У 1992 г. газэта «Літаратура і мастацтва» надрукавала маю рэцэнзію на факсымільнае выданьне «Нашай Долі»1. Рэцэнзія сканчалася наступнымі словамі: «Дзякуй усім, хто меў дачыненьне да гэтага выданьня, хто даў магчымасьць паўтарыць сьвята беларускага адраджэньня. Нам застаецца чакаць, што яшчэ прыйдуць да нас нумары «Крывіча» й «Калосьсяў», а мо й «Бацькаўшчыны» і «Беларуса» 2.
Некалі ўсім зацікаўленым будуць даступныя гадавікі «Бацькаўш чыны» й «Беларуса» — як факсыміле, так і ў лічбавым варыянце. Несумненна адно: патрэба вывучэньня дзьвюх найбуйнейшых газэтаў у гісторыі беларускага замежжа даўно зьвяртала на сябе ўвагу3, як і адсутнасць у нас сур'ёзных досьледаў якіх-кольвечы іншых пэрыёдыкаў.
На першай прыступцы да падобнага вывучэньня не ахопіш усяго, толькі закранеш. Тут ня робіцца спробы дакладнай рэканструк цыі «біяграфіяў» газэтаў; хутчэй — спроба зразумець супрацоўні каў рэдакцыяў і людзей, што газэты чыталі. Зразумець у часе й гісторыі, чым былі выданьні для тых, хто прайшоў шлях ад ОСТаўцаў, ДПістаў да нацыянальнае меншасьці ў Вольным Сьвеце. Шлях ад «Бацькаўшчыны» да «Беларуса».
Чытач мусіць трымаць у галаве, што тэма дасьледаваньня — сучасная гісторыя, што й сёньня гісторыкі толькі зьбіраюць матэрыялы, факты, сьведчаньні, што тычаць беларускага замежжа й зьвязаных зь ім падзеяў. Але, як напісаў Ст'юарт Г'юз, «Нехта мусіць распавесьці нашую гісторыю сучасьнікам. Нехта мусіць наважыцца паспрабаваць паказаць сацыяльныя зьмены й зрухі культуры й не баяцца пры тым памыліцца» 4. Я — спрабую.
Гэтае дасьледаваньне не пабачыла б сьвету без спрыяньня цэлага шэрагу людзей, якім тут заўдзячваю, але найперш — дзякуючы ахвярнай і крапатлівай дапамозе маіх бацькоў, безь якіх наагул бы нічога не было.
«Летапісны звод» ёсьць сумесным выданьнем Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (Нью-Ёрк), выдавецтва газэты «Беларус» (Нью-Ёрк) і Міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (Менск).