Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

01/2003


Закуліссе правінцыйнага тэатра

(Пачатак у папярэднім нумары).

2. Саманадзейныя „таленавiтыя” рэжысёры i „бяздарныя” беларускiя пiсьменнiкi

Рэжысёраў у гарадзенскiя тэатры заўсёды прысылалi аднекуль звонку. Яны традыцыйна пампезна-гучна пачыналi, мяркуючы, што нясуць тутэйшаму люду высокую расейскую i сусветную культуру. Але свой творчы побыт у Гродне заканчвалi вельмi блякла: або спiвалiся, або вярталiся туты, адкуль нялёгкая прынесла „у пошуках i славы, i чыноў”, або iх адпраўлялi на пенсiю, цi проста звальнялi, як няўгодных вышэйстаячаму мясцова-му начальству ад культуры. Карацей, яны былi, гэтаксама як i чыноўнiкi, якiя iх прызначалi, адно часовымi кватарантамi. Iх збольшага не цiкавiлi праблемы беларускае культуры, адно ўласныя амбiцыi ды грошы (акрамя зарплаты яшчэ й пастановачныя ды аўтарскiя адлiчэннi на рахунак з кожнага спектакля).

А тут ёсць так, што рэпертуарную палiтыку збольшага вызначае нiякая не мастацкая рада (яна, зазвычай, не больш, чым фiкцыя), а галоўны рэжысёр. Натуральна, што ён не зацiкаўлены ў пошуках сучасных беларускiх п’есаў i далейшай iх сцэнiчнай iнтэрпрэтацыi. Бо сучасным аўтарам акрамя належнага ганарару трэба ж пляцiць яшчэ й аўтарскiя. Прасцей узяць сусветна вядомага класiка, самому напiсаць iнсцэнiроўку, самому паставiць i пакласцi ўсю касу сабе ў кiшэню. Класiк даўно згнiў, нават з труны нiчога не засталося, дык ён не пакрыўдзiцца, i ад жаху, што з ягонага бессмяротнага твору зрабiлi хрэн ведае што, не перавернецца ў магiле. Затое глядач пойдзе ў тэатр не дзеля таго, што яго паставiў „амбiтны” рэжысёр. Глядач спакусiцца на iмя класiка. Iншая справа: цi будзе ён захапляцца, цi плявацца ад пабачанага…

Дагэтуль, пры ўсёй маёй павазе да колiшняга мастацкага кiраўнiка менскага тэатра „Дзе-Я?” Мiколы Трухана (на жаль ужо нябожчыка), не магу пагадзiцца з ягонай сцэнiчнай iнтэрпрэтацыяй твораў Францiшка Аляхновiча. Легендарны беларускi пiсьменнiк даўным-даўно ўжо адпакутваў у бальшавiцкiх катоўнях. Дык зараз пакутуюць на тэатральных сцэнах ягоныя творы. Гэта проста жахлiва, што з iмi зрабiлi… Я, канешне, разумею: гэтак зараз модна, гэта постмадэрнiзм, бо сам люблю авангардовыя навацыi. У такiм выпадку, спадары „таленавiтыя” рэжысёры, падпiсвайце падобную прадукцыю ўласным iмем, а не прыкрывайце сваю сцiплую лядашчнасць, бы фiгавым лiстком, iмёнамi лiтаратурных класiкаў. А то ў недасведчанага гледача створыцца вычварнае ўяўленне пра беларускую лiтаратуру, i яму ўжо нiколi не захочацца звярнуцца да першакрынiцы.

Iншы менскi рэжысёр – скандальна вядомы Аляксей Ляляўскi – вы-сунуў iдэю, што сучасны спектакль не абавязкова павiнен абапiрацца на лiтаратурны твор. Добра, хай сабе так. Але ж паставiў Ляляўскi на гарадзенскай сцэне сваiх сумнавядомых „Лiпавiчкоў”, прыкрыўшыся iмем Уладзiслава Галубка! Спектакль у Гродне праходзiў з поспехам, а калi прывезлi на прагляд у Менск – выбухнуў скандал, бо мiнiстэрскiя чыноўнiкi заўва-жылi, што на сцэне адбывалася зусiм iншае, чым у сцэнарыi. Гэта i дало iм сур’ёзную падставу для забароны спектакля. Мяркую, Ляляўскi цудоўна ведаў, што без лiтаратурнай асновы ён не атрымае дзяржзаказ (грошай на пастаноўку) i што менавiта iмя беларускага класiка будзе галоўным козырам у станоўчым вырашэннi пытання. Бедны Галубок, як i Аляхновiч таксама адпакутваў…

Я, вядома, супраць забароны твораў мастацтва. Але, як прафесiйны лiтаратар, не магу маўчаць, калi нехта бруднымi рукамi лепiць з класiкi свае нягеглыя забаўкi толькi дзеля таго, каб у атупелага люмпэна выклiкаць iнстынктыўны рогат.

Колькi словаў пра сучасную беларускую драматургiю. Неяк у iн-тэрвiю газеце „Пагоня” колiшнi галоўны рэжысёр Гарадзенскага драмтэатра Генадзь Мушперт заявiў, маўляў, беларускага мадэрнiз-му няма, не сачыняюць. А што такое п’есы Пятра Васючэнкi, Лявона Вашко, Iгара Сiдарука, Максiма Клiмковiча i Мiраслава Шайбака? Хто схiльны да больш традыцыйнае драматургii – прапаную п’есы Вiнцэся Мудрова i Андрэя Федарэнкi. Тым больш, яны iснуюць не ў рукапiсах, а надрукаваныя дастатковым накладам у часопiсах i зборнiках. Проста трэба глядзець крыху далей уласнага носа. Я прапаноўваў гарадзенскiм рэжысёрам хаця б прачытаць дзеля знаёмства гэтых аўтараў. Ды дзе там! Яны лiчаць сябе такiмi недатыкальнымi знаўцамi… Падумалася: А чаму гэтых аўтараў ставяць недзе ў Менску, Брэсце, Маладэчне, Магiлёве, Вiцебску? Там што – больш беларускасцi, чым у Гродне? А можа наш родны горад i зусiм не родны для прысланых звонку „эстэтаў”?

Неяк, таксама ўжо колiшнi, галоўны рэжысёр Гарадзенскага драмтэатра Сяргей Палешчанкаў у iнтэрвiю гэзэце „Пагоня” прывёў сенсацыйныя лiчбы. Аказваецца, у нядаўным 2000 годзе было напiсана 60 беларускiх п’есаў, але ўсе яны (паводле словаў Палешчанкава) вельмi слабыя, i толькi штук дзесяць з iх можна ўзяць да пастаноўкi. Застаецца запытацца: Ну дык у чым справа? Хто цi што перашкаджае iх увасобiць на сцэне?

Увогуле, цiкава, хто праводзiць падобную статыстыку – лiчыць на-пiсаныя па-беларуску п’есы. Саюз пiсьменнiкаў? Мiнiстэрства культуры? А мо яны надрукаваныя ў перыёдыцы? I хто мае паўнамоцтвы вызначаць: слабая цi моцная мастацкая рэч? Гэтыя пытаннi засталiся без адказаў.

Дарэчы, Сяргей Палешчанкаў паўтарыў „подзвiг” сваiх папярэднiкаў на пасадзе галоўнага рэжысёра драмтэатра – вельмi гучна пачаў i дрэнна скончыў. Вышэйстаячыя начальнiкi ад культуры „папрасiлi” яго самастойна звольнiцца. Рэч у тым, што разрэкламаваны ў прэсе як вельмi таленавiты i шматабяцальны рэжысёр, Палешчанкаў ўчынiў п’яны дэбош у адной з гарадзенскiх кавярняў – здзейснiў непрыстойнасцi i збiў супрацоўнiцу лякаля, якая паспрабавала ўтаймаваць ягоны „пэрформэнс”. На дапамогу падаспеў нарад мiлiцыi, i скандалiсту давялося пераначаваць у камеры папярэдняга зняволення. Была нават узбуджаная крымiнальная справа. Гэты выпадак, пра якi вельмi хутка даведалася ўся творчая iнтэлiгенцыя Гродна, можна было б палiчыць за банальны, каб падобнае здзейснiў звычайны п’янтос, а не галоўны тэатральны рэжысёр, якi паклiканы несцi культуру ў масы. Палешчанкаву яшчэ пашанцавала. Калi скандал зацiх, рэжысёр з’ехаў з горада невядома куды. А мог бы i за краты патрапiць…

Сцiплае шчасце служкаў Мэльпамэны

Колькi не размаўляў з мясцовымi акторамi i рэжысёрамi пра так званае „прафесiйнае шчасце”, пераконваўся: яно ў iх аднолькавае – замежныя гастролi i фестывалi. Усё вельмi проста й зразумела: за мяжой хоць крыху заплоцяць. Некалькi дзён – i два-тры месячныя заробкi. Праўда, замежныя гастролi i фестывалi – з’ява рэдкая. I, каб туды патрапiць, тэатральныя творцы гатовыя хоць зямлю зубамi грызцi. Напрыклад, рыхтуючыся паехаць з пастаноўкай „Прыхадзень” у Францыю, рэжысёр Мiкалай Андрэеў, акторы Iван Дабрук i небезвядомы Вiктар Шалкевiч завучылi тэкст п’есы па-французску i зрабiлi з банальнага сюжэту пра ўваскрашэнне мерцвякоў „суперцукерку”! Ажно сам аўтар з Лiможа Макс Эйроль быў у шалёным захапленнi. Не апошнюю ролю адыграла незвычайная сцэнаграфiя мастака Алеся Сурава. Пасля гастроляў у Францыi спектакль „Прыхадзень” (да гонару стваральнiкаў – у беларускамоўнай версii) атрымаў шэраг узнагарод i ў Беларусi.

Вядома, на фестывалi вязецца ўсё найлепшае. А найлепшае, паўтаруся яшчэ раз, гэта класiка. Таму на ёй i паразiтуюць рэжысёры ўсiх часоў i народаў. Асаблiва зручна паразiтаваць на несмяротных творах Шэкспiра. З гэтым унiверсалам можна смела выпраўляцца хоць у Маскву, хоць у Варшаву. А можна i яшчэ далей, калi запросяць. Вось i новапрызначаны (пасля звольненага Сяргея Палешчанкава) галоўны рэжысёр Гарадзенскага драмтэатра – былы лялечнік Алег Жугжда – то Тут, то Там збiрае „шэкспiраўскiя лаўры”. Год таму ён звазiў спектакль „Сон у летнюю ноч” на прэстыжныя мiжнародныя тэат-ральныя фестывалi ў Расею. Спярша ў Разань, а пасля ў Маскву. Прафiнансаваў „падарожжа ў Расею”, як нi дзiўна, гарадзенскi аблвыканкам. (Адразу згадваецца адмова прафiнсаваць пастаноўку Iвана Цiмохiна). Але сабака быў зарыты неглыбока. I рэч вось у чым.

Усё вырашалася на ўзроўнi губернатараў, – гаворыць рэжысёр Алег Жугжда. – З Разанi мы атрымалi афiцыйнае запрашэнне на тэатральныя „Разанскiя агледзiны”. А вось каб патрапiць на фестываль у Маскву, трэба было прайсцi сур’ёзны конкурсны адбор.

Рэжысёр не прамiнуў распавесцi, з якiм размахам у Маскве ўмеюць арганiзоўваць шоў. Ну, гэта мы ведаем! У Маскве дурэюць з сытасцi i закатваюць грандыёзныя пагулянкi з той цi iншай нагоды, а ў дрымучай правiнцыi – звычайныя людзi гiбеюць без заробкаў, святла i цяпла ў кватэрах, артысты ў правiнцыйных тэатрах ледзь не галадаюць. Нашы жа, беларусы, хоць таксама галодныя, але не лыкам шытыя. Па словах Алега Жугжды, гарадзенскi тэатр лялек не глядзеўся ў Расеi тэатрам правiнцыйным. Больш за тое, расейцы нават прызналi, што ў нашых беларусаў „великий i могучий русский язык” гучыць са сцэны вельмi лiтаратурна. Ды куды прыгажэй, чым у самiх расейцаў!

Во да чаго дайшло! I не дзiва, калi беларусы столькi дзесяцiгоддзяў любiлi рускую лiтараратуру больш, чым сваю мацi, ды малiлiся на Маскву, як на ясну панну. I ў сваёй вычварнай любовi да расейшчыны перасягнулi самiх расейцаў. А тыя ў сваю чаргу, не без уплыву ўродлiвай бальшавiцкай iдэалогii, пахерылi сваю высокую класiчную культуру. Вось i размаўляюць не па-руску, а выслаўляюцца на ней-кiм паўкрымiнальным жаргоне.

Затое беларускiя старшынi аблвыканкамаў вельмi хочуць i ўжо незаконна называюцца губернатарамi, а старшынi гарвыканкамаў – мэрамi, хаця афiцыйна ў Беларусi няма такiх пасадаў. Але ж iм карцiць быць падобнымi на расейцаў. Асаблiва ў святле гэтай iдыёцкай iнтэграцыi, якая можа нiколi не адбыцца. I ад таго, што нейкi чыноўнiк назавецца губернатарам цi мэрам, нашым акторам – гэтым самаадданым служкам Мэльпамэны – не стане лягчэй. Наадварот, iхняе сцiплае шчасце можа стаць яшчэ больш сцiплым. Нават трагедыйным. Бо iснаванне ў сённяшняй Беларусi – суцэльная трагедыя...

Праўда, зусiм не такая, як „Трагедыя аб Макбеце” у пастаноўцы таго ж Алега Жугжды. Ужо гэтаму спектаклю пашанцавала куды больш. Яго адзначаюць i ўзнагароджваюць на усiх тэатральных фестывалях. Сапраўды, вельмi арыгiнальнае рэжысёрскае рашэнне i сцэнiчная iнтэрпрэтацыя класiчнага твора. Акторы стварылi яркiя i запамiнальныя вобразы, гледачы падчас спектакля сядзяць на сцэне i нявольна становяцца саўдзельнiкамi акцыi. Аднак рэч не ў тым, бо вядома, што Алег Жугжда вельмi таленавiты рэжысёр i эстэт, якi стала знаходзiцца ў творчым пошуку.

Свой спектакль „Трагедыя аб Макбеце” Алег Жугжда запрэзентаваў i на тэатральным фестывалi ў Гданску, куды не прамiнулi завiтаць сябры тамтэйшага Беларускага Культурнага Таварыства „Хатка”. А як жа – надзвычайная нагода – паглядзець на выдатную гульню актораў з Беларусi. Спадзява-лiся пачуць сакавiтую беларускую мову i… расчаравалiся! Бо акторы выслаўлялiся не па-беларуску, а на цудоўнай рускай лiтаратурнай мове. Дарэчы, трагедыя „Макбет” перакладзеная на беларускую мову.

Ну нiяк не хочуць самазадаволеныя рэжысёры i адмiнiстратары, каб гэтая „мужыцкая” мова гучала з „высокiх” тэатральных падмосткаў. Праўдамi i няпраўдамi адбiваюцца ад беларускамоўных п’есаў. А тут, як снег на галаву, – 120- гадовы юбiлей народных песняроў – Янкi Купалы i Якуба Коласа! Трэба ж не толькi нешта прымеркаваць да ўгодкаў, але й пад гэтую марку „дзяржзаказiк” атрымаць. Але незадача – Купала з Коласам пiсалi па-беларуску.

I вось рэжысёр Алег Жугжда стварае вельмi дзiўную рэч „Сон на кургане” паводле аднайменнай паэмы Янкi Купалы з падзагалоўкам Паэма без слоў. Канешне, зноўку вельмi наватарскае сцэнiчнае ўвасабленне класiчнага твора. I, як вы напэўна ўжо здагадалiся, са сцэны анiводнага слова па-беларуску. Купала ў свае 120-я нарадзiны анямеў…

Вымоўкi-адмоўкi, маўляў, глядач не хоча iсцi на беларускамоўныя спектаклi, не больш, чым лухта сабачая. Вось ужо 12 гадоў гарадзенцы i госцi горада iмкнуцца патрапiць на спектакль „Тутэйшыя”, пастаўлены рэжысёрам Мiкалаем Андрэевым паводле знакамiтай Купалавай п’есы. Бо гэта – сапраўды шэдэўр лялечнага мастацтва. Посьпех спектакля „Тутэйшыя”, з якiм гарадзенскiя акторы аб’ездзiлi Беларусь i неаднаразова пабывалi на Беласточчыне, i ёсць сапраўднае акторскае шчасце. Мяркую, гарадзенцы здабудуць яго i ў 2003 годзе на тэатральным фестывалi ва Вроцлаве.

Сам жа горад Гродна даўно прэтэндаваў займець уласны тэтральны фестываль. Як быццам мала было аднаго Фестываля нацыянальных культур, якi ў народзе празвалi фестывалем сэксуальных меншасцяў. I вось чаму. Па першае, у фестывалi сапраўды ўдзельнiчаюць меншасцi – нацыянальныя. Па-другое, у якасці сiмвала абралi вясёлку – семiколерны сцяг геяў i лесбiянак. На самой жа справе – гэта грандыёзная п’янка-пагулянка i паказуха, адцягненне грамадзянаў ад сацыяльна-палiтычных i побытавых праблемаў. Маўляў, паглядзiце: як у нас на Беларусi цудоўна i мiрна жывуць прадстаўнiкi розных нацыянальнасцяў.

Пасля Мiнiстэрства культуры Беларусi прыдумала Рэспублiканскi фестываль тэатральнай творчай моладзi „Надзея”, якi ў народзе займеў мянушку „Безнадзейнасць”. Фiнал гэтага мерапрыемста праходзiў у Гродне ўжо двойчы – ў 1998 i 2001 гадах. Iдэя, натуральна, вартая усялякай падтрымкi. Праўда, гэтыя два фiналы пераканалi арганiзатараў, крытыку i прэсу ў тым, што творчая моладзь не шукае, хай сабе сцiплага, але шчасця на тэатральнай сцэне. Пра гэта сведчыць i красамоўны „Цытатнiк”. Таму перспектывы фестываля „Надзея” вельмi цмяныя.

Гэткая ж цмянасць пануе i за кулiсамi правiнцыйных тэатраў, дзе даўно засвоiлi банальнае выслоўе: „Шчасце там, дзе нас няма”.