17 студзеня 1945 года ў Варшаве закончылася нямецкая, а пачалася савецкая акупацыя
2022-01-17 14:11
У гэты дзень жаўнеры Чырвонай Арміі і падначаленай саветам 1-й Арміі Войска Польскага ўвайшлі ў разбураную Варшаву.
17 студзеня 1945 года жаўнеры Чырвонай Арміі і падначаленай саветам 1-й Арміі Войска Польскага ўвайшлі ў разбураную Варшаву. У гэты дзень у 1939 годзе скончылася нямецкая акупацыя горада і пачалася савецкая акупацыя сталіцы.
Баі за Варшаву пачаліся 14 студзеня 1945 года, а ўзяцце горада было часткай буйнейшай савецкай аперацыі. Варшаву абаранялі невялікія нямецкія сілы, паколькі нямецкае камандаванне, баючыся акружэння, раней адвяло большую частку сваіх войскаў з горада. Саветы і палякі занялі сталіцу цягам аднаго дня. Асноўныя баі адбыліся ля Галоўнага вакзала, у Бяляньскім лесе і ў самым цэнтры – Ерусалімскіх алеях. У іх выніку загінулі некалькі сотняў жаўнераў.
17 студзеня ў Варшаву першымі ўвайшлі польскія жаўнеры, якія штурмавалі горад з трох бакоў, казаў Шыман Нядзела(Szymon Niedziela) з Музея Варшаўскага паўстання:
- Частка войскаў 1-ай арміі ад поўначы і ад поўдня, а 6-я Дывізія Пехацінцаў увайшла па замерзлай Вісле. Яны ўвайшлі ў вымерлы горад.
Праз два дні, 19 студзеня, польскія і савецкія войскі прынялі ўдзел у парадзе на руінах сталіцы. У левабярэжнай Варшаве было знесена каля 80 працэнтаў будынкаў. Не было мастоў, тэхнічнай інфраструктуры, грамадскіх будынкаў, помнікаў. Мяркуецца, што на левым беразе Віслы пражывала ўсяго 20 тысяч чалавек.
У часы Польскай Народнай Рэспублікі камуністычная прапаганда падкрэслівала, што ў 1945 годзе польскія і савецкія войскі вызвалілі Варшаву, выцесніўшы са сталіцы нямецкіх акупантаў. Толькі ў 1990 годзе гісторыкі пачалі гучна гаварыць, што жаўнеры Чырвонай Арміі, якія заставаліся на ўсходнім беразе Віслы ў верасні 1944 года, маглі дапамагчы вызваліць горад яшчэ падчас Варшаўскага паўстання, кажа Міраслаў Шуміла(Mirosław Szumiło) з Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Складоўскай-Кюры:
- Гэткая прапаганда выкарыстоўвалася, каб схаваць факт, што раней саветы затрымаліся і не аказалі дапамогі Варшаве, якая змагалася за вызваленне. Яны стаялі некалькі месяцаў спачатку пад Варшавай, а пазней на лініі Віслы. У ПНР ніхто не хваліўся тым, што ў верасні 1944 года быў вызвалены раён Прага і там была ўстаноўленая камуністычная ўлада сталіцы на чале з генералам Мар'янам Спыхальскім.
Паводле дырэктара Музея Варшаўскага паўстання Яна Алдакоўскага (Jan Ołdakowski), саветы чакалі, пакуль Варшава сыдзе крывёю:
- Саветы падыходзяць да сталіцы, у якой працягваецца паўстанне, яшчэ ў жніўні. Ад Варшавы іх аддзяляе толькі Вісла. Яны не дапамагаюць паўстанцам. Большасць знішчэнняў у Варшаве выклікалі ўдары, нанесеныя раптам шасцю нямецкімі бамбавікамі. Савецкія знішчальнікі, якія дыслакаваліся на лётнішчы ў Мінску Мазавецкім, маглі без праблем збіць нямецкія бамбавікі. Аднак такім чынам не адбываецца. Саветы чакаюць, пакуль немцы падавяць Варшаўскае паўстанне.
Ужо ў верасні 1944 года ў акупаванай Чырвонай Арміяй пражскай частцы Варшавы пачаўся тэрор. У згаданым раёне саветы стварылі штаб-кватэру НКУС у Польшчы. Туды яны прывозілі на «допыты» жаўнераў польскага незалежніцкага руху. Іх там катавалі і расстрэльвалі. На правым беразе Віслы знаходзіліся савецкая пракуратура, савецкі гарадскі штаб і Ваенны трыбунал.
Са студзеня 1945 года ў Варшаву пачалі вяртацца жыхары, нагадвае Павел Уклейскі (Paweł Ukielski) з Музея Варшаўскага паўстання:
- Неадкладна пасля ўваходу Чырвонай Арміі, у знішчаную Варшаву пачалі вяртацца таксама жыхары. Яны шукалі сваіх кватэраў, сваіх рэчаў. Трэба дадаць, што гэта была строгая зіма, таму і ўмовы былі вельмі неспрыяльныя.Нягледзячы на гэта варшавяне хацелі вяртацца, пачынаць нанава.
Многія з іх адразу трапілі ў савецкія арышты, у тым ліку, былыя варшаўскія паўстанцы, нагадаў Ян Алдакоўскі:
- На іх чакалі арышты Міністэрства грамадскай бяспекі. Надоечы мы адзначалі гадавіну смерці Яна Радовіча «Аноды» – героя і паўстанца, арыштаванага перад Калядамі ў 1947 годзе і забітага ў нявысветленых да гэтай пары абставінах. Можна сказаць, што новая ўлада, якая ўзнікае пасля 17 студзеня 1945 года азначае для герояў Аміі Краёвай пераслед, страх і смерць.
У Варшаве падчас абарончай вайны, паўстання і пасля яго заканчэння немцы знішчылі каля 85% будынкаў, 90% прадпрыемстваў і ўсе масты. У сталіцы, квартал за кварталам, пачалося размініраванне. Тут трэба ўспомніць пра вялікія заслугі польскіх сапёраў, нагадаў Шыман Нядзела:
- Немцы пакінулі дзясяткі, калі не сотні тысяч розных мінаў – у кожным доме, кожным аб’екце. Таму спачатку сапёры павінны былі ўсё праверыць. 17 студзеня варта падкрэсліваць ахвярнасць польскіх сапёраў, дзякуючы якім наступныя пакаленні палякаў маглі пачаць жыццё ў Варшаве.
3-га студзеня 1945 года Краёва Нацыянальная Рада вырашыла аднавіць Варшаву і зрабіць яе сталіцай незалежнай Польшчы. Да канца студзеня 1945 горада насельніцтва Варшавы павялічылася на 12 тысяч чалавек. Ужо ў сакавіку сярод руін запрацавалі першыя кавярні. Летам таго ж года на Вісле быў узведзены пантонны мост. Варшава павольна вярталася да жыцця.
Летась Сейм Польшчы вырашыў рэканструяваць з нуля Саксонскі палац, узарваны немцамі непасрэдна перад уваходам Чырвонай Арміі ў горад.
IAR/аз