Родныя журналіста Івашына хвалююцца за яго здароўе
2021-05-04 15:41
Яго маці перакананая, што ў адносінах да яе сына ў гродзенскай турме прымяняюць катаванні.
Маці журналіста Дзяніса Івашына Людміла Івашына перакананая, што ў адносінах да яе сына ў гродзенскай турме прымяняюць катаванні.
Людміла Івашына распавяла журналістам, што Дзянісу далі 7 сутак карцару. Праўда, яна ня ведае канкрэтна за што яго пакаралі. Дзяніса наведвала яго адвакат і распавяла, што ў камеры, дзе цяпер ён знаходзіцца, вельмі холадна.
Людміла Івашына кажа, што ўжо не ведае дзе шукаць дапамогі, паколькі следчых дзеянняў з Дзянісам не праводзіцца, а ён застаецца за кратамі. Паводле Івашынай, сын не на што не скардзіцца.
«Праўда, вельмі холадна там. А так сказаў, што ўсё вытрымае, прасіў перадаць, каб не хваляваліся, што трымаецца варта. Я проста баюся, што ён мне многа не дагаворвае і не перадае, бо ведае, што мы хвалюемся».
Дзянісу Івашыну прад’явілі абвінавачанне па арт. 365 Крымінальнага кодэксу «Уздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці шляхам абвяшчэння звестак, якія ён жадае захаваць у таямніцы».
Алесь ЗАВІНОЎСКІ