РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
Сімпліцы расказвае пра свой род мужычы і якія змалку засвоіў ён звычаі
І вось тым самым нашым часам, пра які кажуць, што нібыта ён ужо й астатні, бо гэта ж канец свету, агарнула люд паспаліты нейкая немач, і ўсе тыя, каго яна зачапіла, калі толькі яны нашахраілі і нпаброілі столькі, што, маючы колькі там гелераў у кашальку, маглі начапіць на сябе навамодныя транты з рознымі блазенскімі матузкамі і прузучкамі, альбо, скажам, дабіўшыся маетнасці і славы якім-небудзь іншым шляхам, ну, хай хоць праз шчаслівую нагоду, як адразу пачынаюць трызніць марай, каб іх лічылі мужамі, знакамітымі, такімі, ведаеце, панамі-рыцарамі ці арыстакратамі немаведама як старога шляхетнага роду, а тым часам сюд-туд дапытліваму воку вазьмі дый адкрыйся, што іх продкі былі камінары альбо падзёншчыкі, альбо рамізнікі, альбо насільшчыкі, а іх стрыечнікі былі пагоншчыкі аслоў, карцёжнікі-махляры, штукары, канатаходцы, што іх браты былі галавасекі, віжы і каты-шыбенікі, а іх сёстры былі швачкі, прачкі і трапачкі, а то і ўвогуле шлюндры, а мацеркі – зводніцы альбо зусім ведзьмы, а in summa* ўвесь іх даўні-прадаўні род ва ўсіх трыццаці двух каленах ажрашняга брудам і крывёю мыецца, як той цукраварны цэх у Празе; дык жа вось яны, гэтыя новыя ўзвышэнцы, часта самі чарным-чорныя, як, не раўнуючы, тыя мурыны з Гвінеі, што там нарадзіліся і там жа пагадаваліся.
Я не магу сябе раўняць з такімі блазнюкамі, хоць, паклаўшы руку на сэрца, зусім не без таго, -- я і сам часта думаў, што і я несумненна запачаткаваўся ад нейкага вялікага пана альбо, прынамсі, ад не абы-якога арыстакрата, бо з прыроды маю схілку прыкінуцца панічом, дай мне толькі шляхетнае рамяство, магчымасць, нагоду і грошы. Смех смехам, але маё адкараненне і гадоўля вельмі добра кладуцца на параўнанне з паходжаннем і выхаваннем, скажам, князя, калі, канечне, адкінуць даволі вялікую розніцу. Што? Мой татусь (тады так звалі бацьку ў Шпэсэрце) меў свой уласны зусім не лядашчы палац, ды такі пекны, што ніякі кароль, будзь ён хоць сам Аляксандр Вялікі, не мог бы паставіць такога сваімі рукамі; палац быў пабелены вапнай, а замест недарэчнай дахоўкі, халоднага свінцу і чырвонай медзі – пакрыты саломай самага высакароднага збожжа; і хай ён, мой татусь, мог хваліцца і ганарыцца сваім выcокашаноўным і ад самага Адама прарослым шляхецкім коранем і багаццем, ён узвёў муры вакол свайго палаца не з каменю, якога можна назбіраць на дарозе альбо навыграбаць на неўрадлівых палетках, і ўжо ж тым болей не з пошла печанай-паленай цэглы, якое апошнім часам можна напячы, як маку натаўчы, колькі хоч, яшчэ і з верхам, як гэта і робяць іншыя вялікія паны, -- а ён на будоўлю ўзяў дубовыя камлюкі, тую высакародную, шляхетную драўніну, на якой вэндзяць каўбасы і тлустыя шынкі, і якім, дубам, для поўнага веку трэба расці больш за сотню гадоў. Дзе вы знойдзеце другога такога манарха, каб ён вам чворыў нешта падобнае? Дайце ж мне другога такога патэнтата, каб ён вам спрамогся выштукаваць такі палац! Пакоі, залы і харомы ўсярэдзіне ён вычарніў куродымам, бо гэта ж самы трывалы прыродны колер на свеце і на поўную вытрымку яго да дасканалага хараства трэба куды больш часу, чым якому мастаку з усімі ягонымі самымі ўдалымі кунштукамі. Шпалеры былі з самага далікатнага на зямлі прадзіва, нарабіць яго маглі толькі тыя, хто адвеку важыўся прасці ў заклад з самою Мінерваю. Шыбы ў вокнах там былі прысвечаны св. Міколку Няшклоўскаму, менавіта прысвечаны, бо каб яны яшчэ й прАсвечвалі, патрэбна была, прынамсі, папера, а яна, як татусь ведаў, пачынаючы з канаплянага і льнянога насення, патрабуе на свой канчатковы выраб намнога болей часу і працы, чым самае лепшае і празрыстае шкло з Мурана; і потым яго шляхецкі стан дазваляў яму здагадвацца, што ўсё такое іншае, што даецца з цяжкасцю, ужо адно з гэтай прычыны цэніцца вышэй і таму больш каштоўнае; а што каштоўнае і дарагое, тое і шляхціцу прыкладзецца ў самы акурат і самым найлепшанькім чынам. Замест пахолкаў, лёкаяў і конюхаў у яго былі авечкі, козы і свінні, кожнае файна-прыстойна апраненае ў прыродную ліўрэю, яны і мне часта паслужаліся на пашы, пакуль я, стомлены іх службай, не аганюся, бывала, ад іх і не патуру дахаты. Каморы з рыштункам і даспехамі, альбо арсэналій, былі мудрагеліста і прадумана абстаўлены плугамі, матыкамі, калунамі, сякерамі, рыдлёўкамі, сахарамі і віламі-трайчакамі, і з гэтай зброяй ён штодня меў практыкоўку: тралёўка і колка дроў былі яго disciplina militaris**, як у старажытных рымлянаў у мірны час; запрагаць валы – было ў яго капітанскай камандай, вывозіць гной – фартыфікацыйнай справай, араць – палявым паходам, сячы дровы – штодзённым exercitium corporis***, як і выкідаць гной з хлява – дваранскай забавай і турнірам. Так ён ваяваў з усёй зямлёю, пакуль не спаганяў з яе сабе карысць – ураджай і багаты луп. Усё гэта я адстаўляю ўбок і не дужа з таго пераймаюся, каб ніхто не меў зачэпкі высмейваць мяне разам з падобнымі да мяне новымі нобілямі, бо я стаўлю сябе не вышэй за свайго татуся, які мае гэтую сваю рэзідэнцыю ў вельмі вясёлым месцы, менавіта ж у Шпэсэрце, дзе ванцакі наўзаем зычаць дабраначы. Але што я гэтым разам не падаю нічога шырэйшага пра род, корань і фамільнасць майго татуся, дык гэта з адзіна любаснай сэрцу сціпласці, галоўным чынам таму, што і без таго тут няма ніякай гаворкі ні пра якое высакароднае ўстанаўленне, таму я павінен пабажыцца, усклаўшы рукі: годзе вам і таго, калі ведацьмеце, што я нарадзіўся ў Шпэсэрце.
З таго, што фамільнасць майго татуся ўсюды пішацца як вельмі шляхетная, кожны кемны лёгка здагадаецца, што маё выхаванне было адпаведнае саслоўнаму стану, і хто так мяркуе, не памыліцца, бо ўжо ў дзесяць гадоў я спасціг principia памянёных высакародных exercitien майго татуся, затое ў штудыях, у навуках я ішоў рука ў руку са славутым Амплістыдам, пра якога Суіда паведамляе, што ён умеў лічыць аж вышэй пяці; але, відаць, татусь мой меў, бадай што, ці не задужа высокі дух і розум і менавіта таму ўлягаў у прынятыя правілы нашага часу, калі шмат якія знакамітасці не робяць сабе залішняга клопату занадта знемагаць сваю плоць лішняй вучобаю ці, як яны гэта называлі, школьнай блазнотай, бо ім хапае сваіх людзей, каб тыя займаліся рознай пісанінай. Апрача таго, я быў выдатны музыка, граў на дудзе, выводзіў прыгожыя жаласныя мелодыі Ялема і ў гэтым не саступаў нават славутаму Арфею, хоць той Арфей, праўда, больш выстаўляўся на арфе, а я на дудзе. Што ж да тэлялёгіі, дык я не дамся, каб мне даказалі, быццам ва ўсім хрысціянстве быў хто-небудзь майго ўзросту, хто мог бы дараўнацца мне; потым жа – я не ведаў яшчэ ні Бога, ні чалавека, ні неба, ні пекла, ні анёлаў, ні чарцей і не мог адрозніць дабра ад ліха, вось чаму мне было няцяжка засвоіць з тэлялёгіі, што нашы першыя бацькі жылі ў раі і ў сваёй нявіннай беспахібнасці нічога не ведалі пра хваробы, смерць і паміранне, а яшчэ менш – пра ўваскрэсенне. О, адмысловае жыццё (ты можаш сказаць “адАсловае” жыццё), калі чалавек не мае ніякай турботы з медыцынай! Менавіта вось такім манерам можна таксама зразумець маю выдатную абазнанасць у studio legum**** і ўсіх астатніх мастацтвах і навуках, якія толькі ёсць на белым свеце, Калі я быў такі вытанчаны (perfect) і дасведчаны ў няведанні таго, чаго я і не мог ведаць і ведаў вельмі добра, што ведаць не мог. Яшчэ раз скажу: о, адмысловае жыццё майго шчаснага маленства! Але мой татусь не хацеў, каб я далей цешыўся з гэтай дабрашчаснасці, а разумна палічыў, што танней абыдзецца, калі я адпаведна з маім шляхетным нараджэннем буду таксама шляхетна жыць і рабіць; таму ён пачаў прызвычайваць мяне да чынаў вышэйшых і задаваў мне цяжкія ўрокі.
* Усяго, агулам, разам (лац.).
** Ваеннае майстэрства (лац.) .
*** Фізічнае практыкаванне (лац.).
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
Сімпліцы абраны пасвіць авечкі і праслаўляе свой лёс малечы
Ён надаў мне самую высокую годнасць, шанаваную не толькі ў ягонай гасподзе, але і ў цэлым свеце, а менавіта ж бо адвеку вядомую пасаду пастуха. Ён найперш даверыў мне сваіх свіней, па-другое, коз і, нарэшце, статак авечак, і я мусіў іх пасвіць і даглядаць і з дапамогай маёй дуды, гукі якое, як піша Штрабо, у Аравіі сыцяць і ўтлушчаюць авечак і казлоў, бараніць іх ад ваўкоў; у тыя часы я быў падобны на Давіда, толькі што Давід граў не на дудзе, а зноў жа на арфе, і гэта сталася мне якраз неблагім пачаткам, а нават жа добраю азнакаю неба на тое, што з часам, калі мне яшчэ і пашанцуе, я выб’юся ў сусветную вядомасць. Бо як свет стаў, усе высокія асобы мусова паперабывалі ў пастухах, як мы самі можам прачытаць у Святым Пісанні пра Авеля, Абрагама, Ісака, Якава, іхніх сыноў, а і нават Майсея, які спачатку пасвіў авечкі ў свайго цесця, а тады ўжо толькі стаўся Майсеем – палкаводцам і заканадаўцам у 600 000 чалавек Ізраіля. Так, хай хто-небудзь закіне мне, што, бач, яны ўсе былі святыя, выбраныя Богам людзі, а не шпэсэрцкія падпаскі і свінапасы, якія нічога, як я, не ведалі пра Бога. Я гэта мушу прызнаць, не шукаючы адгаворак; але што павінна было акупіць маю тадыташнюю нявіннасць? Сярод старажытных паганцаў можна знайсці такія самыя экзэмпляры, як і сярод сыноў богавыбранага народа; сярод рымлянаў былі знакамітыя роды, якія называліся Бубулькі, Статыліі, Пампоніі, Вітуліі, Вітэліі, Аніі, Каперы і ім падобныя, і яны таксама займаліся быдлам і, мабыць, пасвілі. Калі папраўдзе, дык Ромул і Рэм таксама ж былі пастухі; Спартак, перад якім здрыганулася ўся рымская ўлада, быў пастух; што? Пастухамі былі, як засведчыў Лукіян у сваіх “Dialogo Helena”, Парыс, сын Прыяма-цара, і Анхіз, бацька траянскага князя Энэя. Прыгажун Эндыміён, да якога падкідалася сама цнатліўка Луна, быў таксама пастух; item* крыважэрны Паліфэм; ай, нават жа і багі, як паведамляе Фарнутус, не саромеліся і не цураліся гэтай прафесіі: Апалон пасвіў каровы ў фесалійскага цара Адмэта; Меркурый, ягоны сынок Дафніс, Пан і Пратэй былі архіпастухі, ці не таму яны і ў блазнюкоў-паэтаў лічыліся патронамі пастухоў; Меса, цар маабіцкі, як мы пра гэта чытаем у Другой кнізе Царстваў, быў пастух; Кір, магутны цар персідскі, не толькі быў выхаваны Мітрыдатам, пастухом, але ж і сам папасваў. Гігес быў пастух, а ўжо толькі потым сілаю пярсцёнка стаўся каралём, Ізмаіл Сэфі, персідскі цар, замаладзь таксама пасвіў, гэтак сама Юдэй Філон пра тое вельмі дасціпна піша ў “Vita Moysis”, што пастухоўства ёсць падрыхтоўка і пачатак валадарання; гэтак сама як bellicosa i martialia ingenia**, напрактыкаваныя і неспанатраныя спярша ў паляўніцтве, мысліўстве, якраз такімі павінны быць і тыя, хто мае стаць на чале войска, навучаныя наперад і загадзя ў ціхім і прыемным пастухоўскім паклікаенні. Усё гэта мой татусь выдатна разумеў і ведаў, бо меў кемлівы і хітры capitolium*** і, значыцца, глуздаваў глыбакамысна, калі аж да сённяга дае мне немалыя надзеі на будучую бліскучую славу.
Але тым часам вернемся да маіх бараноў; ведайце, што ў ваўках я быў гэтак сама малаабазнаны, як і ў самім сабе; таму мой татусь даставаў мяне сваімі інструкцыямі. Ён казаў: “Еж, еж, баржджэй акладайся, не давай, каб авечкі разбягаліся, дудзі больш, дудзі, палохай воўка, каб не нахапіўся тою парою, бо шкоды будзе, шкоды, гэта ж зараза, такі ненаяда і злодзей, людзей рэжа, скаціну рэжа, каб яму ў чэраве рэзала, глядзі, а не дагледзіш, самому мікіткі загну”. Я адказваў з такою самай мілатою: “Та-ат, а скажы мне, хто бачыў воўка, я яшчэ воўка не бачыў.” --“Галава ты асловая, -- адказвае ён, -- наелася абы-чаго і чаўпе абы-што, дзіву даюся, што з цябе вырасце, калі ўжо зараз такая доўбня, а ўсё не ведае, які ён прайдоха, гэты воўк”. Ён даваў мне торбу розных мудрых настаўленняў, потым астываў, крыху пабурчаўшы, выходзіў, мабыць, думаючы, што мой тугі і неабструганы, нават ягонымі парадамі не падгабляваны глузд не спраможа ўцяміць яго далікатных падналусак, не кажучы, каб ужо ўздольніцца на нешта разумнае.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
Сімпліцы адважна дудзіць на дудзе, аж бач – салдатня ўжо ідзе
І пачаў я тады са сваёю дудою, і нарабіў такога гвалту, што куды там тым жабам-каропаўкам у гародзе,-- а ўсё каб у поўную досыць убяспечыцца ад ваўка, які ніяк не выходзіў мне з галавы; і часам яшчэ ўспамінаў мамцю (так звалі яе ў Шпэсэрце і Фогельсбэрзе), як яна часта казала, што баіцца, каб ад маіх спеваў усе куры не павыздыхалі, і што такім разам лепей бы мне ўжо пяяць супроць ваўкоў, каб дадаць моцы лекам (remedium), а менавіта ж бо такую песню, якое я навучыўся ад мамці:
О пагарджанае сяло,Якраз толькі дагэтуль дайшоў я ў сваёй мілагучнай песні, калі раптам умомант, як сплюснуць вокам, мяне разам з усёй чарадой авечак абчапіў цэлы атрад кірасіраў, якія заблудзіліся ў лесе і тут высыпалі на гладкую дарогу на маю музыку і пастушыныя крыкі.
“Хо-хо, -- падумаў я, -- вось табе і маеш, вось табе тыя чатырногія прайдохі і зладзюгі, пра якіх казаў татусь”, -- а ўбачыў я спачатку коней і людзей, як, мабыць, колісь амерыканцы іспанскую кавалерыю, як адно нейкае стварэнне, і не мог не падумаць, што гэта яны і ёсць, ваўкі, і што я павінен, як сабака, скокнуць на гэтага страшнага цэнтаўра і нагнаць страху. Але не паспеў я зладзіць сваю дуду для наступу, як адзін з іх падхапіў мяне пад крылы і так порстка шматануў на неасядланага сялянскага каня, якога яны, мусіць, таксама недзе прыўлашчылі за трафей, што я пераляцеў цераз каняку і гупнуўся з другога боку якраз на сваю дуду, якая толькі жаласна застагнала і заенчыла, бедная, нібы хацела ўвесь свет заклікаць да мілажалю, але нічога не дапамагло, бо яна не зберагла апошняга ўздыху, каб аплакаць маю нядолю: мяне зноў узвалаклі на каня, Бог ведае пад якія песні і словы дуды. Але што найбольш замаркоціла, дык гэта што райтары не далі мне яе падняць, і, мабыць, менавіта таму яна жаласна заяўкала. І вось мая кабыла са мною запусцілася ў рысь, як primum mobile*, аж на татусеў двор. Дзівосныя крозы і тарабарскія вычуды мроіліся ў маіх мазгах; я ўявіў сабе, што калі ўжо я сяджу на такой жывёліне, якое зроду ў вочы не бачыў, дык я ж таксама пераметамарфузуюся ў такога жалезнага хлопца, а тыя, што везлі мяне, былі якраз у жалезе. Але як што такога ператварэння не адбылося, іншыя мроі стлуміліся ў маёй дурной галаве; я падумаў, што гэтыя чужыя жалязоўцы маюць наўме памагчы мне загнаць авечкі дахаты, бо вунь жа, возьмем пад увагу, аніводзін з іх аніводную яшчэ не задраў, і ўсе яны дружненька трухаюць нацянькі да татусевага двара. Таму я пачаў разглядацца, а ўжо ж ці не згледжу татуся і мамцю, як гэта яны выйдуць насустрач і запросяць усіх у хату – у харомы, госцейкі, у харомы! Але дарма: ні яго, ні мамці з Урсулай, татусевай адзінай і любай дачушкай, у парозе не было; ні з хлеб-соллю, ні паражняком гасцей мілых не страчалі.
* Тут: пачатковы рух (лац.).
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
Сімпліцыю рэзідэнцыю спапялілі,салдацкі разбой не запынілі
Хай я і не дужа ахвочы ўводзіць міралюбнага чытача з тымі легкадумнымі райтарамі на татусеў двор і ў дом, бо вой было б там, вой было б, але ж гісторыя мая вымагае, каб я пакінуў дарагому нашчадству дакумант пра тое, якія агідныя і нечуваныя жорсткасці чыніліся ў гэтай нашай нямецкай вайне, прынамсі, засведчыць маім уласным прыкладам, што ўсё такое ліха часта проста дзеля патрэбы наканавалася ад дабрыні Усявышняга якраз нам на карысць. Бо, дарагі чытач, хто сказаў бы мне, што на небе ёсць Бог, калі б ніякія ваяры не сплюндрылі татусеў дом і праз гэтакую прыгоду не выпхнулі мяне ў людзі, якіх я ўведаў як мае быць? Да гэтага ж я не мог ведаць, не мог і ўявіць сабе, што мой татусь, мамця, Урсула, як і ўся астатняя чэлядзь, зусім не адныя былі на зямлі, бо я ж не бачыў ніводнага чужога чалавека, ніводнага дома, апрача раней апісанай шляхецкай татусевай рэзідэнцыі, у якой я сноўдаўся дзень у дзень.
Але неўзабаве я даведаўся, адкуль бяруцца людзі на зямлі і што яны не маюць сталага жытла, а часта ж, як толькі прыдбаюць якое, тут жа і мусяць выбірацца. Я быў толькі кшталтам чалавек і толькі імем дзіця Хрыстовае, а ва ўсім астатнім чыстая жывёліна! Але Навышні глядзеў на маю нявіннасць мілажальнымі вачыма і хацеў прывесці мяне да пазнання і яго і сябе самога. І хоць ён меў тысячы розных шляхоў да такое мэты, але ён несумненна хацеў паслужыцца толькі гэтым, на якім мае татусь і мамця дзеля навукі іншым людзям панеслі кару за маё пахібнае выхаванне.
Першае, што зрабілі гэтыя райтары ў пачэрненых татусевых харомах, гэта – яны ўстойлілі свае коні, потым кожны заняўся нечым сваім, і кожнае гэтае “сваё” мела вынікам чыстае знішчэнне і псоту. Бо калі некаторыя ўзяліся за мяса, пачалі гатаваць і смажыць, нібыта меліся зладзіць гасціну, дык іншыя, наадварот, абшнарылі дом знізу даверху; нават пакойчык царскага інтыму перавярнулі дагары нагамі, нібыта там было схавана залатое руно Калхіды. Другія пакавалі вялізны хатуль з хустак, адзення і ўсякіх іншых хатніх трантаў, нібыта хацелі зладзіць нейкі старызніцкі рынак; а чаго не думалі прыхапіць з сабою, пабілі, падралі і нагамі здрасавалі; а тыя пратыкалі шпагамі сена і салому, нібыта ім было мала авечак і свіней, якіх пакалолі яшчэ раней; а тыя вытрасалі пер’е з падушак і, наадварот жа, запіхвалі ў насыпкі сала, вяленае мяса і ўсялякае там іншае, нібыта ўжо на такіх падушках ім спацьмецца ямчэй і мякчэй; а тыя зноў жа расхлябеньвалі печы і білі вокны, быццам хацелі напусціць у хату вечнага лета; медны і цынкавы посуд спляскалі і спакавалі пагнутыя, пакручаныя кавалкі ў мех; ложкі, крэслы і ўслоны папалілі, хоць на дварэ было дахалеры сухіх дроў, цурбакоў і калодак; горшчыкі, міскі – напалам, нібыта ім смачней есцімецца смажанае з голай патэльні, або, можа, мерыліся толькі адзін раз паабедаць.
Нашу служанку ў канюшні патрактавалі такім чынам, што яна адтуль выйсці сама не магла, ганьба й казаць вам пра гэта! Слугу звязалі і паклалі на зямлю, усадзілі яму ў горла распорку і ўдулі ў каўдун цэлую дайніцу смярдзючай жыжы з хлява; гэта яны называлі “швэдзкім напоем”, але відно было, што пітво яму не ўсмакавала, а, наадварот, нават спрычыніла дужа дзіўныя грымасы на твары; гэтым самым яны яго падбадзёрылі, каб ён завёў іх на іншыя хутары, адкуль потым сагналі да нас людзей і быдла, сярод іх былі і мае – татусь, мамця і наша Урсула.
І пачалося: паздымалі з пістоляў крэмені і замест іх давай накручваць мужыкам пальцы і тых гаротнікаў мучыць, нібыта збіраліся паліць ведзьмаў; аднаго прыгнанага мужыка засунулі галавою ў печ і запалілі пад ім, нягледзячы на тое, што ён так і не ведаў, пра што ў яго дапытваліся. А другому зашмаргнулі на шыі вяроўку і круцілі яе палкай, аж у таго кроў палілася з рота, носа і вушэй. In summa, у кожнага з іх была свая метода мучыць сялян, і, значыцца, кожны селянін меў свайго адмысловага ката. Толькі майму татусю, як на мой тадыташні розум, пашанцавала найбольш, бо ён, смеючыся, сказаў тое, што іншыя мусілі сказаць са слязьмі і жаласнымі стогнамі, і гэтакі гонар яму выпаў несумненна за тое, што ён быў гаспадар дома; яго пасадзілі да агню, звязалі так, што ён не мог варухнуць ні рукой, ні нагой, і нашмаравалі ступакі намочанай соллю і далі нашай старой казе, каб лізала, што, вядома ж, моцна казытала, і татусь ледзь бакі не парваў ад рогату. Гэта было так пацешна і весела, а я ніколі ў жыцці не чуў і не бачыў такога залівістага смеху, што я, ці тое за кампанію, ці тое з чаго яшчэ, ад усяго шчырага сэрца парагатаў таксама. У гэтым агульным рогаце ён прызнаўся ў сваёй віне і адкрыў схаваны скарб з золата, перлаў і кляйнодаў, куды багацейшы, чым можна было знайсці ў іншых сялян. Пра паланянак – жанчын, служанаку і дачок – я мала чаго магу сказаць цікавага, бо ваякі не пусцілі мяне паглядзець, што там яны з імі вычваралі. Я толькі памятаю, што то стуль, то стуль з куткоў чуліся жаласныя крыкі і енкі; думаю, маёй мамці і Урсуле дасталося не меней, чым астатнім. Якраз бо сярод гэтага вэрхалу я займаўся смажанінай і не дужа меў клопату, што там і як, бо, зрэшты, яшчэ і не разумеў нічога як след. Я дапамагаў паполудні паіць коні і праз гэта трапіў на канюшню да нашай служанкі, -- выглядала яна як кара божая, уся такая растрапаная, неахайная. Я нават не пазнаў яе; але яна загаварыла да мяне балячым голасам: “Вой, дзіцятка, уцякай, бо забяруць райтары; глядзі ж, уцякай, ты ж бачыш, што яны вырабляюць”. Больш нічога сказаць не магла.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
Сімпліцы ў лес дае лататы, а ў лесе палохаецца цемнаты
І я пачаў глядзець і прыгядацца да таго няшчасця, якое звалілася проста на вачах, пачаў прымяркоўвацца, як бы гэта спрытней выкаўзнуцца і ўцячы. Але куды? Не на мой дзіцячы розум было прыдумаць нешта людзкае; але ўсё-такі падвечар удалося выхапіцца ў лес, я нават не забыўся ў гэтай дзікай калатэчы прыхапіць сваю дуду. Але куды цяпер, куды далей, калі ўлічыць, што лес і лясныя сцежкі я ведаў гэтак сама добра, як дарогу па Лядовым моры ад Новага Зэмбля* да Кітая? Непраглядная цёмная ноч акрыла мяне, яна не была дастаткова цёмная, таму я зашыўся ў густы хмызняк, адкуль добра чуў крыкі і лямант сялян, але і песні салаўёў, якія зусім не лічылі сялян (а сяго-таго з іх называлі: “Гэта птах, скажу я вам!”) вартымі спагады, каб хоць з увагі на яго пакуты, спыніць свае мілыя спевы; я таксама без лішніх згрызотаў прыкархнуў на вуха і заснуў. Калі ж на ўсходзе зайграла ранішняя зорка Мілавіца, я ўбачыў татусеў двор – шугаў у чыстае неба, але ніхто не ляцеў тушыць яго. Я выправіўся туды, спадзеючыся сустрэць каго-небудзь ад татуся, але мяне змецілі адразу пяцёра райтараў і закрычалі: “Гэй, малы, гайда сюды, а то, трасца табе ў бок, як бабахну, аж тэльбухі горлам палезуць”. А я, наадварот, аслупянеў, раззявіў рот, не ведаючы, якое ж такое трасцы хацеў даць, на што замерваўся райтар, і пакуль я так глядзеў, як баран на пусты цэбар, а тыя не маглі далезці да мяне па гразкім балоце, іх бы яно засмактала, адзін з іх наставіў на мяне сваю стрэльбу-ручніцу, злажыўся – ад нечаканага агню і неспадзяванага бабаху, шматкроць жахліва паўторанага рэхам, я так спалохаўся, бо ж нічога такога я зроду не чуў і не бачыў, што тут жа і хляпнуўся вобзем, рукі і ногі выцягнуўшы на чатыры бакі, ад перапуду я не варухнуўся ані жылачкай, і як што райтары пашыбавалі сваёй дарогай, несумненна палічыўшы мяне за нежывога, я цалюткі той дзень не чуў сэрца ў сабе, ні каб падняцца, ні каб хоць трошкі разгледзецца па баках. Калі ж мяне зноў агарнула ноч, я ўстаў і павалокся далей у лес, аж пакуль не ўбачыў здалёк нейкае гнілое дрэва, якога спалохаўся яшчэ больш, і вось такім чынам, гнаны ад адной старадрэвіны да другой, я прабавіў усю ноч. Мне памог, дзякаваць Богу, ясны дзень, які наказаў дрэвам даць мне святога спакою нарэшце; але і гэта яшчэ не дапамагло, бо сэрца заходзілася ад страху і жуды, сцёгны круціла ад зморы, пусты жывот падвяло ад голаду і смагі, у галаве круціліся ўсялякія дурныя відзежы і ўявы, а вочы зліпаліся – так хацелася спаць. Я пайшоў далей, сам не ведаючы куды. І чым глыбей заходзіў, тым далей адбіваўся ад людзей. Тады я першы раз адчуў, праўда, зусім непрыкметна, вынікі свайго невуцтва і неабазнанасці; на маім месцы любая неразумная жывёліна лепш за мяне ўцяміла б, што ёй рабіць дзеля свайго ратунку. Але ўжо і тады я быў такі рызыкант, што калі ноч зноў застала мяне ў лесе, я залез у вялікае дупло, ясна, з маёй даражэнькай дудою, і цвёрда рашыў заначаваць там.
* Маецца на ўвазе паўночна-ўсходні шлях уздоўж берагоў Сібіры.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
Сімпліцы чуе пабожную казань, бачыць пустэльніка і млее адразу
Ледзь толькі я зладзіўся спаць, як чую голас: “О вялікая любоў да нас, няўдзячных! Ах, мая адзіная ўцеха, маё спадзяванне, багацце маё, Божа мой!” і яшчэ шмат чаго такога, чаго ні запомніць, ні зразумець я не змог. Гэтыя словы павінны былі падбадзёрыць, суцешыць і ўзвесяліць хрысціянскую душу ў нягодзе, а такі быў якраз я са сваёю душою. Але, о душа мая простая, о цемра мая! Тут вакол былі толькі непралазныя нетры і зусім незразумелая мова, з якое я не мог уцяміць нічога, яна была такая дзіўная, аж мяне жахнула. Але яшчэ раней я чуў, што таму, хто на ёй гаварыў, яна спатольвала голад і смагу; а мой амаль зусім нясцерпны голад і ад доўгага няеддзя зусім сперазаны жывот падказвалі мне набіцца на госці; і вось я набраўся рызыкі, вылез з майго дупла і наблізіўся да пачутага голасу. І тады я ўгледзеў высокага чалавека ў доўгіх чорна-сівых валасах, якія досыць скаўтунена спадалі яму на плечы. На ім была дзікая барада, амаль як швейцарскі сыр; твар у чалавека хоць і быў бледна-жоўты і худы, але ж і даволі прыязны, а яго доўгі каптан залатаны, можа, ці не тысячай латак з самай рознай тканіны, адна па адной; на шыі і вакол цела вісеў цяжкі жалезны ланцуг, як у святога Вільгельма, і, як на мае вочы, глядзеўся так брыдка і страшна, што я задрыжаў, як мокры сабака. А што яшчэ больш нагнала страху, дык гэта крыж, прыкладна у шэсць футаў удоўжкі, які вісеў на грудзях, і як што я чалавека не ведаў, дык і не мог падумаць нічога іншага, як што толькі гэты стары як рыхтык і ёсць той самы воўк, пра якога мне нядаўна баяў татусь. Ад такога страхоцця я адразу схапіўся за дуду, з якою, маім адзіным, самым пэўным і каштоўным скарбам, я ўратаваўся ад райтараў; я надзьмуў мех, задудзеў, каб хутчэй прагнаць гэтага жудаснага воўка; з маёй незвычайнай музыкі ды ў такім незвычайным дзікім месцы пустэльнік спачатку не менш дзіву даўся, мусіць, лічачы, што тут выхапілася нячыстая сіла, каб, як і Вялікага Антонія, спакусіць, уціснуць і запамрочыць яму розум.
Але як толькі ён крыху ачуняў ад здзіўлення, тут і пачаў пакепваць з мяне, спакусніка з дупла, куды я зноў рэтыраваўся, убачыўшы, што ён ужо супакоіўся і рушыў да мяне, каб пасароміць як супастата роду чалавечага. «Эй ты, -- сказаў ён, -- ты, хлопча, слабенькі, як… святы без Божага дабраславення», etc. Больш я нічога не разабраў, бо як толькі ён пайшоў да мяне, тут такая жудасць мяне апантала, такі страх забраў, што ў галаве ўсё закруцілася, замітусілася, і я самлеў.
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
Сімпліцы дасыта наеўся і напіўся, дзіўна, што пустэльнік сам запусціўся
Якім чынам я зноў ачуўся і прыйшоў да памяці, забіце, а не памятаю, адно скажу, што стары выкалупаў мяне з дупла, узяў на калені і расшпіліў мне курту. Як толькі я ачуняў як след і ўбачыў пустэльніка, я закрычаў так страшна, быццам ён вось-вось возьме і выме мне сэрца з грудзей. Але ён сказаў: “Сыне мой, суйміся, я не зраблю табе нічога благога, супакойся”, etc. Але чым больш ён мяне суцяшаў і лагодзіў, тым мацней я раздзіраўся: “Вой, ты з’ясі мяне! Вой, ты з’ясі мяне! Ты воўк, ты хочаш мяне з’есці!” – “Ай, ды не ж, сыне, -- сказаў той, -- супакойся, я цябе не з’ем”. Гэтая калатня і лямант цягнуліся доўга, пакуль я не даўся ўгаварыць сябе пайсці ў ягоны буданчык; там за гаспадыню была – галеча, за кухара – голад, за кухмайстра – нястача. Там жывот мой быў улагоджаны гароднінай і вадою, а сумбурныя думкі і настрой зноў даведзены да ладу суцяшальнай прыязнасцю старога. Я крыху схітраваў, даўшыся ашукаць сябе спакусаю салодкага сну, пераклаўшы сваю віну на прыроду. Пустэльнік заўважыў маю заклапочанасць і дазволіў мне застацца аднаму ў будане, а там адзін толькі я і мог змясціцца. Недзе пад поўнач я прачнуўся і пачуў, як ён спявае песню, якую пазней ахвотна запомніў і я сам.
Уцеха ночы салавей,Можаш славіць Бога ў вышніх.
Пасля гэтага спеву я нават быў падумаў, ці не салавей гэта разам з савою і рэхам завяліся ў адзін голас, а калі б я калі-небудзь чуў песню ранішняй зары і паспрабаваў падладзіцца пад яе са сваёю дудою, я выпаўз бы са свайго будана і датачыў бы свой грош, -- вось мілая гармонія выйшла б; але я зноў заснуў і прачнуўся, калі ўжо добра развіднела, а пустэльнік стаяў перад мною і казаў: “Уставай, дзіця, я дам табе есці і пакажу дарогу цераз лес да людзей, каб ты паспеў да ночы ў бліжэйшую вёску”. Я спытаўся ў яго: “А што гэта такое – людзі, вёска?” Ён сказаў: “Хіба ты ні разу не быў у вёсцы і не ведаеш, што такое людзі ці чалавекі?” – “Не, -- сказаў я, -- нідзе, апроч як тут, я яшчэ не быў; але скажы мне, што такое людзі, чалавекі і вёска?” – “Божа ты мой! – адказаў пустэльнік. – Ты што, дурны ці аж такі хітры?” – “Не, -- сказаў я, -- я мамцін і татусеў хлопча, а не дурны і не хітры”. Пустэльнік здзівіўся, уздыхнуў, перахрысціўся і сказаў: “Добра, мілае дзіця, я бяруся, дай мне Божа, крыху павучыць цябе”. Пасля ў нас было шмат гутарак, але пра тое ў наступным раздзеле.
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
Сімпліцы паказвае свой розум адразу праз нягеглыя пытанні й адказы
Пустэльнік: Як цябе завуць?
Сімпліцы: Мяне завуць хлопча.
Пустэльнік: Я бачу, што ты не дзяўчо. Як цябе звалі твае бацька і маці?
Сімпліцы: У мяне не было бацькі і маці.
Пустэльнік: А хто ж табе даў гэтую кашулю?
Сімпліцы: Ай, мая мамця.
Пустэльнік: А як цябе звала твая мамця?
Сімпліцы: Яна звала мяне хлопча, а яшчэ шалапут, асёл вушасты, галган неабструганы, няўдаліца, ёлуп і шыбенік.
Пустэльнік: А хто быў мужам у тваёй мамці?
Сімпліцы: Ніхто.
Пустэльнік: А з кім твая мамця спала ўначы?
Сімпліцы: З маім татусем.
Пустэльнік: А як зваў цябе твой татусь?
Сімпліцы: Ён таксама зваў мяне хлопча.
Пустэльнік: Як звалі твайго татуся?
Сімпліцы: Яго звалі татусь.
Пустэльнік: Як звала яго мамця?
Сімпліцы: Татусь, а то яшчэ майстар.
Пустэльнік: І ніколі інакш не звала?
Сімпліцы: Чаму ж не, звала.
Пустэльнік: А як?
Сімпліцы: Мужык, ты доўбня, ты свіння, стары дрыстун і яшчэ па-рознаму, калі сварылася.
Пустэльнік: Ты проста дурненькі, калі не ведаеш, як звалі тваіх бацькоў і цябе самога!
Сімпліцы: Ай, ты ж таксама не ведаеш.
Пустэльнік: А ці ўмееш ты маліцца?
Сімпліцы: Не, маліліся толькі Ганка і мамця, калі клаліся спаць.
Пустэльнік: Я не пытаюся, хто калі маліўся, а ці ўмееш ты пацеры.
Сімпліцы: Ну, умею.
Пустэльнік: Тады скажы.
Сімпліцы: Вочы наш, ежу ясі на небясі, свяціца імя тваё, да прыдзе царства тваё, здабудзе воля твая небясі якаў на зямлі, хлеб наш насушаны дай нам есць, даруй нам доўгія на шыі, як мы даруем доўгія на шыі, і не вядзі нас васкушэня, нос баві ас ад лукавага, і сілы і славы і пырскі на векі вякоў, гаман.
Пустэльнік: А ці ходзіш ты да споведзі?
Сімпліцы: А то ж бо не! Мамця сюд-туд пасылае – а то дроў прынясі, а то па смаляка на распал скокні. З-пад павеці кожан дзень нашу.
Пустэльнік: Ах, Божа ты мой мілы, якое ты ў мяне дурное, А пра Бога ты ведаеш?
Сімпліцы: Дзіва што, ён жа ў нас над дзвярмі павешаны. Мамця хадзіла да мшы, прынесла і павесіла.
Пустэльнік: Ах, Божа міласэрны, цяпер толькі я спазнаю, якая вялікая ласка Твая, калі Ты адкрываеш ісціну людзям, і які нікчэмны той чалавек, якога Ты абыходзіш. Госпадзе, дапусці мяне славіць імя Тваё святое, ашчасці мяне, каб быў я варты вечна дзячыць Табе за Тваю вялікую ласку. Слухай, Сімпліцы (бо інакш не магу цябе зваць), калі ты гаворыш Войча наш, дык павінен казаць так: Войча наш, Які сутны ў нябёсах, хай свяціцца імя Тваё, хай прыйдзе царства Тваё, хай будзе воля Твая на зямлі, як і на небе, хлеб наш надзённы дай нам сёння, і…
Сімпліцы: Добра, і сыру да хлеба.
Пустэльнік: Ах, дзіця маё, маўчы і вучыся, гэта табе больш патрэбна, чым сыр. Ты няўдаліца, як сказала твая маці. Такім хлопцам, як ты, не след перабіваць дарослых, а трэба маўчаць, слухаць і вучыцца. Калі б я ведаў, дзе жывуць твае бацькі, я з радасцю завёў бы цябе да іх, яшчэ й іх навучыў бы, як трэба выхоўваць дзяцей.
Сімпліцы: Я не ведаю, куды мне ісці: наша хата згарэла, мая мамця ўцякла, потым зноў вярнулася з Урсулай, і мой татусь таксама, а наша служанка хворая была і ляжала ў канюшні; яна сказала мне: бяжы, кажа, хлопча, уцякай, -- а куды ж тут пойдзеш-пацячэш?
Пустэльнік: А хто спаліў хату?
Сімпліцы: Ха, прыйшлі жалезныя мужчыны, сядзелі на такіх во вялізных, як валы, але без рагоў; гэтыя мужчыны пакалолі ўсіх авечак, і кароў, і свіней, печ пабілі і вокны, і тады я таксама ўцёк, а тады пасля спалілі хату.
Пустэльнік: А дзе быў твой татусь?
Сімпліцы: Ха, жалезныя мужчыны прывязалі яго, а тады наша старая каза лізала яму ступакі, а мой татусь рагатаў, як дурны, і даў тым жалезным мужчынам многа белых фенікаў, вялікіх і малых, і такіх прыгожых жоўтых, і яшчэ такіх малюпасенькіх штучак і прыгожыя шнуркі з белымі бубачкамі*.
Пустэльнік: Калі гэта было?
Сімпліцы: Ай, ну калі я авечкі пас, яны яшчэ хацелі адабраць у мяне дуду.
Пустэльнік: А калі ты пасвіў авечкі?
Сімпліцы: Ай, ты што, не чуў? Калі прыйшлі жалезныя мужчыны, і пасля гэтага яшчэ і наша Ганка сказала, каб я ўцякаў і бег сюды.
Пустэльнік: І куды ж ты зараз?
Сімпліцы: Я і праўда не ведаю! Я застаўся б з табою.
Пустэльнік: Пакідаць цябе тут ні мне, ні табе не выпадае. Еж, а тады я цябе завяду назад да людзей.
Сімпліцы: Ай, тады скажы мне, што ж такое людзі? Што гэта за штукі?
Пустэльнік: Людзі – гэта чалавекі, як я і ты; твае татусь, мамця і ваша Ганка гэта чалавекі, і калі іх, чалавекаў, набіраецца многа – тады іх называюць людзьмі.
Сімпліцы: Ха-ха!
Пустэльнік: Ну ідзі, еж!..
Гэта быў наш дыскурс, і пакуль доўжыўся, пустэльнік часта пазіраў на мяне і глыбока ўздыхаў, не ведаю, ці гэта таму, што вельмі спагадаў мне ў маёй вялікай прастадушнасці і дурным невуцтве, ці тое з прычыны, пра якую я даведаўся толькі праз некалькі гадоў.
* Ружанец.
РАЗДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ
Сімпліцы яшчэ ранейшы Сімпліцы, але навучыўся Богу маліцца
Я пачаў есці і перастаў лашчыцца, і доўжылася гэта не больш, чым трэба было і пакуль стары не сказаў мне ісці. Тады я пачаў падбіраць самыя далікатныя словы, якія толькі ведаў у сваёй грубай мужыцкасці і якія маглі б схіліць пустэльніка не праганяць мяне ад сябе. Хоць гэта яму дужа замінала б, калі я буду круціцца пад рукамі, але ён усё-такі рашыўся пакінуць мяне пры сабе, каб даць мне ўрокі хрысціянскай рэлігіі, а не таму, што пры ягоным веку не залішняцца паслугі маладога падсуседа. Самы вялікі клопат быў – каб мая пяшчотная маладосць прайшла ў строгасці і суровасці, каб я ўсё перацерпеў да канца.
Прыкладна тры тыдні павінны былі стацца выпрабавальным годам, на які прыпадаў і дзень святой Гертруды, калі яна пасабляе людзям у полі, дык пустэльнік заўжыў у яе пакліканні і мяне. Пачаў я так добра, аж пустэльнік не тое каб прыкіпеў душою, але займеў да мяне некае дзіўнае ўпадабанне, і не так за маю працу, якая і раней не была мне за дзіва і навіну, а, бадай што, таму, што я прагна слухаў ягоныя казані і з лёту хапаў іх, а гладкая і чыстая табліца майго сэрца дазваляла яму пісаць на ёй, што ён хацеў. Ці не таму ён і ўзяўся за мяне так рупліва, каб хутчэй наставіць на дабро. Ён пачаў свае ўрокі з адпаду Люцыпара; ад яго перайшоў да раю; а калі нас з нашымі продкамі адтуль патурылі, ён праехаўся па Майсеевым законе і вучыў мяне на грунце дзесяці запаведзяў Бога і іх тлумачэння, пра якія ён сказаў, што яны ёсць той сапраўдны і правільны шлях, на якім можна спазнаць Божую волю і адпаведна з ёю ладзіць сабе богаспадобнае жыццё, адрозніваць цноты ад грахоў, тварыць дабро і ўхіляцца ад ліха. Нарэшце ён перайшоў да Дабравесцяў і расказаў мне пра нараджэнне Хрыста, пакуты, смерць і ўваскрэсенне; нарэшце завяршыў урокі Страшным Судом, абмаляваў мне неба і пекла, і ўсё гэта падрабязна, з усім, што было трэба, але без лішняй грунтоўнасці і неабсяжнасці, а, як яму здавалася, таму, што так я мог лягчэй засвоіць і зразумець. Управіўшыся з адным, ён пераходзіў да другога і паказваў сябе такім здольным цярпліва кіраваць маімі пытаннямі і абыходзіцца са мною, што наўрад ці іншым спосабам мог бы дасягнуць большага. Яго жыццё і яго словы былі мне нязбытнай навукай, ад якое мой розум, дарэчы, не такі ўжо пусты і дубовы, з ласкі Божай не мог не ўрадзіць, не мог застацца без плоду; прынамсі, не толькі тое, што павінен ведаць хрысціянін, было ўведана за тыя згаданыя тры тыдні, а яшчэ нарадзілася і такая любоў да майго настаўніка і да ягоных урокаў, што аж заснуць я не мог уначы.
Пасля я часта думаў пра ўсё гэта і ўпэўніўся, што Aristot. Lib. 3 de anima слушна разважыў, параўнаўшы душу чалавека з чыстай незапісанай дошкай, на якой можна натаваць што заўгодна, і што ўсё гэта таму дазволена найвышэйшым Творцам, каб гэтая гладкая, чыстая табліца рупліва запісвалася імпрэсіямі і практыкаваннямі і даводзілася да дасканаласці і завершанасці. Таму потым і ягоны Cоmmentator Averroes lib. 2 de anima (як што філосаф кажа, што intellectus est potentia*, але што нічога не ўключана in actum**, а праз scientiam***, гэта значыць, што розуму чалавека паддатна многае, але што ён нічога не дакажа без руплівай практыкоўкі) робіць ясную выснову, што памянёная scientia, або практыкоўка, ёсць дасканаласць душы, якая сама ў сабе наогул нічога не мае. Гэта пацвярджае Cicero lib. 2 Tuscul. quaest., параўноўваючы душу чалавека без навукі, ведаў і практыкоўкі з такім полем, якое ад прыроды ўрадлівае, але калі яго не ўрабляюць, дык таксама не родзіць.
Усё гэта я даказаў на сваім прыкладзе; я таму ўсё гэта так хутка скумекаў, чаму вучыў мяне гэты пабожны пустэльнік, і так яно сталася таму, што ён знайшоў ува мне гладкую скрыжалю маёй душы, чысцюткую, як слёзка, без аніводнай на ёй пазначыны, і ўжо ж не мог дазволіць каму-небудзь іншаму дарвацца да яе. І якраз таму, што ўва мне заставалася чыстая прастата, даступная ўплывам людзей, пустэльнік, -- а ні ён, ні я сам не ведалі майго імя – называў мяне толькі Сімпліцы – прастадушнік.
У яго я навучыўся маліцца, а як што маё ўпартае наляганне – застацца пры ім ён прыняў за дастатковы аргумент, дык мы паставілі яшчэ адзін буданчык, такі, як у яго, з дрэва, голля і дзярна, і ўсё гэта зладзілі, як мушкецёры ў полі свае палаткі або, лепей сказаць, як сяляне ў некаторых мясцінах робяць сабе разбойніцкія лёхі, такі нізкі, што я ледзьве мог у ім умясціцца седзячы. Мая пасцель была з сухое лістоты і травы на ўсю доўж будана, так што я не ведаю, ці мне называць гэта хатай ці пячорай, лежаком па павеццю ці буданом.
* Розум ёсць сіла (лац.).
** У дзеянне (лац.).
*** Навука (лац.).
РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ
Сімпліцы знаёміцца з Кнігай Ёва і вучыцца чытальна-пісальным асновам
Калі я першы раз убачыў, як пустэльнік чытае Біблію, я і ўявіць сабе не мог, з кім гэта ён так таямніча і, на маю думку, вельмі сур’ёзна гутарыць. Я добра бачыў, як варушыліся ў яго губы, чуў, як ён нешта мармыча, але апрача яго самога не бачыў і не чуў нікога, хто б гэта адказваў яму, і хоць я нічога яшчэ не ведаў ні пра чытанне, ні пра пісанне, я ўсё ж заўважыў па ягоных вачах, што ўсё гэта ён робіць з некім у кнізе. Я прыгледзеўся да яе, а калі ён адклаў яе, я разгарнуў, і з першага ж разу мне трапілі на вочы першы раздзел Кнігі Ёва і абразок наперадзе, выдатны дрэварыт і хораша расфарбаваны. Я па сваёй прастадушнасці спытаўся ў таго абразка пра самыя розныя рэчы. Але ніякага адказу не было. Я знецярплівіўся, раззлаваўся і якраз, калі пустэльнік паявіўся за мною, сказаў: “Эй, вы, агуднікі, чаго гэта вам раптам пазарывала? Вы ж толькі што балабонілі з маім айцом (так я мусіў называць пустэльніка!). Вось бачу, як вы свайму беднаму татусю гоніце дахаты авечкі, а там ужо запалілі хату. Чакайце, чакайце, я зараз патушу гэты агонь і запыню вас, каб не лезлі ў шкоду”. І я ўстаў, каб прынесці вады, бо патрэба яўна вымагала гэтага. “Куды ты, Сімпліцы?” – сказаў пустэльнік, якога я не заўважыў за сабою. “Ай, войча, -- сказаў я, -- тут таксам а салдаты, яны хочуць пабраць авечкі; вось, глядзі, занялі ў беднага чалавека, з якім ты нядаўна гутарыў. Во тут ужо і хата ягоная гарыць, як радуецца, і калі я зараз не патушу, усю выкаціць дашчэнту”. І я тыцнуў пальцам у абразок. “Пастой, -- сказаў пустэльнік, -- гэта яшчэ не бяда”. Я адказаў як мог ветліва: “Ты што, аслеп? Пасачы лепей, каб не сагналі авечкі, а я збегаю вады”. – “Ай, -- сказаў пустэльнік, -- гэтыя карцінкі нежывыя; яны толькі так зроблены, каб паказаць нам на вочы даўно мінулыя падзеі”. Я адказаў: “Ты ж толькі што гаварыў з імі; як жа яны нежывыя?”
Хоць і насуперак волі і звычкам сваім, але пустэльнік пасмяяўся з маёй дзіцячай прастадушнасці і малечай блазноты і сказаў: “ Мілае дзіця, гэтыя абразкі не ўмеюць гаварыць, а іх учынкі і сутнасць я магу ўведаць з гэтых чорных рысачак, гэта называецца – чытаць; і калі я так чытаю, дык табе здаецца, што я гавару з абразкамі, але гэта зусім не так”. Я адказаў: “Калі я чалавек, як і ты, дык я таксама павінен умець бачыць у гэтых чорных радочках, што і ты бачыш. Як мне ўвайсці ў вашу гутарку? Мілы войча, скажы мне нарэшце, як мне зразумець гэтыя штукі?” На гэта ён сказаў: “Ну, добра, сынку, я навучу цябе, што і ты зможаш гутарыць з абразкамі і зможаш разумець, што яны азначаюць; толькі на тое патрэбен час, мая цярплівасць і твая руплівасць”. Пасля гэтага ён напісаў мне альфабэт на берасціне па-друкаванаму, і ўжо калі я ўведаў усе літары, я навучыўся складваць іх, далей – чытаць і нарэшце – пісаць нават прыгажэй за самога пустэльніка, бо я ўсё выпісваў па-друкаванаму.
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ
Сімпліцы расказвае, што пілі і елі і што ў гаспадарцы рабіць умелі
Каля двух гадоў, аж пакуль пустэльнік не памёр, і яшчэ з паўгода пасля яго смерці, я жыў у гэтым лесе; таму, мне здаецца, будзе няблага, калі я раскажу дапытліваму чытачу, якому часта карціць уведаць аж да самай драбніцы, што мы рабілі, што чынілі, чым прабаўляліся і, увогуле, як мы жылі.
Елі мы ўсякую гародніну, рэпу, зеляніну, боб, гарох, сачыўку, проста, ну, і ўсякае такое, не грэбавалі і букавіцамі – букавымі арэшкамі, дзікімі яблыкамі, дзічкамі, вішнямі, нават часта елі за прысмакі жалуды, калі голад падпіраў. Хлеб, ці, лепей сказаць – пляцкі, мы пяклі ў гарачым прыску з перацёртага італьянскага зерня, па-нашаму – кукурузы. Узімку лавілі сілкамі і сеткамі птушак. Увесну і летам Гасподзь пасылаў нам птушанят у гнёздах. Часта мы давалі сабе рады слімакамі і люгашкамі, не цураліся лавіць вяршамі і вудамі рыбу, балазе, непадалёк ад нашых харомаў цёк багаты на рыбу і ракаў ручай – усё гэта дапамагала сплаўляць грубую ежу ў нашыя каўдуны. А то яшчэ аднаго разу спаймалі дзікага падсвінка, яго мы зачынілі ў загародцы, сілкавалі жалудамі і букавымі арэшкамі, укармілі, утлусцілі дый спажылі нарэшце, бо мой пустэльнік ведаў, што гэта аніякі не грэх, калі спажываеш тое, што Гасподзь Бог стварыў чалавечаму роду на такі выпадак і наканаваў яму такі канец. За соллю не дужа ўпадалі, а розныя там перныя прытравы ўвогуле былі непатрэбныя; гэта каб не спаганяць ахвоту да пітва, бо ў нас не было віннага склепа. Усю патрэбу ў солі нам гасіў адзін добрай душы святар, які жыў мілі за тры ад нас, -- але пра яго ўсё наперадзе, крыху пазней я яшчэ шмат чаго раскажу.
Што да хатняга чарэп’я, дык у нас усенька было: мы мелі рыдлёўку, матыку, калун, сякеру і чыгун, каб гатаваць; зрэшты, усё гэта было не нашае, а пазычанае ў памянёнага святара. У кожнага быў тупы сточаны нож; вось гэта якраз была наша маёмасць, і больш нічога. Таму мо нам і не патрэбныя былі ні міскі, ні талеркі, ні лыжкі, ні відэльцы, ні рондлі, ні патэльні, ні ростары, ні шампуры, ні салонкі, ні іншае сталовае і кухоннае начынне, бо наш чыгун быў нам і за чыгуна і за міску, нашы рукі былі за відэльцы і за лыжкі. А калі смага брала, мы пілі трысцінкай з крынічкі альбо проста совалі туды мызу, як воіны Гедэона. З рознай там апраткі, воўны, шоўку, бавоўны і лёну, каб на стол, на ложак ці каб ушпалерыць сцены, дык не мелі нічога, толькі таго, што на сабе, а яго нам хапала з лішкам, бо ад дажджу і марозу мы проста хаваліся. У астатнім у гаспадарцы не былі патрэбныя ніякія правілы і парадкі, хіба што толькі ў нядзелю ці на свята, калі мы яшчэ ўпоцем-поначы пачыналі збірацца, каб ужо раненька без лішняга спеху паспець да памянёнага святара ў кірху, якая стаяла наводшыбе вёскі, і ўжо ў самой кірсе дачакацца набажэнства. А там мы хаваліся за паламаны арган, з-за якога ўжо маглі дзівіцца і на алтар, і на катэдру. Калі я першы раз пабачыў, як святар падымаецца на катэдру, я спытаўся ў пустэльніка, што гэты святар збіраецца рабіць у тым вялізным цэбры. Пасля адбытага набажэнства мы гэтак сама потайкам вярталіся да сябе, як і прыходзілі сюды, і, ужо добра натаміўшы цела і ногі, вярнуўшыся, ужо палуднавалі на поўную губу; увесь астатні час у пустэльніка ішоў на малітву і на маё вучэнне ўсялякім багалюбнасцям.
Па буднях мы рабілі, што рабіць было найбольш мусова, хто на што больш уздатніцца, і што было патрэбна ў залежнасці ад пары года і нашых акалічнасцяў. То працавалі ў садзе, то іншым разам кампаставалі чарназём, накапаны ў цяністых мясцінах, мяшаючы яго з драўлянай пацярухай і парахном, набранымі ў дуплах, каб палепшыць, укультурыць глебу ў нашцм садзе, бо дзе ж таго нам гною. А то плялі кашы або рыбацкія сеткі, або запасаліся дровамі, рыбачылі, або што яшчэ рабілі з пустое ляноты. І за гэтымі ўсімі заняткамі пустэльнік не забываўся настаўляць мяне на мудрасць і ўсялякую разумную даброць. У такім суровым жыцці я навучыўся пераносіць голад, смагу, гарач і холад, і цяжкую працу, і самыя розныя нястачы і ліхоты, але найперш спадзявацца на Бога і яму верна і спраўна служыць, што было самае важнае. А каб што звыш таго, не дапускаў мой дбайны пустэльнік, бо ён лічыў, што хрысціяніну, каб дастацца да свайго кону, да мэты, дастаткова, каб ён рупліва маліўся і працаваў; так і сталася, што хоць у духоўных справах я быў даволі ўдасведчаны, няблага разбіраўся ў хрысціянстве, а па-нямецку гаварыў аж так добра, нібы гаварыў не я, а сама Арфаграфія, але я ўсё ж застаўся прастадушны, як дрозд; нават ужо пакінуўшы лес, я быў такі бедны дурыла, што не здолеў бы абдурыць нават дурнога шчаняці.
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
Сімпліцы бачыць, як святы памірае, і сам пахавальны абрад учыняе
Прабыў я ў лесе каля двух гадоў і ледзь толькі пачаў прывыкаць да суровага эрэміцкага жыцця, як мой самы лепшы на зямлі сябар-пустэльнік узяў сваю матыку, даў мне рыдлёўку і, як было ў яго заведзена, павёў мяне за руку ў горад, дзе мы звычайна маліліся. “Вось што, Сімпліцы, дзіця маё мілае, -- сказаў ён, -- пакуль, дзякуй Богу, яшчэ не настала мне пара развітацца з гэтым светам, заплаціць прыродзе і пакінуць цябе замест сябе на гэтай зямлі, пакуль я збольшага бачу, што табе спрыгодзіцца ў жыцці, і добра ведаю, што ты не заседзішся ў гэтай пустэльні, дык хачу я ўмацаваць цябе на шляху праведнасці, на які ты ступіў, і даць некалькі настаўленняў і парадаў, з якімі ты, як па пуцяводнай ніці, пойдзеш да вечнай мілажальнасці, і яны дапамогуць табе ўнікнуць памылак і ўладзіць сваё жыццё так, каб потым разам з праведнымі выбранцамі даступіцца да гонару глядзець у аблічча Богу ў тым вечным жыцці”.
Гэтыя словы залілі мне вочы слязьмі, як незадоўга перад тым варожы напад заліў вадой горад Філінген, і так мяне разабрала, што я не стрымаўся і сказаў: “Сэрца маё, войча, няўжо ты пакінеш мяне аднаго ў гэтай глухой нетры? Няўжо тады…” – і больш я не мог вымавіць ні слова, бо пакута майго сэрца ад збытку любові да вернага бацюшкі майго, якую насіў я ў сабе, так моцна рванулася вонкі, што я, як мёртвы, бухнуўся яму ў ногі. А ён падняў мяне, суцешыў, як толькі дазвалялі час і ўмовы, тут жа выгаварыў мне за грэх, што я нібыта хацеў усупрацівіцца завядзёнкам Усявышняга. “Ці ж ты не ведаеш, -- сказаў ён далей, -- што гэтага нельга рабіць ні небу, ні пеклу? Нельга, сыне мой! Чым жа ты хочаш абцяжыць мае слабыя плечы, якія самі прагнуць спакою? Думаеш змусіць мяне жыць далей у гэтай юдолі? Ах не, сыне мой, адпусці мяне і ўваж, бо ані плачам, ані жальбай не ўспасобіш мяне застацца ў галечы, не няволі маёй волі, бо пакліканы я воляй Божай і за Божым загадам руплюся з усім маім упадабаннем. Парупіся ж і ты; чым без толку енчыць, лепш паслухай маіх апошніх слоў, якімі я наказваю табе, каб ты чым далей, тым руплівей спазнаваў самога сябе; і калі ты дажывеш да Мафусаілавага веку, дык і тады не выкідай з сэрца гэтага майго наказу; бо таму, што большасць людзей праклятыя, дык гэта і ёсць прычына, чаму ты не ведаў, кім яны былі раней, кім зрабіцца маглі б альбо зрабіцца яшчэ павінны”. Далей ён шчыра параіў мне, каб я заўсёды бараніўся ад ліхіх кампаній, бо шкоднасць ад іх невымерная. Ён прывёў мне і адпаведны прыклад і сказаў: “Калі толькі адну кропельку мальвазіі капнеш у пасудзіну з воцатам, яна таксама ператворыцца ў воцат; калі ж такую самую кроплю воцату капнеш у мальвазію, яна распусціцца ў мальвазіі. Любасны сыне, -- сказаў ён, -- перш за ўсё і найперш заставайся стойкі; не дазволь пякельнаму агню адхіснуць цябе ад пачатай пахвальнай дзеі; бо хто выцерпвае да канца, той – шчасны. Калі ж насуперак маім спадзяванням ты па чалавечай слабіне падупадзеш грэху, дык не ўпарціся ліхамысна ў сваім грэху, а ў шчырым пакаянні паўстань зноў на ногі”.
Клапатлівы пабожны чалавек паведаў мне гэта нямногае не таму, канечне, што ведаў многа, а таму, што я, з прычыны майго малалецтва, здаваўся яму недастаткова здольным засвоіць у такім стане больш, а таму, што нямногія словы лепш трымаюцца ў памяці, чым доўгая балбатня, і навука з ашчадных слоў даходзіць да свядомасці, дае больш плёну, чым доўгая казань, якая не адкладваецца ў памяці і хутка забываецца.
Тры настаўленні: спазнаваць самога сябе, унікаць ліхіх кампаній і заставацца непахісным – несумненна гэты пабожны чалавек таму і лічыў добрымі і патрэбнымі, што сам жыў паводле іх і яму пры гэтым усё ўдавалася; бо пасля таго, як ён сябе спазнаў, ён не толькі цураўся благіх кампаній, а ўвогуле ўцёк ад свету і трымаўся наадасобку да канца, канца несумненна дабрашчаснага.
Сказаўшы мне ўсё гэта, ён пачаў матыкай капаць сабе магілу; я пасабляў як мог, як ён мне казаў, і не разумеў, навошта ўсё гэта трэба. А тым часам ён сказаў: “Мой дарагі і сапраўды адзіны сыне (бо апрача цябе нікога не спарадзіў я, каб славіў Госпада Творцу), калі душа мая адыдзе ў належнае ёй месца, учыні майму целу апошнюю пашану і зрабі апошнюю учту: засып мяне тут вось гэтай зямлёй. Якую мы зараз капаем з гэтае ямы”. Пасля ён падняў мяне на рукі, пацалаваў і моцна прытуліў да грудзей, як толькі можна было чакаць ад чалавека ў ягоным стане. “Мілае дзіця, -- сказаў ён, -- я перадаю цябе пад аслону Бога і паміраю з вялікай радасцю, бо я спадзяюся, ён прыме цябе там”. А я, наадварот, я не мог гаварыць, я толькі жаліўся і енчыў, павіс на яго ланцугах, якія ён насіў на шыі, нават спрабаваў імі ўтрымаць яго, каб не адыходзіў. Але ён сказаў: “ Сыне мой, пусці мяне, я памераю, ці дастатковая мне па даўжыні гэтая магіла”, -- зняў ланцугі разам з каптаном і палез у яму і ўмасціўся ў ёй, як чалавек, хочучы легчы спаць, кажучы: “ Ах, Божа вялікі, прымі цяпер душу, якую ты мне даў, Госпадзе, у рукі твае аддаю я свой дух” etc. І з гэтым пяшчотна самкнуў вусны і заплюшчыў вочы; а я стаяў як слуп і не верыў, што яго любасная душа пакінула цела, бо раней я часта бачыў яго ўзрушанага.
Я чакаў, як ужо сталася звычкай у падобных выпадках, некалькі гадзін каля ямы, у малітве. Калі ж мой дарагі пустэльнік не захацеў уставаць, я спусціўся да яго ў яму і пачаў трэсці, цалаваць і лашчыць; але ў ім ужо больш не было жыцця, ліхая і бязлітасная смерць забрала ў беднага Сімпліцы яго святога старца. Я акрапіў ці, лепей сказаць, забальзамаваў знежыццёвелае цела сваімі слязьмі. Рвучы на сабе валасы і пляскаючы рукамі, я яшчэ пабегаў вакол з жаласным енкам, а тады ўзяўся, уздыхаючы, за рыдлёўку і пачаў засыпаць яго зямлёю; ледзь толькі прысыпаў яму твар, зноў спусціўся ў магілу, разгроб яго, каб яшчэ раз пабачыць і пацалаваць. І так было цэлы дзень, пакуль закончыў гэтыя funeralia, exequias i ludos gladiatorias*, зрабіў усё сам, бо не было ні мараў, ні труны, ні века, ні паходняў, ні насільшчыкаў, ні працэсіі і ніякага кліру, каб як след адпець нябожчыка.
* Пахавальны абрад, заўпакойныя маленні і памінальныя гульні гладыятараў (лац.). Г.зн., пустэльнік быў пахаваны як “язычнік”, без хрысціянскіх абрадаў.
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
Сімпліцы намысліў пабачыць свету, але адкідае подумку гэту
Праз некалькі дзён пасля расцялеснення майго дарагога і любаснага сэрцу пустэльніка я пабываў у памянёнага святара і расказаў яму пра смерць майго пана, папрасіў яго заадно параіць, як мне паводзіцца пры такіх вось акалічнасцях. Нягледзячы на тое, што ён моцна адгаворваў мяне далей заставаацца ў лесе і маляўніча апісаў небяспекі, якія атачалі мяне, я цвёрда вырашыў ісці слядамі майго папярэдніка – усё лета рабіць тое, што павінен рабіць пабожны мнішак. Але як яно заўсёды з часам усё мяняецца, так спакваля суцішылася і мая журба па пустэльніку, якая тачыла мне сэрца, а даволі моцны зімовы холад астудзіў унутраны пал майго цвёрдага намеру. Чым больш я вагаўся, тым меней руплівіўся ў малітвах, і, замест каб сузіраць нябесны промысел Госпада Бога, я распаліў у сабе прагу паглядзець свету; і як што я такім чынам не бачыў разумнай карысці, як мне спасобіцца на добрае ў цёмным лесе, намысліў я зноў пайсці да святара, паслухаць, а ці не нараіць ён мне пакінуць лес. З гэтай подумкай я і рушыў да яго сяла; але як толькі выйшаў з лесу, бачу – гарыць яно, сяло, ясным гарам, полымем шугае, шуруе-буруе і ў трубу коціць – там толькі што разгавелася банда райтараў, усё зруйнавала, патаптала-здрасавала, адных сялян павыбівала, другіх паразганяла, а каторых пахапала ў палон, сярод іх і самога святара. Ах, божачкі, якое ж ты злашчаснае і ліхое, жыццё чалавечае! Толькі-толькі пазбыліся аднаго няшчасця, аж шусь! -- маеш другое. Не дзіва, што язычніцкі філосаф Цімон з Афінаў панастаўляў шыбеніц, каб людзі зашморгваліся самі, каб маглі, так бы мовіць, танным коштам і нядоўгай мукай пакласці крэс свайму гаротнаму жыццю. Райтары былі ўжо на адыходзе і ўжо вялі святара, як беднага грэшніка, на шворцы. Некаторыя крычалі: “Прыстрэліць гада!”, а другія спадзяваліся ад яго выкупу. А той узводзіў рукі да сіняга неба і імем Страшнага Суду прасіў-благаў літасці і хрысціянскага мілажалю; які там вам жаль, што вы, мой пане! – адзін райтар збіў яго канём з ног, накінуў на шыю “параграф”*, у таго аж кроў дудкай, і, падаючы, ён выцягнуўся на ўсе чатыры і – ацалі Божа яго нявінную душу! Другім яшчэ пазасталым сялянам абышлося не лепей.
І вось бачачы, што гэтыя райтары ў сваёй тыранічнай жорсткасці зусім пашалелі, другая кодла ўзброеных сялян сыпанула з лесу, -- от як бы хто разварушыў асінае гняздо. І як не закрычаць, як не заягляць, як не наробяць галасу, гвалту і страляніны – у мяне аж валасы дыбарам усталі, я зроду не бачыў такога фэсту, бо шпэсэрцкія і фогельсбэргскія халопы гэтак сама не дадуцца на дурніцу, як і смердзь гесэнская, заўэрландская і шварцвальдская. Тут райтары – лататы! Кінуўшы не толькі захопленае быдла і свае манаткі падхапіць не паспеўшы, усе клункі-шмарункі і – дай бог ногі! – каб самім не дастацца трафеем у мужыцкія лапы; але ўсё-такі некаторыя дасталіся! – вой, не дай бог зведаць іх горкае долі!
Гэтая прыгода крыху падцяла маю ахвоту пакідаць пустэльню і выпраўляцца ў белы свет, бо я падумаў сабе, а што, калі і ў свеце ўсё так броіцца, дык лепей ужо мая нетра. Але ўсё ж хацелася пачуць, што скажа на тое святар. А той ад ран і пабояў ужо ледзьве клеваў, аслаб, зусім знясілеў, але ўсё-такі сказаў, што ні памагчы мне, ні параіць нічога людзкага не можа, бо, вось бачыш, сам у такім стане, што ўжо хоць ты з кіем старцом ідзі, пры дарозе прасі кавалак хлеба надзённага, а калі я і далей заставацьмуся ў лесе, дык каб не спадзяваўся на ягоную, святаровую, дапамогу і суцяшэнне, бо, вось сам падзівіся на чыстыя вочы свае, усё дымам-попелам пайшло. І я зажураны пайшоў у лес дахаты, і як што з гэтай вылазкі ў людзі вярнуўся мала суцешаны, а больш сам у сабе намыслены, дык пастанавіў сабе ніколі не пакідаць нетру, а прысвяціць сваё жыццё, як і мой пустэльнік, сузіранню Божага промыслу; тым часам я не забыўся яшчэ падумаць, што як бы гэта абысціся без солі, якое мне раней фундаваў святар, як бы гэта жыць наадасобку ад усіх людзей і не патыкацца да іх.
*Пятля, якая нагадвае знак “параграфа” (жарг.).
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
Сімпліцы расказвае, якія кашмары ўчынілі сялянам ліхія райтары
Каб спраўдзіць гэтую маю пастанову і стацца сапраўдным лясным анахарэтам, я ўсцягнуў на сябе пакінутую пустэльнікам кашулю-вярэту і падперазаўся ягоным ланцугом, і не таму, што была патрэба ў знемажэнні маёй разбуялай плоці, а каб прыпадобніцца да папярэдніка як у жыцці, так і ў адзенні; а і не толькі, а каб неяк ахараніцца гэтымі святымі шатамі ад суровай зімовай сцюжы.
Другога дня пасля таго, як была сплюндрана і спалена святаровая вёска, акурат я сядзеў у сваёй халабудзіне і пад малітву пёк сабе на пасілак жоўтую рэпу, абчапілі мяне нешта з сорак-пяцьдзесят мушкецёраў; яны, хоць і дужа здзівіліся з нязвыкласці маёй асобы, усё-такі прашуравалі ўвесь мой будан, прамацалі ўсё чыста-начыста, чаго толькі шукаючы; а як што апрача кніг нічога не было, дык і іх параскідалі, бо навошта ім тыя кнігі. Нарэшце, разгледзеўшы мяне як след і зразумеўшы па маім пер’і, якога палёту птаха яны ўпалявалі, мушкецёры лёгка прыйшлі да высновы, што спадзявацца на добры луп тут не выпадае аніяк. Яны падзівавалі з майго суровага пустэльніцтва і ўмілажаліліся з маёй пяшчотнай маладосці, асабліва афіцэр, які імі камандаваў; ён абышоўся са мною дужа пачціва і ласкава і папрасіў мяне паказаць яму і ягоным людзям дарогу з лесу, у якім яны заблудзіліся і ўжо доўга швэндаліся як упоцемках. Я зусім не ўпіраўся, а, каб хутчэй пазбыцца непрыязных гасцей, павёў бліжэйшай дарогай да вёскі, у якой мой дарагі святар быў так блага патрактаваны, тым болей, што ніякай іншай дарогі я і не ведаў. Але як толькі мы выйшлі з лесу, тут і нахапіліся на сялян, нешта чалавек з дзесяць, частка якіх была азброена стрэльбамі-ручніцамі, а астатнія, бяззбройныя, корпаліся ў зямлі, нешта заграбаючы. Мушкецёры з ходу шухнулі на іх, закрычалі: “Стой! Стой!” – але тыя не стаялі, а адказалі стрэламі. Убачыўшы, што жаўнераў куды больш, чым іх, яны сыпанулі хто куды, так што стомленыя мушкецёры не ўгналіся за імі і не злавілі ніводнага. Затое ім закарцела даведацца, што гэта там тое халоп’е закапала. Гэта далося спарней, чым пагоня, бо сяляне пакідалі матыкі і рыдлёўкі, якімі працавалі. Але толькі капнулі раз, другі, як пачулі голас з-пад зямлі: “О сабакі! О пацяробкі! О праклятыя здзіры! Думаеце, неба пакіне без адплаты вашу нехрысціянскую ссучанасць і гнюсоту? Аж не, ёсць яшчэ спраўныя хлопцы на зямлі, яны пакараюць вас за нялюдзкасць вашу, і зышчацца вам. І спагоніцца з вас, і заісціцца праўда мая, і ніхто з вашых памагатых не падліжа вам сракі”. Жаўнеры пераглянуліся, не ведаючы, што тут рабіць. Адны падумалі – здань, а я падумаў, што мне прыснілася. А афіцэр загадаў адважна капаць далей. Дакапаліся да бочкі, прабілі века, а там хлопец, без носа, без вушэй, але ўсё яшчэ жывы. Як толькі ён крыху ачуняў і пазнаў некаторых сваіх, ён расказаў, што зрабілі сяляне ўчора, -- калі некаторыя з яго атрада былі на рэквізіцыі, шасцёра з іх дасталіся ў палон, пяцёх з іх, паставіўшы ў рад, праз гадзіну застрэлілі, а шостага апошняга, яго, куля не дастала, бо папярэдне прашыла пяць галоў і патыліц, а на ім страціла сілу, дык яму проста абцялі нос і вушы, але перад тым яшчэ прымусілі, каб ён тым, пяцём (s. v.*), вылізаў сракі. Пасля таго як гэтыя без Бога і сумлення ў сэрцы прахвосты так ганебна яго спагардзілі і збэсцілі, ён, як што яны хацелі пасля лізання адпусціць яго жывога, пачаў гаварыць на іх розныя непатрэбныя брыдкія словы, якія толькі мог выдумаць і згадаць, называў іх самымі паскуднымі мянушкамі, спадзеючыся, што каторы з іх у гневе не пашкадуе яму кулі ў лоб. Але марна, як толькі давёў іх да шалу, тыя запакавалі яго ў гэтую вось барылу і закапалі жыўцом, кажучы: калі ўжо так палка прагнеш смерці, дык не ж, з усёй нашай ласкай не можам у тым дагадзіць, жыві і гадуйся сабе на здароўе!
Пакуль ён бедаваў з перажытай плягі, ішла тым часам лесам другая шобла пешых ваякаў; яны якраз і перанялі ўцекачоў-сялян, пяцёх схапілі, астатніх пастралялі. Сярод палонных чацвёра былі з тых, што нядаўна так нягожа абышліся з райтарам-рэквізітарам. Калі цяпер абедзве грамады апыталіся і пазналіся, што ўсе яны свае, яны сышліся разам і разам паслухалі ад самога райтара, што сталася з ім і яго таварышамі. Трэба было бачыць і чуць, як узяліся за тых сялян. Адны хацелі ў парыве першай лютасці прыстрэліць іх на месцы, другія сказалі: “Не, гэтых птахаў трэба спачатку як след абскубсці і ўваліць ім таго, чаго яны запазычыліся на гэтым райтары”. А тым часам ім ужо і без таго ўвалілі мушкетамі ў рэбры, тыя аж крывёю харкалі. Тут наперад выступіў адзін жаўнер і сказаў: “Панове, паколькі яно ёсць ганьбаю ўсяму нашаму ваяцтву, што гэтага прахвоста (і паказвае на бязносага) пяцёра халопаў так жудасна патралявалі, дык справядліва будзе сцерці пляму ганьбы, і хай гэтыя вышчаркі выліжуць райтару стакроць”. А яшчэ адзін сказаў: “Гэты бузук не варты такога гонару; калі б ён не быў такі баўтрук і воўнянка, ён не даўся б на пацеху ўсім на такую ганебную справу, а лепей тысячу разоў памёр”. Нарэшце ўсім гамузам пастанавілі, што кожны селянін мусіць справіць абрад ачышчэння ад ганьбы на дзесяці жаўнерах і пры кожным разе мае сказаць: “Гэтым самым я пагашаю і сціраю ганьбу, учыненую ўсяму жаўнерству праз тое, што адзін ваш прыдурак вылізаў нам сраку”. А толькі ўжо потым яны вырашаць канчаткова, што ім рабіць з сялянамі, калі тыя выканаюць ачышчальны абрад. І з гэтым прыступілі; але сяляне былі такія цвердалобыя, рогам уперліся, што ані на просьбу, ані на грозьбу, ні на абяцанку, што іх паадпускаюць жывых, ні на сякія-такія прынукі не паддаліся. Адзін жаўнер адвёў пятага селяніна, які зацяўся і не хацеў лізаць, крыху ўбок і сказаў яму: “Калі ты зрачэшся Бога і ўсіх яго святых, я адпушчу цябе, куды схочаш”. На гэта селянін адказаў, што колькі жыве, а не меў нічога супроць святых, што не меў нічога супроць Бога і не мецьме, бо, як урачыста (soleniter) бажыўся, ён не ведае Бога і не прагне ў ягонае царства. На гэтым жаўнер пусціў яму кулю ў лоб, але эффект быў такі, як бы яна пацэліла ў жалезную гару. Тады жаўнер высвіснуў з похваў шырокую шаблю і сказаў: “Хо-ля, дык ты з пякельнага роду? Я абяцаў адпусціць цябе, куды сабе хоч; глядзі, зараз я адпраўлю цябе ў пякельнае царства, калі ты не хочаш нябеснага”, -- і разваліў яму чэрап аж да зубоў, Калі той упаў, жаўнер сказаў: “Так трэба помсціць, так трэба караць гэты зброд і ныне і прысна”.
Тым часам жаўнеры ўзяліся і за астатніх чатырох, якія павінны былі лізаць, яны прывязалі іх да паваленага дрэва за рукі і за ногі так пекненька, што (s. v.) іхнія задніцы пазіралі ўгору, сцягнулі з іх нагавіцы, узялі некалькі сажняў кнота, завязалі на іх вузлы і прасмычылі тымі мазалястымі кнатамі задніцы так спраўненька – аж кроў пасвіствала. “Вось так, -- сказалі яны, -- хай падсохнуць ачышчаныя сярыльніцы”. Сяляне хоць і крычалі жаласна, але спагады ім не было, жаўнеру хай хвілінная, але ўсё-такі пацеха, яны не пераставалі пілаваць, пакуль не выдралі скуру і мяса да касцей. А мяне зноў адпусцілі дахаты, бо прыбылая група жаўнераў сама ўжо ведала дарогу далей. Дык я ўжо і не далажу вам, чым там яно ўрэшце ўсё скончылася з тымі сялянамі.
* s.v. (salva venia) – хай даруе чытач (лац.).
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
Сімпліцы застаецца без свайго майна, яму сніцца сапраўдная вайна
Калі я вярнуўся да сябе, аказалася, што мой агмень і ўвесь хатні набытак разам з запасамі сякога-такога майна і ежыва, якое я цэлае лета даглядаў у сваім агародзе і цяпер бярог, каб было што ўкусіць зімой, -- усё чыста прапала, як у торбу ўпала. “ Што зараз?” – падумаў я. Вось калі ўпершыню бяда навучыла мяне маліцца. Я сабраў усю сваю рызыку і жывы розум, каб даць сабе рады – што мне рабіць, што мне чыніць, ці пакінуць усё, як было. Але як што дасведчанасці мне не ставала, дык я і не мог прыдумаць нічога разумнага; самае лепшае аддаць сябе ў рукі Госпаду Богу і ўсе мае надзеі пакласці толькі на яго аднаго; інакш, несумненна, я дамся ў роспач і загіну. Да таго ж з памяці ніяк не выходзілі ўсе акалічнасці з пакалечаным святаром і тымі пяццю сялянамі, з усім, што я тагодня пачуў і пабачыў; я не так думаў пра які там наедак ці як ацалець самому, як пра тую антыпатыю, што паўстала і пануе цяпер паміж жаўнерамі і сялянамі; але з дурасці сваёй не мог нічога выдумаць, як толькі заключыць, -- і ў гэта я верыў, -- што мусова павінны быць на свеце людзі дваякага кораня, не аднаго толькі Адамавага, але яшчэ й іншага, дзікага і рахманага, як сярод неразумных жывёл, -- нездарма ж людзі так люта ўзаемна грызуцца.
У такім роздуме я і заснуў ад маркоты і холаду і з пустым чэравам. І мне прыснілася, быццам усе дрэвы вакол майго будана раптам неяк перамяніліся, і вось ужо яны нейкія зусім іншыя. На кожнай вяршаліне сядзела па кавалеры, а ўсё голле было ўвешана не лісцем, а рознымі дзецюкамі-маладзікамі; у кторага з іх была ў руцэ доўгая дзіда, у каторага мушкет, кароткая стрэльба, алебарда-пратазанка, сцяжок, ці там барабан які, ці жалейка. Смех было глядзець, бо ўсё так спраўна і строга паступова, па ступенях, падзялялася. А карэнне было з люду чорнага, непатрэбнага – такія там рамеснікі, падзёншчыкі, а найбольш халопаў і ім падобных, але тым не меней якраз яны і давалі дрэву сваю сілу і потым зноў аддавалі, калі дрэва з часам сілу траціла; так, яны кампенсавалі недахоп апалага лісця сваім усё большым і большым знемажэннем і высільваннем. Пры гэтым яны ўздыхалі і шкадавалі тых, якія сядзелі на дрэве, і, трэба сказаць, незаслужана; увесь цяжар дрэва прыпадаў на іх і ціснуў так, што ў тых з торбаў, з-пад сямі замкоў, сыпаліся грошы. Калі ж грошам дужа не хацелася, іх проста выграбалі паны-камісарыі венікамі, гэта называлася вайсковай рэквізіцыяй, і тады з сэрца – стогны, з вачэй – слёзы, з пазногцяў – кроў, з ног – мозак-мархель. Але і пасля гэтага заставаліся іншыя людзі, ні з тых, ні з іншых, іх называлі блазнотай; гэтым ужо клопат малы: усё і ўсіх бралі на пагоршкі і на плечы і, несучы крыж свой, замест уцехі трывалі ўсялякія здзекі і гвалт.
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
Сімпліцы сніць пра вайну і паходы, з якіх жаўнеру ніякай выгоды
І вось усе карані гэтых дрэў жылі ў вечным енку і цярпелі гароты, пляготы, але і тыя, што на ніжэйшых галінах, прабіваліся ўгору праз цяжкую працу і ўсялякія нягоды; аднак ім хоць часам было крыху весялей на душы, чым тым, на карэнні, яны ж, праўда, былі больш учэпістыя, жорсткія, часцей за ўсё бязбожнікі, і перападала ад іх караням ліха не менш, чым ад верхніх. Сярод іх хадзіла модная песенька:
Голад, холад, дождж і снегГэтыя вершыкі былі не проста пустая выдумка, яны добра клаліся на іхняе жыццё і промыслы, бо жэрці і жлукціць, галадаць і смягнуць, блудзіць і юрыць, бразгаць і граць, напівацца і пахмяляцца, забіваць і быць забітым, мардаваць і мардавацца, мучыць і быць мучаным, гнаць і быць гнаным, палохаць і баяцца, рабаваць і быць абрабаваным, плюндрыць і быць сплюндраным, нішчыць і быць знішчаным – якраз у гэтым і быў іхні адзіны сэнс, мэта і сутнасць, і нішто іх не спыняла – ні зіма, ні лета, ні снег, ні лёд, ні гарач, ні холад, ні дождж, ні вецер, ні горы, ні долы, ні лясы, ні балоты, ні ямы, ні цясніны, муры, вада, агонь, ні завалы, ні бацька, ні маці, ні браты і сёстры, ні нават загроза жыццю, душы і сумленню, ні сама страта жыцця, ні страта неба ці чаго яшчэ іншага, што мае назву. А яны віравалі ў сваім упраўстве з неаціхальным запалам, пакуль адзін за адным у бясконцых сутычках, бойках, аблогах, штурмах, паходах, і нават на кватэрах, дзе толькі і ёсць жаўнеру сапраўдны рай на зямлі, асабліва калі ўдавалася забрытаць сытых сялян, не гінулі, не паміралі не калечыліся і не здыхалі, як сабакі, усе да аднаго, да тых нямногіх, якія за маладым векам не бралі, не кралі і на сабе не аралі і якім наканавана стаць жабракамі, тулягамі і валацугамі. Найбліжэй да гэтых убогіх рупліўцаў у вечнай пагрозе свайму хісткаму стану сядзелі старыя курашчупы, якія на ніжнім вецці доўгія гады прабіваліся, прагрызаліся ў людзі і якім пашыхавала-такі ўмыкнуцца ад смерці. Гэтыя ўжо выглядалі спаважней і сумленней, чым ніжэйшыя, бо вось, бач, яны ўжо ўсцерабіліся на сук вышэй. Але над імі гнездаваліся яшчэ вышэйшыя, якія больш успрытніліся, бо камандавалі ніжнімі і называліся малацьбітамі, бо сваімі доўбнямі і алепердамі (s. v. – алебардамі) вымалочвалі спіны і галовы простым ландскнэхтам і мазалі задніцы мушкецёрам, каб тыя не забываліся мазаць стрэльбы.
Над гэтымі ўсімі тырчаў сук без вецця, нацёрты рознымі дзіўнымі рэчывамі, а найперш мылам непрыязні, таму ніводзін просты чалавек, будзь ён хоць са шляхты, ані мужнасцю, ані спрытам, ані ведамі не мог працерабіцца туды і вышэй, памажы яму Божа, як бы ён ні пяўся, бо сук той быў адпаліраваны гладчэй, чым мармуровы слуп або сталёвае люстэрка. А па-над – сядзелі тыя са сцяжкамі; былі яны каторае маладзейшае, каторае ў веку; маладзейшыя пападсаджвалі сваіх лабузнікаў-братоў-сватоў, старыя ж часткова самі ўспяліся альбо падняліся па срэбраных лесвіцах, называных подмазкамі, або з якім іншым прынагоджаным падсобкам за недахопам шчасця ці іншага спосабу. Яшчэ лепш умасціліся зверху тыя, якім таксама хапіла свайго клопату, каб прагрэбціся моцнымі локцямі; яны мелі тую перавагу, што маглі пакаваць у свае торбы тое сала, якога яны наўкройвалі нажамі з карэння, -- гэта ў іх называлася кантрыбуцыяй; найдзельней і найспрытней уганяліся яны тады, калі падыходзіў які камісарый з тазікам і вытрасаў пад дрэва грошы, -- тут ужо не зявай! Роўні ў спрыце ім не было, яны паспявалі ўварваць самыя смачныя кавалкі, а хвіга з макам – ніжнім.
Гэтыя ніжнікі больш каналі з голаду, чым ад рукі ворага, тым часам як верхнія такой долі не падупадалі. Ці не таму менавіта адсюль увесь час караскаліся, батаваліся, успіналіся на гэтае дрэва, колькі ў каго моцы і спрыту, і ўсім хацелася дастацца наверх, на шчаслівае месца, але пракідалася сярод іх і такое ахвосце і пазаддзе, якое і не заслугоўвала жаўнерскага харчу, яно мала дбала пра вышэйшае месца, а проста спраўна несла сваю павіннасць. Ніжнія, сквапныя, прагныя, спадзяваліся і чакалі, калі ападуць верхнія, каб сесці на іх месца, і калі катораму з дзесяці аднаму ніжняму ўдавалася ўспасобіцца ўгору, дык звычайна здаралася гэта аж у тым прыкрым веку, калі лепей бы ўжо яму дома на чарэне пранцы выграваць, чым у чыстым полі перціся на дзіду непрыяцеля; а калі каторае стаяла цвёрда і службу сваю спраўляла спраўна, калі адважна сунулася насустрач усім небяспекам, дык яму зайздросцілі іншыя, і часта хай тое праз непрадбачаны выпадак ці праз іншае глупства ў яго адбіралі і пасаду і жыццё. Ні за што тое каторае так аберуч не трымалася, як за памянёнае гладкае месца; і калі хто меў увішнага фельдфебеля ці сяржанта, дык дужа неахвотна расставаўся з ім, а калі іншага выйсця не было, пераводзіў яго ў фэндрыкі – прапаршчыкі. Таму з большай ахвотай набіралі замест старых жаўнераў маладых дрыстуноў (вой! – s. v.), камердынераў, падрослых пахолкаў, збяднелых шляхцюкоў, сваякоў і іншы зброд і ўсялякіх блюдалізаў, якія з горла дралі хлеб у служылых і выбіваліся ў тыя фэндрыкі.
РАЗДЗЕЛ СЯМНАЦЦАТЫ
Сімпліцы даведваецца, што не толькі вяльможа, але і ландскнэхт ваяваць добра можа
Гэта так маркоціла аднаго старога фельдфебеля, што ён пачаў слініць і жаліцца, а малады шляхціц адказаў яму: “Ці ж ты не ведаеш, што ўсе вайсковыя пасады абсаджваюцца шляхетнымі пярсонамі, якія на гэта найбольш здатныя? Сівыя бароды не б’юць непрыяцеля, ды ці не адно і тое самае было б наняць замест вас стада казлоў! Спяваюць жа:
Старыя змоглыя быкі –Скажы мне, стары дышаль, ці ж прыродны шляхціц-афіцэр не ў большай пашане ў жаўнераў, чым тыя, што выбіліся з простых кнэхтаў? І якая тут можа быць ваенная дысцыпліна, калі нямашака ніякага рышпекту? Хіба палкаводзец не больш давярае шляхціцу, чым вясковаму дзяцюку, які ўцёк ад бацькавага плуга, не ўзычыўшы дабра сваім родным? Прыстойны шляхціц хутчэй з гонарам памрэ, чым запляміць і спаганьбіць свой род нявернасцю, дэзерцірствам альбо яшчэ якім паскудствам. Таму шляхціцу і перавага на ўсіх шляхах, ва ўсіх ужытках, як тое мы бачым у leg. Honor. Dig. De honor. Ёганэс дэ Платэа ясна кажа, што пры адправе пасады шляхце даецца перавага, каб шляхту заўсёды прымалі першую, перад плябеямі; такое прынята ў любым праве і пацверджана ў Святым Пісанні, бо: Beata terra, cujus rex nobilis est”*, кажа Сірах сар. 10, а гэта і ёсць цудоўнае сведчанне за перавагу, якая належыцца шляхце. І калі ўжо хто з вас – сапраўдны жаўнер і ўмее не проста нюхаць порах, але і задаць ворагу пытлю, дык гэта яшчэ не азначае, што за адно гэта ён ужо й здольны камандаваць іншымі і хавацца за іх спіны, бо, якраз яно наадварот, такая цнота – не хавацца – уласцівая шляхце ад прыроды альбо прышчэплена і развіта з маладосці. Сэнэка кажа: “Habet hocproprium generosus animus, quod concitatur ad honesta, et neminem excelsi ingenii virum humilia delectant et sordida”, што азначае “ Гераічны дух мае ў сабе ўласцівасць, якая заўсёды падаграецца да дзеяў сумленных; таму ніякі высокі дух не мае ахвоты да рэчаў дробязных і нягодных”. Гэта выявіў таксама паэт Фаўстус у такім двухрадкоўі:
Si te rusticitas vilem genuisset agrestis,Апрача таго у шляхты больш, чым у сялян, спосабаў дапамагаць сваім падначаленым грашыма, а слабым ротам – людзьмі. Так, як і паводле выслоўя, выглядала б няхораша, калі б селяніна ставілі вышэй за шляхціца, дый самыя сяляне былі б дужа пыхлівыя, калі б іх вось так спадналуску рабілі панамі, як той казаў:
Ніякі меч не раскроіць так лоб,Калі б сяляне, як шляхта паводле здавён ухваленага звычаю, мелі вайсковыя пасады, яны ж, вядома, так проста і хутка не дапусцілі б да сябе ніводнага шляхціца; таму, калі б жаўнеры фартуны, як іх называюць, дапамаглі вам узнесціся да высокае чты, як бывае звычайна, з вас выціснулі б увесь дух, перш чым прызналі б вас вартымі чагось лепшага, і вой-вой колькі яшчэ разоў падумалі б, перш чым павысіць; а на той час жар вашай маладосці, глядзіш, ужо і прытушаны, і вам ужо наўме, як бы дзе прыладзіць і прыгрэць свае лядашчыя сцёгны, ужо зруйнаваныя службай, без увагі на тое, хто ваюе і сумленна служыць; вось якраз таму малады сабака на паляванні лепшы за старога льва.
Фельдфебель адказаў: “Які дурань будзе служыць і палезе на пэўную смерць, калі яму не свеціць, што за свае выдатныя паводзіны ўздатніцца на падвышку, калі не будзе аддзячаны за верную службу? На чорта такая вайна і такая служба! У такім разе адразу выходзіць наяву, хто ёсць хто, ці ты добра паводзіш сябе, а ці, як заяц, шыешся ў кусты. Я ці раз чуў ад нашага старога палкоўніка, што ён не пацярпеў бы ў ваім палку такога жаўнера, які не ўпэўнены, што сваім умельствам не цягне на генерала. Кожны мусіць прызнаць, што тыя народы, якія пасабляюць простым, але здольным ваякам выходзіць наперад, не забываюць пра іх адвагу, звычайна перамагаюць, як гэта бачым у персаў і туркаў. Сказана ж:
Выдатна свеціць лямпа і гарыць няблага,Шляхціц адказаў: “Калі здатнасць прыстойнага чалавека відна, ён, вядома ж, не будзе не заўважаны; сённяшнімі часамі колькі хоч бачыш людзей, якія ўзяліся за меч ад плуга, ад іголкі, ад ботаў, ад авечых кашараў, а вось жа годна трымаюцца і сваёй гераічнай адвагай і слаўнай бясстрашнасцю сягнулі па-над простую шляхту аж у графы і князі. Кім быў імператараў Ёган фон Вэрд? Кім -- швед Стальганс? Кім гесэнскія малышы Якаб і Шт. Андрэасы? А колькі-колькі яшчэ такіх, якіх я, каб сказаць карацей, не называю. На цяперашні час не навіна, гэта і нашчадкі прызнаюць, што простыя, пачцівыя людзі праз вайнгу дайшлі да высокай пашаны, як гэта было і за колішняй парою. Тамерлан стаў магутным валадаром і страшным тыранам усяго свету, а раней жа быў свінапасам; Агафокл, кароль Сіцыліі, -- а ганчароў жа сын; Тэлефас, карэтнік, стаў каралём у Лідыі; бацька імператара Валенцініяні быў канатнік; Маўрыцы Кападокс, прыгонны слуга, быў імператарам пасля Тыберыя; Ёганэс Зэмісцэс прыйшоў на імператарства са школы. Як сведчыць Флавій Вопіск, імператар Баноэ быў сынам беднага школьнага настаўніка; Гіпербол, сын Хэрміда, спярша быў сынам ліхтаршчыка, а потым князем у Афінах; Юстын, які правіў перад Юстыніянам, да свайго валадарання пасвіў свінні; Хуга Капэт, сын мясніка, -- потым кароль Францыі; Піцар, таксама свінапас, а потым маркграф у Вест-Індыі, грошы цэбрамі мераў”.
Фельдфебель адказаў: “Усё гэта, вядома,, хоць і лье ваду на мой млын, але тым часам я бачу, што дзверы да больш высокага стану, у шляхецтва, нам зачынены. Шляхту, ледзь-ледзь яна вылузаецца, ужо садзяць на такія месцы, пра якія мы ніколі і марыць не можам, хай нават на большае здатныя, чым каторы набіліст, прадстаўлены сёння да палкоўніка. І як сярод сялян часам прападае светлы геній, бо яму не стае сродкаў на адукацыю, так старэе і сёй-той стары жаўнер са сваім мушкетам, а мог бы камандаваць палком і саслужыць вялікую службу камандуючаму”.
* Шчасны той край, цар у якім высакародны (лац.).
** Калі сельская прастата спарадзіла цябе такім нізкім, дык такая высакароднасць не была б уласцівая тваёй душы (лац.).
РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ
Сімпліцы упершыню лес пакідае, бо галадаць яму не выпадае
Не хацелася слухаць далей старога ёлупа, але хай сабе таўчэ, хай скардзіцца, колькі яму ўлезе; часта ж ён лупцаваў небаракаў-жаўнераў, як сабак. Я адвярнуўся і глядзеў на дрэвы, якіх было тут процьма (уся зямля зарасла), сачыў, як яны хістаюцца, натыкаюцца адно на адно; аж тут сыпанулі роем: пайшла страляніна, хто забіты, хто жывы; імгненне – вось ён жывы і здаровы, а вось ужо й мёртвы; раз-два-тры – і адзін ужо без рукі, другі без нагі, трэці без галавы. Калі я так глядзеў і падзіўляўся, тут і падалося мне, быццам усе тыя дрэвы, якія я бачыў, зліліся ў адно і на вяршаліне яго сядзіць сам бог вайны Марс і накрывае голлем дрэва ўсю Еўропу. Яшчэ падумаў, што дрэва магло б пакрыць ценем увесь свет, каб не быў такі белы, бо яно авявалася зайздрасцю і нянавісцю, злосцю і зласлівасцю, лізаблюдствам, пыхай і скнарнасцю ды іншымі падобнымі далікатнымі цнотамі, як і пранозлівым паўночным ветрам, яно здавалася зусім рэдкім і прагалістым, а на камлі былі напісаны такія вершы:
Жалезны дуб, пашкуматаны да камля,Моцны посвіст гэтага шкодлівага ветру і шум самога дрэва разбудзілі мяне, і я ўбачыў, што я зусім адзін. І тут я зноў пачаў згадваць і сваім мозачкам разважаць, што ж мне такі рабіць далей. Заставацца ў лесе – не выпадае, бо ў мяне ўсё чыста пабрана, і я не змагу, проста не выжыву; анічога ж не засталося, толькі некалькі параскіданых і пашкуматаных кніг. Збіраючы іх, прыплакваючы і ў душы заклікаючы Бога, каб ён кіраваў мною і вёў мяне, куды трэба, я раптам знайшоў лісток, напісаны яшчэ пустэльнікам, -- у ім было:
«Дарагі Сімпліцы, калі ты знойдзеш гэтае пісямко, сыходзь адразу з лесу і ратуй сябе і святара з паўсталай бяды; бо ён зрабіў мне шмат добрага. А Гасподзь Бог, Якога ты павінен увесь час мець перад вачыма і Якому рупліва маліцца мусіш, прывядзе цябе ў такое месца, дзе табе будзе добра. Толькі ж май Яго перад вачыма, толькі ж старайся смлужыць Яму так, быццам я яшчэ з табою ў лесе. Думай бесперастанку пра мае апошнія словы, і ты выстаіш.
Vale*”.
Я пацалаваў гэтае пісьмо і магілу пустэльніка мо тысячу разоў і без доўгіх збораў выправіўся ў дарогу шукаць людзей; ішоў два дні па гасцінцы, і дзе заставала мяне ноч, там я шукаў дуплістага дрэва, каб мець прытулак; еў букавіцы, якія збіраў па дарозе. А трэцяга дня апынуўся непадалёк ад Гэльнхаўзэна на даволі роўным полі; і там я меў ужо проста вясельную гасціну, бо на полі было многа снапоў, сяляне, якіх рассеялі пасля славутай бітвы пад Нёрдлінгенам, на маё шчасце, не паспелі іх прыбраць. У снапах я ўладзіўся нанач, бо ўжо было страшна холадна, павячэраў нацёртай у далонях пшаніцай – прысмакі, а не ежа, царскія лагодкі, даўно нічога такога ў роце не было.
* Бывай (лац.).
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
Сімпліцы ізноў, другім разам, як і раней, здаецца ўсім блазнам
Развіднела; я падсілкаваўся пшаніцай і рушыў да Гэльнхаўзэна; гарадскія брамы, некаторыя абгарэлыя, некаторыя ўмацаваныя, былі адчынены. Я ўвайшоў, але не ўбачыў ні душы; больш таго, на вуліцах сюд-туд ляжалі трупы, многія раздзетыя да бялізны. Страшнае відовішча – гэтая карціна, кожны можа ўявіць сабе; мая прастадушнасць не магла падказаць мне, якое такое няшчасце магло прывесці горад да такога стану. Але неўзабаве я даведаўся, што імперцы знянацку напалі тут на веймарцаў і вось так крута з імі абышліся. Я зайшоў у горад, як два разы шпурнуць каменем, а ўжо нагледзеўся ўсяго па горла; тады я зноў вярнуўся назад, прайшоў нейкую лугавіну і выйшаў на дарогу, якая вывела мяне да цудоўнай крэпасці Ханаў. Убачыўшы яе першую варту, я хацеў тут жа павярнуць назад; але згледзелі і мяне, два мушкецёры дагналі, схапілі і завялі ў свой cоrps de garde*.
Тут я мушу збольшага расказаць чытачу пра свой тагачасны вонкавы выгляд, перш чым пачынацца пра тое, што і як было ў мяне далей. Вопратка на мне і ўсе рухі былі вельмі нязвыклыя і дзіўныя, губернатар нават загадаў намаляваць з мяне партрэт. Найперш: валасы за тры з паловай гады не стрыгліся ні па-грэцку, ні па-нямецку, ні па-французску, не часаліся, не завіваліся, а тырчалі космамі ва ўсе бакі; запарушаныя шматгадовым пылам замест пудры ці валасянога парашку, як гэта бывае ў блазнаў, яны так маляўніча ўклаліся на галаве, што мой бледна-жоўты тварык выглядваў з-пад іх, як растапыраная сава, калі мерыцца дзяўбці мыш, альбо калі высочвае яе. А як што я хадзіў з голай галавой, мае валасы былі ад прыроды кучаравыя, ну, дык жывы турка ў турбане. Астатняя вопратка выдатна пасавала да галоўнай акрасы; на мне быў пустэльнікаў каптан, калі б нехта зарызыкаваў назваць яго каптаном, бо зыходны матэрыял, з якога ён быў пашыты, цалкам вычарпаў сябе і ад яго не засталося нічога, апроч, бадай што, формы, якая, залатаная тысячай латак ўсялякага колеру і фарбы, падшываная, цыраваная-перацыраваная, гафтаваная і фастрыгаваная, усё яшчэ заставалася формай і прэтэндавала на нейкі фасон каптана. На гэтым заношаным і шматкроць рэстаўраваным каптане я яшчэ насіў безрукавую кашулю-лёлю, замест пальта ці плашча, бо рукавы мне якраз надаліся на неблагія панчохі, і таму я іх паабцінаў; а само цела было ззаду і спераду аперазана жалезнымі ланцугамі, крыж-накрыж, як гэта ў намаляванага св. Вільгельма альбо як усё роўна ў тых, каго захапілі ў палон басурманы, і тыя пасля жабравалі па краіне. Чаравікі мае былі выразаны з дрэва, валокі-подвязкі – з ліпавага лыка, а самыя ногі былі чырвоныя, бы печаны рак, нібы на іх былі панчохі гішпанскага цялеснага колеру, альбо калі б я нашмараваў іх фарнамбукам. Мне здавалася, што калі б мяне тады падабраў які-небудзь прахадзімец, рыначны шарлатан ці валацуга і выдаваў за самаеда або за грэндландца, думаю, вялікія грошы меў бы – не адзін дурань прасадзіў бы свае крэйцэры, каб пабачыць такое дзіва. І хоць любы разумны чалавек па адным змардаваным і згаладалым выглядзе і заношаных трантах мог бы лёгка здагадацца, што ні ад якога гаспадара я не ўцякаў, ні ад якой гаспадыні, ні з двара вяльможнага пана, тым не менш мяне ўзялі пад варту. Жаўнеры лупілі на мяне вочы, а я з такім самым подзівам разглядваў блазенскі ўбор іхняга афіцэра, якому я адказваў на яго пытанні. Я не ведаў, хто гэта быў -- ён ці яна, бо афіцэр насіў валасы і вусы па-французску, абапал галавы спадалі дзве доўгія касы, як конскія хвасты, а вус быў так падстрыжаны і закручаны, што паміж ротам і носам засталіся лічаныя кароткія валаскі, вялікія вочы трэба мець, каб разгледзець, не тое што палічыць. У не меншы сумнеў наконт яго полу прыводзілі яго шырозныя штаны, больш падобныя на спадніцу, чым на пару мужчынскіх калашын. Я нават быў падумаў сабе: “Калі гэта мужчына, дык у яго павінны быць барада як барада, вусы як вусы, а гэты індык не такі малады, як з сябе строіць. Калі ж ён баба, дык чаму ў старое шлюхі столькі шчэцця на мордзе? Пэўна, усё-такі баба, бо прыстойнага мужчыны барада ніколі не будзе, як здрасаваная пожня, нават казлы і тыя ад сораму не ступілі б у чужое стада, калі б ім так уцялі бароды”. Я ўсё стаяў у паняверцы і не ведаў, якая цяпер мода, і нарэшце рашыў лічыць яго разам і за мужыка і за бабу.
Гэтая мужыкаватая баба ці бабісты мужык загадаў абшукаць мяне, але пры мне нічога не знайшлі, апрача кніжкі з бяросты, у якую я запісаў свае дзённыя малітвы і куды паклаў тую цыдулку, якую, як пра тое расказана ў папярэднім раздзеле, пакінуў мне на развітанне мой пабожны пустэльнік. Кніжку афіцэр адабраў; мне не хацелася страціць яе, і я ўкленчыў перад ім, абхапіў яго за калені і сказаў: “Ах, мой мілы гермафрадыт, пакінь мне мой малітоўнічак!” – “Ашавурак дурны, -- адказаў ён, -- які чорт сказаў табе, што мяне завуць Герман?” – і загадаў двум жаўнерам звесці мяне да губернатара, даў ім з сабою і памянёную кніжку, бо то ж сам гэты задавасты кавалер, як я заўважыў, не ўмеў ні чытаць, ні пісаць.
І мяне павялі ў горад, і ўсе збягаліся падзівіцца, быццам сюды прывялі напаказ марское страшыдла; і кожны пнуўся лепш разгледзець дзівосіну, і кожны бачыў ува мне тое, што хацеў бачыць. Адны прымалі мяне за шпіёна, другія за вар’ята, шаленца, а тыя зноў жа за дзікага чалавека, а ўжо аж тыя за духа, за здань ці яшчэ за якое дзіва, якое павінна стацца нейкай таямнічай азнакай ці тое неба, ці пекла. Былі і такія, што лічылі мяне блазнюком, юродам, яны, бадай, былі б найбліжэй да праўды, калі б я не ведаў мілага Госпада Бога.
* Каравульнае памяшканне, гаўптвахта (фр.).
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ
Сімпліцы вядуць на адсідку ў турму, але нечакана пашыхавала яму
Калі мяне прывялі да губернатара, ён спытаўся, хто я такі, чыў я буду і адкуль іду. Я адказаў, што не ведаю. Тады ён будзе пытацца далей: “А куды ты ідзеш?” А я адказваю: “Не ведаю”. – “Што ж, у халеры, ты ведаеш? – пытаецца ён далей. – Чым жа ты займаешся?” А я зноў, як і раней, адказваю, што не ведаю. Ён пытаецца: “Дзе твой дом?”, і калі я зноў сказаў, што не ведаю, той аж з твару сышоў, ці тое ад злосці, ці ад здзіўлення. А як што кожны стараецца западозрыць благі намер, асабліва калі паблізу вораг, які, як я ўжо далажыў, мінулае ночы захапіў Гэльнхаўзэн і паглуміў там цэлы драгунскі полк, ён прыняў бок тых, якія лічылі мяне перш за ўсё здраднікам ці віжам, варожым выведнікам, і загадаў абшукаць мяне. Калі ён даведаўся ад жаўнераў варты, якія прывялі мяне да яго, што гэта ўжо зроблена і нічога пры мне не знойдзена, акрамя кніжачкі, якую яны яму тут жа і перадалі, той прачытаў некалькі радкоў і спытаўся ў мяне, хто мне даў гэтую кніжачку. Я сказаў, ўто ад самага пачатку гэтая кніжачка мая, бо я сам зрабіў яе і сам напісаў у яе. Ён спытаўся: “А чаму менавіта на бяросце?” Я адказаў: “Бо з іншых дрэў кара непрыдатная”. –“Ты, хамуйла, малаціла засцянковае, -- сказаў ён, -- я пытаюся, чаму ты не пісаў на паперы?” – “Ай, -- кажу я, -- у лесе ў нас яе не было”. Губернатар спытаўся: “Дзе? У якім лесе?” Я зноў адказаў ранейшым манерам, што не ведаю.
Тады губернатар павярнуўся да сваіх афіцэраў, якія чакалі яго, і сказаў: “Альбо гэта круты прахадзімец, альбо галган ненабструганы і поўны дурань. Але зноў жа які з яго дурань, калі ўмее пісаць”. І, гаворачы так, гартае маю кніжачку, каб паказаць ім маё пісанне, і тут жа з яе выпадае пустэльнікаў цэтлік. Падымае; я збялеў, бо гэта ж быў мой самы вялікі скарб і святыня, і губернатар, відаць, узяў гэта пад увагу і яшчэ больш западозрыў здраду, асабліва калі разгарнуў цэтлік і прачытаў; тады ён сказаў: “Я пазнаю гэтую руку і ведаю, што тут напісана адным маім добра знаёмым афіцэрам; але не магу ўспомніць якім”. І сам змест цэтліка падаўся яму вельмі дзіўным і незразумелым; ён сказаў: “Гэта несумненна тайная мова, якое ніхто не разумее, акрамя тых, з кім умоўлена”. А ў мяне ён папытаўся, як мяне завуць, і калі я адказаў: “Сімпліцы”, ён сказаў: “Так, так, і ты той самай кароўкі ягнятка! Прэч, прэч, накіньце яму кайданы на рукі і ногі, каб можна было выдабыць з шалапута яшчэ што-небудзь”. І абодва мае памянёныя жаўнеры павандравалі са мною да новага жытла ці правільней, да турмы і перадаверылі мяне там турэмнаму наглядчыку, які, выконваючы загад, у дадатак да нацельных ланцугоў яшчэ больш абчапіў мяне жалезнымі ковамі і ланцугамі, па руках і нагах, нібыта і без таго на мне было мала жалеза.
Такі пачатак гасціннасці быў якраз толькі пачатак, бо да мяне прыйшлі кат і турэмнікі-дапытнікі з жудаснымі тартурнымі прыладамі, якія, нягледзячы на тое, што я суцяшаў сябе сваёй невінаватасцю, зрабілі мой гаротны стан проста жахлівым. “О Божа, -- сказаў я сабе, -- так мне і трэба! Сімпліцы ўцёк ад службы Богу і пайшоў у белы свет, каб гэты выкідзень хрысціянства прыняў сваю справядлівую адплату, на якую заслужыўся сваёй легкадумнасцю. О няшчасны Сімпліцы, да чаго давядзе твая няўдзяка? Толькі што Бог прыняў цябе на сваю службу, а ты ўжо ўцякаеш і паказваеш яму спіну! Ці ж бо ты не еў бы ўдосыць жалудоў і бобу, як еў раней, калі б вытрываў на службе ў Творцы? Ці ж бо ты не ведаў, што твой добры пустэльнік і настаўнік збег ад марнасці свету і ці ж бо не выбраў ён сабе дзікую лясную гушчэчу? Ах ты, аслеплая доўбня! Ты пакінуў самоту ў марным спадзяванні задаволіць сваю пахібную прагу пабачыць свету. Дык вось цяпер дзівіся, думаючы, што наталяеш свае вочы; ты будзеш круціцца і марнавацца ў гэтым небяспечным вар’яцтве. Ці ж бо ты, дурны пахолак, не мог сабе ўявіць, што твой дабрашчасны папярэднік не аддаў бы ўсіх радасцяў свету за тое суровае жыццй, якое ён вёў у пустэльні, каб спадзяваўся знайсці ў свеце сапраўдны мір, ціхі спакой і вечнае шчасце? Ты, гаротны Сімпліцы, цяпер памкніся, прымі належную плату за свае плыткія подумкі і за непраглядную дурасць! Не след табе наракаць на крыўду, не можаш суцяшацца бязвіннасцю, бо ты ж сам страмотыч ляцеў насустрач сваім катам і сваёй смерці, ты сам на сябе наклікаў няшчасце”.
Так я сам сябе вінаваціў, прасіў у Бога даравання і даручаў яму сваю душу. Так мы падышлі да вежы і вось – калі патрэба найвышша, божая помач найбліжша! Бо калі ўжо я стаяў, акружаны вартай і тлумам народу, каля турмы, той самы мой добры святар, чыя вёска нядаўна была сплюндрана і спалена, якраз і ўбачыў, што тут рабілася, бо ён тым часам таксама сядзеў пад арыштам у вязніцы. Выглянуўшы ў акно і ўбачыўшы мяне, ён крыкнуў: “О Сімпліцы, няўжо гэта ты?” Пачуўшы і ўбачыўшы яго, я ўскінуў да яго абедзве рукі і закрычаў: “О войча! О войча! О войча!” А ён спытаўся, што я нарабіў. Я адказаў, што, далібог, не ведаю, а, мабыць, мяне прывялі сюды таму, што я ўцёк з лесу. Калі ж яму сказалі з натоўпу, што мяне прымаюць за здрадніка і шпіёна, ён папрасіў, каб мяне не чапалі, пакуль ён сам не падасць пану губернатару ліст па маёй справе, у якім ён папрсіць вызваліць з турмы нас абодвух, каб пан губернатар не памыліўся часам з намі, бо то ж ён, святар, ведае мяне лепш, чым хто-небудзь яшчэ.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Сімпліцы мае ад шчадротаў Бога ўсяго-ўсялякага ўдосыць і многа
Яму дазволілі пайсці да губернатара, а праз паўгадзіны паклікалі і мяне, пасадзілі ў чалядніцы, дзе ўжо было двох краўцоў, шавец з чаравікамі, купец з капелюшамі і панчохамі і яшчэ адзін нейкі з усялякай патрэбінай, каб я там хуценька пераапрануўся. З мяне сцягнулі злахманены, цыраваны-перацыраваны, латаны-пералатаны каптан разам з ланцугамі і заношанай кашуляй, каб краўцы знялі правільную мерку. Потым з’явіўся палявы цырульнік з нейкім едкім лугам і пахучым мылам, і як толькі гэты ўжо хацеў быў паказаць на мне свой спрыт, паступіў новы загад, які мяне страшэнна перапалохаў, бо сказана было, каб я зноў надзеў сваё рыззё. Нічога ў тым ліхога не было, як я баяўся, бо прыйшоў нейкі мастак са сваімі прычындаламі: з вохраю, цыноберам – на мае вейкі, -- з індыгавым лакам і лазуркам – на мае каралава-чырвоныя губы, з аўрыпігментам і масікотам – на мае белыя зубы, якімі я ляскатаў з голаду, з сажаю, чорным вугалем і умбраю – на мае залацістыя валасы, з бяліламі – на мае агідныя вочы і яшчэ з рознымі фарбамі – на мой стракаты каптан; а яшчэ ў яго была поўная жменя пэндзлікаў. І пачаў ён мяне аглядаць, патузваць, абмацваць, падмалёўваць, нахіляць галаву то туды, то сюды, каб лепей ацаніць сваю працу над маёй паставай. То ён падправіць вочы, то валасы, то ноздры, а in summa ўсё, што напачатку зрабіў не так, як трэба, пакуль нарэшце не намаляваў прыродны ўзор таго, кім быў Сімпліцы, аж я сам жахнуўся сваёй страшэннай падобы. А там яшчэ над мною пазавіхаўся палявы цырульнік, ён вымыў мне галаву і гадзіны паўтары ўпраўляўся з валасамі; пасля пастрыг па тагачаснай модзе, бо валасоў на мне было аж залішне. Потым пасадзіў мяне ў лазню і вымыў, адшараваў маё худое згаладалае цела ад трох-чатырохгадовага бруду. Як толькі ён скончыў, прынеслі белую кашулю, чаравікі і панчохі, верхняе, капялюш і пёры; штаны таксама былі шыкоўныя, абшытыя галунамі; не хапала толькі камізэлькі, над ёю якраз у вялікім спеху працавалі краўцы. Прыйшоў кухар з лацным кулешыкам і кельнерка з напоем. Так і сядзеў мой Сімпліцы, як маладое графянятка, прыбраны, як цацка. Адважна ўзяўся за ежу, я ж бо не ведаў, што там яшчэ будзе са мною далей, я ж тады нічога не чуў пра апошнюю гасціну асуджаных на кару горлам. Таму гэты цудоўны пачатак так улагодзіў і зрахманіў мяне, што і сказаць не магу, і нахваліцца слоў не стае. Думаю, не было ў маім жыцці дня, каб я адчуваў такую раскошу і асалоду, як тады. Калі ж была гатовая камізэлька, мяне ў яе апранулі, і ў гэтых новых строях я паўстаў перад вачыма пана губернатара, як які дарагі трафей ці як штыкеціна з плота, бо краўцы скроілі і пашылі ўсё крыху велікавата, маючы надзею, што я неўзабаве папраўлюся, і ў гэтай надзеі яны не падмануліся, бо пры добрай страўнасці і здаровым смаку я не забаўлюся дадаць у вазе. Мой лясны ўбор разам з ланцугамі і ўсімі акрасамі здалі ў куншткамеру да іншых рэдкіх рэчаў і ў антыкварыят, а мой партрэт на поўны рост выставілі побач.
Пасля вячэры мой пан – а ім быў я сам – быў пакладзены ў ложак, якога такога другога не было ў мяне ні ў татуся, ні ў пустэльніка; але жывот мой бурчаў і вурчаў цэлую ноч, аж я заснуць не мог, відаць, не з якой там іншай прычыны, як толькі таму, што яшчэ не ведаў, якое яно ёсць дабро, альбо ад подзіву з таго прыемнага і смачнага ежыва, якое яму перапала. Але я не дбаў пра тое, я вылежваўся сабе, аж пакуль сонца не засвяціла, бо было холадна, і я перабіраў у памяці ўсе тыя дзіўныя прыгоды і здарэнні, што даліся мне апошнімі днямі на долю, я думаў, як гэта дарагі мой Бог уладзіў усё так хораша і добра, што прывёў мяне ў такое выгоднае месца.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ
Сімпліцы ўведаў, хто той пустэльнік быў, што яго чытаць і пісаць навучыў
Тае ж раніцы губернатараў гофмайстар загадаў мне, каб я пайшоў да памянёнага святара і даведаўся, пра што гаварыў з ім мой пан. Ён даў мне целаахоўцу, які і правёў мяне, а святар кліча мяне ў свой вучэбны кабінет, садзіць, сядае сам і будзе казаць: “Дарагі Сімпліцы, пустэльнік, у якога ты жыў у лесе, не толькі швагер тутэйшага губернатара, але і быў ягоным памочнікам і найлепшым сябрам на вайне. Як мне ласкава расказаў губернатар, не бракавала яму ў маладосці ні гераічнай салдацкай адвагі, ні пабожнасці, ні Божае чты, як гэта звычаіцца ў мніхаў, хоць абедзве гэтыя цноты рэдка страчаюцца разам. Яго духоўны змысел і сумніўныя спатканні стрымалі ўрэшце поступ яго свецкай дабрашчаснасці, аж ён зрокся свайго шляхецтва і пагардзіў значнымі маёнткамі ў Шатландыі, дзе нарадзіўся, бо свецкае жыццё яму збрыдзела, падалося нясмачным, марным і абрыды вартым. Ён спадзяваўся, адным словам, сваю свецкую высокасць замяніць будучай яшчэ лепшай славай, бо яго высокі дух гідзіўся ўсякай часавай пышнасці і ўсе ягоныя фантазіі і высілкі былі скіраваны толькі на такое нікчэмнае і гаротнае жыццё, у якім ты і застаў яго ў лесе і нішчымніўся з ім да самай яго смерці. На маю думку, ён начытаўся папісцкіх кніг пра жыццё старых эрэмітаў альбо збегам розных неспрыяльных акалічнасцяў быў даведзены да гаротнага стану..
Не хачу ўтоіць ад цябе і таго, як ён у Шпэсэрце па сваёй волі прыйшоў да такога бядотнага пустэльніцкага жыцця, каб у будучым ты мог расказаць пра гэта іншым людзям. Другое ночы пасля таго, як была прайграна крывавая бітва пад Хёхстам, ён адзін прыйшоў у маю плябанію, калі я з жонкай і дзецьмі толькі што ўсталі, пад раніцу ўжо, бо ад шуму і гвалту ва ўсім наваколлі, які звычайна ў такім выпадку падымаюць і ўцекачы і пераследчыкі, мы не спалі цэлую ўчарашнюю ноч і палавіну мінулай. Спярша ён пастукаўся ціха і прыстойна, потым даволі моцна, аж ускалаціў мяне і ўсю заспаную чэлядз; і калі я на яго наляганні і пасля кароткага апытання, даволі сціплага з абодвух бакоў, адчыніў яму, убачыў кавалерыста, які злазіў з каня. Яго дарагая вопратка была гэтак жа запырскана варожай крывёю, як і аздоблена золатам і срэбрам; і як што ён трымаў у руцэ аголеную шаблю, на мяне напалі страх і жудасць. Калі ён уклаў яе ў похвы і стаўся вельмі ветлівы, я ўжо меў прычыну здзівіцца, што такі станісты пан просіць схову ў простага вясковага святара. Я, з увагі на яго здатную пярсону і багаты выгляд, загаварыў з ім як з самім Мансфэльдам. Але ён сказаў, што зраўняць яго з Мансфэльдам можна сёння не толькі ў іхнім няшчасці, але можна нават даць яму перавагу. За тры рэчы шкадаваў ён: Першае, што згубіў сваю цяжарную жонку, другое – прайграная бітва, і трэцяе, што ён, падобна іншым добрым жаўнерам, не меў шчасця аддаць сваё жыццё за Евангелле. Я хацеў яго суцешыць, але хутка ўбачыў, што ягоная шчырадушнасць не вымагае ніякага суцяшэння; пасля я прапанаваў яму ўсё, чым хата багата, сказаў паслаць яму свежай саломы на жаўнерскі ложак, бо ён упёрся і не хацеў легчы ні на які іншы, хоць я ж бачыў, як яму быў патрэбен добры адпачынак. Першае, што ён зрабіў на раніцу, гэта падарыў мне свайго каня, грошы і, як што меў пры сабе нямала чаго ў золаце, раздаў некалькі каштоўных пярсцёнкаў маёй жонцы і чэлядзі. Я не ведаў, што і падумаць, і не мог высветліць ягоных намераў, бо ж жаўнеры – яны наровяць больш прыхапіць, аніж даць, таму я моцна задумаўся, не адважваючыся прыняць такіх дарункаў, якіх я ўжо аніяк і нічым не заслужыў і не ведаю, як мог бы іх заслужыць; да гэтага дадаў, што, крый бог, убачыць хто ў мяне ці ў маіх такія багацці, асабліва дарагога каня, якога нідзе не схаваеш, як тут жа падумае, што я ўкраў яго або адабраў разбоем. Але ён сказаў, каб гэтым разам я не турбаваўся і жыў сабе спакойна, ён сваёю рукою засцеражэ і аслоніць мяне ад небяспекі сваім пісьмом на гэты конт; больш таго, яму, як сказаў, няма патрэбы насіць у маёй плябаніі нават кашулі, не кажучы пра дарагое ўбранне. І з гэтымі словамі ён адкрыў мне сваё рашэнне стаць пустэльнікам. Я бараніў яго рукамі і нагамі, як толькі мог, бо мне здавалася, што такі намер ідзе ад папства, нагадаў яму, што ён бы лепей паслужыўся Евангеллю сваёй шпагай. Але дарма; ён так доўга і настойліва гаварыў са мною, пакуль я не згадзіўся з ім, нават даў яму тыя кнігі, абразы і сёе-тое з хатніх рэчаў, якія ты бачыў у яго, а ён за ўсё, што мне падараваў, захацеў узяць толькі ваўняную посцілку, на якой тае ночы спаў на саломе; з яе ён дазволіў толькі пашыць яму каптан. Я мусіў таксама аддаць яму ланцуг з воза, які ён увесь час потым насіў на сабе, за залаты ланцуг, на якім ён насіў свой наймілейшы conterfait, і ў яго не засталося ні грошай, ні каштоўнасцяў. Мой пахолак завёў яго ў самае пустэльнае месца ў лесе і дапамог яму там паставіць будан. Як уладзіў ён там сваё жыццё і чым я яму часам памагаў, добра ведаеш сам, бадай, лепш за мяне.
Пасля нядаўняй прайгранай бітвы пад Нёрдлінгенам, калі, як ты памятаеш, мяне зрабавалі, сплюндрылі і моцна пакалечылі, я ўцёк сюды ў бяспеку, бо і без таго тут хаваў сваё што лепшае. І вось калі ў мяне выйшлі ўсе грошы, я ўзяў тры пярсцёнкі і памянёны залаты ланцуг з падвескам (conterfait), якія я атрымаў ад твайго пустэльніка, сярод якіх быў і гербавы пярсцёнак-пячатка, і занёс усё гэта да жыда памяняць на срэбра; а той з увагі на каштоўнасць і дарагі выраб занёс купіць гэта губернатару, які адразу пазнаў герб і conterfait, паслаў па мяне і спытаўся, дзе я ўзяў гэтыя кляйноды. Я расказаў яму чыстую праўду, паказаў пустэльнікаў ліст і расказаў, як усё там было, як ён жыў у лесе, як памёр. Але губернатар не хацеў верыць, а ўзяў мяне пад арышт, пакуль не ўведае ўсёй праўды, і вось калі ён сабраўся паслаць гуф* узяць сведку з жытла пустэльніка і прывесці сюды, я бачу раптам, як цябе вядуць у турму. Як што цяпер у губернатара няма ніякіх прычын сумнявацца ў тым, што я расказаў, што я правільна паказаў на месца, дзе жыў пустэльнік, item на цябе і іншых жывых сведкаў, асабліва на майго пахолка, які часта ўпускаў цябе і яго на досвітку ў кірху, а таксама цыдулка, знойдзеная ў тваім малітоўніку, пацвярджае не толькі праўду, але і ёсць выдатным сведчаннем за святасць памерлага пустэльніка, губернатар хоча табе і мне ў памяць пра свайго нябожчыка швагра дапамагчы, як зможа, усім добрым. Ты павінен цяпер толькі вырашыць, чаго ты хочаш, і ён табе зробіць. Хочаш вучыцца, дасць на гэта сродкі; заахвоцішся да рамяства, дапаможа навучыцца, захочаш застацца пры ім, будзе глядзець цябе, як роднае дзіця, бо сказаў, што калі б нават да яго прыцёгся сабака памерлага швагра, і таго прыняў бы”.
Я адказаў, што мне ўсё адно; як пан губернатар абыдзецца са мною, так хай і будзе, мне ўсё прыемна, і ўсё буду любіць, і ўсё прыму з падзякай.
* Конны атрад (стар. бел.).
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
Сімпліцы робіцца пажам у пана, а ў пустэльніка жонка прапала
Святар затрымаў мяне да дзесятай гадзіны, перш чым пайшоў са мною сказаць таму пра маё рашэнне і як што той заўсёды ставіў дадатковы прыбор, каб пабыць госцем за ягоным сталом. З прычыны таго, што Ханаў быў у аблозе, а ў ліхую часіну простаму чалавеку была чыстая бяда, дык ні тыя, што за нешта сядзелі ў крэпасці, ані тыя, асобныя людзі, якія не дай бог што пра сябе думалі, што-та яны, зусім не грэбавалі замерзлымі рэпавымі лупінамі, выкіданымі багатымі на вуліцу. Святару пашанцавала сесці побач з губернатарам за сталом, а я слугаваў яму з міскай у руцэ, як навучыў мяне рабіць гофмайстар; пасавала мне гэта, як аслу гульня ў варцабы альбо свінні баявая труба. Святар дапоўніў сваім языком усё, у чым хібіў я ад нязграбнасці. Ён сказаў, што я гадаваўся ў пустэльні, ніколі не жыў з людзьмі, а таму мне можна перапусціць, бо я ж і не мог ведаць, як мне след паводзіцца; мая вернасць пустэльніку і суровае жыццё, перанесенае з ім, вартыя подзіву, і ўжо аднаго гэтага даволі, каб сцярпець не тролькі маю няўклюднасць, але і вылучыць мяне спасярод самых выхаваных шляхецкіх хлопчыкаў. Далей ён расказаў, што я быў адзінай радасцю і ўцехай пустэльніку, які адорваў мяне сваім найбольшым упадабаннем, бо я, як ён часта казаў, так падобны з твару на яго любасную жонку; аж сам пустэльнік часта дзіву даваўся з маёй вернасці і нязменнай волі заставацца з ім і яшчэ з многіх даброцяў, якія ён ува мне цаніў і хваліў. In summa, цяжка перадаць словамі, з якім сур’ёзным запалам ён незадоўга да сваёй смерці даручаў мяне яму, святару, і як прызнаўся, што любіць мяне, нібы роднае дзіця.
Гэта так прыемна лесціла і казытала мне вушы, што я быў падумаў, быццам мне ўжо дастаткова выпала ўцехі за ўсё, што я перацерпеў у пустэльніка. Губернатар спытаўся, ці не ведаў яго памерлы швагер, што ён, губернатар, тады якраз камандаваў у Ханаў. “Вядома, -- адказаў святар, -- я сам яму пра гэта казаў. Але ён слухаў мяне з радасным прасветленым тварам і рахманай усмешкай досыць холадна, нібыта ніколі не чуў і не ведаў пра ніякага Рамсэя, аж яшчэ быў сабе падумаў – дзіўная самастойнасць і цвёрдасць у гэтага чалавека, калі ён з такім лёгкім сэрцам не толькі адцураўся свету, але і свайго найлепшага сябра, які быў паблізу, ці не збіўся ён з тропу”. Губернатару, у якога было зусім не мяккае жаночае сэрца, а які быў адважны гераічны жаўнер, слёзы набеглі на вочы. Ён сказаў: “Калі б я ведаў, што ён жывы і дзе яго можна знайсці, дык нават супроць яго волі я загадаў бы даставіць яго сюды, каб аддзячыць яму за ягоныя добрыя дзеі; але як жа адвярнулася ад мяне шчасце, калі я, замест каб яму, мушу дабразычыць ягонаму Сімпліцыю і адгаджаць пасля ягонай смерці такім вось чынам. Ах! – сказаў ён далей. – Наш добры кавалерыст меў усе падставы бедаваць па сваёй цяжарнай жонцы, бо няшчасная была пераследавана атрадам імператарскіх райтараў і ўзятая ў палон у Шпэсэрце. Калі я пра гэта даведаўся і яшчэ, што быццам мой швагер загінуў пад Хёхстам, я адразу выслаў да непрыяцеля выведніка распытацца пра маю сястру, каб выбавіць яе з палону, але нічога гэтым не патрафіў, апрача як толькі дазнаўся, што памянёны атрад райтараў быў у Шпэсэрце рассеяны і што акурат у тым баі мая сястра прапала, так што я дагэтуль не ведаю, куды яна падзелася”.
Пра гэта ўсё такое якраз і гутарылі за сталом губернатар са святаром, пра майго пустэльніка і ягоную каханую, якіх, мілае сямейнае пары, было так шчыра шкада, бо пажылі яны разам усяго, можа, з які год. Я стаў губернатаравым пажам, такім хлопчыкам, якога людзі, асабліва сяляне, калі я пра іх дакладваў майму пану, ужо называлі панічом, пане хлопча! Казалі – бо ж яно рэдка калі можна ўбачыць хлопчыка, які ўжо быў бы панам, затое колькі хоч паноў, якія колісь былі хлопчыкамі.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
Сімпліцы за няверства людзей дакарае і за балвахвалства з іх спаганяе
На той час у мяне не было нічога каштоўнейшага за чыстае сумленне і шчырую пабожнасць, авінутую высакароднай нявіннасцю і прастатой. Пра грэх я ведаў толькі тое, што чуў і чытаў пра яго, і калі я бачыў, як хто сапраўды грашыў, было гэта мне страшэнным і неверагодным злачынствам, бо я быў выхаваны і прывучаны заўсёды і ва ўсім бачыць прысутнасць Бога і жыць сур’ёзна, выконваючы яго святую волю; і таму што я гэта ведаў, дык і стараўся асланіць людзей ад грэшных учынкаў. І мне здавалася, што навокал я бачу адну ліхату, жорсткасць і страх. Госпадзе Божа, як здзівіўся я, калі першы раз пабачыў Закон і Евангелле з усімі шчырымі засцярогамі Хрыстовымі, і раптам – бачу творывы людзей, якія выдавалі сябе за Хрыстовых вучняў і паслядоўнікаў! Які жаль! Замест чыстых помыслаў, якія павінны пеставаць шчырыя хрысціяне, бачу марную, агудную, асудную прорву ўсялякага іншага глупства ва ўсіх па-плоцку намысленых свецкіх людзей, я аж сам засумняваўся – а ці хрысціяне перада мною, ці не. Бо добра бачыў і разумеў, што многія ведалі волю Божую, але на самым поўным сур’ёзе сур’ёзна яе не выконвалі – і я гэта бачыў на свае вочы.
І ў галаве маёй закруціліся тысячы розных пахібаў і дзіўных супярэчлівых думак, я нават пачаў упадаць у заганную нязгоду з наказам Хрыста, які кажа: “Не судзеце, каб і вас не судзілі”. Затое да сэрца прыпалі Паўлавы словы, напісаныя галатам у пятым раздзеле: “Дзеці плоці вядомыя; вось яны: пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства, ідаласлужэнне, чарадзейства, варожасць, свары, зайздрасць, гнеў, звады, раздоры, змусты, ерасі, нянавісць, забойствы, п’янства, закалоты і іншае такое; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўспадкуюць”. І я думаў: “Але ж гэта робяць усе адкрыта; чаму ж тады я таксама не магу з адкрытым сэрцам заключыць, са слоў апостала, што не кожны будзе ўратаваны”.
Побач з пыхай і прагнасцю, разам з іх нязбытнымі вынікамі ў заможных штодзённай управай былі абжорства, п’янства, прастытуцыя і дзяўчурства; мне здавалася, аднак, найжахлівейшым, што многія, асабліва хлопцы-жаўнеры, сярод якіх грэх караецца не вельмі сурова, толькі кпілі са сваёй бязбожнасці і святой Божай волі – і нішто ім, хадзілі ў героях, Напрыклад, аднаго разу я чуў пералюбніка, які яшчэ і хваліўся, яшчэ і задаваўся, яшчэ і сказаў такія словы: “Цярпліваму раганосцу дастаткова, што з мае ласкі мае пару рагоў, і калі сказаць па праўдзе, дык наставіў я іх больш таму мужу на злосць, чым з ласкі да ягонай жонкі, так, каб насаліць яму”. – “О, якая ўбогая помста! – адказаў яму нейкі пачцівец, які стаяў побач. – Гэтым самым чалавек пэцкае сваё сумленне і здабывае ганебнае імя чужаложніка!” – “Чужаложніка? – адказаў той, здзекліва зарагатаўшы. – Не такі ўжо я і чужаложнік, калі ўзяў сабе крыху чужога. Чужаложнікі тыя, пра каго кажа шостая запаведзь, што ніхто не павінен уваходзіць у чужы сад і рваць вішні, а толькі сам гаспадар саду”. І каб гэта было зразумела, тут жа працытаваў са свайго сатанінскага тастаманта сёмую запаведзь, якая падмацоўвае першую думку, абвяшчаючы: “Не крадзь etc.”. Такіх слоў нагаварыў ён шмат, аж я ўздыхнуў і падумаў сабе: “О, боганенавісны грэшнік, ты сам сябе называеш чужаложнікам, а добрага Бога спакушальнікам шлюбу, бо муж і жонка сваёй смерцю ўсё ж разлучаюцца”. – “Табе не здаецца, -- сказаў я ад лішняй жарсці і прыкрасці, а ён быў афіцэр, -- што гэтымі бязбожнымі словамі грэшыш больш, чым самым чужаложствам?” А ён адказаў: “Заткніся, гаўнюк, калі не хочаш па мордзе!” Думаю, што “хачу – не хачу”, а надаваў бы, калі б не баяўся майго пана. Я замоўк, але потым колькі разоў бачыў, што зусім не так рэдка бывала, як нежанатыя ляпіліся вачыма да замужніх, а замужнія да нежанатых і ахвотна папускалі лейцы сваім пажадам.
Яшчэ калі я ў свайго пустэльніка вучыўся шукаць дарогі да жыцця вечнага, здзіўляўся, чаму Бог забараніў свайму народу пад пагрозай страшных караў усялякае балвахвалства; бо я думаў, што калі хто хоць адзін раз спазнаў ісцінага вечнага Бога, той ужо ніколі не павернецца да іншага і не будзе яму маліцца, і забраў сабе ў дурную галаву, што гэтая запаведзь непатрэбная, лішняя. Але, на жаль, я быў дурны і не ведаў, што думаў; бо як толькі выправіўся ў свет, адразу заўважыў, што, нягледзячы на гэтую запаведзь, амаль кожны свецкі чалавек меў свайго адмысловага пабочнага бога, некаторыя нават больш чым у старых і новых язычнікаў і паганаў. У некаторых былі свае багі ў скрынках, на якія яны пакладалі ўсю сваю ўцеху і надзею; другі каторы меў яго пры двары, дзе ён агінаўся і ашываўся, а сам быў, зрэшты, толькі фаварытам, а часта проста распусным гультаём і трутнем, большым за свайго мольбіта, бо ўсё ягонае эфірнае божышча абапіралася на пераменлівую ласку прынца, як на красавіцкую пагоду. Зноў жа іншыя мелі свайго бога ў рэпутацыі і свецкім бляску і ўяўлялі сабе, што варта ім толькі падтрымаць такіх самых, як і яны стануць паўбагамі. Яшчэ іншыя насілі сваіх багоў у галаве, а менавіта тыя, якім сапраўдны Бог даў здаровы розум і кемнасць, і яны мелі задаткі адзіна да мастацтваў і навук. Гэтыя адсоўвалі ўбок добрага даўцу і больш налягалі на дары ў надзеі, што ён абдорыць іх мілатою сваёю. Былі яшчэ многія, у якіх за бога быў іхні жывот, якому яны штодня прыносілі ахвяры, як калісьці ў дачассі язычнікі ахвяравалі Бахусу і Цэрэры; і калі такі бог не вельмі спрыяў альбо ўточвалася яшчэ якая чалавечая ліхата, дык бедныя людзі рабілі сабе бога з доктара і шукалі жыцця вечнага ў аптэках, адкуль яны, праўда, на самай справе часта з крайнім нецярпеннем і зухваласцю выпраўляліся ў жыццё тамтэйшае. Многія дурні рабілі сабе багіняў з вулічных шлюх; іх яны называлі іншымі імёнамі, маліліся ім дзень і ноч, уздыхалі, спявалі ім песні, у якіх была толькі пахвала ім разам з крыўднай прыніжальнай просьбай, каб гэтыя багіні мелі разам з дурасцю яшчэ і спагаду ў сэрцы і таксама захацелі стаць дурніцамі, як і яны самыя былі дурні.
І, наадварот, былі такія бабы, якія сваю ж прыгажосць ахвяравалі свайму богу. Прыгажосць, лічылі яны, яна мяне ўмацуе. Гэты вось ідал таксама прымаў ахвяры, кожны дзень яго ўслаўлялі і падмазвалі шмінкай, мазямі, парфумамі парашкамі ды іншымі шмараваннямі. Я бачыў людзей, якія трымалі спецыяльныя дамы ў выгодных месцах гэтым сваім багам, бо яны казалі, што пакуль жывуць у іх, з імі шчасце і здароўе, а грошы самі сыпаліся ў вокны, -- і з гэтага глупства я дзіву даваўся, бо бачыў прычыну, чаму ўладальнікі гэтых дамоў мелі такі добры прыбытак. Я ведаў аднаго хлопца, які некалькі гадоў не мог спаць ад захаплення тытунёвым гандлем; замест каб Богу ён аддаў сваё сэрца, розум і думкі тытуню; дні і ночы ён маліўся толькі яму, бо толькі з яго ён і багацеў. А што сталася? Гэты прыдурак памёр і сам растаў, як тытунёвы дым. Я тады падумаў сабе: “О ты, гаротны чалавек, чалавек, што растаў, як нікчэмны дым! Калі б у тваім сэрцы святасць і пачцівасць да сапраўднага Бога была пастаўлена гэтак сама высока, як да ідала, што стаіць на тваім прылаўку ў выглядзе бразільца з рулонам тытуню падпахай і люлькаю ў зубах, я непахісна перакананы, ты заслужыўся б на права насіць цудоўны вяночак у тым свеце”. У другога хлопца былі яшчэ пусцейшыя ідалы, бо калі ў адной кампаніі расказвалі, якім спосабам кожны жывіўся і ратаваўся ў тыя дарагія часы страшэннага голаду, гэты сказаў ясна і проста, па-нямецку, што ягоны бог – слімакі і жабы, і калі б не яны, памёр бы з голаду. Я спытаўся ў яго, кім яму ў той час быў сам Бог, які пасылаў яму на ратунак жыцця такую нечысць; але ёлуп не меў чаго сказаць і здзівіў мяне яшчэ больш, бо я ж яшчэ нідзе не чытаў, што ні старадаўнія балвахвалы егіпцяне, ані няшчасныя амерыканцы не ўзвышалі ў божышчы такую брыдоту, як гэты дурны мэтлах.
Неяк зайшоў я з адным чалавекам у месца з наборам прыгожых рарытэтаў. Сярод карцін мне найбольш спадабалася “Ecce homo” сваёй вельмі далеглівай і літасцівай выявай, якая схіляла ўсіх гледачоў да спагады. Побач вісела папяровая карцінка намаляваная ў Кітаі; на ёй сядзелі кітайскія божышчы ва ўсёй сваёй кітайскай велічы, некаторыя былі намаляваны ў выглядзе д’яблаў. Гаспадар дома спытаўся ў мяне, якая рэч з ягонай куншткамеры ўпадабалася мне найбольш. Я паказаў на “Ecce homo”, але ён сказаў, што я памыляюся; кітайскі малюнак больш рэдкі, а таму і даражэйшы; ён не аддасць кітайцаў за дзесяць такіх “экцэгомаў”. Я адказаў: “Пане, няўжо ваша сэрца – як ваш рот?” Ён сказаў: “Значыцца, Бог у вашым сэрцы гэта той, пра чыё conterfait вашыя вусны сказалі, што ён даражэйшы. Бедачыска ты мой, -- сказаў ён далей, -- я ацэньваю іх рэдкаснасць!” Я адказаў: “Што больш рэдкае і вартае большага подзвігу, як не тое, што сам Сын Божы дзеля нас адпакутаваў, як паказана на гэтай карціне?"
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ
Сімпліцы не можадастасавацца да свету, і свет глядзіць коса на дурасць гэту
І як толькі ж бо такіх ды яшчэ безліч іншых балванаў было ў пашанаванні, так, наадварот, была ў пагардзе сапраўдная Божая веліч; і як не бачыў я нікога, хто прагнуў бы трымацца свайго слова і Божага наказу, так многа бачыў тых, якія яму супярэчылі, працівіліся і сваёй зласлівасцю падбухторвалі мытнікаў, якія ў часы, калі Хрыстос яшчэ хадзіў па зямлі, былі адкрытыя грэшнікі.
Хрыстос кажа: ”Любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавіснікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых; каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ёсць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных. Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці не гэтак тое самае робяць і язычнікі?” Але я не знайшоў нікога, хто прагнуў бы прыняць гэты наказ Хрыста, а кожны рабіў якраз наадварот, проста як усуперак; было вось што: брат брата на вілы падхвата; і нідзе не было столькі зайздрасці, хцівасці, нянавісці, недабрахоці і няласкі, звадаў і раздору, як між братамі, сёстрамі і іншымі блізкімі падлабузнікамі; асабліва калі ім прыпадала дзяліць спадчыну, тады яны грызліся гадамі так зацята, што ў злосці і шаленстве былі горшыя за туркаў і татараў. Ненавідзелі адзін аднаго рамеснікі розных мясцінаў, аж я мусіў зрабіць сабе такую выснову, што адкрытыя грэшнікі, якімі былі публіканцы* і мытнікі, якіх многія ненавідзелі за іхнюю злосць і бязбожнасць, перад намі, сённяшнімі хрысціянамі, з нашай браталюбнасцю былі як усё роўна святыя анёлы; бо нават сам Хрыстос сведчыць за іх, што яны ж яшчэ й любілі. Таму я лічыў, што калі мы не маем ніякай узнагароды за тое, што не любім ворагаў нашых, дык якая ж кара і асуда нам павінна быць угатавана за тое, што мы і сяброў нашых ненавідзім. Там, дзе мела быць вялікая любоў, ласка і вернасць, я знаходзіў вялікую здрадлівасць, самую гвалтоўную нянавісць, здраду, шаленства, варожасць і зацятасць. Многія паны скуру лупілі са сваіх верных слуг і падданых; і, наадварот, многія падданыя падводзілі сваіх пабожных і ласкавых паноў. Няспынную грызню заўважыў я паміж многімі сужэнцамі; той-іншы тыран так патрактуе законную жонку, што горш за сабаку, а тая-іншая (s.v.) курва свайго дабрамыснага мужа мае за дурня і асла. А колькі ссабачаных і сапселых паноў і майстроў ашуквалі сваіх руплівых і пільных слуг і таварышаў, урываючы ў іх заслужаную плату, абкрадваючы іх на ежы і пітве; і гэтак сама колькі нявернай чэлядзі пабачыў я, якая ўводзіла ў траты і шкоду сваіх паблажнікаў-паноў крадзяжом і нядбальствам. Крамнікі і рамеснікі навыперадкі насіліся з жыдамі і ўсякім махлярствам і шахермахерствам выціскалі з небаракі-селяніна салёны пот; а што звыш гэтага – тое ад ліхога.
Усё гэта і тое, што ўбачыў і пачуў, я ўзважыў і цвёрда пастанавіў сабе: гэтыя лайдакі ніякія не хрысціяне, і пашукаў сабе іншай кампаніі.
…Самым жудасным здалося мне, аднак, калі я пачуў некаторых прамоўцаў, якія хваліліся сваёй ліхасцю, грэшнасцю, ганебнасцю і псотамі, бо я чуў у самы розны час і пры розных нагодах, кожны дзень, як яны казалі: “Набраліся мы ўчора, як голыя сракі! Я за дзень тройчы нацвіртаваўся і тройчы збляваў. Халера чортава, як мы добра ўвалілі тым мужыкам! Скула ніцая мне ў задніцу, як добра мы з тымі бабамі-пупарэзніцамі паказыталіся!” Item: “Як даў яму, аж нагамі падла накрыўся. Пальнуў яму – і пайшоў да святых. Я так яго кінуў на дурніцу, што яму й ванцак не паможа. Кульнуў яго, што карак больш не зрасцецца, усе вязы скруціў. Змалаціў суку, аж крывёю рыгаў, юхай мыўся”. Такія і падобныя, ай, нехрысціянскія памоўкі кожан Божы дзень рвалі і тузалі мне вушы, а колькі-колькі я бачыў і чуў, як грашылі імем Госпада Бога, і гэта сапраўды жалю варта. Ваякі найбольш плявузгалі так: “Хадземце, прысянка Богу”** -- і гэта, калі дзерці, адбіраць, забіваць, гвалціць, нападаць, браць у палон, паліць. І чаго толькі яшчэ не было іх страшнай працай. Вось так і ліхвяры і спекулянты рабілі свае каншахты з імем Божым на вуснах, а ўсё гэта здзірства і абіранне ад д’ябальскага хціўства. Я бачыў двух такіх спанатраных зухаў на шыбеніцы; аднае ночы яны пайшлі на крадзеж, і ўжо як прыставілі драбіну і адзін з іх з імем Бога на вуснах паткнуўся нагой, чуйны гаспадар дома ў імя чорта шугануў яго з драбінай уніз, гэты, гупнуўшы, паламаў сабе нагу, а значыцца, быў схоплены і праз некалькі дзён разам са сваім хаўруснікам зашморгнуты вяроўкай. Калі я чуў нешта падобнае, бачыў і абмяркоўваў, як яно было маёй звычкай, спасылаючыся на Святое Пісанне і прыводзячы прыклады, людзі называлі мяне дурнем і фантазёрам, за мае думкі мяне так часта асвіствалі, высмейвалі і бэсцілі, што я нарэшце зняхоціўся і пастанавіў сабе лепш маўчаць, чаго, зрэшты, па сваёй хрысціянскай любові ніяк не мог вытрымаць. Я хацеў, каб кожны быў, як я, выхаваны ў майго пустэльніка, бо лічыў, што тады кожны ўбачыць сутнасць свету вачыма Сімпліцы, як бачыў я. Я не быў такі празорлівы, каб разумець, што і тады ўбачыў бы на свеце не менш брыдоты. Тым часам шчыра ясна, што свецкі, набраны пыхі чалавек, прывыклы да ўсякіх паскудстваў і дурасцяй, і сам у іх ублытаны, менш за ўсё можа адчуваць, на якіх жа ліхіх шляхах ён коўзаецца са сваімі спадарожнікамі.
* Рымскія зборшчыкі падаткаў.
** Беларуская гутарковая бажба (ад польск. przysięga – прысяга)
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ
Сімпліцы пачуў ад простых жаўнераў, як вітацца хрысціянскім манерам
Як толькі я падумаў, што маю падставы сумнявацца, сярод хрысціян я ці не, я пайшоў да святара і выліў яму ўсю сваю маркоту, усё, што чуў і бачыў, а таксама пра тыя свае думкі, што я лічу людзей толькі пакепнікамі з Хрыста і яго слова, а не хрысціянамі. Я папрасіў дапамагчы мне развеяць туман, у якім я жыў, каб ужо добра ведаць, за каго прымаць людзей вакол мяне. Святар адказаў: “Вядома, яны хрысціяне, і я не раю табе называць іх неяк інакш”. – “Божачкі! – сказаў я, -- Як такое можа быць? Бо калі я катораму ўказваю на яго памылку, якую ён робіць супраць Бога, і з самым добрым намерам папраўляю яго, з мяне кпяць і смяюцца”. – “А не здзіўляйся з таго, -- адказаў святар, -- я думаю, калі б нашы першыя пабожныя хрысціяне, якія жылі ў часы Хрыста, нават самі апосталы цяпер паўсталі і пайшлі ў свет, яны задалі б тваё пытанне і іх гэтак сама, як і цябе, усе лічылі б дурнямі. Усё, што ты дагэтуль пачуў і ўбачыў, гэта будзёншчына і дзіцячая забаўка ў параўнанні з тым, што тайна і яўна з поўным гвалтам чыніцца ў свеце супроць Бога і людзей. Але хай цябе гэта не пераймае; ты мала знойдзеш такіх хрысціян, як нябожчык пан Самуэль”.
Пакуль мы вось так сабе гутарылі, аж – вядуць па плошчы некалькі палонных, і гэта перапыніла нашу гутарку, бо нам абодвум хацелася паглядзець. І тут я пачуў такую бязглуздзіцу, якое і сасніць не мог. Гэта была новая мода вітацца і апытвацца; і вось адзін наш з гарнізона, які раней служыў у імператара, пазнае аднаго палоннага; ён падыходзіць да яго, падае яму руку, паціскае руку таму з радасцю і шчырым сэрцам і кажа: “Каб цябе пярун разнёс, ты ўсё яшчэ жывы, старое пудзіла? Чорт вазьмі, халеры на цябе няма, гэта ж трэба так сустрэцца! Я, каб мяне гром пабіў, даўно думаў, што цябе павесілі”. На гэта палонны адказвае: “Чорта лысага, браце, -- але ты гэта ці не ты? Каб цябе кадук за каўдун ушчаміў, як гэта ты ўшчаміўся сюды? Колькі жыву, не думаў, што зноў цябе пабачу, я ўжо быў падумаў, ванцак цябе задраў рагаты ці халера якая ўвалакла.” А калі яны разыходзіліся, сказалі адзін аднаму замест “барані цябе Божа": “Ну, у шворку, у шворку, можа, заўтрага пабачымся, а там-та ўжо наліжамся і пабавімся ўсмак!”
“Якое ж гэта прыгожае, богаспадобнае вітанне? – сказаў я святару. – Гэта што, цудоўныя хрысціянскія пажаданні? Хіба няма ў іх якіх іншых прыстойных намераў на заўтрае? Хто прызнае іх хрысціянамі, хто іх будзе слухаць без здзіўлення? Калі яны адзін з адным гавораць так з хрысціянскай любоўю, як жа тады яно будзе, калі пасварацца? Пане святару, калі гэтыя ягняткі – хрысціяне, а вы іх пастаўлены пастыр, дык вам належыць пасвіць на лепшым выгане”. – “Так, -- адказаў святар, -- мілае дзіця, у бязбожных жаўнераў усё так, ахіні іх літасцю, Госпадзе! Калі я што-небудзь ім казаў, дык гэта было так, нібы я прапаведаваў гнілым дубам, і я не меў з таго нічога, апрача небяспечнай нянавісці гэтых бязбожных дзецюкоў”.
Я здзівіўся, пагутарыў яшчэ крыху са святаром і пайшоў служыць губернатару, бо ў мяне быў пэўны дазволены час, каб выбрацца ў горад, схадзіць да святара; мой пан пацяшаўся з маёй прастадушнасці і лічыў, што я паразумнею, калі пахаджу па горадзе, падзіўлюся, паслухаю, павучуся ў людзей, ці, як той казаў, абатруся-абгаблююся.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ
Сімпліцы за адным свістам і махам увесь гандаль разам забабахаў
Панава ласка да мяне набірала пяшчоты штодня, і чым далей, тым яе большала, бо я не толькі быў падобны на яго сястру, пустэльнікаву жонку, але чым далей, тым больш і на яго самога, бо добрая ежа і гультайства неўзабаве агладзілі мяне і далі добры выгляд. Гэтай ласкай я цешыўся ў кожнага, хто меў хоць якія стсункі з губернатарам, кожны стараўся выказаць сваю прыхільнасць і мне; асабліва ж туліўся і цёпла гарнуўся сакратар, які вучыў мяне лічыць і часта міла пацяшаўся з маёй наіўнай прастадушнасці і неабазнанасці. Ён якраз закончыў школу і яшчэ не адвык ад вучнёўскіх выбрыкаў і жартаў, таму часцей ягоныя пацехі выглядалі так, быццам яму не хапала клёпкі ў бочцы. Ён даказваў мне, што чорнае гэта белае, а белае – чорнае, а таму так яно выйшла, што я спачатку верыў яму, што б ён ні казаў, а ў канцы не верыў зусім. Аднаго разу я ўпікнуў яго за выпацканую чарніліцу, але ён спакойна адказаў, што яна ў яго самая лепшая рэч у канцылярыі, бо з яе ён дастае ўсё, чаго душа прагне: цудоўныя дукаты, вопратку, а ўвогуле ўсё, што мае на сабе і ў сабе і што хоча, вывуджвае з чарніліцы. Я вушам не верыў, што з такой нікчэмнай рэчы можна дастаць усё самае цудоўнае; наадварот, сказаў ён, такую сілу мае spiritus papyri (так ён называў атрамант – чарніла), таму чарніліцу – каламар – можна называць горшчыкам, не, не горш-чыкам, а лепш-чыкам, бо лепяцца ў ёй лепшыя рэчы нязгорш чым дзе яшчэ. Я спытаўся, як жа іх дастаць адтуль, калі ў яе нават два пальцы не ўсунеш. А ён толькі рагоча і будзе казаць, што мае руку ў галаве, якой гэта – не задача; ён нават спадзяецца, што бліжэйшым часам вывудзіць прыгожую багатую дзеўку, а калі пашанцуе, дык, думае яшчэ, і зямліцы з людзьмі, што зусім не такое ўжо дзіва, бо раней колькі хоч такога дабра бывала. Я зноў дзіву даўся з такога ўмельства і спытаў, ці многа яшчэ людзей, здатных на такія штукі, ці хоць якія змогуць зразумець яго. “Вядома, -- кажа ён, -- усе канцлеры, дактары, сакратары, пракуратары-адвакаты, камісарыі, натарыі, купцы і гандляры і яшчэ безліч усякага люду, якія звычайна, калі ўмеюць добра вудзіць і добра пільнуюцца свайго інтэрасу, дык і маюць гешэфт, з якога багацеюць”. Я сказаў: “Значыцца, сяляне і іншыя працавітыя людзі не маюць клёку і таму ў поце здабываюць свой хлеб надзённы і не могуць спасцігнуць гэтай тонкай навукі”. Ён адказаў: “Некаторыя не разумеюць выгодаў гэтага ўмення, а таму і не стараюцца навучыцца. Іншыя ж і хацелі б, але ім не хапае рукі ў галаве альбо іншых сродкаў. А тыя зноў жа і вучацца, і рукі доўгія маюць, але бракуе ім моцнай хваткі, патрэбнай у дадатак да гэтага ўмельства, калі ты хочаш разбагацець. А некаторыя і ведаюць, і ўмеюць, і маюць, што трэба ведаць, умець і мець, але сядзяць не на тым месцы, і таму ім проста не нагодзіцца, як мне скарыстацца сваім умельствам”.
Калі мы вось так гутарылі пра чарніліцу, якая мне вельмі нагадвала торбу Фартуны, пад рукі трапілася тытулярная кніга; у ёй я, як на мой тагачасны розум, знайшоў столькі ўсякага глупства, як ніколі раней не чуў і не бачыў. Я сказаў сакратару: “Усё гэта – дзеці Адама, і ўсе мы з аднае рошчыны, а менавіта з праху і попелу! Адкуль жа такая розніца паміж людзьмі? Найсвяцейшы, непераўзыдзены, найпачэснейшы, найпраасвяшчэннейшы? Хіба ж ад Бога гэтыя якасці? Вось глянь, адзін – “добрародны”, а тут – “высокародны”, а навошта тут гэтае “-родны”? Мы ж добра ведаем, што ніхто з неба не падае, ніхто не выходзіць з вады, ніхто, як качан капусты, не вырастае з зямлі, усе родзяцца аднолькава. Чаму ж тут гэтыя высока-, шмат-, вельмі-, найпаважнейшы, а не, скажам, -павАжаны, -памераны, -палічаны? І што гэта за ідыёцкае слова “прадбачлівы”? Чаму “прад-, перад-“, а не “зад-”, бо ні ў кога ззаду вачэй няма, а значыцца, ён толькі “перадам” і бачыць?” Сакратар пасмяяўся з мяне і ўзяў на сябе клопат патлумачыць мне гэтыя тытулы і словы, але я ўсё-такі калом асовым упёрся ў сваё, што тытулы падаюцца няправільна; было б куды лепей, каб чалавек тытулаваўся не “благародзіе”, а, скажам “кепскародзіе”, калі ўжо гэта аж такі благі чалавек, аж такое выроддзе. Item, калі слова “шляхта” само па сабе азначае не што іншае, як толькі ўсімі шанаваную цноту, дык чаму ж тады, калі высокароднымі, як гэта тытулуюцца князі і графы, не ўставіць і такога слова, якое б звужала княскі тытул? – скажам, -- сярэднеродны, нізкародны, пад-, над-, перадродны альбо не толькі першародны, але і друга-, трэце-, васьмі-, дзевяціродны? Слова “благародны” ўвогуле лухта пустая і няпраўда, бо напісана “блага”, а трэба разумець, што няма ладу як “добра”, а вы папытайцеся хоць бы ў тае баронавае маці, як у яе прайшлі роды – блага ці добра, а тады й пішэце і тытулуйце.
Стаю гэта я сабе так і пакепваю ды як зарагачу – аж тут і выхапіся з мяне той жудасны бабах, мы абодва, я і сакратар, аж спалохаліся. І гэты бабах адразу памеціўся ў нас у насах і ва ўсёй канцылярыі так сутна, так існа, нібы да таго не быў дастаткова “блага-родна” засведчаны гукам. “Ану, вымятайся, свіння, -- сказаў сакратар, -- у хлеў ідзі да свіней, з імі ты, бздзелю, хутчэй сталкуешся пра “благародства”, чым з людзьмі культурнымі”. Але і ён, як і я, мусіў выйсці з пакоя, пакуль выветрыцца гнюсны смурод.
Вось так я, як той казаў, адным махам увесь гандаль забабахаў.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ
Сімпліцы вучыцца прадказваць праўду і на гэты конт прымае параду
Прыйшоў я да гэтага няшчасця вельмі нявінна; незвычайныя стравы і лекі, якія мне двалі штодня, каб прывесці ў парадак стрыножаны страўнік і зжабраваныя кішкі, спрычынілі ў маім жываце шалёную непагадзь і штармавыя вятры, якія моцна даймалі мяне, калі як кручаныя рваліся вонкі; і ўсё-такі я не думаю, што гэта так ужо й кепска, калі чалавек у маім веку аддаецца волі прыроды, асабліва калі супрацьстаяць гэтаму ўнутранаму напору доўга немагчыма, прынамсі, ні мой пустэльнік (гасціны ў нас з ім увогуле былі сціплыя) нічога ніколі не казаў мне на гэты самы конт, ні татусь не забараняў пускаць вятры, калі яны прасіліся і куды ім хацелася, і я не заступаў ім дарогі, а тут адразу страціў сакратаровую ласку. Без ягонай прыхілкі я абышоўся б неяк, калі б не ўбарохтаўся ў яшчэ горшае; нябось мне было несамавіта, як пачціваму чалавеку, які прыходзіць да двара, дзе адно падступства: змяя супроць Назіка, Галіяф супроць Давіда, Мінатаўр супроць Тэзея, Медуза супроць Менелая, Палюд супроць Карэба, Медэя супроць Пелія, Нэс супроць Геркулеса і, што яшчэ горш, Алтэя супроць свайго роднага сына Мелеагра.
У майго пана быў яшчэ адзін паж – такі пытляваны баглай і прасяваны, акышканы курдупель, які праслужаўся ўжо каторы год; я падарыў яму сваё сэрца, бо ён быў мне равеснік. Я думаў: “Ён Ёнатан, а ты Давід”. Але ён увесь час зацінаўся са мною за тую вялікую ласку, якою дарыў мяне мой пан, дзень у дзень шчадрэй і шчадрэй, -- відаць, баяўся, што я сапхну яго з каляіны, таму і глядзеў на мяне спадціха незычлівым, зайздрослівым вокам і засядаў мне дарогу, каб гэта тычку ўткнуць і абярнуць мае нягоды сабе на выгоды. А ў мяне на ўсё былі галубіныя вочы, і галава жыла іншаю мысленкай, ніж у яго, я, як той дзядзечка шчыранькі, давяраў яму ў зусім яшчэ дзіцячай прастаце і богабаязнасці ўсе мае тайноты, і ён ніяк і нічым не мог дастаць мяне. Аднаго разу, ужо лежачы ў ложках, мы доўга балабонілі абы пра што, а калі загаварылі пра звеставанне праўды, ён паабяцаўся навучыць мяне гэтаму. Ён сказаў мне накрыцца з галавою, і такім манерам, сказаў, ён далучыць мяне да высокага ўмельства. Я зрабіў, як ён сказаў, і падрыхтаваўся да прыходу духа вешчавання. А матачкі! Як бабахне мне ў нос, ды так моцна, што я не мог трываць пад коўдрай нясцрпнага смуроду і высунуў галаву. “Што гэта?” – сказаў мой настаўнік. Я адказаў: “Ты перднуў”, -- “А ты, -- сказаў ён, -- сказаў праўду, значыцца, спасціг мастацтва звеставаць праўду”. Я не бачыў у гэтым нічога брыдкага, бо тады яшчэ не ўмеў гневацца, але вельмі хацеў даведацца ў яго, як можна выпускаць пшыкі, каб як мага цішэй. Мой сябар адказаў: “Гэта мастацтва адмысловае, трэба толькі падняць левую нагу, як гэта робіць сабака, калі цыркае на сцяну, і пры гэтым нішкам сказаць сабе: шыкі-пшыкі, шыкі-пшыкі, шыкі-пшыкі, -- ды ўнатужыцца штосілы, як толькі зможаш, -- тут яны і пойдуць ціхенька і спраўненька, як злодзеі з хаты”. – “Гэта добра, -- сказаў я, -- а калі пасля смярдзецьме, можна зваліць на сабак, што гэта яны сапсавалі паветра, асабліва калі левую нагу падняць файненька і высока”. Ах, падумаў я, каб жа я ўсё гэта ведаў сёння ў канцылярыі.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЯВЯТЫ
Сімпліцы згамтаў цялячае вока, і хоць бы што, не вылезла бокам
На другі дзень мой пан даваў вялікую каралеўскую гасціну афіцэрам і іншым паважаным сябрам, бо ён атрымаў радасную вестку, што ягоныя войскі ўзялі моцную крэпасць Браўнсфэльд, не страціўшы ніводнага чалавека; і вось я мусіў, а такая ў мяне была пасада, як і ўсе іншыя стольнікі, выносіць і падаваць стравы, наліваць і чакаць з місай у руках. Першага ж дня мне ўручылі, каб я занёс на стол, вялікую тлустую цялячую галаву, пра якую звычайна кажуць, што такое ніякі жабрак есці не будзе; галава была добра і мякка ўпечана, і адно вока з усёй яго субстанцыяй свабодна звісала з вачніцы, і выглядала гэта даволі спакусліва-апетытна. І як што моцна казытаў нос свежы пах запечанага сала, пасыпанага імберцам, дык хацімую душу маю так разабрала, што аж сліна пабегла ў рот. Карацей, вока смяялася з маіх вачэй, з носа, з майго рота і разам з тым само прасілася, каб мае галодныя шлункі прыўлашчылі яго. Я не даў сябе доўга ўмаўляць, а паслухаўся поклічу маёй хоці; на хаду я спрытна выкалупнуў гэтае вока сваёй лыжкай, якую мне якраз таго самага дня выдалі, і адправіў яго хуценька, куды яму след было, так што аж ніводзін чалавек не змеціў, пакуль спахібленая галава не прыехала на стол і з галавою не выдала сябе і мяне. І калі яе пачалі разбіраць і не хапіла ў ёй аднаго з самых важных органаў, мой пан адразу заўважыў здзіўленне на твары ў таго, хто тую галаву якраз разбіраў. Ён зусім не хацеў, каб яму паролі ў вочы за тое, што нехта адважыўся паставіць на стол аднавокую галаву. Гукнулі да стала кухара, паставілі і падносчыкаў і ўчынілі ўсім дапытку, і нарэшце сляды прывялі да небаракі Сімпліцы, бо менавіта яму даверылі несці галаву з вачамі, не з вокам, а менавіта з вачамі; а што было пазней, ніхто не ведаў. Мой пан спытаўся – на маю думку, са страшным тварам – куды гэта падзелася цялячае вока? Я не даўся яго грознаму твару запалохаць мяне, а хуценька вышмаргнуў з кішэні лыжку, сунуў яе ў вачніцу і паказаў, чаго ад мяне хацелі, выкалупнуў другое вока і ўмомант яго праглынуў. “Par Dieu, -- сказаў мой пан, -- гэты акт смачнейшы за дзесяць цялят!” Прысутная разнапаншчына пахваліла гэта выказванне і назвала мой учынак, які быў ад прастаты душэўнай, надзіва дасціпным вынаходствам і азнакай будучай адвагі і непахіснай рэзалютнасці, аж урэшце паўторам толькі што ўчыненага я не толькі шчасліва пазбег заслужанай кары, але выбіўся на пахвалу ў радых на пацеху дасціпнікаў, падхалюзнікаў і падлыжных застольнікаў-радцаў, -- і я вельмі правільна зрабіў, што зноў звёў вочы разам, каб яны, як на гэтым, так і на тым свеце, маглі вадзіць кампанію разам, як гэта ім і наканавана прыродай з самага пачатку. Мой пан, аднак, сказаў, каб я так больш не рабіў.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАТЫ
Сімпліцы ўбачыў, як людзі пілі і елі, і падумаў, што яны падурнелі
На гэтай гасціне (я так мяркую, што і на іншых) прыступіліся да стала па-хрысціянску: казалі застольную малітву вельмі ціха, нішкам і, па ўсім відаць было, вельмі пабожна. Спакойны роздум у сэрцы доўжыўся пакуль не прынеслі – поліўку і першае, як бы ўсё роўна ў якім капуцынскім канвенце. Але ледзь толькі кожны тры-чатыры разы прамовіў: “Дабраславі, Божа, піціе і ясціе”, як тут і пайшло і паехала. Не магу апісаць, як спакваля голас кожнага застольніка ўбіраўся ў сілу, лепш параўнаю ўсю кампанію з прамоўцам, які пачынае задуменна-ацішана, а тады раптам выбухае громам. Прынеслі нешта, называнае – “разгонным”, моцна паперчанае, прадпісанае для разгону перад напоямі, каб гэта ўжо яны пайшлі добра, гладка і слізка, item, прыкорм, ужо каб сама-сама са смакам елася і запівалася, не кажучы пра ўсялякія французскія potages і гішпанскія olla potriden, якія дзякуючы мйстэрскаму прыгатаванню і тысячам розных прыправаў і таму што былі паперчаныя, пасоленыя, падпашаныя спецыямі, пасыпаныя, памяшаныя і пад пітво падведзеныя, аж усімі гэтымі дадаткамі цалкам мянялі сваю субстанцыю, якая ім была дадзена ад прыроды, і, бадай што, сам Кнэўс Манліюс, калі першага разу вярнуўся з Азіі і меў пры сабе найлепшых кухараў, не пазнаў бы, што тут з чаго зроблена і скялемзана. Я падумаў: “Няўжо не магла б такая ежа, а яшчэ калі яе так запіваць, дык вось ці не можа яна так і мазгі чалавеку перамяшаць, што ўжо і не пазнаць, дзе тут чалавек, а дзе жывёла? Хто яго там ведае, можа, Цырцэя якраз і заўжыла нечагась такога, каб ператварыць Адысеевых спадарожнікаў у свіней?”
Я бачыў, што госці акладаліся гэтым “ясціем”, як свінні, наброхваліся “піціем”, як каровы, строілі з сябе аслоў, а потым рыгалі і блявалі, як гарбаровыя сабакі. Высакародныя букеты “Гохгаймерскага”, “Бахарахскага”, “Клінгенбергскага” яны хлябталі і залівалі ў тэльбухі цабровымі куфлямі, і ўсё гэта хутка страляла ў галаву. І тут я на сваё вялікае здзіўленне, убачыў, як усё мянялася, як прыстойныя людзі, што яшчэ нейкую хвіліну назад былі ў здаровым розуме і вялі дужа дасціпныя гавэнды, як яны раптам на вачах дурнелі, вычваралі неверагодна што і плявузгалі немаведама якія пошласці. Глупствы, якія яны ўчынялі, новыя куфлі, якія яны спаражнялі раз за разам, рабіліся чым далей, тым паўнейшыя, аж здавалася, быццам першае і другое пабіліся на заклад, каторае з іх адужае; напаследак іхняе перасільванне пераходзіла ў агідную оргію без дна і берагоў. Сама пекнае ў тым было, што я не ведаў, чаму іх ногі не трымаюць роўна, бо ўздзеянне віна і само ап’яненне мне тады яшчэ былі зусім невядомыя, ці не таму ў маёй галаве мяшаліся ўсякія смешныя выцінкі і фантастычныя подумкі; я добра бачыў іх рассалавелыя твары, але не разумеў прычыны гэтага. Да гэтага ўсе дабрахоць спаражнялі свае міскі, усё ішло як след, жываты напаўняліся, і раптам іх прарывала, як рамізнікаў, калі каторы вядзе сваю падводу па роўным і пагігіквае – “но-но, каб табе дабро было!”, а на гару – “тпру-дзе, каб цябе воўк зарэзаў!”. А як пашалеюць, тут ужо яны як сабакі кручаныя – адзін куражыцца, што, бач, топіцца ў віне, той шчыруе і пануквае суседа паддаць яшчэ, трэці выдурніваецца ў германскай пачцівасці на рыцарскіх адказах. А пасля, калі ўжо, здаецца, далей няма куды, пачынае заклінаць другога імем Госпада, ці прыяцельскай любоўю, ці здароўем каханкі, каб той, другі, ужо трымаўся прыстойнай меры, а ў таго, другога, ужо вочы на лоб лезуць, сам халдодным потам мыецца, а піць далей ужо ў прыстойную меру мусіць-такі. Ба, зрэшты, і бубны, і пасвісцёлы, і струны рабілі свой гвалт і спрыялі гумору і як бы пад’юджвалі піць, не спыняцца, сіламоц напампоўваць вантробы віном. Мяне здзіўляла, як і куды яны маглі ўбухаць аж столькі віна, бо я яшчэ не ведаў таго, што не паспее яно ў іх як след адстояцца і нагрэцца, як яго з вялікімі рэзямі выпускалі адтуль, куды толькі што з вялікай небяспекай здароўю залівалі.
Мой святар таксама быў на гэтай гасціне; ён, як і ўсе іншыя, таксама ж чалавек, як і ўсе іншыя, мусіў рабіць супроць волі ўсё, як і ўсе іншыя, бегаў да малога ветру альбо падзівіцца, ці коням у яслі закладзена. Я пайшоў за ім і сказаў: “Пане мой святару, чаму людзі робяць так дзіўна? Адкуль яно тое, што яны хістаюцца, спатыкаюцца, не стаяць на нагах роўна, чаму? Мне здаецца, у іх рассохліся і рассыпаліся клёпкі. Яны ж усе дазяла наеліся і напіліся і божацца, і каб іх чорт забраў, што больш не могуць, а ўсё не перастаюць, а ўсё мурзаюцца, натоптваюцца! Альбо яны мусяць так рабіць, альбо ж насуперак Богу і па добрай волі спакушаюцца на благое?” – “Мілае дзіця, -- адказаў святар, -- віно ў рот, розум пад плот! Гэта нішто перад тым, што яшчэ будзе. Заўтра, як развіднее, у іх будзе цяжкі час пахмелу; пакуль жываты не параспірала, лічы, не елі і не пілі і не навесяліліся ўдосыць”. – “А не палопаюцца, -- сказаў я, -- у іх жываты, гэта ж трэба столькі ўбухаць, а жывот жа не прорва? Як могуць іхнія душы, якія падабенства Божае ёсць, спадзявацца на ратунак, седзячы ў такіх свіных тушах, у якіх яны, нібы злодзеі ў цямніцах і акішэлых паразітамі норах, і няма ў іх ніякіх богаспадобных парыванняў? Іх высакародныя душы, -- кажу я, -- як яны могуць трываць такую псоту?. Чаму яны замыкаюцца ў такіх смярдзючых клааках? Ці ж іхнія пачуцці і розум, якімі паслугуюцца душы, не пахаваныя ў вантробах неразумных жывёл?” – “Утні язык, -- сказаў святар, -- каб не дастаў па храпе; тут не час і не пара казані казаць, інакш я зрабіў бы гэта сам, лепей за цябе”. Пачуўшы гэта, я ўжо далей голядзеў моўчкі, як тут пераводзілі і глумілі ежу і пітво, тым часам як убогі Лазар, які мог бы тут добра падсілкавацца, у вобразе сотняў выгнаных вэтэраўскіх бежанцаў, у якіх голад выглядваў з вачэй, таміўся перад нашымі дзвярыма, макавай расінкі ў роце не меўшы.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Сімпліцы першы досвед з навукі здымае і на конскім карыце вынікі мае
Калі я так стаяў і чакаў з місаю ў руцэ перад сталом з цяжкімі думкамі ў галаве, жывот мой узяўся за мяне і не даваў мне спакою; ён бурчаў, ён вурчаў бесперастанку, напамінаючы мне, што сабраліся ў ім духі і просяцца на свежае паветра; я падумаў, што пасоблю сабе ад гэтых пакутлівых курчаў і рэзяў, калі, скарыстаўшыся навукай майго прыяцеля, якую ён даў мне мінулае ночы, адчыню засланку. Па ўсіх правілах я падняў левую нагу на поўнае сцягно, як мага вышэй, напнуўся, націснуў на клямку і ўжо хацеў быў тройчы паўтарыць чароўны заклён “шыкі-пшыкі”, як уся тая кампанія вясёлых духаў, што шмарганула з маёй (s.v.) задніцы, насуперак майму спадзяванню нарабіла такога грому, бабахнула з такой сілай гідотным грукатам, што ад страху я аж забыўся, што раблю; я так перапалохаўся, як шыбенік на драбінцы, калі кат ужо накладвае на шыю шворку; ад страху я ўвесь здранцвеў і ўжо не мог далей кіраваць сваім целам, а тым часам і мой рот у гэтым раптоўным гвалце таксама ўзбунтаваўся і ніяк не хацеў ні забараніць, ні дазволіць задніцы, каб тая сама закончыла казань, і гэта рот, які дадзены на тое, каб ім гаварыць і крычаць, каб той рот ціха прамовіў усе патрэбныя заклёны. А таму праз гэты бунт словы, якія я меў сказаць нішчачкам, каб чула адна толькі задніца, словы прагучалі страшна, як калі б мне хацеў хто здушыць горла. Чым жахлівей страляў ніжні вецер, чым жудасней зверху гучалі заклёны “шыкі-пшыкі”, нібыта верхні і ніжні выхады са страўніка пабіліся ў заклад, каторы з іх здатнейшы грымнуць мацнейшым зыкам. Усё гэта разам дало палёгку маім гізунталам, але ж і ўвяло мяне ў няласку майго пана губернатара. Ягоныя госці ад гэтых нечаканых “шыкаў-пшыкаў, барабаннага перабору і ніжняй карцечы аж есці перасталі, аж працверазелі; а я, як ні намагаўся, як ні стараўся, ужо не мог прыпыніцца, бо ж такі прарвала. Я быў пакладзены на конскае карыта, і высцебаны, і патрактаваны пугамі, што па край жыцця свайго не забудуся.
Такая была мая першая лупцоўка, такая жыццёвая дойма, такое, браточкі, аблашчанне музы – (s.v.) лупу-цупу, лупу-цупу, то у сраку, то у дупу, раз, два, тры, больш не сяры! – якую я дастаў з часу, калі першы раз удыхнуў паветра, якое цяпер так ганебна сапсаваў, хоць, як вядома, у ім мы павінны жыць супольна, згодна і дыхаць на поўныя грудзі. Прынеслі ўсякія выкурвальні і свечкі, госці падаставалі нюхальныя пушачкі, розныя флакончыкі і пуздэрачкі з бальзамамі, нават нюхальны тытунь; але ўсе гэтыя пахошчы не маглі перабароць майго мацнейшага. А я як узнагароду пасля гэтага акту, адыгранага мною лепш за найлепшага камедыянта на свеце, атрымаў нарэшце спакой у жываце, сінякі на спіне і задніцы, госці – поўныя насы смуроду, а чэлядзь загад напоўніць памяшканне здаровым пахам.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ДРУГІ
Сімпліцы бачыць, што адбыць гасціну гэта – ператварыцца ў скаціну
Пасля ўсяго, што адбылося, я прыслужваў, як і раней. Мой святар быў яшчэ там, і, як і іншых, яго змушалі піць; ён вельмі не хацеў і бараніўся, кажучы, што не хоча жлукціць, як жывёла. Адзін добры выпівоха даказваў, што якраз ён, святар, п’е, як жывёла, а астатнія прысутныя п’юць, як людзі: “Бо, -- сказаў ён, -- жывёла п’е роўна столькі, колькі ёй усмак і колькі трэба ад смагі, бо яна не ведае, што добра, што не, і не ўмее піць віна; а нам, людзям, падабаецца, каб пітво ішло на карысць, і ўліваем у сябе высакародны сок, як гэта рабілі і нашыя продкі”. – “Так, -- адказаў святар, -- але ж мне след трымацца пэўнай меры”. – “Слушна, -- адказаў той, -- сумленны чалавек трымае слова”, -- і даў наліць вялікі келіх і падаў святару; але той прапусціў гэта міма і пакінуў выпівоху стаяць з налітым.
Калі ён адышоў, тут усе й завяліся і пачалі даводзіць, што гасціна павінна спраўляцца а пэўным часе, з пэўнай нагоды, каб людзі маглі ўзаемна паквітацца выпіўкай, даць адзін аднаму ганьбы ці яшчэ якую штуку ўрэзаць; а калі каторы ўпіваецца аж так, што не можа болей ні сядзець, ні хадзіць, ні стаяць, гэта называецца: “цяпер і ты свіння, і табе пірог адпечаны”, і так далей, etc. А хто трымаецца даўжэй і п’е ўмеючы, той – на вышыні, не выстаўляе сябе на смех і глум; але ўрэшце ўсе выспельваюцца і вычвараюцца, як усё роўна чмурнага зелля наеўшыся. Камедыя – глядзець на ўсё гэта, а няма ж чалавека, які здзіўляўся б, як я. Адзін спявае, гарлае, другі плача, скавыча; адзін рагоча-заліваецца, як з гары едучы, другі ўвесь у меланхоліі кволіцца, румзае; адзін лаецца, другі моліцца; адзін крычыць: “Ура!”, другі нешта языком замельвае, сказаць нічога не могучы; адзін сядзіць ціха і замірана, другому – хоць з чортам узачубкі брацца; той спіць і маўчыць, а той бурдоліць і балбоча, што на язык налезе, без упыну, без угамону. Той болбат нешта пляце пра свае мілосныя флірты і выправы, а той – пра неверагодныя ваенныя подзвігі; закідаюцца і пра царкву, пра матэрыі духоўныя, а то і пра ratione status, палітыку, дачыненні ўнутраныя і замежныя; а каторыя бегаюць, мітусяцца, шнуруюць туды-сюды, як ртутныя шарыкі, не могучы нідзе спыніцца, тым часам як назюзюканыя покатам качаюцца, пальцам варухнуць не могучы, не тое каб стаяць роўненька ці спаважна пахаджаць; а вунь жа тыя, бач, няло ім, усё яшчэ замалочваюць, усё яшчэ мурзаюць, мурзаюць, папускаюць папругі і зноў акладаюцца, быццам тыдзень расінкі макавай у роце не мелі, а натаптаўшыся, зараз пойдуць бляваць і рыгаць усім, чым аб’еліся за дзень. Часам усе іхнія ўхваткі і высцебкі такія смешныя і распацешныя, блазнівыя і дзіўныя, ну ж і такія грэшныя і пахібныя, што той мой нявінны пшык, які так знагулу выхапіўся з мяне і за які я быў так жорстка выперцаваны, -- проста мілы дзіцячы досціп, на які і зважаць добрым людзям не след было б. Нарэшце за сталамі ўсчынаецца страшэнны кавардак: пачынаюць шпурляцца шклянкамі, келіхамі, міскамі і талеркамі, садзіць адзін аднаму кулакамі, накладаць крэсламі, ножкамі з лавак, услонамі, шпагамі і ўсім, што пад руку навернецца; ужо юха дудкаю б’е, ужо… Але мой гаспадар сунімае гэты вэрхал.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
Сімпліцы бачыць, як пан казла дзярэ, і яго ліхая агіда бярэ
Калі зноў запанавалі мір і злагада людская, піткі пабралі музыкаў і баб і перайшлі ў другі дом, дзе была зала пад іншыя блазноты. А мой пан сеў на ложак, бо ці тое ад злосці, ці тое ад пераеду, але яму заблажэла. Я пакінуў яго, дзе ён лёг, хай, думаю, адпачне і выспіцца, але не паспеў я падысці да дзвярэй, як ён ужо спрабаваў свіснуць мне, ды не змог. Ён крыкнуў, але ў яго выйшла толькі: “Сімле!” Я падскочыў, а ў яго вочы закаціліся, як у недарэзанага цяляці. Я стаяў перад ім слупам і не ведаў, што рабіць; а ён паказаў на паліцу і замармытаў: “Пр-пр-прынясі ты, ллайдддак, ттта-азік, ббуду кка-аззла драць”. Я борздзенька прынёс тазік і калі падышоў да яго, ён надзьмуў шчокі, як сурмач, потым схапіў мяне за руку і паставіў перад сабою так, што я трымаў тазік у яго пад носам. І тут яго прарвала, з сутаргамі і балючымі курчамі ён рыгануў у падстаўлены тазік гідотную субстанцыю, аж я мала не самлеў ад невыноснага смуроду, тым больш што пырскі (sal. ven. – з дазволу сказаўшы) паляцелі мне ў твар. Я ледзь быў не далучыўся да яго за кампанію, але ўбачыўшы, як ён спалатнеў, стрымаўся на паўдарозе ад страху, што сама душа ў яго зараз спагоніць ахвоту і вывернецца ў той тазік разам з гідотай, бо вось ужо й халодны пот выступіў на лобе, і ўвесь твар зрабіўся як усё роўна ў нябожчыка. Калі ж ён праз колькі хвілін перастаў і крыху адчаўраў, дак сказаў мне прынесці свежай вады, каб прапаласкаць свае тэльбухі.
Пасля загадаў вынесці “казла”. Не бачыў я ў гэтым ніякай заганы, хоць перада мною ў срэбным тазіку ляжала, як мне здалося, едала на чатырох мужыкоў, якое не заслужылася, каб яго выкідалі ў памыйніцу. Да таго ж я ведаў, што мой пан не браў у рот нічога паскуднага, а толькі цудоўныя далікатэсныя паштэты і ўсякія розныя печывы, драбяціну і дзічыну, мяккія цялячыя выразкі, усё гэта яшчэ можна было ў тазіку выдатна пазнаць і адрозніць. І я панёс усе тыя лагодкі, не ведаючы, аднак, што з тым дабром рабіць, але і папытацца не мог. Я пайшоў да гофмайстра; паказаў яму ўсе панскія прысмакі і спытаўся, што рабіць з “казлом”. Ён адказаў: “Дурны, нясі і аддай кушнеру, хай скуры вырабляе”. Я спытаўся, дзе той кушнер. “Не, -- адказаў ён, убачыўшы маю прастадушнасць, -- затарабань доктару, хай паглядзіць-пабачыць, чаго там наш мілы панок нахрапаўся”. Такі жарт я скроіў бы, калі б гофмайстар не баяўся нарвацца на горшае; ён сказаў мне занесці гасцінца на кухню дзяўчатам, -- хай усё гэта паперчаць, пасыплюць перным зеллем і ашчадзяць да наступнага разу; я сур’ёзна выканаў ягоны загад, але тыя шлюндры на кухні толькі збэсцілі мяне.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
Сімпліцы прыходзіць на панскія танцы, ды зноў упускае выдатныя шанцы
Калі я пазбавіўся ад тазіка, выйшаў і мой пан; я ішоў следам за ім да вялікага дома, дзе ў зале ўбачыў мужчын, жанчын і людзей нежанатых; усё там скакала, кішэла, грымела, падбрыквала і вішчала так, аж я падумаў быў, а ці не павар’яцелі яны ўсе, бо я ніяк не мог зразумець, навошта гэты гвалт і валтузня ўся. Глядзець на іх збоку – проста жудасць, шаленства і страхалюдства нейкае, у мяне валасы падраслі, пакуль глядзеў, у мяне скура сшэрхла, я не мог падумаць нічога, як толькі, што ўсе яны тут кручаныя шаляніцы, з глузду з’ехалі, з быка пападалі. Калі мы падышлі бліжэй, я пазнаў – гэта ж былі нашыя госці, якія яшчэ ад полудня былі ў добрым гуморы. “Божа мой, -- падумаў я, -- што тут робяць гэтыя няшчасныя? Ах! Іх і праўда, мусібыць, апантала”. А потым падумалася, што сюды пазбіралася ўсякая пякельная нечысць і цяпер тут такім вось чынам збыткуе і пацяшаецца з усяго чалавечага роду, зладзіўшы шабас і малпіна гамузаванне; я падумаў – калі б у іх былі чалавечыя душы і Божае падабенства, яны не паводзілі б сябе так не па-людску. Калі мой пан ступіў на парог і ўжо мерыўся ўвайсці ў залу, шалы прыпыніліся, хоць усе ўсё яшчэ патузвалі і торгалі галовамі, дрыгалі і шоргалі нагамі, аж мне здалося, што яны прыгладжваюць тыя калдобіны, якіх панавыбівалі ў глінянай падлозе. Па потных тварах і пыхценні я зразумеў, што яны добра-такі намардаваліся; але весялосць на тварах сведчыла, што намогі не былі ім горкія.
Вельмі хацелася ведаць, што азначала ўсё гэта безгалоўе, і таму я спытаўся ў свайго таварыша, таго самага шчырадушніка і даверанага сардэчнага брата, які нядаўна навучыў мяне вешчаваць праўду, чаму тут такі гвалт і гармідар і як мне глядзець на гэты шалёны разгірдзяш, гэтыя скокі, падскокі і выдыганні. Той сказаў мне чыстую праўду, што ўсе прысутныя згаварыліся ўтрамбаваць у зале падлогу. “Чаму, ты думаеш, -- сказаў ён, -- яны ўсе так рассупоніліся і раступаталіся? Ты ж бачыў, як яны павысаджвалі вокны? Так будзе і з гэтай падлогай”. – “Госпадзе Божа! – адказаў я. – Тады і мы правалімся разам з імі, і мы, падаючы, скруцім сабе вязы?” – “Ну, але ж, -- сказаў мой прыяцель, -- на тое яно ўсё і робіцца, каб чорту дагадзіць. Сам пабачыш, скора кожны, як толькі яго прыцісне смяротная небяспека, пачне хапаць хто прыгожую бабу, хто дзеўку, бо, як той казаў, абмінуць таго ўдары, хто падае ў пары”. На такіх развагах апанаваў мяне раптам такі страх і такі клопат прыхапіў, што я больш не ведаў, куды падзецца і што рабіць; а калі ўскварылі музыкі, якіх дагэтуль я проста не заўважаў, і мужчыны разбегліся па панях, як кананіры па гарматах, як пачулі яны трубы, як пахапалі яны тых паняў, мне здалося, што вось-вось ужо тая падлога і трэсне і я разам з усімі правалюся ў апраметную. Але што яны зноў загапатавалі, як дурныя, што аж сцены задрыжалі, бо музыкі якраз утнулі нейкую дужа бадзёранькую штуку, я й падумаў: “Ну вось і садухі табе, ну вось і канец настае – гэнна граюць. Гэтта скокі вырабляюць! Ну ж бо, Сімпліцы, хоць напаследак пабудзь чалавекам”. А падумаўшы, што зараз абваліцца ўвесь дом, я з вялікага перапуду падхапіў за руку нейкую кумпячыстую паню з высокае шляхты і выдатных цнотаў, з якою толькі што гутарыў мой пан, учапіўся ў яе, як мядзведзь, і трымаў, як абцугамі. Яна не ўцяміла, якія бзікі заскочылі мне ў галаву, а я ў поўнай роспачы і адчаі залямантаваў, як недарэзаны. Але мала таго, тут якраз і выкаўзнулася мне нешта ў штаны, і пайшоў такі смурод, якога нос мой даўно не чуў. Музыкі раптам сціхлі, танцоры і танцоркі сталі, а шаноўная пані, якую я трымаў за руку, была ў поўным адпадзе, думаючы, што гэта мой пан падгаварыў мяне падкласці ёй такую пігулку. Але мой пан распарадзіўся ўкінуць мне як след і замкнуць куды-небудзь, бо годзе з яго, сказаў, на сённяшні дзень такіх неспадзяванак. Стралкі, якія павінны былі выканаць гэта, умілажаліліся з мяне, але ад таго смуроду не маглі вытрываць, абышліся без лупцоўкі, а толькі завялі мяне ў гусіны катух і замкнулі там. Пасля я шмат разоў думаў над гэтай прыгодай і прыйшоў да высновы, што экскрэменты, якія выдушваюцца з чалавека ад пярэпалаху, смярдзяць куды горш, чым пры ачышчэнні ў спакайнаце.