Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

12/2002


На радзіме Коласа і Купалы – з нагоды юбілею

(Пачатак у папярэднім нумары)

2. У Ляўкі над Дняпром даехалі праз тры дні. Па дарозе адведалі мясьціны Сыракомлі, Лучыны, Уладзіміра Жылкі. Завіталі таксама да Янкі Брыля ў Крынічнае, таксама над Нёманам, таксама з дубамі. Нагодай быў нядаўні юбілей Янкі Брыля – у жніўні скончыў 85 гадоў! Таксама ўжо класік беларускай літаратуры. Начавалі па дарозе ў Гарадзеі, у цудоўнай Веры Касмовіч, у Мінску і ў палатках у лесе перад Бялынічамі. У Ляўкі даехалі праз Шклоў.

У Купалаўскі музей трапілі даволі лёгка, хаця абазначэньне ненайлепшае, але мясцовыя ведаюць. Уразілі нас Ляўкі сваім краявідам – на высокім беразе Дняпра. Янка Купала атрымаў у 1935 г. гэтую лесьнічоўку ад БССРаўскага ўрада. Раней сюды прыяжджаў адпачываць і ведаў гэтае маляўнічае месца і ваколіцы. Сам Купала запраектаваў дачу, пабудаваную на беразе Дняпра. Супрацоўнікі музея ўспрынялі нас неяк трывожна, пабачыўшы здалёк такую кампанію. Выявілася, што ў Беларусі, каб наведаць музей, трэба раней дамовіцца, пазваніць. Нельга от так сабе – задумалі і паехалі. Але таксама нестандартна пару дзён перад намі на верталёце ў Ляўкі завітаў сам Аляксандр Рыгоравіч. Таму мы здалёк магчыма і нагдвалі нейкую каманду інспэктараў, якая прыехала праверыць, ці выкананы прыказы „бацькі”. А сьцяжынкі былі вымеценыя венікамі, трава ўсюды пакошаная, адным словам – поўная элегантнасьць. Аднак мы хутка высьветлілі намер свайго заезду ў Ляўкі і да нашага распараджэньня з’явілася Галіна Упенік, навуковы супрацоўнік музея, якая наштодзень жыве ў паблізкім Копысі. У лесьнічоўцы знаходзіцца музейная экспазіцыя з жыцьця Купалы, яго кнігі і карэспандэнцыя. Пайшлі і ў дачу, дзе з 1982 г., калі яе адбудавалі, дзейнічае экспазіцыя , адлюстроўваючая даваенны выгляд хаты паэта. Згарэла яна ў пачатку вайны, 3 ліпеня 1941 г. Паэт праводзіў у Ляўках кожныя вясну, лета і восень, толькі на зіму з’яжджаў у Мінск. Дзяцей частаваў цукеркамі, хадзіў у лес па грыбы і ягады. Мясцовы селянін сплёў яму лапці, каб меў у чым хадзіць па лесе. У Ляўках добра пісалася – 17 вершаў за месяц. Тут напісаны вядомыя: „Хлопчык і лётчык”, „Алеся”, „Сонцу”, „Сыны”, „Лён”. Перад дачай – помнік Янкі Купалы „Апошняя восень” аўтарства Анатоля Анікейчыка: паэт сядзіць задуманы на лавачцы перад ад’ездам з Ляўкоў назаўсёды. А ад’яжджаў Купала, уцякаючы на ўсход ад вайны, сваёй машынай „Шэврале”, якую зараз можна пабачыць у гаражы. Спусьціліся абрывістым берагам да Дняпра. Пасьля пасядзелі на лавачцы разам з Купалам. „А ці быў тут Колас?” – запыталі мы, калі даведаліся, што ў Ляўках Купалу адведвалі розныя госьці. „Вядома, што так, хаця паэты спрачаліся між сабой. Аднойчы, едучы ў машыне, якой кіраваў Колас, завялася між паэтамі такая спрэчка, што Колас затрымаўся пасярэдзіне вялікай лужыны і загадаў Купалу выйсьці з машыны”.

Купіўшы матэрыялы з купалаўскіх чытаньняў і развітаўшыся з гаспадарамі, паехалі ў Оршу. Па дарозе, як на зьдзек клясіку, стэнд з надпісам на рускай мове: „Колхоз имени Янки Купалы”.

Суправаджаюць нас клясікі сваім духам – у Оршы з лёгкасьцю знаходзім музей Уладзіміра Караткевіча. Хаця гэта яшчэ працоўныя гадзіны, зноў зьдзіўляем супрацоўніцу музея сваім нахабствам наведаць экспазіцыю без ранейшай дамовы. „Зараз няма экскурсавода” – пачулі. Даказваючы, што Караткевіч нам не чужы, упрасіліся пагля-дзець экспазіцыю. Па-мастацку аформленая, мае, аднак, пэўныя недахопы – у надпісах беларуска-моўных, напрыклад, рускае „и” ці іншыя памылкі. „Музей нядаўна адкрыўся і таму можа не ўсё яшчэ да-працаванае”, – пачулі ў адказ на на-шыя прэтэнзіі.

Наведаўшы Смаляны з вібрую-чымі наўкол іх руінамі замка, кась-цёла і царквы, адшукаўшы на старых могілках магілу Тамаша Зана і яго сям’і, мы падаліся ў напрамку Лагойска. Пераначаваўшы ў Бабры ў вядомага беларускага пэрформансэра і мастака Алеся Пушкіна, праз Барысаў даехалі ў Лагойск, дзе пашчасьціла нам сустрэць мясцовых дзеячаў культуры: Ніну Пятроўскую (загадчыца Аддзела культуры райвыканкама) і Віктара Несьцяро-віча (былога настаўніка беларускай мовы), якія правялі нас па Тышкевічавым Лагойску, з якога асталося няшмат. Палац быў збураны яшчэ ў І сусьветную вайну і дасюль ніхто не зьбіраўся яго адбудоўваць. Пра колішнюю славу Тышкевічаў, якія да помнікаў старажытнасьці і гісторыі ставіліся як да сьвятасьці, нагадвае толькі стары парк. Спадарыня Ніна распавядае нам пра літаратурную Лагойшчыну: у Карпілаўцы жыў Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), у Казіміраўцы – Уладзімір Самойла, у Кур’янаве нарадзіўся Леапольд Родзевіч, з навакольля Лагойска Зьмітрок Бядуля (з Пасадца), Іван Пташнікаў, Сяргей Давідовіч, Ніл Гілевіч, Мікола Гіль, Міхась Зарэмба, Галіна Каржанеўская-Янушкевіч... Аж просіцца, каб на гэтай зямлі быў краязнаўча-літаратурны музей, як сьлед па Тышкевічах і кагорце літаратараў. Тут жа недалёка і Купалаўскія Акопы. На наша жаданьне туды паехаць нашы гіды гавораць, што гэта не так проста і невядома, ці мы самі знойдзем. Звоняць да настаўніка ў Харужанцы, каб намі заапекаваўся. На жаль, няма яго дома. Не хочам рызыкаваць, хаця цягне туды, дзе Купала напісаў больш чым 80 вершаў, славутую „Паўлінку”. Купалава маці Бэнігна з 1909 г. арандавала маёнтак пані Жалігоўскай у Акопах. Ужо без бацькі Дамініка Луцэвіча, які памёр вясной 1902 г., калі арандававлі хутар Селішча. Паўгоду пазьней памерлі таксама на працягу тыдня на шкарлятыну Купалаў брат Казя і сёстры Сабінка і Гэля. Пахавалі іх усіх у Корані. Маці асталася адна з чацьвёркай дзяцей. Янка ўжо дарослы падаўся ў пошуках хлеба, працуючы дробным чыноўнікам ды з 1905 г. вінакурам у розных броварах па Беларусі.

Напраўляемся тады ў раённы Корань, на могілкі. Маладая жанчына з дзіцём на руках вядзе нас да магілы Дамініка Луцэвіча, якая знаходзіцца сярод старых магіл на мясцовых могілках і адрозьніваецца ад іх каменным помнікам, пастаўленым адносна нядаўна, з надпісам:

Луцевіч Дамінік Ануфрыевіч
1846-1902
Бацька Янкі Купалы

Па магілах яго дзяцей няма сьледу, так як і па касьцёле, у якім адпраўлялі ў апошні шлях блізкіх Янкі Купалы. Маці Бэнігна з дзецьмі, пакуль трапіла ў Акопы, арандавала маёнтак Чаховічаў у недалёкіх Бараўцах.

Янка Купала дэбютаваў як беларускі паэт вершам „Мужык” у 1905 г. Пазьней лагойскія мясьціны, калі адведваў маці і сясьцёр, натхнялі яго паэтычна таксама. 22 жніўня 1908 г. у Бараўцах закончыў пісаць драматычную паэму „Адвечная песьня”.

Абмінаючы падлысагорскія Акопы думаецца пра трактоўку гэтага месца за савецкім часам, дзе маці Купалы пражыла дваццаць гадоў складанага часу – царскай Расіі, вайны і рэвалюцыі, а пасьля савецкай Беларусі. Арандатарства не пасавала да сялянскага паэта Янкі Купалы. Таму і Акопы на працягу 60 гадоў пайшлі ў забыцьцё, хаця ў 20-ыя гады паэт бываў там даволі часта і пісаў свае творы. Толькі ў 1989 г. дасьпела патрэба ўшанаваньня памяці Купалы на Лагойшчыне. У Акопах па сядзібе Жалігоўскіх асталіся адны камяні і старыя дрэвы. Аднак не там пабудавалася хата-музэй, толькі на ўскраіне вёскі Харужанцы, на месцы колішняга хутара Міхалішкі. Там і пастаўлены помнік паэта. Гэты мэмарыяльны комплекс адкрыўся ў 1992 г., у адроджанай Рэспубліцы Беларусь. Тут-жа ў недалёкіх Малых Бяседах, у 1913 г. Янка Купала пазнаў сваю будучую жонку Уладыславу Станкевічанку, з якой ажаніўся ў 1916 г. Перажываем, што самі не можам трапіць у Акопы, і з надзеяй, што з дапамогай маладзечанскіх сяброў трапім у Яхімоўшчыну, дзе Янка Купала працаваў вінакурам у Любанскага, едзем у Маладэчна. Тамтэйшыя краязнаўцы Міхась Казлоўскі і Юрась Валашэнка ведаюць усе мясцовыя закавулкі і былыя фальваркі. Вязуць нас у Яхімоўшчыну, з сумненьнем, ці зможам наведаць там Купалаўскі музэй, які размяшчаецца ў хаце, дзе некалі жылі работнікі бровара, ся-род якіх быў і Янка Купала. Нашыя сябры пачынаюць зайздросьціць маладому Купалу працы на бровары – словам, піў колькі хацеў! Музэй тут адкрыўся 30 мая 2001 г., дзякуючы намаганьням старшыні мясцовага калгаса Генадзя Бажко, неабыя-кавага да беларускай гісторыі. Бачым, што і сядзіба калгаса з арыгінальнай назвай „Яхімоўшчына” месьціцца ў адноўленым двары Любанскіх. Над уваходам у сядзібу калгаса вісіць мармуровая дошка з надпісам: „Тут у Яхімаўшчыне на бровару ў 1906-1907 г.г. працаваў чорнарабочым народны паэт Беларускай ССР Янка Купала”. Зьмест дошкі ў савецка-пралетарскім стылі сьведчыць, што вісіць яна больш чым 10 гадоў. Міхась Казлоўскі ўсьвядоміў нам, што Яхімоўшчына была фальваркам і апрача двара і бровару не было тут ніякіх дамоў. „Гэта за савецкім часам, калі разбудаваўся калгас” – адказаў, каб не зьдзіўлялі нас вясковыя дамы. Дарэчы, сумняваўся, ці нехта нам адкрые музэй, бо жанчына, якая ім кіруе паламала нядаўна нагу. Але аб’явіўся нам мясцовы інвалід на возіку, які, відаць, пабачыўшы нашу ахвоту наведаньня музэя, памчаўся на сваёй калясцы па ключ. Хуценька прыбегла нейкая жанчына, якая нас упусьціла ў музэй, асьцерагаючы, каб глядзець пад ногі, бо ў некатарых месцах грыб з’еў падлогу і можна праваліцца. З удзячнасьці за аказаную нам павагу чарговы раз упісаліся ў музэйную кніжку. Аказалася, што перад намі музэй наведалі даваенныя ўладальнікі Яхімоўшчыны.

Канчалася нашае тыднёвае падарожжа па мясьцінах клясікаў. Вядома, многа куды мы не пасьпелі заехаць з-за недахопу часу, але і з- за вельмі дрэннага азначэньня гэтых месцаў на картах і на дарожных указальніках. Турбавала нас, што з нагоды гадавіны клясікаў не змаглі мы ні ў адным месцы купіць юбілейных паштовак, буклетаў, праведнікаў з планамі экскурсіяў па Коласаўскіх і Купалаўскіх мясьцінах. Няўжо ў Беларусі няма такой патрэбы, каб прамаваць сваіх песьняроў, няўжо музейная справа застрагла ў савецкай багне і нельга музэяў Коласа і Купалы адкрыць шырокаму кругу наведвальнікаў, ажывіўшы іх не толькімі сьвятамі паэзіі і юбілеямі, але, можа, творчымі сустрэчамі школьнай моладзі, з начлежнымі месцамі, хаця-б пад палаткамі на зямлі, па якой ступалі песьняры Беларусі?