“Госць Рацыі” — вядомы беларускі бард Аляксандр Баль. Пасля арышту ён быў вымушаны звольніцца з Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру, у якім служыў больш за 20 гадоў. Аляксандр з’ехаў з Беларусі, спачатку жыў у Арменіі, а сем месяцаў таму прыехаў у Польшчу. Зараз музыка выступае для беларускіх эмігрантаў і па-ранейшаму імкнецца праз сваю творчасць перадаць розныя адценні жыцця.
Пра злом у творчасці і пераасэнсаванні каштоўнасцяў Аляксандр Баль распавёў Арыне Ганцэвіч:
РР: Вы ўжо 7 месяцаў у Польшчы. Як праходзіць ваша адаптацыя?
– Усё нядрэнна. Канешне стала зразумела, што з’язджаць з краіны трэба не самому, трэба з сям’ёй, бо мне вельмі самотна. Гэты момант адчуваецца ўсімі фібрамі маёй душы. Канешне ратуе гітара ў нейкай ступені, але ўсё адно. Зайздрошчу тым, хто змог з’ехаць з сям’ёй. Мы ж усё роўна ў вакууме знаходзімся, не ўсе могуць увесь час знаходзіцца ў нейкіх тусоўках і размаўляць са сваімі суродзічамі. На канцэртах людзі кажуць, што да слёз, бо мала чуюць родную мову. Асабліва тыя, хто ўжо працуе ў польскіх калектывах.
Як бы не было, мы павінны быць удзячныя гэтай краіне, што яна нас прытуліла. Але ўсё адно моўны бар’ер існуе, хочацца з кімсьці проста паразмаўляць. Бывае, што я днямі маўчу, ні з кім не размаўляю. Калі там нейкае тэлефанаванне, то я не памятаю, як размаўляць, у мяне ўжо не працуе моўны апарат. Таму вельмі важна. Вось так мая адаптацыя адбываецца. У асноўным канешне ўсё добра, усё добра. Гэты момант, калі ты разумееш, што можна хадзіць не азіраючыся, што ты не так ступіў, не так удыхнуў, выклаў песню з нейкім словам, з разуменнем, што гэта зараз табе адгукнецца толькі за тое, што такі час прыйшоў.
РР: Як творчая асоба, ці адчулі вы нейкія пераломы ўнутры сябе пасля эміграцыі?
– Ну напэўна ж увесь час самакапанне. Давялося з’ехаць, бо там не было жыцця, немагчыма было дыхаць. Там не было выступаў, я фізічна не мог уладкавацца нікуды на працу. Таму з’язджаць адтуль было не шкада. Тое, што там творыцца цяпер, я і песню пра гэта напісаў, думаць, чуць пра гэта не хачу, бо гэта цяжка і балюча. Гэта бессэнсоўна, мне хочацца, каб усе адтуль з’ехалі, бо людзі яшчэ адпакутуюць. Гэта вялікая бяда, якая з гістарычнага боку будзе апісана так, што будзе страшна нашым нашчадкам.
Цяпер, калі мы жывём, але калі азірнуцца назад, што адбываецца, паглядзець якая колькасць людзей пакутуе па гэтых турмах ні за што, якая колькасць людзей з гэтага цешыцца, вось што самае страшнае. Вось з-за гэтых, што цешацца гэтаму, не хочацца нават памятаць пра тое, што там адбываецца пакуль не памяняецца сітуацыя. Таму з творчага боку гэта вельмі баліць і хочацца выказаць гэта, інакш гэта не дае пакою. Як яно змянілася, напэўна яно змянілася, у мяне ніколі не было палітычных песень. Я напісаў альбом пра вайну, але гэта было пра мінулую вайну. Мы верылі, што гэта была апошняя.
Ці думаў я, што ў 2024 годзе я буду пісаць песні пра вайну, зразумела яны адрозніваюцца. Там мы разглядалі з пункту гледжання гісторыі, тут мы разглядаем з пункту гледжання тут і цяпер. У любы момант на любую тэрыторыю могуць уехаць гэтыя хлопцы на гэтых сваіх танках ці заляцець іх ракеты, і ўсё., і ўжо не важна ў ва што ты верыў і ў якую палітычную фракцыю ты ўваходзіў. Многія людзі гэтага не разумеюць, яны паціраюць рукі. Яны не разумеюць, што вайна можа прыйсці да іх. І вось гэта страшна, вось пра гэта хочацца ім не тое што спець, а пракрычаць. Ці думаў я пра гэта калісьці ў мінулым, што да гэтага ўсё прыйдзе, канешне не. Я працаваў у тэатры, вельмі многа пісаў спектакляў, я вельмі люблю гэтую справу, я пісаў для коцікаў, зайчатаў ды іншых калабочкаў.
Ці думаў я, што буду адкрыта, напаўнецэнзурнымі словамі выражаць свае адносіны да ўсяго, што адбываецца. Жахліва нават не сама палітычная сітуацыя, а тое, я к да яе ставіцца шмат людзей, вось ад гэтага сумна. Ну добра, з гэтымі зразумела, гэтыя ўжо сябе пазначылі. Але калі нечакана, людзі, якія былі табе блізкія, слухалі твае песні, можа з імі сустракаўся, нечакана табе пішуць нейкія страшныя словы, якія апраўдваюць вайну, кровапраліццё, якія кажуць, што тыя людзі не маюць права на жыццё. Пра што, якія вы мае слухачы? Навошта вы мне пра гэта кажаце? Дзе ў мяне ў песнях было пра тое, што гэта народ трэба знішчыць ці нешта яшчэ? Чаму так усё адбылося? Гэта жахліва, балюча. Вось гэта цяпер хвалюе.
Поўная гутарку ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя