Аварыя

Дзюрэнмат Фрыдрых


Пра аўтара

Фрыдрых Дзюрэнмат (Friedrich Dürrenmatt, 1921 – 1997), швейцарскі драматург, белетрыст і эсэіст, нарадзіўся ў Кональфінгене, кантон Берн, у сям’і пратэстанцкага святара. Вывучаў у Берне і Цюрыху тэалогію, філасофію, прыродазнаўчыя навукі, мастацтва і літаратуру. З 1952 г. – вольны літаратар. У 1959 г. атрымаў шылераўскую прэмію горада Мангайма, за якою паследавалі іншыя ганаровыя прызнанні на радзіме і за мяжой. З 1969 г. з невялікімі перапынкамі працаваў загадчыкам літаратурнай часткі, рэжысёрам і членам дырэктарата тэатра ў Базелі, пры гэтым займаўся журналістыкай.

Хоць Дзюрэнмат напісаў некалькі твораў мастацкай прозы і некаторыя з іх (“Суддзя і ягоны кат” – 1952, “Падазрэнне” – 1952, “Аварыя” – 1956) прынеслі яму еўрапейскую вядомасць, ягоная слава грунтуецца ў першую чаргу на дасягненнях у драматургіі. Рашаючым крокам для Дзюрэнмата бала ягоная палеміка з тэорыяй тэатра і пастановачнай практыкай Бэртальда Брэхта. Першы сапраўды значны поспех на сцэне прынеслі яму камедыі “Жаніцьба пана Місісіпі” (1952) і “Анёл ляціць у Вавілон” (1953). У 1956 г. з’явілася з’едлівая сатыра, амаль сенсацыйная “трагічная камедыя” “Візіт старой дамы”, з якою Дзюрэнмат здзейсніў канчатковы прарыў у тэатр. І пазней, бадай, самая славутая камедыя “Фізікі” (1962), якая з трыумфам прайшла па сцэнах свету, сваёй арыгінальнай формай і пастаноўкай прымусіла грамадскасць прыслухацца да голасу Дзюрэнмата і безагаворачна прызнаць заваяваныя ім пазіцыі. У кнізе “Праблемы тэатра” (1955) Дзюрэнмат кажа, што камедыя ёсць адзіная драматычная форма, якая ў век атама можа ўвачавідніць трагічнае, скептычна-іранічна апелюючы да інтэлекту сваіх гледачоў. Дзюрэнмат парадыйнымі сродкамі ставіць перад люстрам прадстаўнікоў буржуазнага грамадства, якіх фіксуе пераважна ў экстрэмальных сітуацыях.

Не абышла сваімі ўплывамі творчасць Дзюрэнмата і Беларусь, паслужыўшыся на дабро нашай тэатральнай культуры. А на сцэне Нацыянальнага опернага тэатра з поспехам ідзе опера беларускага кампазітара С. Картэса “Візіт старой дамы”.

Прапаную чытачам Кamunikata крымінальны твор “Аварыя”, мабыць, многім вядомы па кінафільме, знятым і паказаным у савецкія часы. Долю арыгінальнасці Дзюрэнмат умудрыўся ўкласці і ў гэты “аскомны” жанр. “Як існуе мастак у адукаваным свеце, у свеце пісьменнасці? – пісаў Дзюрэнмат. – Пытанне, якое мяне мучыць, на якое я яшчэ не маю адказу. Мабыць, найлепш, калі ён піша крымінальны раман, стварае мастацтва там, дзе яго ніхто не спадзяецца знайсці”. Цяжка сказаць, наколькі гэтая думка адпавядае іранічнаму Дзюрэнмату з яго любоўю да мастацкіх правакацый. Але адно пэўна: ён падымае крымінальны раман (сваёй задумай і здольнасцю тлумачыць канкрэтную “справу” як грамадскі феномен) намнога вышэй за той узровень, на якім гэты зацяганы бяздарнасцямі жанр прывык пачувацца прывольна і сытна. Здольнасць Дзюрэнмата праз шматлікія іранічныя пераломы без прадузятасці высвечваць да патаемных глыбіняў чалавечыя паводзіны робіць “Аварыю”, якую Дзюрэнмат называе “яшчэ магчымай гісторыяй”, шэдэўрам сатырычнай прозы нашага з вамі часу, з яго неверагоднымі пацешнымі, вычварнымі гульнямі з чалавекам, пра што герой “Аварыі” Трапс сказаў: “… асаблівы шарм нашай гульні якраз у тым, …што чалавеку пры гэтым робіцца не па сабе, несамавіта і вусцішна. Гульня пагражае абярнуцца рэальнасцю”.