75 гадоў з дня нараджэння Алеся Разанава
2022-12-05 13:49
Беларускі пісьменьнік, перакладнік, філосаф Алесь Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў вёсцы Сялец (Бярозаўскі раён, Берасцейская вобласць). Паходзіў з сям’і службоўцаў. Бацька – Сцяпан Разанаў, паходзіў з Тамбоўскай вобласці, прыехаў з геадэзічнай экспедыцыяй да вайны ў Беларусь, дзе і застаўся.У 1966 годзе
Алесь Разанаў паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Паралельна з вучобай працаваў ліцейшчыкам на Менскім заводзе ацяпляльнага абсталявання. У кастрычніку 1968 года студэнты-філолагі БДУ, сярод лідараў якіх былі Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Леў Барташ, звярнуліся ў ЦК КПБ з лістом на імя Пятра Машэрава (ліст падпісала некалькі соцень чалавек), дзе патрабавалі вяртання выкладання на беларускай мове. У выніку тройца ініцыятараў звароту атрымала ярлыкі «нацыяналістаў». Калі неўзабаве Разанаў, Віктар Ярац і Валянціна Коўтун з’ездзілі ў Зэльву да Ларысы Геніюш, два першыя ўзімку 1969 года былі выключаны з БДУ (праз няздачу заліку па ваеннай падрыхтоўцы; да гэтага яны былі выдатнікамі вучобы). Дзякуючы падтрымцы Максіма Танка, рэктару БПІ Сяргею Гусаку і загадчыку кафедры беларускай мовы і літаратуры БПІ Уладзіміру Калесніку, Алесь Разанаў працягнуў вучобу на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1970 годзе.
У 1970-71 гг. Разанаў працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе вёскі Кругель Камянецкага раёна. З 1972 года жыў і працаваў у Менску. У 1972-74 гг. – літаратурны супрацоўнік газеты «Літаратура і Мастацтва» і часопіса «Родная прырода». Сябра Саюза пісьменнікаў з 1972 года. У 1974-86 гг. – рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1989 годзе абіраўся віцэ-прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра. У 1990-х гг. супрацаваў з часопісам «Крыніца».
Алесь Разанаў вядомы як паэт-наватар, аўтар новых паэтычных форм. З вершамі ў друку дэбютаваў у 1961 годзе. Алесь Разанаў – аўтар паэтычных зборнікаў, якія лічацца этапнымі для беларускай паэзіі, сярод якіх – «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях-360» (1981), «Сума немагчымасцяў» (2009). У першым паэтычным зборніку з адметнай для таго часу назвай «Адраджэнне» (1970), моцна скажоным цэнзурай, пераважалі адраджэнскія настроі, услаўляліся героі беларускага мінулага, замежныя вучоныя і пісьменнікі, адкрывальнікі новага, утапісты і змагары. У наступным зборніку вершаў «Назаўжды» (1974) навідавоку яго пошукавы характар, схільнасць да паэтычнага эксперыменту, падвышаная ўвага да філасофскіх праблем. 3 гэтага часу з імем Алеся Разанава звязваецца ўяўленне аб інтэлектуальнай плыні ў беларускай паэзіі.
У вершаваным цыкле пад назвай «Пункціры», якая адначасна стала і абазначэннем новага жанру, паэт прадэманстраваў сваё імкненне ахапіць шматстайныя праявы свету. Наватарскія памкненні паэта ў сферы зместу і формы выявіліся ў кнізе паэм-балад «Каардынаты быцця» (1976) і этапным зборніку «Шлях-360» (1981). У зборніках Разанава апошніх дзесяцігоддзяў «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод», «Паляванне ў райскай даліне», «Рэчаіснасць», «Гановерскія пункціры» творчыя пошукі адбываюцца пераважна ў сферы самой беларускай мовы. Паэт адкрывае багацце яе лексічных, музычных, сэнсавых магчымасцяў.
Перакладаў з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, англійскай моў. Склаў кнігу паэзіі Я. Купалы «Выйду з сэрцам, як з паходняй!..» (1982). Выдаў па-нямецку зборнік «Wortdichte» (2003).
Памёр Алесь Разанаў у Менску 26 жніўня 2021 года.