Антырэкорды беларускага кнігадрукавання
2024-07-29 20:27
За апошнія некалькі гадоў у розных краінах свету адчынілася ўжо з дзясятак беларускіх выдавецтваў. Гэта, безумоўна, надзвычай важна і прыемна. Але ж гэта за мяжой. А што адбываецца з кнігавыдавецтвам унутры Беларусі? Дзяржаўная прэса штогод з прыдыханнем паведамляе пра маштабныя кніжныя форумы ў Мінску ды чарговыя дасягненні кнігавыдавецкай галіны. Але што насамрэч? Звернемся да лічбаў і паспрабуем разабрацца, у якім стане ў рэальнасці айчыннае кнігавыдавецтва. Колькі кніг выдаецца штогод, якая з іх доля беларускамоўных? Ды ўрэшце што ў нас з чытацкай актыўнасцю?
Кніжны рынак і захаванне нацыянальнай культуры
Духоўнасць таго ці іншага канкрэтнага грамадства ў самым шырокім сэнсе вымяраецца, на наш дылетанцкі погляд, вельмі і вельмі проста. Вымярэнне гэтай няўлоўнай субстанцыі грамадскага прагрэсу можна здзяйсняць па колькасці выдадзеных і набытых кніг, распаўсюджанасці дзяржаўных і хатніх бібліятэк, увогуле па стаўленню людзей да Кнігі. І, зразумела, ці не ў першую чаргу, па паказчыках чытання нацыянальных класікаў, ведання галоўных твораў нацыянальнай літаратуры. Асаблівае значэнне такі падыход мае для беларускай нацыі, якая ўсе апошнія дзесяцігоддзі паслядоўна губляе нацыянальнае кнігавыданне.
Імклівае развіццё інфармацыйных і выдавецкіх тэхналогій наўпрост прывяло да таго, што сучаснае кнігавыданне даўно ўспрымаецца як звычайны бізнес. Кнігагандаль сапраўды з’яўляецца прыбытковай дзейнасцю, у Еўропе ён штогод прыносіць выдаўцам мільярды еўра. Існуе аднак іншы бок паспяховых камерцыйных праектаў. Цяпер кніга лічыцца добрай не тады, калі ўсімі чытаецца, а калі дасягае вышэйшых пазіцый у рэйтынгах продажу. У выніку масавы чытач усё больш арыентуецца на лідараў кніжнага рынку, сярод якіх не абавязкова творы і аўтары нацыянальнай літаратуры.
Дзяржавы з развітай сістэмай захавання культуры здолеюць абараніцца ад такіх небяспечных навацый. Там разумеюць, што кніжныя багацці краіны не проста акумулююць назапашаныя веды грамадства, але і забяспечваюць непарыўнасць духоўных сувязяў паміж пакаленнямі. Таму трэба спрыяць выданню нацыянальнай класікі, падтрымліваць уласнае кнігадрукаванне і мясцовыя кнігарні. А вось у Беларусі мы назіраем адваротныя працэсы, закрыццё дзяржаўных і прыватных выдавецтваў, скарачэнне бібліятэчнай сеткі, ашаламляльнае зніжэнне чытацкай актыўнасці.
Канешне, у адказ нам скажуць пра кніжныя кірмашы і фестывалі, мільённыя наклады кніг на беларускай мове, вядомасць беларускіх пісьменнікаў далёка за межамі краіны. Апошні з такіх натхняльных прыкладаў прагучаў сёлета на ХХХI Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску.
Было абвешчана, што «Беларусь адна з самых чытаючых краін і ў Еўропе, і ў СНД». Чытаюць нават на кітайскай мове: «Кітайская мова запатрабавана ў школах і ВНУ, і на папярэдніх выставах людзі падыходзілі да стэндаў, бралі кнігі і бегла чыталі на кітайскай».
Бясспрэчна, гэта цікавая і пазнавальная інфармацыя, тым не менш, давайце звернемся да іншых крыніц. Мы пабачым, што ўсе рэкорды засталіся ў мінулым.
Колькі людзей купляюць кнігі ў Беларусі
Спачатку пра самае галоўнае ў любой кнігавыдавецкай справе. Гэта, значыць, пра патэнцыйнага пакупніка будучай кнігі. Ад таго, колькі людзей яе пажадаюць набыць, залежыць і наклад, і кошт, і мова выдання, і геаграфія распаўсюду. Такім чынам, узнікае пытанне — як і хто купляе кнігі ў Беларусі? Адказаць зусім не проста, бо жадаючым набыць кніжныя навінкі ўсё цяжэй адшукаць месцы, дзе яны прадаюцца. Кнігагандлёвыя арганізацыі пазачынялі крамы, у большасці гарадоў нельга знайсці ні мастацкую, ні вучэбную літаратуру. Што ўжо казаць пра правінцыю, калі ў сталіцы дастаткова шмат мінчанаў, якія ніколі не купляюць кнігі. Даследаванне Інстытута сацыялогіі ў 1-м квартале 2024 года
паказала, што гэта кожны пяты ўдзельнік апытання (19,3%).
Сітуацыя з публічнымі бібліятэкамі
Магчыма, беларусы карыстаюцца паслугамі бібліятэк, дзе наталяюць сваю духоўную смагу? На жаль, наведваюць іх у Беларусі не так актыўна, як павінна быць у адной з самых чытаючых краін. Пацвярджае гэта невялікая колькасць наведвальнікаў.
Па словах Ірыны Карповіч, начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры, «карыстальнікамі бібліятэк у нас з’яўляюцца 30% насельніцтва». Дый з бібліятэчнай сеткай хапае сур’ёзных і застарэлых праблем. Нацыянальны статыстычны камітэт РБ адлюстроўвае штогадовае скарачэнне публічных бібліятэк (2020 г. — 2509, 2021 г. — 2432, 2022 г. — 2264, 2023 г. — 2214) і бібліятэчных фондаў (2020 г. — 52,1 млн. ас., 2021 г. — 51,1 млн. ас., 2022 г. — 49,3 млн. ас., 2023 г. — 48,6 млн. ас.).
Колькі ў Беларусі кнігавыдаўцоў
Найбольш жа незайздроснае становішча склалася менавіта ў кнігавыдавецкай сферы. За апошні час шэраг прыватных выдавецтваў зачынены або самаліквідаваліся. У мінулым годзе спынілі працу два вядомых дзяржаўных выдавецтва «Вышэйшая школа» і «Народная асвета», яшчэ раней знікла «Беларуская энцыклапедыя». Нацыянальная кніжная палата Беларусі перыядычна рыхтуе статыстыку друку, якая пераканаўча
сведчыць пра негатыўныя тэндэнцыі кнігадрукавання на працягу дзесяцігоддзяў.
Нягледзячы на тое, што ў Дзяржаўным рэестры ў якасці выдаўцоў зарэгістравана каля 600 суб’ектаў гаспадарання, рэальна ажыццяўляюць выдавецкую дзейнасць менш за палову (262 у 2023 годзе). З гэтых дзеючых выдаўцоў трэць (75) надрукавала за год ад 1 да 2 кніг. Усяго ў 2023 годзе ў Беларусі было выдадзена 7842 назвы кніг і брашур агульным накладам 19 млн. 713 тыс. асобнікаў. Гэта найменшыя паказчыкі за дзесяць гадоў!
Залатыя часы беларускага кнігадрукавання і сучаснасць
Калі прааналізаваць развіццё нацыянальнага кнігадрукавання за ўвесь постсавецкі перыяд, то ўбачым фантастычныя дасягненні айчыннай выдавецкай галіны на пачатку 90-х. Трыццаць гадоў таму адбываўся неверагодны росквіт беларускіх выдаўцоў, якія друкавалі кнігі рэкорднымі накладамі. У 1991-м — 53 млн., 1992-м — 72 млн., 1993-м — 98 млн. (самы вялікі наклад з 1991 па 2023 гг).
У тыя залатыя часы на кожнага жыхара Беларусі выдавалася ад 7 да 10 кніг, зараз жа толькі 2.
Асобна скажам пра выпуск кніг і брашур на беларускай мове. У 2023 годзе было выдадзена 965 назваў кніг і брашур агульным накладам 2 млн. 879 тыс. ас. Крыху менш выдадзена ў 2022 годзе — 2 млн. 821 тыс. ас. Мільённыя наклады выглядаюць самавіта, але пераважная большасць асобнікаў (74,8% у 2023 г.) не мастацкія кнігі, а вучэбныя падручнікі і дапаможнікі. Да таго ж неабходна падкрэсліць, што гэта самыя малыя наклады беларускамоўнай літаратуры з 2000 года. Рэкордным за гэты перыяд стаў 2001 год, калі надрукавалі 6 млн. 522 тыс. ас.
Што тычыцца выпуску беларускамоўных кніг і брашур па назвах, то адбылося вяртанне на паказчыкі дваццацігадовай даўніны. Відавочна, што гэта ніяк не стасуецца з прапагандысцкімі сцвярджэннямі аб развіцці нацыянальнай культуры.
Кнігавыданне па-за межамі нацыянальнай культурнай прасторы?
Калі-небудзь удумлівыя даследчыкі напішуць захапляльную гісторыю кнігавыдання незалежнай Беларусі. Аб тым, як творчыя прадпрымальныя асобы літаральна з нуля стваралі айчынны кніжны рынак, як на роўных канкурыравалі з лепшымі расійскімі выдавецтвамі. У тую эпоху заснавалі Беларускую асацыяцыю кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў, сфармавалі масавы попыт на беларускамоўную прэсу і літаратуру, зрабілі такое чытанне прадметам гонару і прэстыжу. Застаецца спадзявацца, што ўсё гэта не застанецца забытым і мала каму патрэбным.
Пакуль жа айчынным выдаўцам даводзіцца займацца банальным выжываннем. Дзяржава адчайна эканоміць сродкі, так што чарговае падзенне накладаў яшчэ наперадзе. Напрыканцы мінулага года была зацверджана
Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024-2026 гады. Паказальна, што пра кнігавыданне ў ёй няма нават згадкі. Падобна на тое, што распрацоўшчыкі Канцэпцыі не разумеюць узаемасувязі паміж чытаннем літаратуры і культурным узроўнем як асобнага грамадзяніна, так і ўсёй нацыі.
Наш артыкул пачынаўся з разваг пра духоўнасць, пра тое, як яе ацэньваць і пашыраць. Сёння беларускае грамадства знясілена жорсткім супрацьстаяннем за права на ўласнае нацыянальнае самавызначэнне. Але духоўны ўзлёт беларусаў абавязкова адбудзецца, калі беларуская кніга будзе бесперашкодна трапляць у кожны дом, у кожную сям’ю.
В.С., Budzma.org