Айцец Андрэй Крот: Хто ж будзе святаром, калі не я?
2020-07-02 23:32
Пасля распаду таталітарнага рэжыму ў Беларусі выйшла з падполля калісці найбуйнейшая Грэка-Каталіцкая Царква або Уніяцкая. Там моляцца па-беларуску, за Беларусь, за нашых святых, а таксама за нашую будучыню.
Наш карэспандэнт Якуб Сушынскі сустрэўся з протапрэзбітарам Андрэем Кратом, парахам гарадзенскай парафіі „Маці Божай Фацімскай”. 2-га ліпеня спаўняецца 15-ць гадоў яго святарству ў Беларускай Каталіцкай Царкве.
РР: Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, якую вы прадстаўляеце, фактычна адраджаецца разам з вамі. Гэта можна было назваць пакліканнем, калі вы, як і некаторыя іншыя навернутыя хрысціяне, сталі на шлях служэння Царкве. Мне вядома, што даволі не багата сёння пакліканняў святарскіх. Як вы ўсталі на гэты шлях? Магчыма для вас перадумовай сталі нейкія знакі або падзеі?
– Памятаю, што бадай у 1995-ым годзе, не было так, што я прыйшоў у гэту Царкву. Я шукаў гэту Царкву, і я ўжо прыняў для сябе рашэнне – быць грэка-каталіком. Яшчэ трошкі раней, чым далучыўся да канкрэтнай супольнасці. Я ўжо тады вызнаваў сябе грэка-каталіком. Я чытаў гістарычную літаратуру. У свой час прачытаў у пэўных кнігах, часопісах, яшчэ на пачатку 90-х гадоў, што грэка-каталіцкая (Уніяцкая) Царква была знішчаная. Гвалтоўна знішчаная, несправядліва знішчаная ў нашай краіне, што гэта была Царква, якая адпавядала беларускаму духу. І я, як патрыятычны маладзён, быў такі радыкальны, можна сказаць, у сваіх поглядах. Можа не ў знешніх праявах, але ва ўнутранай, сваёй, духоўнай радыкальнасці. Вырашыў, што калі я застануся ў баку ад гэтай Царквы, гэта будзе значыць, што я падтрымліваю тую несправядлівасць, якая з ёй адбылася. Таму я, прачытаўшы пэўную літаратуру, памаліўшыся, прыняў пэўныя рашэнні, і вырашыў, што я – грэка-каталік. І таму, я ўжо шукаў, маладым студэнтам, я вучыўся ў Берасці, на гістарычным факультэце, я шукаў Грэка-Каталіцкую Царкву. У 95-ым годзе, я знайшоў гэтую царкву. Быў пэўны этап, калі я думаў так: я проста актыўны вернік. Потым думаў, што можа варта было б стаць дыяканам: памочнікам святара, дапамагаць святару ў яго душпастарскай працы, у служэнні набажэнстваў, і гэта дастаткова мне будзе. Працаваць на свецкай працы, буду настаўнікам, але потым мне ўжо было гэтага недастаткова. Я, як вы казалі, адчуў, што грэка-каталіцкіх святароў мала, што іх не хапае. Пакліканняў было менш, яшчэ чым зараз. Былі проста адзінкі святароў. І падумаў, што святары патрэбныя, але хто ж будзе святаром, калі не я?
Гэта, мая зямная частка шляху да святарства. Ёсць яшчэ ў маім пакліканні, яшчэ такі містычны момант, які я таксама адчуваю і перажываю. Бо калі я ўпершыню прыйшоў у Грэка-Каталіцкую парафію, на набажэнства ў Берасці, і святар спытаўся: „Адкуль ты?” Кажу: „Я з Івацэвічаў.”І хлопец адзін, які там быў, краязнаўца, кажа: „А, Івацэвічы? То там пад Івацэвічамі, у міжваенны час, у вёсцы Бабровічы, была Грэка-Каталіцкая (Уніяцкая) парафія”.
Ну сказаць, што я быў здзіўлены – нічога не сказаць. Таму, што акурат, гэта родная мая вёска. Адтуль паходзіць мая сям’я, якая выехала ў горад, яшчэ калі я быў немаўлём. І потым я даведаўся гісторыю гэтай парафіі, гісторыю яе святара айца Баляслава Пачобкі, які там працаваў. Які памёр у тым шпіталі, у якім я нарадзіўся. Ён памёр у 1940 годзе, я нарадзіўся ў 1977. Я чуў ад людзей, што ён быў вельмі адданым святаром. Казалі: „О, такога святара, як Пачобка, у нас ніколі не было і не будзе.”
Я таксама сваё пакліканне адношу да таго, што дзякуючы малітвам айца Баляслава, чалавека, які працаваў у гэтай вёсцы, перад вайной – з 1926 па 1940 год – пакуль не памёр. Памёр ужо за Саветамі, проста ён быў ужо старэйшым чалавекам, са слабым здароўем. І ўсялякія непрыемнасці, якія дастаўляла яму новая ўлада, яны проста, падарвалі яго здароўе канчаткова. Ён памёр 26 снежня 1940 года. На другі дзень свята Божага Нараджэння. Быў пахаваны ў Целяханах, непадалёк ад Бабровічаў, на каталіцкіх могілках. Магіла ягоная была згубленая, але потым, цудоўным чынам знойдзеная намі, беларускімі грэка-каталікамі.
РР: Ён жа мае вялікія заслугі на беларускай культурнай ніве.
– Ён стваральнік першай беларускай граматыкі лацініцай. Ну не вельмі можа ўдалай, але гэта факт, такі, што ён стваральнік падручніка беларускай мовы. Стваральнік першага беларускага малітоўніка, беларускай першай каталіцкай газеты. Вось гэты чалавек, я думаю, што там, дзесьці на нябёсах, маліўся за мяне, ці маліўся за гэтую зямлю. За людзей, якія паходзяць, з той ягонай парафіі, каб Бог кагосці пакікаў да святарства. Аказалася, што „хтосці” – гэта я.
РР: Пілігрымкі штогадовыя, якія ладзіліся, пакуль не пачалася пандэмія. Яны таксама шмат людзей навярнулі. З Віцебска ў Полацк хадзіла пілігрымка, якая таксама, нас навяртае да сумных старонак нашай гісторыі, але і выхоўвае.
– Для мяне гэтая пілігрымка, як вы ўзгадалі, пілігрымка ў гонар полацкіх пакутнікаў. Хоць гэтая пілігрымка праходзіла пад такой назвай, заўсёды ўзгадваліся падчас яе ўсе святыя, і не святыя, але важныя беларускія дзеячы: Францішак Скарына, Еўфрасіння Полацкая, Святы Язафат, і ўсе іншыя святыя беларускае зямлі. Маліліся і ішлі. Для мяне гэтая пілігрымка мела вялікае значэнне. Я як малады чалавек, яшчэ да таго, як прыйшоў у берасцейскую парафію – першы раз акурат сутыкнуўся з хрысціянскай супольнасцю там. У 1995-м годзе. Потым, пасля пілігрымкі пачаў шукаць рэальных грэка-каталікоў, рэальную парафію. Да гэтага ўсе мае духоўныя пошукі былі больш інтэлектуальныя. Я быў хрысціянінам, але гэта было розумам. А вось у гэнай пілігрымцы я адчуў сэрцам! Я маліўся падчас пілігрымкі, каб адчуванне ўва мне засталося. Ну і дзякаваць Богу, яно ў мяне сапраўды, засталося. Часамі яно мацнейшае, часамі слабейшае. Гэтае адчуванне божай прысутнасці. Але, я на тым шляху, які вядзе мяне да гэтага адчування, да гэтай божай прысутнасці.
Я не пайшоў па тым шляху, па якім пайшло шмат маіх аднагодкаў, маіх сяброў: звычайнае свецкае жыццё, у якім ёсць алкаголь, нейкія жыццёвыя захапленні. Маё жыццё гэта жыццё святара. Так, я не святы, таксама магу і чарку выпіць, таксама я магу і павесяліцца, і паспяваць, ну ўжо патанчыць, я ўжо лічу сябе застарым.
РР: Ёсць такая аналогія, у прафесіі не так як у пакліканні. Прафесію, калі яна праз якісьці час пачынае не падабацца – чалавек можа выбраць іншую. Пакліканне не дазваляе развароту?
– Не памятаю, каб былі вострыя крытычныя моманты, каб я думаў, што ўсё кіну, і не буду святаром. Часам прыходзяць такія думкі, што ўсё надакучыла, хочацца адпачыць з такімі думкамі: „Эх добра было б святаром у якой-небудзь маленькай вёсцы, гадаваць там куры, свінняў кароваў, казу… Што-небудзь адно выбраць з гэтага. Касіць раніцай траву, і пасвіць свойскую жывёлу, вось нешта такое. Тады будзе ціха і спакойна”. Ну але я гэта ўспрымаю, як показку, для сабе самога, што так, я магу пра гэта памарыць, але я разумею, што тут тое месца, на якое мяне Бог паставіў. Хаця, вы кажаце, што святар не можа змяніць сваю прафесію. Я вам скажу, што святар можа змяніць месца служэння: пашукаць больш сталую, стабільную парафію. Хтосьці можа паехаць у больш экстрэмальныя ўмовы. На місію, у афрыканскія, ці азіяцкія краіны. Дзе небяспечна, дзе складана. Яшчэ больш складана, чым у нас тут у Беларусі. Па рознаму бывае са святаром. Але калі я адчуваў сваё пакліканне да святарства, то я адчуваў да служэння тут у Беларусі. Бо я беларус і мне хочацца быць сярод беларусаў, веруючых-не веруючых, правільных-няправільных, вось – у Беларусі. Сярод тых людзей, якія блізкія мне і па крыві і па мове, па культуры і па духу.
РР: Паглядзеўшы на святароў, калі мінае які-небудзь працяглы час свайго служэння – вельмі моцна набіраюць у вазе. Як вы спраўляецеся з стрэсам ад кантактаў з рознымі людзьмі?
– Ну я не спартовы чалавек. З дзяцінства не захапляюся спортам. Часамі я магу рабіць ранішнюю гімнастыку, часам – хаджу ў басейн, але я не вялікі плывец – трошку плаваю, каб сябе трымаць у тонусе. Езджу роварам, але не спартова, а хутчэй, каб перамяшчацца з пункту А ў пункт Б. Хаця гэта для мяне найлепшы спосаб перамяшчэння. Калі добрае надвор’е, калі спрыяе надвор’е і здароўе, то лепей паеду роварам, як сяду на аўтамабіль ці пайду пешшу. Мне спадабалася калісьці польская карыкатура, на якой былі намаляваны машына і ровар, і было падпісана: (пераклад па-беларуску: ровар спальвае тлушч і назапашвае грошы, а аўтамабіль – спальвае грошы – назапашвае тлушч). Я неяк пранікся гэтым усім. І таму для мяне ровар – справа вельмі патрэбная. Бо святарскае жыццё не заўсёды рэгулярнае, стабільнае, гэта значыць – не заўсёды шмат руху ў жыцці. Шмат часу праводзіш за камп’ютарам, за пісьмовым сталом, за чытаннем, за пісаннем чагосьці. Рух патрэбен.
РР: Якой літаратурай Вы цікавіцеся, калі браць мастацкую літаратуру, паэзію?
– Я чытаю шмат беларускай класічнай літаратуры, не столькі можа для задавальнення, колькі для патрэбы. Але заўсёды адкрываю ў ёй нешта новае. Я з’яўляюся вядоўцам перадачы „Хрысціянства і беларуская літаратура” на Ватыканскім радыё, таму мне даводзіцца чытаць беларускую класічную літаратуру. Я шукаю ў ёй хрысціянскія, ці не хрысціянскія, ці антырэлігійныя матывы, каб прадставіць суадносіны хрысціянства з класічнай, ці сучаснай беларускай літаратурай.
Калісьці ў дзяцінстве чытаў, таго ж Кузьму Чорнага, Пятруся Броўку, ці Якуба коласа, Янку Купалу. Але тады быў адзін погляд на ўсе гэтыя творы. А зараз ужо, з перспектывы часу, досведу, глядзіш ужо зусім па-іншаму. Цяжка сказаць, хто з гэтых пісьменнікаў любімы. Напэўна Колас мяне больш крануў, чым Купала, і Багдановіч. У Коласе, у „Новай Зямлі”, я бачу такія жыццёвыя сітуацыі, якія ёсць у нашым сучасным свеце. Мара чалавека пра свабоду, мара чалавека пра жыццёва-эканамічную свабоду. Набыць сваю зямлю марыць шмат маіх знаёмых, сучаснікаў. Толькі гэта ўжо не зямля, але нейкая праца, у якой ты не будзеш залежыць, ад дзяржавы, ад кіраўніцтва, ад вялікай карпарацыі. У якой ты будзеш сам сабе гаспадаром. Канфлікты з начальствам, таксама. Як чытаў „Новую Зямлю”, я ўзгадваў расповеды некаторых сваіх знаёмых, якія скардзіліся на не вельмі незразумелых начальнікаў. Апісанне прыроды, апісанне дома, апісанне сям’і. І яно таксама вельмі кранала мяне.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня