Авантурнік Сімпліцысімус

фон Грымэльсгаўзэн Ганс Якаб Крыстофэль


Шлях да самога сябе

[…] Найважнейшай заваёвай нямецкай культуры ХVII стагоддзя стала стварэнне нацыянальнай раманнай формы, і гонар гэты выпаў на долю Ганса Якаба Крыстофа (Крыстофэля) фон Грымэльсгаўзэна (каля 1622 – 1676), творчасць якога стала вынікам горкага вопыту Трыццацігадовай вайны… Як лірыка Грыфіуса назаўжды стала адной з вяршынь паэзіі барока, так раман Грымэльсгаўзэна – несумненная вяршыня прозы барока, яго найбольш яскравы ўзор. І, бадай што, ні адзін з твораў той эпохі не стаў такім бязлітасна праўдзівым дакументам свайго часу, як “Сімпліцысімус”[…]

Гэта раман пра лёс народны і лёс чалавечы ў смутны, страшны, хаатычны час, раман пра блуканні і пакуты чыстай душы, якая не можа не запляміць сябе брудам і брыдотай гэтага свету, але не можа і не змагацца за сваю цнатлівасць і праведнасць. Гэта трагічны твор, насычаны нястрымнай весялосцю, якая яшчэ больш падкрэслівае трагічнасць часу. У ім гучыць гамерычны смех, бо народ і ў самыя цяжкія часіны не страчвае гумару, здольнасці смяяцца са свету і з сябе, гэта сапраўды выратавальны смех.

Раман злучыў у адзінае цэлае элементы народна-смехавай культуры і высокую кніжную традыцыю, топіку пікарэскі і галантна-гераічнага рамана, рысы “нізавога” барока і іранічна пераасэнсаваныя штампы высокага барока. Адсюль – вельмі спецыфічная мова рамана: з аднаго боку, яна вельмі складаная, мудрагелістая, насычаная шматлікімі біблеізмамі, лацінізмамі, галіцызмамі, філасофскімі і літаратурнымі рэмінісцэнцыямі, алюзіямі, цытатамі; з другога боку, яна вельмі простая, месцамі наўмысна вульгарная, сакавітая народная мова, перасыпаная мноствам прыказак, прымавак, вострых і нават непрыстойных слоўцаў, каламбураў і г. д. Грымэльсгаўзэн ахвотна ўжывае дыялектызмы: напрыклад, не літаратурнае “Vater” –“бацька”, а дыялектнае “Knan “, для якога перакладчык знайшоў адпаведнае “татусь”; не “маці” – “мамця”. Патрэбна адзначыць, што “Сімпліцысімус” – адзін з самых складаных для перакладчыцкай працы тэкстаў, ён патрабуе філіграннага майстэрства, і гэта вельмі выразна дэманструе беларускі пераклад[…]

Пасля “Сімпліцысімуса” Грымэльсгаўзэнам былі створаны раманы так званага “сімпліцыянскага цыкла”, выдадзеныя ў 1670 годзе. Гэта “Дзівоснае апісанне жыцця несусветнай марнатраўкі і валацужкі Кураж” і “Шпрынгінсфэльд”. У першым з іх апавядаецца гісторыя бессаромнай сяброўкі Сімпліцыя, маркітанкі і авантурысткі Кураж (менавіта ў Грымэльсгаўзэна знойдзе гераіню сваёй п’есы “Матухна Кураж і яе дзеці” Б. Брэхт), другі ж прысвечаны прыгодам паплечніка Сімпліцыя, бравага салдата Шпрынгінсфэльда (само імя героя – “Скачы ў поле” – адзначае яго шалапутны характар, для якога перакладчык знайшоў трапны эквівалент – “Гізуйчмут”).

Але справядліва галоўным запаветам пісьменніка нашчадкам стаў “Сімпліцысімус”. У ХХ стагоддзі ён аказаўся актуальным як ніколі, бо толькі чалавецтва, што прайшло праз пекла дзвюх сусветных войнаў, змагло па-сапраўднаму ацаніць антываенны пафас рамана, так моцна выяўленую ў ім прагу міру, гармоніі, розуму, чалавечай дасканаласці. І ёсць нейкая адзнака самога лёсу ў тым, што пераклаў гэты раман “спадар Васіль Сёмуха з хутара Ясенца, што каля Пружаное”. Ясенец – такі ж згублены ў беларускіх лясах на Пружаншчыне хутар, як вёсачка Сімпліцыя ў дрымучым Шпэсэрце. І не проста згублены – загублены, закатаваны, спалены фашыстамі – можа, нашчадкамі тых самых райтараў і ландскнэхтаў з рамана Грымэльсгаўзэна (ва ўсякім выпадку “духоўнымі” нашчадкамі).

Пераклад заслугоўвае асаблівых і вельмі цёплых слоў. Ужо колькі год Васіль Сёмуха нясе беларускаму чытачу радасць знаёмства з нямецкамоўнай класікай – “Фаўстам” Гётэ, раманамі Т. Мана, Г. Гесэ, паэзіяй Р. М. Рыльке. Цяпер да гэтага важнага спісу прыбавіўся “Сімпліцысімус” – без сумнення, адна з лепшых работ майстра перакладу. Як ужо адзначалася, незвычайны стыль рамана патрабуе ад перакладчыка філіграннага майстэрства, бездакорнага ведання мовы арыгінала (прычым мовы ХVІІ стагоддзя) і сваёй роднай мовы. У перакладзе выяўляюцца шырокая эрудыцыя перакладчыка, яго выдатнае знаёмства з рэаліямі далёкага часу, яго несупынны творчы пошук і ўменне знайсці адзінае патрэбнае слова, трапны выраз, каб данесці да нас непаўторную моўную стыхію рамана з яго прыказкамі, гульнёй слоў, каламбурамі (цяжкі матэрыял, які амаль не паддаецца перакладу). І самае галоўнае: пераклад яскрава высвятляе строй душы і вобраз свету самога перакладчыка, якія не засланяюць грымэльсгаўзэнаўскі космас, а яшчэ выразней даюць адчуць яго дыханне, яго блізкасць сучаснаму чалавеку. І як для самога Грымэльсгаўзэна жывая стыхія яго роднай мовы з’яўляецца залогам выйсця з цяжкога сацыяльнага і духоўнага крызісу, у якім апынуўся народ, так, здаецца, і ў перакладзе В. Сёмухі жывая імклівая стыхія мовы, што нібыта нараджаецца на нашых вачах, асэнсоўваецца як галоўны сродак выратавання народнай душы.

Дзівак Сімпліцы ідзе да чытача, каб перасцерагчы, каб прымусіць задумацца над светам і над уласнай душой. Які ты быў? Якім стаў? Куды ідзеш? Што азначае для цябе лёс роднай зямлі? Ці адчуваеш ты арганічную сувязь паміж ім і лёсам усяго чалавецтва, а значыць – і адказнасць за яго?

Раману, які расказвае пра пошукі ісціны, дарогі да самога сябе, пра непазбежны націск на нас страшэннага свету і пра неабходнасць і магчымасць супрацьстаяння гэтаму націску, які настойліва напамінае пра пагрозу чалавечаму ў чалавеку і неабходнасць захаваць гэта чалавечае, -- такому раману не пагражае забыццё.