be

Рублеўская Людмiла

Рублеўская Людмiла

Людмiла Рублеўская нарадзiлася ў Менску ў 1965 годзе. Сярэдняй школы ня скончыла, пайшла ў архiтэктурна-будаўнiчы тэхнiкум на аддзяленьне архiтэктуры, пасля сканчэньня якога два гады працавала на вытворчым аб'яднаннi "Гарызонт" тэхнiкам-архiтэктарам, аздабляючы працоўныя iнтэр'еры. Паралельна пачала друкаваць вершы ў перыядычным друку i прыходзiць да беларушчыны пад уплывам Караткевiча, Багдановiча i ўласнага рамантызму. У 1986-м годзе паступiла ў Лiтаратурны iнстытут iмя Горкага ў Маскве на аддзяленьне паэзii, адкуль вярнулася праз год ужо разам з мужам, паэтам Вiктарам Шнiпом i перавялася на беларускае аддзяленьне фiлфака БДУ. Працавала ў газэце "Наша слова", часопiсе "Першацвет", тыднёвiку "Лiтаратура i мастацтва". У "ЛiМе" займала пасаду рэдактара аддзела крытыкi i рэгулярна збiрала дыскусiйны клуб "За гарбатай", дзе сустракалiся беларускiя iнтэлектуалы. Пасля стварэньня холдынгу "Лiтаратура i мастацтва" адтуль сышла i прыняла прапанову працаваць лiтаратурным аглядальнiкам газэты "СБ-Беларусь сегодня". Была аўтарам серыi радыёперадач пад назвай "Дзеяслоў" на канале "Культура", у якiх расказвалася пра гiсторыю i сучаснасьць беларускай мовы. Кiруе суполкай маладых творцаў "Лiтаратурнае прадмесьце". Выкладае ў школе маладога пісьменніка W/rights пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Лаўрэат прэмii часопiса "Дзеяслоў" "Залаты апостраф" за паралельны раман "Золата забытых магiлаў", дзеянне ў якiм адбываецца ў часы паўстання Кастуся Калiноўскага i ў нашым часе. Лаўрэат прэміі Францішка Багушэвіча за раман “Сутарэнні Ромула”, дзе даследуецца тэма сталінскіх рэпрэсій і гістарычнай памяці (2011), прэміі “Кніга году-2014” Беларускага ПЭН-цэнтра за раман “Авантуры студыёзуса Вырвіча”, Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі (2017 г) за раман “Авантуры Пранціша Вырвіча, канфедэрата і здрадніка”, раман “Дагератып” заняў 2-е месца прэміі Гедройца (2018 г). Усяго выйшла амаль чатыры дзясяткi кнiг у розных жанрах - паэзiя, проза, драматычныя творы, эсэ, крытыка, творы для дзяцей, сярод якiх кнiжка казак "Прыгоды мышкi Пiк-Пiк" - спроба стварэння сучаснай беларускай гарадской мiфалогii (выдадзена на Беларусi i ў Польшчы). Аўтар кніг прозы “Старасвецкія міфы горада Б”(2002), “Сэрца мармуровага анёла” (2003), “Пярсцёнак апошняга імператара” (2006), “Сутарэнні Ромула”(2009), “Дагератып”(2017), “Пантофля Мнемазіны” (2018) і інш., кніг казак для дзяцей «Прыгоды мышкі Пік-Пік» (2000, 2008,), “Карона на дне віра” (2008), сборніка гістарычных эсэ “Беседы о философах”(2006), кнігі краязнаўчых артыкулаў “Я – мінчанін” (2006, у перакладзе на рус. мову – 2007), зборніка архіўных даследванняў па гісторыі беларускай літаратуры “Время и бремя архивов и имен» (2009), у сааўтарстве з гісторыкам В.Скалабанам, і зборніка эсэ “Рифма ценою в жизнь». У празаiчным цыкле "Старасьвецкiя мiфы горада Б*" сiнтэзавала антычныя мiты i рэалii беларускага мястэчка 19 ст. Шмат займаецца тэмай рэпрэсiй 1930-х гадоў. Цыкл авантурна-прыгодніцкіх раманаў “Авантуры Пранціша Вырвіча” (2011-2019), які на сёння складаецца з пяці кніг, малюе панараму Беларусі XVIII стагоддзя. Людміла Рублеўская таксама выяўляе сябе як паэтэса, яна аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў: “Крокі па старых лесвіцах”(1991), “Замак месячнага сяйва”(1992), “Над замкавай вежай”(2003), “Балаган”(2000), “Рыцарскія хронікі”(2002), “Шыпшына для пані” (2008) і др., а таксама аўтар драматычных паэм і п’ес, некаторыя з якіх былі пастаўлены на тэатральных сцэнах. Па драматычнай паэме “Апошняя з Алелькавічаў” зняты аднайменны відэафільм ( БТ, 1999). Дакументальная п’еса “Людвіка і Фабіян” у сааўтарстве з гісторыкам В.Скалабанам выйшла асобнай кнігай (2007). Кінааповесць “Пад залатымі трубамі” пра род Радзівілаў надрукаваная ў часопісе “Дзеяслоў” у 2019 г. (№99). Першы раман авантурна-прыгодніцкага цыклу “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега” экранізуецца на кінастудыі “Беларусьфільм”, прэм’ера запланавана на люты 2020 г. Выступае ў друку як крытык і літаратуразнаўца. Аўтар дасьледвання "Беларускi мiф i яго трансфармацыя ў маладой паэзii 10-20-х i 80-90-х гг. ХХ ст.". Творы перакладалiся на дзясяткi моў свету.

Рублеўская Людмiла. Выданьні

Сутарэнні Ромула
mp3

Сутарэнні Ромула

Раман
Рублеўская Людміла

Бываюць кнігі, агучванне якіх даецца мне цяжка - гаворыць Кацярына Ваданосава, якая агучвае кнігі для Kamunikat.org - З напругай я пераадольваю кожную старонку, збегі зычных муляюць, манатоннасць сюжэта спрабуе закрасціся ў голас, які міжволі страчвае фарбы ды інтанацыі... "Сутарэнні Ромула" - поўная... Болей »

Пантофля Мнемазіны
mp3

Пантофля Мнемазіны

Раман
Рублеўская Людміла

У рамане Людмілы Рублеўскай "Пантофля Мнемазіны" віртуальная рэальнасць самым неверагодным чынам перамешваецца з сучаснасцю і падзеямі позняй сталінскай эпохі. Аўтарка ставіць герояў перад выбарам: зміріыцца, стаць часткай сістэмы альбо ўпарта абараняць выспу ўнутранай свабоды.... Болей »

Дабрадзейныя
epub

Дабрадзейныя

Апавяданне
Рублеўская Людміла

Няма жанчыны няшчаснейшай, чым дабрадзейная. Асабліва калі табе за трыццаць, і ты ўжо ...наццаць гадоў жонка мужа, які не адрознівае Пікаса ад Маціса, і восень сёлета загасцілася, і сунуцца колы твайго лёсу па выбітай каляіне — і, можа, ніколі, ніколі не збочаць... Лілія Іванаўна, дызайнер па інтэр’ерах... Болей »

Жалезная кнопка
epub

Жалезная кнопка

Апавяданне
Рублеўская Людміла

У тыя часы я захаплялася постімпрэсіяністамі. Не тое, каб я цалкам разумела іх мастацтва — хутчэй, падабаліся яны самі: маладыя, дзёрзкія, бедныя... Я таксама была маладая, дзёрзкая і бедная. Як, прынамсі, палова маіх аднакурснікаў. Што можа параўнацца па вастрыні перажыванняў з першымі днямі ў вялікім... Болей »

Жаніх панны Данусі
epub

Жаніх панны Данусі

Жахлiвае апавяданне
Рублеўская Людміла

Парцэлянавыя пастух і пастушка прайшліся ў танцы пад пяшчотную мелодыйку «Ах, мой мілы Аўгусцін!», і бялюткія парцэлянавыя ж галубкі над імі далікатна сутыкнуліся ружовымі дзюбкамі. Гадзіннік прабіў дзевяць вечара. Панна Дануся, пекная выпускніца Марыінскай жаночай гімназіі горада М*, закінула ў сакаўны... Болей »

Дыярыуш пані
epub

Дыярыуш пані

Апавяданні
Рублеўская Людміла

Перасыпаю хвіліны з далані на даланю. Яны блішчаць і пяшчотна шаргочуць, быццам перліны. У паўпразрыстым цэнтры кожнай — вострая зрэнка вечнасці. Можа быць, гэта сапраўды толькі перліны. Сёння зноў перад замкам праязджалі гэтыя. Нешта крычалі, ці то клікалі з сабою, ці то пагражалі. Страусавыя пёры ківаліся... Болей »

Старасвецкія міфы горада Б*
epub

Старасвецкія міфы горада Б*

Апавяданні
Рублеўская Людміла

У горадзе Б* былі жанчыны, якія не выйшлі замуж таму, што ім не пашанцавала. Былі там і жанчыны, якія не выйшлі замуж таму, што занадта многа хацелі ад будучага выбранніка. Зрэдку сустракаліся ў горадзе Б* і такія жанчыны, што не выходзілі замуж прынцыпова. А былі і такія, што заставаліся ў дзеўках па... Болей »

Сэрца мармуровага анёла
epub

Сэрца мармуровага анёла

Аповесьць
Рублеўская Людміла

Люблю вандраваць. Часам гэтая схільнасць ублытвае мяне ў авантурныя падзеі, якія не да твару такой самавітай асобе, як я, з навуковай ступенню кніжкамі і працай у сталічным музеі... Ды не, гэта я перабольшваю наконт маёй самавітасці. Па-ранейшаму не паважаю сур’ёзных паседжанняў і павучальных размоў... Болей »

Белы крыж над белаю зямлёй...
epub

Белы крыж над белаю зямлёй...


Рублеўская Людміла

Абмаляваць сёньняшні стан нацыянальнай літара-туры — задача, шчыра кажучы, вартая падручніка і калектыву аўтарытэтных аўтараў. Літаратура — жывы арганізм, з ягонымі хваробамі і этапамі біялагічнага разьвіцьця, з унутранымі пухлінамі і ранамі, што нанесеныя звонку. І мы, клетачкі гэтага яшчэ жывога, нягледзячы... Болей »

Золата забытых магіл
epub

Золата забытых магіл

Паралельны раман
Рублеўская Людміла

А што яшчэ ён спадзяваўся ўбачыць, углядаючыся праз мокрае акно ў ноч, у восень, у безнадзейнасць? Быць самотным — значыць трошкі памерці. Нешта стукнула ў шыбу, нібыта адзінота прасілася ў пакой… Не, яна, халодная пані Адзінота, ужо даўно царуе тут. Сядзіць побач, перад полымем каміна. І што ёй да ценяў... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org