be

Мележ Іван

Мележ Іван

Іван Мележ нарадзіўся 08.02.1921 г. у вёсцы Глінішчы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.

Пасля заканчэння сярэдняй школы (1938) працаваў у Хойніцкім райкоме камсамола. У 1939 годзе паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце. У 1942 годзе цяжка паранены. Пасля лячэння яго адправілі ў тыл. У 1943 годзе выкладаў ваенную падрыхтоўку і адначасова вучыўся на філалагічным факультэце ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які знаходзіўся на станцыі Сходня пад Масквой. Закончыў універсітэт ужо ў Менску ў 1945 годзе, паступіў у аспірантуру і выкладаў беларускую літаратуру. І.Мележ працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», у ЦК КПБ. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967-1976), быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру і членам Сусветнага Савета Міру. Член СП Беларусі з 1945 года.

Выйшлі зборнікі аповесцей, апавяданняў, нарысаў, крытычных артыкулаў: «У завіруху» (1946), «Гарачы жнівень» (1948), «Заўсёды наперадзе» (1948), «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961), «Жыццёвыя клопаты» (1975), «Белыя вішні і яблыні» (1976) і інш. Аўтар раманаў «Мінскі напрамак» (1950, кн. 1; 1952, кн. 1-3; дапрацаванае выданне ў 1974), цыкла раманаў «Палеская хроніка» - «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966), «Завеі, снежань» (1978). У 1969-1971 гг. выйшаў збор твораў у 6-і, у 1979-1985 гг. - у 10 тамах.

«У аснове Мележавага мастацкага свету - багаты рэальны свет простых людзей у іх адзінстве з прыродай, з зямлёй. Пісьменнік падае сваіх герояў ва ўсёй іх жыццёвай канкрэтнасці. Яны быццам выхаплены з жыцця. І не аддзелены ад яго, пададзены разам з жыццём, якое іх акружае, з якім яны пастаянна ўзаемадзейнічаюць» (С.Андраюк).

Іван Мележ узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962, за раман «Людзі на балоце»), Ленінскай прэміі (1972, за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1976, за кнігу «Жыццёвыя клопаты»).

Народны пісьменнік БССР (1972).

Памёр 09.08.1976 г.

Мележ Іван. Выданьні

Збор твораў у дзесяці тамах
pdf

Збор твораў у дзесяці тамах


Мележ Іван

Змест сёмага тома Збору твораў Івана Мележа складае раман «Завеі, снежань», а таксама накіды, планы, няскончаныя раздзелы гэтага рамана, асобныя накіды і сцэны да «Палескай хронікі», нататкі з запісных кніжак Івана Паўлавіча Мележа за 1957—1970 гадоў.... Болей »

Збор твораў у дзесяці тамах
pdf

Збор твораў у дзесяці тамах

Нарысы; П'есы
Мележ Іван

Змест другога тома складаюць нарысы і п'есы Івана Мележа. Першая абарончая лінія ворага была прабіта. Танкавая брыгада Шутава адразу рушыла далей. Але прарвацца ўдалося недалёка: разведка, што ішла ўперадзе, неўзабаве выявіла на вышынях абапал дарогі замаскаваныя ствалы гармат, варожыя танкі. Яны былі... Болей »

Ha рацэ
epub

Ha рацэ

Апавяданне
Мележ Іван

Мы сядзелі ўтраіх на беразе ракі: бялявы, па-юнацку зграбны лейтэнант з чамаданам і рэчавым мяшком, пажылая калгасніца з плеценым кошыкам і я. Лейтэнант меў ад сілы гады дваццаць чатыры, а нашай спадарожніцы можна было даць, здавалася, і ўсіх сорак пяць, калі не больш. На ёй была акуратна пашытая і выпрасаваная... Болей »

Незнаёмы
epub

Незнаёмы

Апавяданне
Мележ Іван

У пакоі быў адзін Слава. Заклапочаны, вельмі сур'ёзны чалавек гадоў шасці, з малатком і абцугамі поўзаў вакол грузавічка, правіў машыну, што, відаць, сапсавалася. Грузавічок, змайстраваны з дошчачак, на бярозавых колцах, стаяў пасярэдзіне пакоя, на дарозе да канечнага пункта — кутка між печчу і дзвярыма.... Болей »

Павел прыехаў
epub

Павел прыехаў

Апавяданне
Мележ Іван

У пакоі стала прасторна і ціха,— пайшлі госці і панеслі разам з сабою і шум, і крыкі. За сталом сядзелі адны Павел ды Марцін. Насця зморана апусцілася на лаўку, паклала абедзве рукі на ўскрай стала, нібы ёй самой цяжка трымаць іх, спакойна акінула чорнымі, зацененымі бяссонніцай вачыма таварышаў. Марцін... Болей »

Такі кароткі водпуск
epub

Такі кароткі водпуск

Апавяданне
Мележ Іван

Шкада было кожнай хвіліны, што марна прападала, але ўсё, нібы знарок, ішло насуперак. Спачатку доўга не ўдавалася знайсці цягнік, каб пад'ехаць паўсотні кіламетраў. Эшалоны, якія праходзілі і якія стаялі тут,— або ішлі ў другі бок, або няхутка павінны былі адпраўляцца. Калі Васіль даведаўся, што на станцыю... Болей »

Сустрэча
epub

Сустрэча

Апавяданне
Мележ Іван

Стары толькі што вымыў рукі пасля перавязкі. Згорблены, з нездаровым, ацёчным тварам, выціраючы рукі кашлатым ручніком, падышоў да раненага. Той сядзеў на аперацыйным стале і з дапамогаю дзяўчыны-медсястры апранаў халат. — Значыць, скора чатыры месяцы? — сказаў стары, трохі картавячы, з грузінскім акцэнтам.... Болей »

Ноччу
epub

Ноччу

Апавяданне
Мележ Іван

Маша ўвайшла ў хату і пачала моўчкі распранацца. Развязала хустку, на якой блішчалі сняжынкі, скінула залубянелую ватоўку. Распраналася яна марудна — ад утомы, што роўным цёплым цяжарам наліла цела. — Ад Сямёна нічога не было? — спытала яна, зірнуўшы на свякруху пільнымі, знарок спакойнымі вачыма. Хоць... Болей »

Перад навальніцай
epub

Перад навальніцай

Апавяданне
Мележ Іван

Пачалося ўсё пасля полудня. Стала вельмі душна. Сонца паўзло на захад, а задуха не толькі не спадала — гусцела і гусцела. Сарочка ліпла да спіны, мокла, як на дажджы. Тады Алена і заўважыла: на небасхіле, над цёмна-зялёнай сцяной дубняку і асінніку, пухнуць белыя горы. Іх клубы зіхацелі так, што сляпіла... Болей »

Адна
epub

Адна

Апавяданне
Мележ Іван

На дзевяты дзень Аня зноў пераступіла парог хаты, у якой жыла сястра Арына. У хаце нікога не было. Дзяўчына кінула на лаўку жакетку, стомлена прайшлася па пакоі. Дзе ж усе? Толькі яна падумала гэта, як у сенцах бразнула клямка і ўбегла ўстрывожаная бялявая Лорка, Арыніна дачушка. — Цёця Аня! — узрадавана... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org