Лірыка
1836 - 1837
Маркс Карл
Лірыка
Ноч. Да Жэні
Ноч саткана з мелодый чароўных,
Цэлы свет гэтай музыкі поўны.
Апускаецца песня з неба і тоне,
Ахінаючы ўсё зямное ў сутонне.
З гукаў, з тканіны напеваў стылых
Свядомай рукой раблю сабе крылы.
І лячу ў далячыні душэўныя, ў цені,
Што акрылі, як вэлюмам, Жэні.
І запаветныя чую ўжо словы,
Што з салодкіх вуснаў ліцца гатовы,
Бо іх шчодра падказвае сэрца,
У якім боствам шчырасці добра жывецца,
Тыя словы, як сфераў высокіх гімн,
І я раскашую песняю ў ім.
Калі Твайму сэрцу цесна ў грудзях,
Калі вырваўся боль Твой і неба працяў,
Калі палкасць Твайго згарання
Праблісквае чыстай слязою кахання,
Калі шчокі агністы румянец пячэ,
Калі пырскае зыркае неба з вачэй,
Калі ўнутраны Твой парыў
Каханнем жыццё Тваё азарыў,
Паслабіўшы повязі цяжкае смуты
І сабою нарэшце парваў Твае путы
І натхнёны няясным жаданнем
У боязнай страсці зжыўся дазвання,
Калі вобраз прыгожы, чароўны, святы
Ужо высветліўся да паўнаты,--
О, як бы хацеў я тады прыпасці
Да ног Тваіх з словамі смелымі страсці,
Сказаць, што Ты вобраз, даўно мною снёны,
Што і я агнём любасці успалымнёны,
Што ў мяне бязладным і дзікім плывам,
Да адчаю пакеплівым, смешным парывам
З грудзей гэткая ж сіла кахання імкнецца
Якая ў Цябе з слязамі ліецца.
Што наш Лёс нам прадвызначаны каханнем,
Учынкамі нашымі і Прадчуваннем,
Што паддацца не можам адчаю, пакуце,
Калі разам гарэць агнём адным будзем,
Як хацеў бы я доўжыцца вечна з Табою
І душой, і дыханнем, і сваёю любоўю,
Дагарэць на Тваіх я хацеў бы грудзях
І ў невядомасць пайсці з жыцця,
Каб з Табою быць разам і ў смерці,
Адным ветрыкам веяць з Табою па свеце.
Дзве песні да Жэні
Шукаў
Пусці, не заступай мне мэту.
“Куды табе?” – Шукаю свету!
“Ці ж мала вольных сцежак тут –
Там зор гульня, тут буры гуд?”
Павер, не рвуся я ў свет чорны,
Эфірны звон і грукат горны:
Спыняюць дзёрзкі ход яны,
Любоў іх мне – што кайданы.
Свет сам з мяне павінен ліцца
І да грудзей маіх схіліцца,
Ў яго агні – і мне палаць,
Мая душа – яму палац.
Хай я вярнуся, хай загіну,
Знайду хай светы ці іх кіну,
Хай сонца, зоркі альбо цьма –
Ударыў гром – і іх няма.
Знайшоў
Чаго кусты у танцы ўюцца,
Чаго вянкі да ног кладуцца,
Чаго нябесны ўзнёсся гмах,
Чаго даліна мкне да хмар?
Лячу, а посвіст крыл, іх шорах
Аб скалы глушыцца па горах,
І з зоркамі заручан зрок –
Бо не магу адвесці ўбок.
Плывіце ўдаль, жыцця патокі,
Бурліце, мыйце свет шырокі,
Свабоднай, залатой душы
Ніякі змрок не заглушыў.
Яшчэ раз позірк бліснуў – пэўна,
Яму пара спачыць душэўна,
Бо іншых светаў не дастаў!
Ён у табе сам светам стаў.
Да Жэні
ІV
Дай мне волі, і маё каханне,
Неабдымнае амаль,
Разгарнуўшыся, крылом дастане
У захмар’і мглістым даль.
Зоркі ў прыгаршчы збярэ, -- растане
У вачах крынічных жаль,
Сонца ахалоне, і прагляне
Яркі з мораку крышталь.
Неба у Нішто апусціць голаў,
І яго падхопіць плынь,
Апануе вотчынай анёлаў,
Расплывецца боль мой і патоне,
Рыне ў вогненную сінь,--
І цытрусы вырастуць з прадоння.
Заключны санет да Жэні
Я сказаць табе, дзіця, гатовы,
Перш чым дагучыць апошні спеў,
Што у развітальнай песні словы
Я дыханнем Жэні абагрэў,
Каб узлётам, узвышэннем новым,
Вадаспадам, засенню паспеў
Супыніць палёт гадзін жыццёвых
І ў табе іх выспеліць умеў.
У агністых шатах маё цела
Ўзнеслася прасветлена ўгару,
Змусы повязь скінута, ўзляцела
Сэрца ўпэўнена ў прастор за хмары
Боль свой рву перад Табой, гару –
І растуць жыццёвым дрэвам мары!
Атрута
З рук Тваіх пяшчотных, белых
Пахкі мёд я сцалаваў;
Абяздушыць маё цела
Кожны дэман спрабаваў.
Ах, салодкаю атрутай
Сэрца льецца, растае,
Засцілаюцца пакутай
Вочы палкія мае.
Ты ўліла мне, чараўніца,
Яду ў сэрца, дык цяпер
Можа й дух перасяліцца,
І жыццё маё ў Цябе.
Вылеч раны мёдам гойным,
Той атрутай уратуй,
Не вагайся, а спакойна
Маім лёсам апануй!
Песня на пюпітр
На крылах над пюпітрам
У высі геній мкне,
Свой дух і прывітанне
Ён прысвячае мне.
Яго аблічча ў німбе,
Ён рукі распрасцёр,
Усмешка цепліць вусны,
Сагрэтыя жыццём.
Сам-насам з ім у зале –
Няма бліжэй радні,
Пяшчотна пазірае
Ён з гордай вышыні.
І льюцца мае песні –
Юнацтва палкі рытм,
Але ён іх не прыме,
Бо іх не я стварыў.
Анёл іх творыць іншы,
У промнях сэрца ён,
І толькі ў маіх песнях
Яго і фарбы й тон.
Заўжды такі далёкі,
Што не дастаць рукой,
Заўжды такі ён блізкі –
Жыве ў душы маёй.
Венскі тэатр малпаў у Берліне
І
Гэта ж трэба! – публіка валам да муз!
А як жа – там Тальма, прорва спакус!
Бо, дружа, каму даспадобы порах,
Камедыя там, а малпы – ў акторах.
ІІ
Сяджу сабе, настрой прыўзняты,
Гляджу, як граюць там прыматы,
Прырода, браце! Той бяды,
Калі звер цыркне часам не туды.
Аж чую раптам нейкі стук,
Падумаць толькі – штука з лепшых штук:
Паненка ў млосць, паненцы мала,
На грудзі малпе яна ўпала
Уся ў віры душэўнай смуты:
“О мукі сэрца, о пакуты,
Як гарманічна ўсё ў ігры,
Аж за душу бяруць звяры,
Ты граў мяне! Я ўся нібыта
Ва ўладзе нейкага магніта.
Скажы, як ты спасціг маю душу,
Я закахалася, я ўся дрыжу!”
Арміда фон Рытэр Глюк
І
Надумаў я пацешыцца тэатрам,
Апошні грош аддаць на гэта варта;
Надзеў найлепшы фрак, іду
У ложу першую на ўсім віду.
О Божа! Да чаго-такі дажыў я –
Ніколі так не кляў сябе ў душы я!
Паненка там! Трымай праграмку ляльцы.
Кажу: “Як прыкра, застудзіў я пальцы”.
Яна: “І без пальчатак – чысты жах!”
Кажу: “Не пераношу лішку на руках!”
Расправіў грудзі я, аж карак ходзіць.
“Трымайце шаль”,--паненка пекна просіць.
Я ёй: “Агонь пагас, а мне не ласа,
Пардон, мамзель, сырое есці мяса”.
Яна: “Ну як, прыгожанькі балет?”
“Мой Бог, вы не чытаеце газет?”
ІІ
Я ўвесь у музыцы, я ўвесь у трансе,
Яна ўсміхнулася: “Таўкач папаўся!”
Герою рыцару
Дзе ні сустрэнь яго – ён той ды той,
Змяшаліся ў ім рыцар і герой,
Гаворыць днём пра мадэрнізм эпохі,
А ноччу антыка: кусаюць блохі.
Маёй суседцы па той бок
Вунь зіркае з-за плота зноў –
Дай Божа сілы, стыне кроў.
Муж – як пляскач, яна – гаргара,
Тут вам ідылія і кара,--
Каб лёт фантазіі спыніць,
Я штору мушу апусціць.
Мудрасць матэматыкаў
І
У формулах – лічбаў, значкоў стракацізна,
І розум наш – прыклад лічыльнай працы:
Калі Бог ёсць кропка,-- дык Бог не ёсць прызма,
Калі дагары вы, -- дык вам не сядзіцца на срацы.
ІІ
Каханак – а, а b – любоўніца,
Іду ў заклад, бажуся поўніцай,
Што а+b дае нам суму
Любоўнай парачкі без суму.
ІІІ
Штрыхамі змерыць свет – не штука,
Разгрызці дух ягоны – вось навука;
Праз а і b усе злагодзьце звадкі,
Суд пойдзе – за судовыя выдаткі.
Этыка медыкаў
Бярыце ў дарогу паболей бялізны,
Пацець у дарозе не дужа карысна.
Не трэба глядзець на агонь, найлягчэй
Так можна застацца зусім без вачэй.
Пільнуйцеся ад хваляванняў лішніх,
Каб вам не абдула сляпое кішкі;
Віна неразбаўленага – ні глытка,
А кавы не піце без малака.
Ды не забудзьцеся ўжыць нашых сродкаў,
Як што закарціць вам сабрацца да продкаў.
* * *
Фіхтэ, Кант эфірныя пустэчы
Зведалі наскрозь і спрэс;
Я ж – у кожнай пад нагамі рэчы
Разгадаць спрабую сэнс.
Песня лодачніка
Бушуйце, у човен біце,
Хвалі, успеньвайце гнеў,
А толькі да мэты нясіце
І будзьце падданыя мне.
І, нібы страла, далёка
Над неабсяжнай вадой
Лячу я, а навідавоку
Заўсёды са мной бераг мой.
Чакаюць там, як чакалі,
Каханыя дома,-- калі
Насуперак ветру і хвалі
Жывы даплыву да зямлі.
На дне, о блакітныя воды,
Мой большы ўпакоіўся брат,
Яго вы ўзялі назаўсёды,
Не вернецца з прорвы назад.
Я сам быў тады яшчэ хлопчык –
Ён смела памкнуўся ўдаль,
Аб рыфы разбіўся корчмы
І стаўся здабычаю хваль.
І даў я сабе ў сэрцы клятву
Вам, сінія хвалі, назло
Адпомсціць за гібель братаву,
Сячы вас нястомна вяслом.
І клятве табе я верны,
Не адступіўся ад слоў –
Бічую ваш холад сіберны,
Сяку вас нястомна вяслом.
Дык злуйцеся, хвалі, а з чоўна
Я вёслаў не кіну ў ваду,
Па вашых хрыбтах усё роўна
Упэўнена курс правяду.
Няраз бездань тут бушавала,
Няраз біў на вежы звон,
І тупа шалела навала,
І ятрыўся люты шторм.
І я распраўляю плечы,
Я з дому выходжу тады
Ад цёплай надзейнай печы –
Людзей ратаваць з бяды.
Іду супраць ветру на хвалю,
І бура гудзе ў парусах,
Малюся, каб Бог не даў жалю,
Каб зорка паказвала шлях.
Тады прасякаюся сілай,
Агнём і адвагаю я,
І ў спрэчцы над чорнай магілай
Ляціць з грудзей песня мая.
Бушуйце і ў човен біце,
Хвалі, успенньвайце гнеў,
А толькі да мэты вядзіце
І будзьце пакорныя мне.
Вы брата майго зыскалі,
У вір зацягнулі, ў багно,
І цела разбілі аб скалы
І апусцілі на дно.
А дух яго вырваўся ўгору,
Узнёсся да Бога, жыве
І чуе цяпер, як мора
Ад смеху майго раве.
Я вырву сяброў майго брата
З раззяўленай пашчы бяды,
Я выведу ў завадзь, дзе ўлада –
Не цёмнай жахлівай вады.
Я вас рассяку, хвалі-горы,
Ваш гнеў утаймую і шал,
Даб’юся ад вас пакоры,
Дзевяты адолею вал.
І зноў заіскрацца воды
Ў блакітнай усмешцы нябёс,
Вас мушу скарыць назаўсёды,
Каб вашых пазбыцца пагроз.
Тады я змагу напіцца
Жыцця з свежага вецярка,
Не стане ніякіх граніцаў
Для вольнай душы марака.
І неба ўсміхаецца, вёслы
У плынь кладу моцнай рукой,
Пагляд мой свабодны і ўзнёслы,
І мір на душы, і спакой.
Вар’ятка
Жанчына ў месячнай начы
Танцуе танец, і блішчыць
Алмазам яркім на скале
Яна у прывідным святле.
“Нахлынь, марская багна,
Цябе абняць я прагну,
Надзень вянок мне вербны
І ўбор блакітна-срэбны.
Дам золата, дам камянёў,
У іх мая танцуе кроў,
Насіў іх мілы мой дружок,
Але ён кінуўся ў паток.
Каб разам мы спявалі,
Скакалі б вецер, хвалі,
Танок угору ўзмецен,--
Смуткуюць хвалі, вецер.
У рукі лозак узяла,
Любоўны паясок спляла,
Агледзела той паясок,
Рашуча выкінула ўбок.
“Цяпер мне дай узвіцца
І з высяў адзваніцца;
Ці ж не адчула ў маці
Ты хараства дзіцяці?”
Скакала ноччу і з лазы
Пляла вяночкі, паясы,
Лунала горда й не магла
Натанцавацца да святла.
Гудчык
Грае гудчык кучаравы,
На хлапцы каптан дзіравы;
Гудчык грае на гудку,
Шабля ў хлопца на баку.
Зайграй, гудчык, усквар, усмалі,
Зайграй, гудчык, душу звесялі –
Бо кроў так бушуе ў сэрцы юным,
Што хвалямі б’е, аж ірвуцца струны.
Што я граю! Пра што гудуць хвалі,
Што звонка распырскваецца аб скалы,
Што вочы зацьміла, што рвецца з грудзей –
Аж сэрца ў пекла ляціць да чарцей!
Зайграй, гудчык, дух жартам не рві,
Бог мастацтва ў цябе ў крыві,
Грай і сей хараство ў плыні гукаў,
Каб сам Бог зорны танец адгрукаў!
Я ўрэжу, я ў душу патраплю
Ўбіць у чорную кроў сваю шаблю,
Кінуў дом я, знік з мілых вачэй –
З дзіцём на плячах не лаўчэй, не ямчэй?
Бог не знае ігры, прыгажосці яе,
Яна чадам зачмурвае, б’е,
Яна тлуміць мазгі, абнаўляе сэрца,
Яна з цемры на струны мае кладзецца!
З цемры такт, з цемры льюцца ноты,
Песню жальбы зайграю, а потым –
Я зайграю і цемру самую й святло,
Каб сэрца на струнах гудка знемагло!
Грае гудчык кучаравы,
На хлапцы каптан дзіравы;
Гудчык грае на гудку,
Шабля ў хлопца на баку.
Страшны суд
Ад таго ад пазагроб’я,
Ад усіх святых псалмоў –
Жахата расце з вантроб’я,
Застывае ў жылах кроў.
Бо, як ступім па-за межы,
Скончыцца й гульня ў жывых,
Адышоўшы, адбалеўшы,
Дасягнуўшы сфераў тых,
Мусім Бога славасловіць,
Алілуя пець яму,
А падласціцца не собіць—
Мецьмем вечную турму.
Ха! Палохае драбіна
Да завершанасці, дзе
Ёсць сырая дамавіна,
Кліч куды мяне вядзе.
Ёсць адно на свеце неба,
Але ж небу я не люб –
З бабамі цяпер жыць трэба,
Што ўсё точаць часу зуб.
Целы іх застылі ў гліне,
А паверсе – смецце, гніль,
Душа кожнай марна гіне
Ў бесталковым бегу хвіль.
Далікатныя, худыя,
Як эфір, як матылі;
Не былі б яны такія,
Ды гарсэты памаглі.
Дзёрзка я руйную свята
І гарлаю Богу гімн,
Слухае Гасподзь заўзята,
Аж выкручвае мазгі.
Потым кліча Гаўрыіла,
Што ў архангелах пры Іх,--
Хап! Нахабу жывасілам
Транспартуе ў адзін міг.
Глянь! Як трызняцца, чаўпуцца
Страшны суд і судны дзень!
Ах даруйце ж, мае людцы,--
Дзе блюзнерства, грэх мой дзе?
Абуджэнне
І
Гаснуць палкія вочы
У захапленні дрыготкім,
Як хвалі струн ліры,
Што ў роздуме гукаў
Угору імкнуцца
Праз шэрую навісь
Прачыстай начы,
І свецяцца зверху
Вечныя зоркі
Любоўна ў душу.
ІІ
Заглыбляешся дрогка,
Уздымаюцца грудзі,
І бачыш бясконцыя
Вечныя светы
Над сабой, пад сабой
Неабсяжна-бязмежныя
У карагодным руху
Нястомнае вечнасці,
І дыханне сваё
У свет заглыбляеш.
ІІІ
Абуджэнне тваё
Ёсць бясконцы ўзыход,
Узыход твой—
Ёсць вечны спад.
ІV
Калі шугане
Агонь у душы
Да самых глыбіняў,
Глыбіняў грудзей,--
І выплыве лёгка
Паднятая духамі
На крылах салодкіх
Чаруючых гукаў
Душы таямніца
З душы дэманічнай
Сусветнае прорвы.
V
Заглыбленне тваё
Ёсць бясконцы ўзыход,
Твой бясконцы ўзыход –
Ёсць эфірам румянены,
Палкі і вечны,
Вуснамі Бога
Дабраславёны
Цалунак любові.
Успрыманні
Не магу спакойна ў сэрцы
Задавольвацца сабой,
Не магу застыць на месцы
Ў неспатольнасці сваёй.
Хай хто іншы будзе рады,
Што ў душы пануе рай,
Шчасцем цешыцца і ладам,
Богу дзякуе няхай.
Я ж – у вечным руху ўперад,
У кіпенні, у агні;
Мне жыццё – не марны ўверад,
Плыць хачу па быстрыні.
Я хачу быць небам повен,
У сабе ўвесь свет змяшчу,
І ў нянавісці, ў любові
Трапяткім я быць хачу.
Усяго б хацеў дабіцца,
Зведаць любасць да драбніц,
Хараством на лузе ўпіцца
Са святых красы крыніц;
Разбураць пачну я светы,
Бо ствараць – не хопіць сіл.
Ў чарадзейным руху гэтым
Кліч не чуцен мой зусім.
Мёртвым нашых дум узвеі
Смешныя ў глыбокім сне,
Згінуць з намі нашы дзеі –
Мёртвых гэта не кране.
Не хачу такое долі:
Трэскай гойдацца ў віры,
У Нічым шумець без волі,
Страшыцца сваёй нары.
Камяніцы і палацы
Хуткі бег аберне ў тло.
Ледзь паспеюць зруйнавацца,
А ўжо новае ўзрасло.
Так і гойдаюцца сілы
То ва Ўсё, то зноў назад,
Ад калдыскі да магілы –
Вечны ўсход і вечны спад.
Духі так імкнуць глыбока,
Што саміх сябе жаруць,
Аж пакуль і пана Бога
Не спустошаць, не сатруць.
Дайце ж нам той круг прамчацца,
На які нас Бог узнёс,
Дайце зведаць мук і шчасця,
Што ўдзяліў усм нам лёс.
Дайце споўніць нам імкненні,
У спакоі не застыць,
Не маўчаць у атупенні,
А імкнуцца жыць, тварыць.
Не згінацца баязліва
І пакорліва ў ярме,
Бо ў жаданнях і ў парывах
Прага подзвігу жыве.