За некалькі апошніх гадоў гісторыя Вялікага Княства Літоўскага знайшла належнае месца ў энцыклапедыях, абагульняльных працах па гісторыі Беларусі, школьных і ўніверсітэцкіх падручніках і г.д. Адпаведна змяніліся і патрабаванні да прафесійных гісторыкаў, якія пішуць на гэтую тэму. Ад іх сёння чакаюць не столькі папулярызацыі ведаў, назапашаных папярэднікамі, колькі далейшай распрацоўкі праблем, што застаюцца не да канца вырашанымі.
Кніга Алеся Краўцэвіча, прысвечаная працэсу стварэння ВКЛ, пісалася якраз на працягу тых гадоў, калі адбываліся гэтыя змены. Усведамленне гэтай акалічнасці дапамагае лепш зразумець як яе вартасці, так і недахопы. Кніга пакідае супярэчлівае ўражанне. Здаецца, што ў асобе аўтара змагаюцца публіцыст, апантаны інтарэсамі нацыянальнага адраджэння, і разважлівы гісторык.
Першую частку кнігі ствараюць сціслая, але ёмкая характарыстыка крыніц і даволі падрабязны гістарыяграфічны агляд існуючых канцэпцый утварэння ВКЛ. Агляд далёка не вычэрпны, але ў аснове грунтоўны і цікавы. Аднак ужо ў ім пачынае адчувацца разлад паміж гісторыкам і публіцыстам у асобе аўтара. Гісторык трапнымі рысамі акрэслівае сутнасць поглядаў таго ці іншага даследчыка (адзначым, што справа гэта вельмі няпростая, але А. Краўцэвіч спраўляецца з ёй у цэлым ўдала), а публіцыст робіць абагульненні і высновы, штучна надаючы кнізе палемічнае адценне нават там, дзе для гэтага няма асаблівых падставаў.
Аўтар групуе погляды розных і часам вельмі нязгодных паміж сабой даследчыкаў у адзіную „агульнапрынятую" канцэпцыю ўтварэння ВКЛ. Пры гэтым для яго не мае розніцы, што адны надавалі значэнне першаснага штуршка пагрозе з боку нямецкіх рыцараў, другія — літоўскім заваёвам на Русі і неабходнасці захаваць іх у сваіх руках. Гэтак жа не надае ён значэння таму, чым тлумачылі даследчыкі павышаную ваенную актыўнасць літоўцаў і яе поспехі, якім часам датаваўся пачатак дзяржаваўтварэння і што прызнавалася яго галоўным рухавіком, хто лічыцца стваральнікам дзяржавы — Міндоўг ці яго невядомы папярэднік і г.д. Не важна, што хтосьці вызначаў этнічны характар дзяржавы як балцкі, а хтосьці — як змешаны літоўска-расійскі або беларуска-літоўскі, лічыў асноўным зместам падзей канфрантацыю паміж этнасамі або, наадварот, іх сінтэз ці сімбіёз і г.д. Побач аказваюцца і тыя, хто лічыў з'яўленне дзяржавы вынікам заваёвы беларускіх земляў этнічнымі літоўцамі („летувісамі" паводле тэрміналогіі А. Краўцэвіча), і тыя, хто адмаўляў гэтую ідэю або пакідаў пытанне адкрытым, як нават і тыя, хто прызнаваў ролю беларускіх дружын у падпарадкаванні вялікім князем самастойных племянных княстваў. Усё гэта — нязначныя адценні адзінай „агульнапрынятай" канцэпцыі!
Праўда, А. Краўцэвіч прызнае існаванне яшчэ адной канцэпцыі, галоўнымі рысамі якой былі тэзы пра стварэнне ВКЛ як справу рук новагародскіх феадалаў, у інтарэсах якіх дзейнічалі Міндоўг і яго сын Войшалк, і пра заваёву Літвы беларусамі, а не наадварот. Аўтарства гэтай канцэпцыі ён прыпісвае М. Ермаловічу, і ў гэтым трэба прызнаць істотную гістарыяграфічную памылку. Аўтар чамусьці не ўлічвае працы гісторыкаў з беларускай эміграцыі, у якіх гэтыя ідэі былі выказаны значна раней. Напрыклад, у артыкуле Мікалая Шкялёнка „Падзел гісторыі Беларусі на перыяды", надрукаваным у „Запісах беларускага навуковага таварыства" у Вільні ў 1938 г., можна знайсці тэзы пра знаходжанне першапачатковых уладанняў Міндоўга „у заходнім куце беларускіх земляў — Наваградчыне, Слонімшчыне, Ваўкавышчыне і Гарадзеншчыне", пра заваёву ім Аўкштоты і Жамойці „стоячы на чале беларускай дружыны", пра паўторнае заваяванне іх Войшалкам „з беларускай сваёй дружынай і пры памозе Галіцкай Русі", пра тое, што „ўсе беларускія землі, як Полаччына, Піншчына, Меншчына, Віцебшчына і іншыя, самахоць прылучыліся да новага гаспадарственнага цэнтру" і пра тое, што „гаспадарства Міндоўгава ад свайго паўстання было беларускае" 1. Як бачым, М. Ермаловіч толькі разгарнуў і дэталізаваў гэтую канцэпцыю.
Пры далейшым чытанні кнігі А. Краўцэвіча высвятляец ца, што „не гледзячы на выразную супярэчлівасць, гэтыя дзве версіі (так званая „агульнапрынятая" і М. Ермаловіча — В. Н.) маюць шмат агульнага". Сярод гэтага агульнага аўтар вызначае, у прыватнасці, „выразную ідэалагічную афарбоўку", якая праяўляецца „ў імкненні давесці канкрэтную этнічную прыналежнасць дзяржавы (летувіскую ці беларускую) з самага яе пачатку" (с. 67). Гэтая фраза папросту збівае з панталыку, бо раней (36, 38) аўтар згадаў пры асвятленні „агульнапрыня тай" канцэпцыі не толькі тых, хто прызнаваў этнічна літоўскі характар ВКЛ (практычна ўсіх польскіх і літоўскіх даследчыкаў), але і тых, хто падкрэсліваў яго змешаны руска-літоўскі ці беларуска-літоўскі характар (М. Любаўскага, М. Доўнар-Запольскага) або займаў „нейтральную" пазіцыю (М. Грушэўскага). Межы канцэпцый у трактоўцы А. Краўцэвіча канчаткова губляюцца, калі ён адзначае, што „разуменне пачаткаў ВКЛ, выказанае расійскім гісторыкам С.Думіным, найбольш блізкае да поглядаў, выказаных у маёй працы", а літаральна ў пачатку наступнага абзаца робіць нечаканую выснову: „Такім чынам, сёння паўсюдна прынята традыцыйная канцэпцыя генэзы ВКЛ …" (64). Калі і погляды С. Думіна, найбольш блізкія да поглядаў А. Краўцэвіча, ёсць часткай паўсюдна прынятай канцэпцыі, якая не задавальняе апошняга сваёй „ідэалагічнай афарбоўкай", то дзе ж пралягае мяжа? Міжволі ўспамінаецца вядомы жарт пра тое, што „існуюць два пункты гледжання: мой і памылковы".
Праўда, з пэўнымі цяжкасцямі ў тэксце А. Краўцэвіча можна знайсці неаднаразовае вызначэнне той па сутнасці адзінай прыкметы, якая дазваляе яму адносіць вельмі розныя погляды да агульнай канцэпцыі. Гэтай фатальнай рысай выступае прызнанне ідэі „эвалюцыі летувіскага грамадства да дзяржавы" (30, 36) або „утварэнне ВКЛ як вынік унутранага развіцця балцкага этнасу" (65). Адзначым, што сам аўтар піша і пра яшчэ адну быццам бы ўніверсальную прыкмету — прызнанне „заваёвы літоўцамі суседніх усходнеславянскіх земляў" (30), але тут ён непаслядоўны. Так, сярод прыхільнікаў „агульнапрынятай" канцэпцыі ім згадваецца, напрыклад, М. Доўнар-Запольскі, які яшчэ ў 1918 г. выразна падкрэсліваў, што „гістарычная навука зусім адкідае ўсе гутаркі аб тым, быццам беларускія землі былі заваяваны літоўскімі князямі" 2. Туды ж трапіў і аўтар гэтых радкоў, погляды якога А. Краўцэвіч характарызуе як „злагоджаны" варыянт той жа „балцкай канцэпцыі генезісу ВКЛ з акцэнтаваннем добрай волі ўсходніх славян пры пераходзе іх да падданства летувіскай дынастыі …" (65—66). Як бачым, акалічнасці ўваходу славянскіх земляў у склад ВКЛ губляюць значэнне пры наяўнасці галоўнай „крамолы" — дапушчэння актыўнай ролі літоўцаў-„летувісаў" у працэсе дзяржаваўтварэння.
З адмаўлення аўтарам такога дапушчэння павінна было б, здаецца, вынікаць, што заслуга ўтварэння ВКЛ належыць выключна ўсходнім славянам (беларусам). У такім выпадку адзіным аднадумцам А. Краўцэвіча (апрача забытага ім М. Шкялёнка і мімаходзь упамянутага П. Урбана) застаўся б толькі Мікола Ермаловіч. Аднак і ад поглядаў апошняга А. Краўцэвіч адмяжоўваецца. Тут, праўда, крытэрыі другасныя, якія пры вызначэнні прыхільнікаў „агульнапрынятай" канцэпцыі не прымаліся ў разлік: М. Ермаловіча аўтар папракае хіба што за няўдалую лакалізацыю першапачатковай Літвы і за прыпісванне Міндоўгу ролі ўцекача з яе. Заслугай жа яго застаецца тое, што ён „блізка падышоў да ідэі саюза паміж двума этнічнымі чыннікамі, саюза, які, на мой погляд, даў пачатак працэсу дзяржаваўтварэння" (60).
Выходзіць, поўнае адмаўленне ролі літоўцаў — гэта таксама ерась! На справе меў месца „саюз паміж двума этнічнымі чыннікамі". Чым жа ён адрозніваецца ад „сінтэзу" паводле У. Пашуты, „сімбіёзу" паводле аўтара гэтых радкоў, „пагаднен ня" паводле С. Думіна і г. д.? Напэўна, толькі тым, што А. Краўцэвіч не дапускае думкі пра незалежную ад славянскіх суседзяў „эвалюцыю летувіскага грамадства да дзяржавы," і тым больш пра тое, што „толькі пасля з'яўлення гэтай дзяржавы пачынаецца ўтварэнне ВКЛ" (65). Дык вось у чым фундаментальная загана падыходаў, на якіх будуецца „уся ідэалогія навукі аб ВКЛ не толькі ў Летуве, але па ўсім свеце" (65): яны дапускалі, што ўтварэнню ВКЛ папярэднічалі самастой ныя працэсы дзяржаваўтварэння ў асяроддзі балцкага этнасу „летувісаў"! Застаецца толькі схіліцца перад тытанічнай постаццю аўтара, які адзінока змагаецца супраць „усяго свету" па такім прынцыповым пытанні.
Відавочна, што А. Краўцэвіч штучна стварае ўражанне паўсюднай цемрашальнай ілжэканцэпцыі, каб супрацьпа ставіць ёй сваю, адзіна слушную. У рэальнасці ж існуе, як пераканаўча паказана ім самім, даволі шырокі спектр поглядаў, якія плаўна змыкаюцца паміж сабой. Дыяпазон яго абумоўлены непаўнатой наяўных фактаў, якія можна тлумачыць па-рознаму. Натуральна, што кожны, хто знаходзіцца ў нейкім пункце гэтага спектру, лічыць сваю пазіцыю самай удалай — інакш ён бы і не трымаўся яе. Пры гэтым асобныя меркаванні па канкрэтных пытаннях могуць суіснаваць у самых розных спалучэннях. У прыватнасці, адсутнічае жорсткая сувязь паміж канцэпцыяй пра самастойную эвалюцыю балтаў да дзяржавы і пастулатам пра адвечную балта-славянскую канфрантацыю. Сцвярджаючы ў заключэнні да сваёй кнігі, што азначаны пастулат з'яўляецца „падмуркам гэтай канцэпцыі" і адмова ад яго патрабуе „рэканструяваць увесь будынак" (172,173), аўтар, мякка кажучы, не зусім дакладны. У гэтым бачыцца толькі яго імкненне надаць болей вагі сваёй працы. Як будзе паказана ніжэй, бадай што галоўнай ідэяй кнігі А. Краўцэвіча з'яўляецца выснова пра мірнае суіснаванне этнасаў на Панямонні. Калі прызнаць, што на гэтай самай ідэі грунтавалі свае канструкцыі некаторыя з яго папярэднікаў, то атрымаецца, што аўтар ломіцца ў адчыненыя дзверы. Між тым, яму вельмі хочацца быць першапраходцам.
Аб'ектыўна, А. Краўцэвіч не будуе кардынальна новую канцэпцыю, як імкнецца паказаць, а спрабуе ўдасканаліць існуючую сістэму ведаў у двух параўнальна вузкіх аспектах — у пытанні пра характар балта-славянскага ўзаемадзеяння (канфрантацыя або супрацоўніцтва) і ў ацэнцы ролі ўнутраных сацыяльна-палітычных працэсаў у этнічнай (балцкай) Літве. Нічога заганнага ў гэтым няма. Наадварот, пры крайняй скупасці фактаў і безлічы супрацьлеглых меркаванняў можна лічыць за вялікі поспех прасоўванне наперад літаральна ў кожнай дробязі — калі гэта сапраўды рух углыб, а не слізганне па паверхні. Не абавязкова быць Калумбам, бо і заслугі Амерыга Веспучы чалавецтва памятае і шануе. Таму разгледзім канкрэтны ўклад аўтара ў азначаныя пытанні.
Аналіз характару балта-славянскіх кантактаў займае асноўную частку кнігі А. Краўцэвіча. Безумоўным плюсам трэба прызнаць тое, што ён імкнецца выкарыстоўваць дадзеныя максімальна шырокага кола навук: археалогіі, мовазнаўства, тапанімікі. Заслугоўвае ўвагі яго агульная ідэя пра тое, што міжэтнічныя кантакты на Панямонні трэба разглядаць у шырокім кантэксце балта-славянскага ўзаемадзеяння, якое адбывалася на працягу паўтары тысячы гадоў і мела істотнае значэнне для этнагенезу беларусаў увогуле. Бадай што першым ён выразна сфармуляваў выснову пра тое, што ў крыніцах практычна адсутнічаюць сведчанні пра якія-небудзь ваенныя канфлікты паміж Літвой і непасрэдна прылеглымі да яе княствамі Русі. Варта адзначыць таксама высновы А. Краўцэвіча пра існаванне на Панямонні не столькі выразнай этнічнай мяжы, колькі шырокай кантактнай зоны са змешаным насельніцтвам (хоць гэтую думку нельга назваць кардынальна новай), а таксама пра тое, што ў працэсе кантакту адбывалася мірная экспансія славян у балцкае асяроддзе, але сустрэчны рух балтаў не прасочваецца.
У цэлым аналіз азначанай тэмы, праведзены А. Краўцэвічам, сапраўды ўдакладняе і паглыбляе нашыя веды. Можна пагадзіцца з яго думкай пра узнікненне ВКЛ як „часткі балта-славянскага ўзаемадзеяння" (97). Праўда, у шэрагу момантаў яго сцвярджэнні ў сваю чаргу патрабуюць удакладнення. Перш за ўсё гэта тычыцца прыгожай ідэі пра непарыўную сувязь этнічных працэсаў на Панямонні з агульным працэсам славянізацыі тэрыторыі сучаснай Беларусі. На жаль, яна грунтуецца на састарэлых уяўленнях пра тое, што сярэднявечныя літоўцы-аўкштайты з'яўляюцца непасрэднымі нашчадкамі культуры штрыхаванай керамікі і, такім чынам, этнічна роднасныя плямёнам, што засялялі амаль усю Беларусь напярэдадні славянскай міграцыі. Між тым гэта якраз той выпадак, калі, паводле слоў самога аўтара, папулярнасць канцэпцыі „не абавязкова з'яўляецца доказам яе навуковай непагрэшнасці" (66).
Археалагічныя доследы апошняга часу ўсё больш высвятляюць, што складанне культуры ўсходнелітоўскіх курганоў (якая амаль бясспрэчна належала літоўцам-аўкштайтам) было вынікам перш за ўсё міграцыйнага імпульсу носьбітаў так званай шурпатай керамікі з арэалу культуры заходнебалцкіх курганоў (на тэрыторыі сучаснай Калінінградскай вобласці). Культура ж штрыхаванай керамікі адыгрывала ролю субстрату — такую ж, як і пры складанні славянскай культуры цэнтральнай Беларусі 3.
Такім чынам, аўкштайты (як, дарэчы, і яцвягі, паходжанне якіх таксама звязана з арэалам заходнебалцкіх курганоў) былі такім жа прышлым насельніцтвам Сярэдняга і Верхняга Панямоння, як і славяне. Праўда, іх каланізацыйны рух прыпадае ў асноўным на больш ранні час (3 — 5 стагоддзі н. э.). Са славянамі яны ўпершыню сутыкнуліся прыблізна ў IX стагоддзі, калі дзве сустрэчныя міграцыйныя хвалі сутыкнуліся прыблізна на берагах Нёмана (вышэй вусця Росі), Бярэзіны і Віліі ў яе самай верхняй плыні — дарэчы, амаль на „лініі Сафарэвіча", што вызначае перавагу тыпова балцкай тапаніміі ў больш познія часы. Гэта значыць, што схема этнічнага ўзаемадзеяння, тыповая для працэсу славянізацыі большасці Беларусі (паглынанне славянамі носьбітаў культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, пры якім актыўная роля субстрату амаль не прасочваецца), не мае дачынення да кантакту славян з яцвягамі і аўкштайтамі. Затое, наадварот, паўстае пытанне пра наяўнасць у складзе дрыгавічоў, крывічоў і аўкштайтаў агульнага субстрата асіміляванай імі культуры штрыхаванай керамікі, што магло значна аблегчыць іх узаемныя кантакты і спрыяць пераважна мірнаму характару апошніх.
Са сказанага вынікае таксама, што этнічная мяжа ў Панямонні была больш устойлівай, чым уяўлялася раней. Больш таго, балцкае насельніцтва на поўдзень і ўсход ад яе, якое фіксуецца на левабярэжжы верхняга Нёмана ў ХI—ХIV ст., было не рэліктам папярэдняй эпохі (ні каменныя, ні ўсходнелітоўскія курганы да прыходу славян не былі там пашыраны), а вынікам дакладна такой жа міграцыі, як і прасоўванне славян у бок Горадні і Вільні. Прыкладна аднолькавая шырыня кантактнай зоны па абодва бакі ад лініі першага сутыкнення, добра бачная на карце 1 з кнігі А. Краўцэвіча, сведчыць пра тое, што ўзаемапранікненне ў тыя часы было аднолькава актыўным . Адзін са шляхоў рассялення балтаў на славянскіх землях фіксуе добра вядомы факт пасялення вялікім князем Трайдзенам уцекачоў з Прусіі і Барціі ў ваколіцах Горадні і Слоніма. Яшчэ больш яскрава пра сустрэчны кірунак этнічных рухаў сведчыць той самы феномен каменных магіл, які прыгадвае А. Краўцэвіч. Гэты пахавальны звычай нарадзіўся, як лічыцца, у асяроддзі яцвягаў на падставе іх папярэдняга звычаю насыпаць каменныя курганы. Але распаўсюдзіўся ён значна шырэй за арэал каменных курганоў, прычым пашырэнне яго ішло з Сярэдняга Панямоння на абшары цэнтральнай і паўночнай Беларусі, трывала аславяненыя яшчэ ў Х ст.
Масавая ж асіміляцыя славянамі аўкштайтаў у кантактнай зоне прыпадае на значна больш позні перыяд — паміж ХVI і сярэдзінай ХХ ст. (ды і скончылася яна ўрэшце не беларусізацыяй, а паланізацыяй). Такім чынам, да тэмы ўтварэння ВКЛ яна не мае непасрэднага дачынення. Але варта мімаходзь адзначыць, што ў крыніцах ёсць і непасрэдныя сведчанні літоўскай каланізацыі ў познія часы. Так, у 1516 г. у справе наконт аднаго зямельнага абшару на Лагойшчыне згадваюцца апусцелыя „земли служебные, где сидели Петр с братьею, литва"4. Недалёка адтуль, таксама на Лагойшчыне, прыкладна ў ХVII ст. з'явілася (з ХVIII ст. рэгулярна сустракаецца ў дакументах) вёска з характэрнай назвай Жвірблевічы (зараз в. Жырблевічы Лагойскага р-на). Назва яе відавочна паходзіць ад мянушкі заснавальніка (па-літоўску юvirblis — „верабей"). Усё гэта паказвае, што пытанне пра характар балта-славянскага ўзаемадзеяння яшчэ далёка не вычарпана і яго далейшае вывучэнне ўяўляецца вельмі перспектыўным.
З галоўнай тэзай А. Краўцэвіча пра тое, што ўзаемадзе янне насіла мірны характар, можна было б цалкам пагадзіцца, калі б аўтар гаварыў пра пераважна мірны характар. Аднак з некаторых яго рэплік утвараецца ўражанне, што ён схільны настойваць на амаль выключна мірным характары кантактаў, дапускаючы толькі асобныя сутыкненні. Вось гэта ўжо выклікае сумненні. Па-першае, падкрэсліваючы адсутнасць звестак пра ваенныя канфлікты, варта было б агаварыць, што ўвогуле звесткі пра ўнутранае жыццё княстваў Полаччыны, Меншчыны і Панямоння ў рускіх летапісах другой паловы ХII—ХIII стагоддзяў амаль адсутнічаюць. Мы не ведаем нават імёнаў большасці ўдзельных князёў, што рэзка кантрастуе з сітуацыяй у іншых частках Русі. Рэдкія ўпамінанні з'яўляюцца галоўным чынам у сувязі з падзеямі ў іншых рэгіёнах. У такіх умовах адсутнасць звестак пра нейкую з'яву не можа служыць канчатковым доказам поўнай адсутнасці самой з'явы.
Дарэчы, шырока вядома і непасрэднае паведамленне пра канфлікт паміж Літвой і адным з полацкіх князёў, змешчанае ў „Слове пра паход Ігараў". Паколькі А. Краўцэвіч мімаходзь дае яму рады на той падставе, што гэта толькі „радок з літаратурнага твора" (46), варта прывесці гэты „радок" цалкам: „Един же Изяслав, сын Васильков, позвони своими острыми мечи о шеломы литовския, притрепа славу деду своему Всеславу, а сам под чрелеными щиты на кроваве траве притрепан литовскими мечи". Каментарыяў, здаецца, не трэба.
Пішучы пра „двухвяковы вопыт мірных кантактаў", аўтар забываецца на тое, што ў ХI ст. Літва была адным з народаў „иже дань дают Руси". Калі мае рацыю меркаванне некаторых даследчыкаў, што Новагародак быў заснаваны як памежны фарпост Русі якраз пасля паходу Яраслава Мудрага на Літву ў 1040 г., пад час якога апошняя трапіла ў данніцкую залежнасць, то менавіта на новагародскім баярстве ляжала функцыя непасрэднага збору гэтай даніны — з усімі калізіямі, якія непазбежна з гэтага вынікалі. Такую ж ролю, напэўна, спаўняла і славянская факторыя ў Вільні. Аўтар прыгадвае археалагічныя сведчанні эканамічнага росквіту гарадоў Панямоння ў ХII ст. і трактуе іх як вынік міжэтнічных кантактаў. Але чым гандлявалі гэтыя гарады ледзь не з усёй Еўропай? Можа, якраз сваёй доляй літоўскай даніны?
Да таго ж агульнавядома, што прыкладна з сярэдзіны ХIII ст. (калі кантакты перайшлі ў сваю найвышэйшую фазу і прывялі да стварэння ВКЛ) культурны слой у практычна ўсіх беларускіх гарадах рэзка змяншаецца, а многія з іх прыходзяць у амаль поўнае запусценне. Гэта сведчыць, прынамсі, пра тое, што эканамічны росквіт і балта-славянскае ўзаемадзеянне не былі жорстка звязаны паміж сабой, калі не пра нешта большае. Зразумела, заняпад гарадоў быў выкліканы рознымі прычынамі, і найбольш верагодная з іх — ваенныя і эканамічныя наступствы татарскіх паходаў. Невыпадкова на поўдні і ўсходзе Беларусі ў слаях, што непасрэдна папярэдні чалі заняпаду, неаднаразова знойдзены татарскія наканечнікі стрэл. Але гэта не азначае, што адначасова не маглі дзейнічаць іншыя фактары. Археолаг Ю. Заяц ужо выказваў меркаванне, што запусценне ў даследаваным ім Заслаўі магло быць вынікам літоўскага нападу ў сярэдзіне ХIII ст.5. Пакуль што гэта толькі гіпотэза, але хто з археолагаў можа даць руку на адсячэнне, што пры наступных раскопках недзе ў цэнтральнай Беларусі не будзе знойдзены ў аналагічным кантэксце балцкі наканечнік? Сістэма, пабудаваная А. Краўцэвічам, занадта жорсткая, каб вытрымаць з'яўленне такога факта.
Усе гэтыя разважанні, зразумела, не закрэсліваюць ідэю мірнага суіснавання балтаў і славян, але прымушаюць крыху прытарможваць. Што да адсутнасці пісьмовых звестак пра тэрытарыяльныя набыцці літоўцаў, то аўтар чамусьці абмінае адну добра вядомую звестку на гэты конт: паведамленне Галіцка-Валынскага летапісу пра тое, як Міндоўг накіраваў сваіх пляменнікаў з войскам на Віцебшчыну і Смаленшчыну, каб яны здабылі там сабе новыя вотчыны („хто приемлет, собе держит")6 . Нават калі гэты факт быў адзінкавым, ён не дазваляе цалкам адмаўляць ініцыятыву Літвы ў падпарадкаванні рускіх княстваў. Не ўлічвае аўтар і глухое паведамленне летапіса пра міжканфесійную напружанасць, якая ўзмацнілася пасля прыходу да ўлады „акаяннага і беззаконнага" Трайдзена. Параўнанне яго з ворагам Хрыста Ірадам і „класічным" ганіцелем хрысціян Неронам у агульнай сістэме тагачаснага светапогляду не магло быць выпадковым.
І з агульных меркаванняў думка пра поўную гармонію двух этнасаў выклікае вялізныя сумненні. Стварыць бесканфліктную „брацкую сям'ю народаў" не ўдалося нават таталітарнай савецкай сістэме. Што ж казаць пра эпоху рэлігійнай ксенафобіі і няспынных усобіц, калі нават часткі аднаго этнасу, узначаленыя роднымі братамі, зыходзіліся ў смяротнай барацьбе? А. Краўцэвіч мае рацыю ў тым, што этнічная дамінанта ў сённяшнім сэнсе не была галоўнай для жыхароў Сярэднявечча, але ж гэта не азначае, што розніца ў мове, звычаях, а тым больш у веравызнанні магла быць цалкам праігнаравана імі. А наколькі агрэсіўнай была этнічная самасвядо масць пэўнай часткі літоўскай арыстакратыі ў ХV-XVI ст., сведчыць хоць бы створаная ёй легенда пра нашчадкаў Палямона і іх экспансію на Русі. Хіба яна ўжо не адносіцца да тэмы балта-славянскага ўзаемадзеяння?
А. Краўцэвіч папракае аўтара гэтых радкоў у спробе растлумачыць падзеі вакол Крэўскай уніі як вынік свядомай падтрымкі вярхоўнай уладай ВКЛ інтарэсаў этнічна літоўскага кампанента. Гэта быццам бы супярэчыць ідэі балта-славян скага сімбіёзу (61). Чаму абавязкова супярэчыць? Сімбіёз — гэта становішча, пры якім кожны з бакоў адчувае сябе лепш, чым паасобку , але неабавязкова аднолькава добра. Калі ж дапусціць, што сапраўды супярэчыць, то тым горш для сімбіёзу (а тым самым і для эквівалентнага яму „саюзу" А. Краўцэвіча), бо ў любым выпадку суцэльная сістэма ўяўленняў пра характар ВКЛ павінна ўлічваць усе факты — у тым ліку Крэўскую унію і яе наступствы. Як магло здарыцца, што дзяржава, створаная ў інтарэсах праваслаўнага насельніцтва Панямоння і рукамі праваслаўнага ж баярства, крыху больш чым праз стагоддзе пайшла на дамову, паводле якой дзяржаўнай рэлігіяй абвяшчалася каталіцтва, а этнічна літоўская знаць атрымала выключнае права на заняцце найвышэйшых дзяржаўных пасад? Чаму суіснаванне „душа ў душу" з літоўцамі так адбілася на інтарэсах праваслаўных нашчадкаў стваральнікаў ВКЛ, што потым яны дзесяцігоддзямі адчайна дамагаліся не перавагі — усяго толькі роўных правоў?
Аўтар, слушна адзначаючы складанасці з вызначэннем этнічнай структуры насельніцтва ВКЛ, асабліва паводле канфесійнай прыналежнасці (43, 82—83), значна менш крытычны ў адносінах да падлікаў А.Грыцкевіча наконт долі беларусаў і літоўцаў у складзе палітычнай эліты ВКЛ у ХVI ст. (44, 125). Між тым, падлікі гэтыя не бездакорныя. А. Грыцкевіч вызначае на падставе перапісу войска 1528 г. 41 найбольш заможны род ВКЛ, з іх 18 лічыць літоўскімі па паходжанні, а 17 — беларускімі (рэшта — украінскія і польскія) 7. Пры гэтым у лік украінскіх родаў трапілі Гедымінавічы Чартарыйскія, а ў лік беларускіх — Мікіцінічы (вялікарускага паходжання), Абрамовічы (яўрэйскага), Зяноўевічы (магчыма, сербскага) і два рода яўна літоўскага паходжання: Няміры і Насілоўскія (адгалінаванне Саковічаў). Паходжанне Глябовічаў дыскусійнае, але самі яны лічылі сябе адгалінаваннем літоўскага рода Манівідаў. Нарэшце, можна па-рознаму тлумачыць паходжанне Лукомскіх (выводзілі сябе ад Гедымінавічаў), а таксама Кунцэвічаў, Косцевічаў і Пецькавічаў. У выніку колькасць літоўскіх родаў у спісе А. Грыцкевіча павялічваецца, як мінімум, да 20—21, а колькасць бясспрэчна беларускіх не перавышае 7 (разам з бясспрэчна ўкраінскімі — 10). Пры гэтым беларускія феадалы былі не самымі заможнымі ў гэтым спісе (не вышэй другога дзесятка) і тым больш далёка не самымі ўплывовымі палітычна.
Калі зірнуць у гістарычнай перспектыве, то вышэйшую ў свецкай дзяржаўнай ерархіі пасаду віленскага ваяводы з моманту яе ўвядзення ў 1413 г. і на працягу двух наступных стагоддзяў (да 1616 г.) займалі 15 асобаў, якія належалі да 5 або 6 родаў. З іх толькі этнічнае паходжанне продкаў Я.Глябовіча, які быў віленскім ваяводам з 1542 па 1549 г., можа выклікаць сумненні (гл. вышэй). Усе ж астатнія (Манівіды, Даўгірды, Гаштаўты, Кезгайлы, Радзівілы і іх адгалінаванне Судзімонты) мелі бясспрэчна літоўскае паходжанне . На другой па значэнні пасадзе віленскага кашталяна з 1413 па 1511 г. пабыло 10 прадстаўнікоў усё тых жа 5 родаў і яшчэ аднаго таксама літоўскага — князёў Гальшанскіх. Толькі потым у эліту прабіўся першы прадстаўнік славянскага рода — славуты гетман князь К.Астрожскі, прычым у вачах віленскага ваяводы А. Гаштаўта ён назаўсёды застаўся „чалавекам новым, подлай кандыцыі, русінам" 8. У далейшым віленскімі кашталянамі з 1522 да 1559 г. былі яшчэ 3 прадстаўнікі таго ж вузкага кола арыстакратаў. Аналагічная карціна назіраецца і ў адносінах да пасадаў троцкага ваяводы і кашталяна (трэцяй і чацвертай у ерархіі).
Гэтыя факты тычацца не столькі этнічнай самасвядомасці арыстакратаў ХVI ст. (яна магла тады ўжо часткова саступаць агульнадзяржаўнаму патрыятызму), колькі той сітуацыі на мяжы ХIV-ХV ст., якая дазволіла лічаным родам выключна літоўскага паходжання заняць настолькі дамінавальнае становішча ў палітычнай эліце, што некалькі пакаленняў іх нашчадкаў утрымлівалі манаполію на найвышэйшыя пасады, нават калі ўмовы істотна змяніліся. Карані гэтай манаполіі трэба шукаць яшчэ раней — прынамсі, у часах Альгерда, калі не Гедыміна. Між тым аўтар пакідае гэтыя часы па-за разглядам, хоць сам жа слушна адзначае: „Каб ацаніць ход падзеі, патрэбна добра ведаць яе вынік" (4).
Можна зрабіць выснову, што ўклад А. Краўцэвіча ў высвятленне праблемы балта-славянскіх кантактаў сапраўды мае месца, але не можа разглядацца як яе канчатковае вырашэнне і тым больш як падстава для перагляду ўсёй існуючай сістэмы поглядаў, пра што ён так рашуча заяўляе на с.173. Часткова ён пашырае і ўдакладняе аргументацыю, выказаную яго папярэднікамі, часткова прапануе арыгінальныя, але далёка не бясспрэчныя ідэі.
Разгледзім другую фундаментальную выснову аўтара — пра няслушнасць усялякіх спробаў прыпісаць „летувісам" самастойныя працэсы дзяржаваўтварэння. Перш за ўсё адзначым, што прынцыповае значэнне гэтае пытанне набывае толькі ў інтэрпрэтацыі А. Краўцэвіча. У значнай часткі даследчыкаў яно было на перыферыі ўвагі. Многія, пачынаючы ўжо з У. Антановіча, трактавалі працэс утварэння ВКЛ у той ці іншай ступені як рэакцыю на знешнія імпульсы — пагрозу з боку Нямецкага ордэна і татар, значэнне якой прызнае і А. Краўцэвіч. Выбару не было толькі ў прыхільнікаў вульгарна-марк сісцкай парадыгмы, якая прымушала разглядаць усе палітычныя працэсы ў „надбудове" як вынік перш за ўсё зменаў у сацыяльна-эканамічным базісе. У базісе ўсходнеславянскага грамадства сярэдзіны ХIII ст. такія змены не фіксуюцца — значыць, заставалася шукаць іх у грамадстве балтаў. Такі ход думак сапраўды выразна прасочваецца ў працы У. Пашуты, якая нясе на сабе адбітак свайго часу, але гэта не азначае, што ў падобным падыходзе зусім не можа быць рацыянальна га зерня.
А. Краўцэвіч абвяшчае свае метадалагічныя прынцыпы, калі піша пра „адпраўны пункт унутрысістэмнага працэсу" і пра штуршок, які парушыў дынамічную раўнавагу і прывёў сістэму ў рух (134—135). Такая тэрміналогія пераклікаецца з ідэяй самаарганізацыі складаных сістэм (якую аўтар, на жаль, недарэчна блытае з другім пачаткам тэрмадынамікі). Увогуле гэтая ідэя сёння выглядае найбольш перспектыўнай для разумення эвалюцыі грамадства 9. Прыхільнасць да яе можна было б шчыра вітаць, але сістэмны падыход азначае не проста ўжыванне модных слоўцаў. Ён патрабуе аналізу таго, якія напружанні ў кампанентах сістэмы зрабілі яе раўнавагу няўстойлі вай, а таксама дэталёвага апісання паводзін сістэмы ў адказ на знешні штуршок (пажадана, каб з выкарыстаннем матэматычнага апарату — напрыклад, тэорыі катастроф або тэорыі нераўнаважных сістэм).
На вялікі жаль, у кнізе А. Краўцэвіча ёсць толькі імітацыя падобнага падыходу. У якасці вырашальнага штуршка пастулюецца пачатак палітычнага саюзу паміж усходнесла вянскімі „гарадамі-дзяржавамі" і правадырамі балцкіх плямёнаў, які ўвасобіўся ў з'яўленні Міндоўга на княжацкім пасадзе ў Новагародку. Мы не сустрэнем у тэксце грунтоўных апісанняў таго, з якіх кампанентаў складалася палітычная сістэма напярэдадні гэтай падзеі і як яны ўзаемадзейнічалі між сабой і са знешнім асяроддзем. Ды і заключэнне саюзу варта лічыць не штуршком да ўтварэння дзяржавы, а хутчэй першай рэакцыяй на яго. Што ж было непасрэдным штуршком да самога саюзу? Трэба разумець, што выпадковасць — у выглядзе рэзкага ўзрастання ваеннай пагрозы. Тэорыя самаарганізацыі, у адрозненне ад вульгарнага марксізму, дапускае такую магчымасць, але ж трэба паказаць, што прывяло сістэму ў такі няўстойлівы стан, калі для яе кардынальнай перабудовы хапіла выпадковага ўздзеяння звонку (накшталт таго, як драбок солі выклікае крышталізацыю перанасычанага раствору). Нарэшце, што адбылося з кожным кампанентам сістэмы ў выніку пераходу ў новую якасць?
Замест усяго гэтага А. Краўцэвіч засяроджваецца на абвяржэнні думкі пра тое, што саюзу з панямонскімі гарадамі папярэднічалі працэсы палітычнай эвалюцыі ў балцкім асяроддзі. Нагадаем, што менавіта гэтая рыса служыць яму падставай для адхілення поглядаў практычна ўсіх папярэднікаў, апрача М. Ермаловіча. У чым жа збілася з кроку „ўся рота", пакуль толькі адзін „падпаручнік" крочыў у лад?
Аўтар не можа адмовіць таго факту, што ў вядомай літоўска-валынскай дамове 1219 г. выступае група (а найбольш верагодна — дынастыя) „старэйшых" князёў і побач шэраг іншых — палітычна залежных, у тым ліку і князі Жамойці. Але „еднасці Летувы" быццам бы супярэчаць „далейшыя падзеі", а фактычна — адсутнасць імёнаў гэтых князёў у хроніцы Генрыха Латвійскага (131,138). Аднак той прыгадваў літоўскіх уладароў у сувязі не з далейшымі, а якраз з папярэднімі падзеямі: неаднаразова згаданы ім уплывовы правадыр Даўгерутэ (відавочна, германізаваны варыянт літоўскага імя „Даўгерд", ці „Даўгірд") загінуў прыкладна за 5 гадоў да складання азначанай дамовы. А. Краўцэвіч чамусці ігнаруе адзначаную аўтарам гэтых радкоў магчымасць таго, што менавіта гэты кунігас быў стваральнікам сістэмы „старэйшых" князёў — старшым родзічам (братам?) Жывінбуда і, не выключана, якраз тым „kцnig gros", якога „Рыфмаваная хроніка" называе бацькам Міндоўга 10. Такім чынам, звесткі Генрыха Латвійскага і дамову 1219 г. можна трактаваць і ў сэнсе іх узаемаадпаведнасці.
Другі аргумент А. Краўцэвіча супраць наяўнасці тэндэнцый да цэнтралізацыі ў Літве — прысутнасць побач з моцнымі ўладарамі (Даўгерутэ, групай „старэйшых", Міндоўгам) іншых князёў, якія дзейнічалі самастойна. Іншымі словамі, аўтар адхіляе магчымасць палітычнага аб'яднання балцкіх плямёнаў (саюзу або канфедэрацыі) на той падставе, што яно не было … цэнтралізаванай манархіяй! На гэтым шляху можна дайсці і да адсутнасці дзяржавы ў часы ўсё той жа Крэўскай уніі. Сапраўды, Ягайла на той момант не кантраляваў непасрэдна ўсю тэрыторыю Аўкштоты і зусім не кантраляваў Жамойць, разам з ім акт уніі падпісаў шэраг „старэйшых" князёў (Скіргайла, Вітаўт і інш.), прычым некаторыя дзейнічалі вельмі самастойна (Андрэй Полацкі). А існавалі ж яшчэ і „малодшыя" — усе тыя Гальшанскія, Друцкія, Астрожскія і г. д.! Ці не падобна падпісанне акта уніі на „ўзгодненыя дзеянні групы кунігасаў для вырашэння пэўных дыпламатычных задач," што само па сабе „яшчэ не дзяржава" (132—133)?
Трэці і апошні аргумент А. Краўцэвіча — тое, што „ўтварэнне новай дзяржавы наўрад ці не магло быць не заўважаным сучаснікамі" (133). Па-першае, якраз з'яўленне звестак пра „kцnig gros" і „старэйшых" князёў сведчыць, што тое-сёе было заўважана. Па-другое, размова не абавязкова ідзе пра ўтварэнне літоўскай дзяржавы як здзейснены факт, а хутчэй пра тэндэнцыю да гэтага. Па-трэцяе, тая падзея, якая безумоўна звязана з працэсам утварэння ВКЛ — пачатак княжання Міндоўга ў Новагародку — якраз і не была заўважана сучаснікамі. Крыніцы фіксуюць толькі момант, калі Міндоўгу ўжо належалі гарады Панямоння, і ўсе разважанні пра магчымыя шляхі яго ўкняжання застаюцца гіпатэтычнымі. Дарэчы, гэтак жа мы не ведаем і, напэўна, ніколі не будзем дакладна ведаць адказы на цэлы шэраг іншых пытанняў: якую тэрыторыю кантраляваў Міндоўг напярэдадні свайго з'яўлення ў Новагародку, дзе знаходзілася першая сталіца ВКЛ і ці была яна ўвогуле і г. д. Да гэтага ж кола належыць і пытанне пра сацыяльна-палітычны лад Літвы напярэдадні ўтварэння ВКЛ. Стварэнне ўражання, нібыта адно з такіх пытанняў можа быць канчаткова вырашана на падставе наяўных фактаў, было б не больш чым калянавуковай спекуляцыяй.
Такім чынам, абвяржэнні А. Краўцэвіча прыходзіцца прызнаць тэндэнцыйнымі і маючымі „выразную ідэалагічную афарбоўку". Не прыходзіцца чакаць, што „ўвесь свет", прачытаўшы іх, панясе свае ранейшыя погляды на сметнік. А значыць, і другое пытанне, па якім аўтар лічыць свой уклад у навуку прынцыповым, застаецца адкрытым і пасля выхаду яго кнігі.
Спрабуючы адмовіць існаванне ў этнічна літоўскім асяроддзі ўласных дзяржаваўтваральных працэсаў, А. Краўцэвіч узамен не прапануе ніякага іншага фактару, які б ствараў перадумовы для скачкападобнай перабудовы сукупнасці палітычных сувязяў Панямоння менавіта ў той час. Пра нейкія ўнутраныя працэсы ў княствах Полацкай і Новагародскай зямель, якія б з сярэдзіны ХIII ст. набылі якасна іншы выгляд, размова не ідзе. Кіеўскую Русь як агульную сістэму А. Краўцэвіч увогуле не ўпамінае, не кажучы ўжо пра аналіз унутрысістэмных зрухаў у ёй. Што да балта-славянскага ўзаемадзе яння, то і яно распачалося задоўга да стварэння ВКЛ. Якія змены ў яго характары зрабілі магчымым пачатак дзяржаваў тварэння, аўтар таксама не паказвае. Калі ж усе перадумовы для з'яўлення ВКЛ існавалі на Панямонні ўжо не адно стагоддзе і чакалі толькі штуршка звонку, то хіба да з'яўлення татар не было ваеннай пагрозы?
Заключная частка кнігі ўвогуле губляе рысы сістэмнага аналізу і збіваецца на пераказ падзей другой паловы ХIII ст. у храналагічнай паслядоўнасці. Яна не пазбаўлена цікавасці, але адпавядае хутчэй патрабаванням навукова-папулярнай або педагагічнай літаратуры. Чагосьці якасна новага ў параўнанні са шматлікімі аналагічнымі пераказамі, пачынаючы з часоў Т. Нарбута і У. Антановіча, у ёй няма.
Такім чынам, пры наяўнасці пэўных вартасцяў праца А. Краўцэвіча ў цэлым ставіць больш пытанняў, чым дае адказаў. Магчыма, яна дасць некаторыя дадатковыя аргументы тым, хто хацеў бы бачыць стварэнне ВКЛ у кантэксце выключна беларускай гісторыі, але толькі пры ўмове, што яны заплюшчаць вочы на вышэйзгаданыя факты, якія застаюцца па-за межамі пабудаванай аўтарам канструкцыі. Яны пакінуты там не з-за недахопу эрудыцыі, а таму, што ўключэнне іх у сістэму поглядаў А. Краўцэвіча прывяло б да яе фактычнага зліцця з поглядамі, існуючымі ў навуцы не першы год. Паміж імі, па сутнасці, няма вялікай розніцы па большасці пытанняў. Гэта сведчыць не пра адсутнасць у аўтара навуковага патэнцыялу, а хутчэй пра тое, што магчымасць новых інтэрпрэтацый пачаткаў ВКЛ на падставе наяўнай сумы фактаў блізкая да вычарпанасці. Далейшы рух наперад магчымы толькі праз рэальнае выкарыстанне прынцыпаў сістэмнага падыходу, на базе разгляду грамадства як сістэмы, што самаарганізу ецца паводле дакладных законаў. Але гэта застаецца пакуль справай будучыні.
1 Цыт. па выданні: Шкялёнак М. Падзел гісторыі Беларусі на пэрыёды // Спадчына. 1993. № 3. С. 4 — 5.
2 Цыт. па выдані: Доўнар-Запольскі М. В. Асновы Дзяржаўнасці Беларусі. Мінск., 1994. С. 9.
3 Ушинскас В. Роль культуры штрихованной керамики в этногенезе балтов // Славяне: Этногенез и этническая история. Ленинград, 1989. С. 62—67; Медведев А. К вопросу о взаимоотношении западных балтов и носителей культуры штрихованной керамики в І тысячелетии н. э. // Насельніцтва Беларусі і сумежных тэрыторый у эпоху жалеза. Мінск, 1992. С. 81 — 83; Luchtanas A. Rytш Lietuva I tыust. pr. m. erа // Lietuvos archeologia. 1992. № 8. S.56—85.
4 Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т. 1. С-Петербург, 1861. № 62.
5 Заяц Ю. А. Заславль в эпоху феодализма. Минск, 1995. С. 118.
6 ПСРЛ. Т. 2. Москва, 1962. Ст. 815.
7 Грицкевич А. Распределение магнатских и шляхетских владений в Белоруссии по их величине и этнической принадлежности владельцев (XVI в.) // Вопросы истории. Межведомственный сборник. Вып. 5. Минск, 1978. С.94- 105.
8 Сагановіч Г. М. Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі. Мінск, 1992. С. 56.
9 Падрабязней пра гэтую ідэю гл.: Носевич В. Л. На пути к модели общества как самоорганизующейся системы // Математическое моделирование исторических процессов. Москва, 1996. С.202—223.
10 Насевіч В. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мінск, 1993. С. 28.