Алесь Ясінскі прэзентуе ў Беластоку новы альбом гурта RAZAM
2025-04-16 14:56
Напрыканцы сакавіка выйшаў новы альбом гурта RAZAM і спявачкі Івы Марэшавай (Iva Marešová) “Na dně mojí duše” (“На дне маёй душы”), запісаны разам з сімфанічным аркестрам філармоніі Градэц Краловэ. Плыта адметная тым, што ў ёй гучаць песні на тэксты беларускіх паэтаў: Уладзіміра Караткевіча, Валярыны Куставай, Алеся Плоткі (вядомага пад псеўданімам Baisan).
Альбом быў прэзентаваны
6 красавіка 2025 года ў Празе, а цяпер адзін з яго харызматычных удзельнікаў - беларускі баяніст і кампазітар Аляксандр Ясінскі -
прывязе плыту ў Польшчу і Літву. Фанаты гурта і проста аматары world music, джазу і класікі маюць шыкоўную магчымасць наведаць
імпрэзу 23 красавіка ў Беластоку!
Вясновы вечар, калі задумлівы беларускі фальклор сустрэнецца са стыхійнай імправізацыяй, медытатыўны мінімалізм — з рокавым драйвам, а старое і сучаснае, простае і складанае пераплятуцца ў незабыўнай музычнай гісторыі.
Аляксандр Ясінскі — баяніст і кампазітар з сусветным іменем.
Аўтар інструментальных твораў, сімфанічнай і камернай музыкі, песень, саўндтрэкаў для тэатра і кіно.
У 2022 годзе выпусціў сольны альбом «Глыбіні» на брытанскім лэйбле Riverboat Records, які ўвайшоў у топ-15 World Music Charts Europe.
Выступаў з сімфанічнымі аркестрамі Беларусі, Чэхіі і Славакіі.
Супрацоўнічаў з вядомымі беларускімі гуртамі і артыстамі: BosaeSonca, Recha, Vuraj, Fratrez, а таксама з Сержуком Доўгушавым, Лявонам Вольскім, Андрусём Такіндангам, Алесем Плоткам, Змітром Вайцюшкевічам, Алесем Камоцкім і Аляксандрам Ждановічам.
Пераможца прэстыжнага конкурсу «Бардаўская восень 2014».