Месцы памяці пра Нёманскую бітву з’явяцца ў розных кутках Падляшша
2020-12-12 10:04
Прадстаўнікі 14-ці самаўрадаў атрымалі памятныя шыльды, якія прыгадваюць пра падзеі верасня 1920 года.
Гэта ініцыятыва Управы Падляшскага ваяводства і ваяводскіх радных, звязаная з сотай гадавінай перамогі над бальшавікамі.
Кажа маршалак ваяводства Артур Касіцкі:
– Сёлета мы адзначаем стагоддзе польска-бальшавіцкай вайны. Мы ўсе ведаем пра Варшаўскую бітву, якая тады адбылася і стала вызначальнай падзеяй з пункту гледжання той вайны. Але не ўсе ведаюць пра такой самай важнасці падзею, якой была Нёманская бітва. Бітва, якая разгарнулася на тэрыторыі нашага ваяводства. Таму супольна з чальцамі Управы мы хацелі адзначыць тыя месцы, у якіх адбывалася гэтая бітва.
Нёманская бітва – гэта другая па значнасці перамога польскага войска, пасля Цуду над Віслай, якая завяршыла разгром Чырвонай Арміі Заходняга фронту і ў канчатковым выніку прывяла да падпісання Рыжскай мірнай дамовы.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота прадастаўлена прэс-службай Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства