Залукі адсвяткавалі Купалле пад беларускую «Купалінку»
2022-06-26 17:28
У вёсцы Залукі ля ракі Супрасль адбылося традыцыйнае свята «Купальночка 2022». Асаблівасць сёлетняга мерапрыемства – нароўні з традыцыйнымі падляшскімі гуртамі, удзел узялі і госці з Беларусі.
Гасцей вітаў арганізатар, войт Гарадка Веслаў Кулеша:
-Я паходжу з невялічкай вёскі і там не было такога святкавання. Толькі ў гмінных святах мы ўдзельнічалі. Паколькі я войт, то не было праблемы з арганізацыяй Купалля. Яно адбываецца шмат гадоў у Залуках. У нашай гміне імпрэзы адбываюцца з беларускай нотай.
Пра важнасць спалучэння аўтэнтыкі і сучаснасці на свяце Купалля распавёў суарганізатар свята, кіраўнік Фонду «Тутака» Павел Станкевіч:
- Вырашылі далучыцца, каб нароўні з папсосвай паказаць традыцыйную народную праграму. На Падляшшы Купалле пачынаецца дзесьці ў чэрвені і завяршаецца перад жніўнем. Калі атрымліваецца зрабіць акцэнт на традыцыі, варта гэта рабіць нават не прытрымліваючыся календара.
Падчас Купалля ў Залуках у межах праекта «SoncaHraj» адбыліся выступы гуртоў, якія пад кіраўніцтвам экспертаў з Беларусі прынялі ўдзел у серыі аўтэнтычных спеўных майстар-класаў для мясцовых калектываў з Беласточчыны і прадэманстравалі публіцы вынікі беларуска-польскай супрацы.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя