Адміністратара браслаўскага тэлеграм-чата асудзілі да арышту, але ён на волі
2020-07-01 14:51
Амаль што дэтэктыўная гісторыя адбылася з Канстанцінам Далецкім, адміністратарам тэлеграм-чата “Браслав для жизни!”
Увечары 27-га чэрвеня яго затрымалі нібыта за распаўсюд заклікаў на несанкцыянаваную акцыю. Амаль двое сутак ён правёў у камеры пад вартай, на знак пратэсту абвясціўшы галадоўку, і 29-га чэрвеня яго асудзілі да 5-ці сутак арышту. А пасля суда нечакана адпусцілі , распавёў Канстанцін Далецкі:
- У камеру мяне вярнулі, яшчэ 2-е сутак “дасядзець”. А ўвечары прыходзяць: “З рэчамі на выхад!” Маўляў, ніякіх дакументаў з суда няма, а без дакументаў мы не маем правы цябе трымаць больш за 72 гадзіны. Сёння раніцай я заехаў у “дзяжурку”, спытаўся: “Будзеце мяне забіраць?” Дзяжурны сказаў, што начальства нічога не ведае. Пачаў нешта казаць пра запоўненасць камер… Не ведаю, можа, камеру маю занялі?
Да сітуацыі з арыштам Канстанцін Далецкі паставіўся з гумарам і паабяцаў з’явіцца ў міліцыю па першым патрабаванні. Але адзначае, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго падманам, паабяцаўшы адпусціць адразу ж пасля апытання. Да ўсяго, выгналі бацьку, былога супрацоўніка МУС, які суправаджаў яго ў пастарунак. А пасля не дазволілі бацьку быць ягоным грамадскім абаронцам у судзе.
Канстанціна Далецкага асудзілі за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах – за допіс у тэлеграм-чаце. Усе ягоныя сябры абураныя сітуацыяй, якая стала шырока вядомай у райцэнтры. І Канстанцін дзякуе ўсім неабыякавым людзям за спагаду і дапамогу. Ён мяркуе, што “не адседжаныя” двое сутак міліцыянты будуць “трымаць у запасе”, каб затрымаць яго ў нейкі адказны момант, прыкладам, у дзень прэзідэнцкіх выбараў.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск