мець віна;
Але твая, мой Божа, міласьць--
Перавышае ўсё яна!
О Госпадзе! Мой дух узнові,
Не помсьці мне і ласкі дай;
Ў імя тваё, ў імя любові
Даруй мне, Войча! не карай!

5
Мацуй мяне, слабога сына
Зямлі пакутнай, хай твой цуд
Апорай будзе, не пакіне,
Калі мне твой настане суд.
Прымі ж ласкава пакаяньні,
Дазволь узважыць сэрцам лёс,
Каб я, як добры хрысьціянін,
Свой цяжкі крыж дастойна нёс.


Нараджэньне Збаўцы

1
Ідзе, ідзе герой-магут,
Каб сьмерць перамагчы.
Сын славы Божай, сын пакут,
Прамень сьвятла ў начы,
Прамень сьвятла ў начы.

2
Хто йдзе? Хто йдзе? Хто той магут?
Каб сьмерць перамагчы?
Месія гэта; вырве з пут
Яго ахвярны чын,
Яго ахвярны чын!

3
Учалавечаны, табе
Паклон, хвала і гімн.--
Над ясьлямі вакол цябе
У радасьці стаім,
У радасьці стаім.


У скрусе

1
Гасподзь -- мая апора,
Гасподзь -- мне шчыт і цьвердзь,
Адолею з ім гора,
Адолею і сьмерць!
О сьмерць, твае намёкі
І страх я перамог,
Не пабягу наўцёкі,
Бо мне апора -- Бог!

2
Гасподзь -- мая аслона,
Гасподзь даруе грэх,
Яго сустрэну сёньня,
І ўбачу сьвет уцех!
Зямлі сьвятой я спраўлю
Абрад і грэх складу,
Яго псальмамі ўслаўлю
І ў вечнасьць адыду.

3
Я Бога ў сэрцы маю,
Ён добры пастыр мой!
Ён мне на пашах раю
Даруе няктар свой.
Цябе Гасподзь пачуе,
О, жаль нутра майго!
І сілу падаруе
Ступіць на шлях яго.



Готліб Гайнрых Клопшток (1724 -- 1803)

Песьня пакутаў

1
Крыж любоў маю прымае,
А любоў -- Ісус Хрыстос;
Той прыхільнасьці ня мае,
Хто у вечнасьць не ўваскрос.
Дар твой -- марнасьць, крутаверць,
Твой здабытак -- толькі сьмерць,
А мая любоў -- пакутны,
Мой заступнік Сутным.

2
Крыж любоў маю прымае,
Крыж адчужанасьць атрос,
Ён лёбоў маю трымае,
Акрываўлены Хрыстос,
І яго пакутны скон --
Сьмерці вырак і праклён.
А мая любоў -- пакуты,
Мой заступнік перад Сутным.

3
Ён і ў сьмерці ў мілажалі
Заклікае нас любіць,
Каб яго не зьневажалі
І яго наказ -- любіць.
Ці ж ня я на крыж прыбіў
Тым, што моцна ня любіў?
Божа, аслані ад грэху
Памажы мне, дай уцеху!

4
Крыж спрыяць любові можа;
Што страшней такіх спакус?
Супакой сумленьне, Божа,--
Твой ахвярны дар -- Ісус.
Паглядзі, крывёй апошняй
Ён грахоўнасьць перамог;
І сваёй крывінкай кожнай
Мяне выратаваў Бог.

5
На крыжы любоў і вера --
Жудасны, жахлівы лёс!
Сьмерць, жахніся! Мая вера --
Неадольны мой Хрыстос!
Слава, золата і чта
Не адвернуць ад Хрыста.
Хай хоць жыцьму пад прымусам,
А памру з маім Ісусам.

6
На крыжы -- любоў зямная!
Дык прыходзь жа, сьмерць! прыходзь!
Абярнуся прахам хай я, --
З праху вызваліць Гасподзь.
Прыме дух мой вечны сын,
Я знайду у ім спачын,
І нічым ужо ніколі
Не парушу Божай волі.



Хрысьціян Фюрхтэргот Гелерт (1715 --1769)

Заахвочваньне да слова Божага

1
Мая моц -- Бог,
Бог -- мой чартог,
прымаю сэрцам слова.
У веры я--
душа мая
Ухілена ад злога.

2
У слове ты,
Бог мілаты,
яно ў любой аснове.
Ня дай, Гасподзь,
на дробку хоць
Засумнявацца ў слове.

3
З табой лягчэй
Сьвятлу вачэй
Яно ў табе спачыла.
Яно з табой
мір і спакой
У мне навек злучыла.

4
Яно дало
Душы цяпло
жыцьцё і няўміручасьць.
У вечнасьць нас
твой кліча час,
У слове -- наша лучнасьць.

5
Наказ твой мне --
Адкінуць гнеў,
грахоўную заразу;
Бо ці ж магла б
жыць безе сьвятла
душа і без наказу?

6
Маю юдоль
Сьцінаў бы боль
бяз каяньня у грэху.
Ты ж радасьць даў
і дараваў
У слове мне уцеху.

7
Адродзіш ты
Мне дух сьвяты
праз словам ацаленьне,
Праз моц маю
я паўстаю
Адноўлены збавеньнем.

8
Пакінь жа нам,
Зямным сынам
твайго моц слова, Божа!
У слове Бог
нам дапамог--
І праўда пераможа!


Вечаровая песьня

1
За ўсё дабро праслаўся ты,
Наш Войча, Сын і Дух Сьвяты,
Цябе я не дастойны,
Цябе хвалю, цябе малю,
Табе мае паклоны.

2
Сардэчна ты мяне прыняў
Сярод сваіх вялікіх спраў,
Малітву заахвоціў;
Мяне, мой кут дагледзеў тут
Бацькоўскаю даброцьцю.

3
Я ўвесь, Гасподзь, -- дарунак твой,
Увесь душэўны мой спакой,
Ён ад тваёй любові.
Усім дабром, што я зьбярог,
Ты ад шчадрот спадобіў.

4
Дык будзь у моцы мілаты
Аслонай мне ў час цемнаты,
Адкрый свае мне далі.
І ў сьмертны час,прымі ўсіх нас
Зь любоўю, зь мілажалем.




Крамэр

Імкненьне да лучнасьці з Богам

1
Дзе мне знайсьці таго, што сэрцам
Маю душу гатоў любіць.
Я марна клічу, не азьвецца
На покліч мой ніхто. Маўчыць.
Мінецца час маіх трывог,
І мне руку падасьць мой Бог.

2
Як не хваліць цябе, мой Божа,
Убачыўшы, які ты ёсьць!
Твае нам цуды сьведчаць гожа
Пра дзеяў Божых прыгажосьць.
Ня цень іх, а тваё сьвятло
Нятленнае перамагло.

3
Бы ў люстры бачу вобраз мілы,
Малітва ўбогая мая.
Ах! каб душа займела крылы,
Каб з творцам зьблізіцца мог я!
Якая радасьць у грудзях
Мяне вяла б на сьветлы шлях!

4
Я мог бы ля падножжа трона
З анёламі Яго ўслаўляць,
Аблічча сынава спакойна
Я мог бы шчасна сузіраць;
Я, хто ў малітвах недалуж,
Сьпяваў бы гімн як гожы муж.

5
Хоць кожны твор Яго дае мне
Ўстакроць, чым слаўленьне тварца,
Бязмежны сілы сьвет таемны,
Ня мае мудры чын канца.
Давід ня ўславіў мілаты,
Якое варты, Божа, ты.

6
Гаворыш ты са мной лагодна,
Нібы з дзіцяткам, Божа мой.
Але грахі мяе нягодна
Мне засланяюць вобраз твой.
Што мне рабіць, каб найхутчэй
Заслону ухіліць з вачэй?

7
Калі ж у цемры маёй ночы
Ён мне прасьветліць ясны зрок,
Усё, што ўбачаць мае вочы,--
Ня сьвет суцэльны, а драбок.
З табою помыслы мае,
А сілы ўбачыць не стае.

8
Я чую голас твой заўсёды
У Божым слове! Толькі ён
У славаслоўнасьці прыроды
Мне ў будных днях маіх чуцён!
Чаго хачу? душу і плоць
У сьпеў укласьці, мой Гасподзь.

9
Як палка нёс бы я каханьне,
Як я стараўся б у мальбе
Здабыць тваё упадабаньне,
Шчасьлівы быў бы праз цябе,
Калі б мой дух, як цацкі бляск
Дзіцятка вабіў, а ня гас.

10
Якую нэндзу, Божа, адчуваю!
Суцеш, прымі, Гасподзь, мяне,
Паслабі моц майго адчаю;
Дух мудрасьці тваёй ва мне,
Каб не паддаўся я пустой
Мане -- рассудлівай душой.

11
Каб даўся промням Божых ісьцін
Сябе павесьці да канца
Тваіх яснот, каб здолеў выйсьці
На шлях стваральны, шлях Айца.
Я, хто хваліць дастойна ўжо нядуж,
Хваліўбы годнасна, як муж!




Рэдзінг

Пра ўваскрэсеньне плоці

1
Ты безь мяне зьнікаеш,
Душы маёй жытло,--
З маім канцом прымаеш
Свой скон і пыл і тло.

2
Душы маёй апора,
Жывеш нядоўгі час;
Настане дзень, і скора
Разбудзіць вечнасьць нас.

3
Тады ўжо больш ня пылам,
Не ў чэзлым, ніклым тле,
Паўстанеш ты з магілы
У яснасьці, ў сьвятле.

4
Угору, у вышыні
Цяпер мой дух імкне;
О Божа, ты адзіны
Аплот, надзея мне!

5
І ўбачыць, і жахнецца,
Той, хто ў табе грашыў;
Ды з месца не скранецца
Ад сораму ў душы.

6
Ах, марна, не схавае
Грахоўнай ганьбы бруд,
Ня змые, бо чакае
Яго твой, Божа, суд.

7
А я, схіліўшы голаў,
Паўстану прад табой;
І скажаш ты анёлам
Узьнесьці ў горад твой.


На Новы Год

1
Хваліце з паўнаты грудзей
З падзякай Богу хорам,
Хай палкасьць душ усіх людзей
Тварцу узносіць гонар.

2
Гасподзь ёсьць Бог! Дзівосны ход
Усіх падзей пазначыў;
Дае нам сёньня новы год
І новыя удачы.

3
Ён сагравае ласкай нас
У горкія хвіліны;
Папросім толькі, ўсамачас
З дабром ідзе к павінным.

4
Мы люд ягоны! Мілата
Нас Божая вітае.--
Мінаюць клопаты, нуда,
А радасьць прарастае.

5
Лячы нас! Ацаляй дух, плоць,
Лагодлівы наш Божа.
Дзе ёсьць яшчэ такі Гасподзь,
Што дараваць нам можа.

6
Сьпявайце Богу! Слаўны Бог.
Хто ж тут не засьпявае?
Табе, хто нас ашчасьціць змог,
Падзяку пасылаем.

7
Прымі з малітвай наш паклон,
Пашлі дабраславеньне,
Цябе мы славім і твой трон
Удзячным песнапеньнем.


Калядная песьня

1
Узносьце Богу сьпеў хвалы,
І сыну, слаўце трон;
Ён любіць нас, -- дзяцей малых,
Грахі даруе ён,
Грахі даруе ён.

2
У вечнай славе наш Гасподзь
І творы рук яго;
Яму наш дух і наша плоць,--
Праславімце ж яго!
Праславімце ж яго!

3
Праславімце тваю любоў,
Якая моц дае,
Хто мы былі б, каб ня любоў,
І міласьці твае,
І міласьці твае!

4
Яна і шчасьце, і парыў
Наш да бязгрэшнасьці
У сыне, што і ёсьць, і быў,
Як ты -- ад вечнасьці,
Як ты -- ад вечнасьці.

5
Твой сын прыйшоў! І мы пяем
Хвалу паслу нябёс!
Прыйшоў, праславіў Віфляем,
Збавеньне нам прынёс,
Збавеньне нам прынёс.

6
Галечу нашу, сьмерць і тло
Ў надзею абярнуў,
І ўсё, што прахлае было,
У веліч апрануў,
У веліч апрануў.

7
Ён, вобраз вечнага тварца
Вось тут, сярод пялён
Ляжаў у ясьлях; сын Айца
У наш явіўся сьпеў,
У наш явіўся сьпеў.

8
Любоў! Ты сьмерць перамагла,
Грахі ў нішто зьвяла;--
Ты ўратавала нас ад зла,
І мір ты нам дала,
І мір ты нам дала.

9
О, сыне Божы, грэшны я,
Наблізіцца дазволь:
І моліцца душа мая,
Прымі душэўны боль,
Прымі душэўны боль.

10
Няхай жа у анёльскі гімн
Ульецца голас мой.
Табе мая падзяка ў ім,
Душы маёй спакой,
Душы маёй спакой