Юбілей адзначае гарадзенская паэтка Данута Бічэль
2022-12-03 20:57
3 снежня лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы, паэтка з Гародні Данута Бічэль адзначае юбілей – 85-годдзе.У 1993 годзе ў Менску выйшаў дзіцячы зборнік паэткі
“Гараднічанка”. У зборнічак увайшлі вершы паэткі, напісаныя для дзяцей на працягу 20 гадоў. Але ж якія там патрыятычныя вершы! Цяпер такую кніжку з падобнымі вершамі не выпусціла б не адно выдавецтва Беларусі.
Вось асобныя строфы:
-Дзе жывеш?
-У Гародні.
-Скуль твой бацька?
-З “Паходні”.
***
Габрынька і Габрусь
Малююць Беларусь:
Раку Дняпро і Сож
І дзетак басанож.
Малююць росны гай
І зайчыка ў гаі.
І любяць родны край
Мацней за ўсе краі.
***
І за плячыма Наша Радзіма:
Кніга Скарыны,
Зорка Максіма.
Белыя коні
Крыўскай Пагоні
Мчацца ўгару
Праз Беларусь…
Гэтыя радкі паэтка пісала для дзяцей. А для дарослых напісаны тысячы паэтычных строф на самыя розныя тэмы. Але найбольш вершаў з’явілася пра Беларусь, пра свой народ, пра гісторыю і патрыятызм. Многія творы прысвечаны вялікім асобам Бацькаўшчыны: Ларысе Геніюш, Адаму Станкевічу, Ніне Мацяш, Гальяшу Леўчыку, Максіму Багдановічу, Цётцы, Васілю Быкаву, Аляксею Карпюку, Уладзімінру Караткевічу, ды ўсіх пералічыць немагчыма.
Чуйная да народнага слова, да ўсяго, што звязвае чалавека з роднай зямлёй і гордасцю за сваю Радзіму, Данута Бічэль па-ранейшаму застаецца вернай свайму народу. Яе тэмпераментнаму і сардэчнаму радку ўласцівы роздум над часам, над балявымі нервамі веку. Хораша ў яе паэтычных кнігах паўстае і адвечная тэма кахання, мацярынства, любові і дабра.Паэтка напісала і выдала дзесяткі кніг паэзіі і прозы, успамінаў і перакладаў:
Звеставанне – Божае пасланне
Арханёл Марыі абвясціў.
Будзе ў нас Хрыстова Звеставанне,
Толькі папасціцца трэба ўсім…
З юбілеем Вас, шаноўная Данута Янаўна! Здароўя Вам, дабра і шчасця!
Беларускае Радыё Рацыя