У Беластоку прайшла акцыя ў падтрымку Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута
2022-06-27 15:57
Каля помніка Ежы Папялушкў ў Беластоку адбылася акцыя салідарнасці з з прадстаўнікамі польскай меншасці, якія пад пераследам у Беларусі – Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам.
Удзельнікі акцыі абмеркавалі існуючыя механізмы вызвалення польскіх дзеячоў. Сярод іншых выступіла старшыня Падляшскага аддзялення таварыства «Wspólnota Polska» Анна Кетліньска:
– Я аптымістка, і стаўлю на тое, што ўсё вернецца да нормы, толькі для гэтага патрэбны дыялог з двух бакоў, а пакуль яго няма з беларускага боку.
Падчас акцыі была распаўсюджана інфармацыя пра факты абмежавання польскай меншасці ў Беларусі ў адукацыйных і культурных правах. Сітуацыю пракаментаваў дэпутат польскага сойму з Падляшскага ваяводства Роберт Тышкевіч:
– Лукашэнка лічыць на тое, што раз вочы ўсяго сусвету накіраваныя на Украіну, то ніхто не заўважыць таго, што адбываецца ў Беларусі. Таму так важна, каб мы пра гэта казалі на ўвесь свет, што польская меншасць у Беларусі пераследуецца, і парушаюцца яе асноўныя правы. Гэтыя правы апісаныя не толькі ў міжнародных дакументах, але і ў Канстытуцыі Беларусі. Беларусь сёння парушае свае ўласныя законы, парушаючы правы польскай меншасці на мову, і гістарычную памяць.
На акцыі салідарнасці з прадстаўнікамі польскай меншасці пад пераследам у Беларусі Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам сабралася каля 20 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі беларускай дыяспары і прадстаўнікі Саюзу Палякаў у Беларусі.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя