Эпідэмія змяніла спосаб функцыянавання культурніцкіх устаноў
2021-05-06 14:21
З 4 траўня ў рамках змякчэння эпідэмічных абмежаванняў у Польшчы адкрыліся ўстановы культуры – мастацкія галерэі і музеі.
Эпідэмія змяніла спосаб функцыянавання культурніцкіх устаноў і спосаб успрымання культуры гледачамі – гаворыць дырэктар польскага Нацыянальнага цэнтра культуры Рафал Вісьнеўскі.
Дырэктар Нацыянальнага цэнтра культуры Рафал Вісьнеўскі кажа, што адкрыццё культурных установаў звязана з пераемнасцю, але таксама прыносіць змены. Ён звярнуў увагу на тое, што палякі прагнуць кантактаў з жывой культурай.
-Мы са снежня памятаем гэтыя велізарныя чэргі, якія заахвочвалі ўсіх, каб прыйсці ў гэтыя ўстановы культуры. Варта адзначыць, што ў 2019 і пачатку 2020 году палякі вельмі ахвотна наведвалі музеі. Публіка хоча канцэрты, пленэры, мерапрыемствы на свежым паветры. Думаю, гэта ўсё паявіцца. Мы прагнем кантакту з жывой культурай, а не толькі тое, што ёсць у інтэрнэце. Гэта важна, але мы шукаем непасрэднага кантакту.
Дырэктар Нацыянальнага цэнтра культуры падкрэсліў, што змены ў сферы культуры адбываюцца ў кантэксце яе прысутнасці ў інтэрнэце:
-Шмат падзей і культурных ды адукацыйных прапаноў ёсць у прасторы інтэрнэту. Многія маюць гібрыдную форму. У гэтым годзе мы падрыхтавалі адмысловую праграму для дамоў культуры, каб ім было лягчэй функцыянаваць у сферы інтэрнэту. Для гэтага важна купіць тэхніку, а таксама вучыць працаўнікоў сферы, каб іх дзейнасць была шырэйшай.
Рафал Вісьнеўскі нагадаў, што ў мінулым годзе Нацыянальны цэнтр культуры арганізаваў праграму «Культура ў сетцы». На гэта было выдзелена амаль 80 мільёнаў злотых, было падтрымана амаль 1200 праектаў. Акрамя таго, Нацыянальны цэнтр культуры арганізуе спецыяльныя вебінары, каб дырэктары ўстаноў альбо аніматары культуры маглі праходзіць навучанне ў галіне інтэрнэт-прэзентацыі культуры.
З 15 траўня кінатэатры і тэатры змогуць працаваць на адкрытых прасторах з максімальнай загружанасцю 50%. Праз два тыдні гэтыя аб'екты змогуць прымаць гледачоў унутры.
ав