Барыс Гарэцкі і Паўлюк Быкоўскі пра сітуацыю ў журналісцкай супольнасці
2023-12-26 22:22
Год 2023 — на яго глядзім у розных сферах. Сёння падсумаванне году для беларускай незалежнай журналісцкай супольнасці. Беларусь – у свеце на трэцім месцы па колькасці журналістаў за кратамі. Больш толькі ў Кітай ды Мʼянме. А таксама як журналісцкая супольнасць ацэньвае крокі палітыкаў па вызваленні палітвязняў.
“Госці Рацыі” – намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі ды эксперт Паўлюк Быкоўскі.
Барыс Гарэцкі: Сусветная статыстыка паказвае, што беларуская сітуацыя – гэта ўжо не адна з дыктатур, недзе там, дзе кепска ставяцца да медыя, а гэта адна з самых небяспечных краін для журналістаў у свеце. Лічба нашых калег за кратамі на жаль за гэты год не знізілася. Прыкладна 32-33 чалавекі ў нас увесь час былі за кратамі з нашых калег. Сканчваем гэты год – 32 нашыя калегі і цяпер у няволі. Плюс мы не ведаем пра лёс яшчэ аднаго чалавека. Мушу сказаць, што на жаль гэта не поўны спіс. Ёсць людзі, якія знаходзяцца за кратамі, нашыя калегі, але просяць не паведамляць пра іх затрыманне. Сумная статыстыка. Ніякім чынам у гэтым годзе рэжым не ішоў на вызваленне палітвязняў. Усе чатыры нашыя калегі, якія вызваліліся з-за кратаў, яны выйшлі ў сувязі з заканчэннем турэмнага тэрміну. Яны цалкам адбылі свае турэмныя пакаранні. Беларусь застаецца следчым ізалятарам ці папраўчай калоніяй, карнай калоніяй для журналістаў у Еўропе і свеце.
РР: Як вы бачыце гэтую сітуацыю?
Паўлюк Быкоўскі: Тут абсалютна згодны з Барысам. Можна зазначыць, што па індэксу свабоды прэсы, з 2020 года да сённяшняга часу Беларусь са 153 месца, са 180 краін, перамясцілася на 157 месца. Увогуле лічыцца, што ў Еўропе гэта самая небяспечная краіна для журналістаў паводле індэксу свабоды прэсы. Гэта ёсць, гэта тычыцца, як журналістаў, як супрацоўнікаў медыя, так і блогераў, карыстальнікаў інфармацыі. У Беларусі крыміналізаваны распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Некаторыя медыя аб’яднанні, некаторыя рэдакцыі прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі. Гэта яшчэ больш небяспечна для супрацоўніцтва. Рэдакцыі працуюць, некаторыя рэдакцыі цалкам працуюць, як замежныя медыя, то бок медыя ў выгнанні. Ёсць рэдакцыі, якія знаходзяць магчымасць працаваць у Беларусі. Гэта пераважна рэгіянальныя выданні. На жаль яны знаходзяцца пад вялікім ціскам і мусяць выбіраць якімі словамі расказваць пра рэчаіснасць, якую яны назіраюць.
Гутарка ў далучаным гукавым файле.
Так сітуацыю ў беларускай медыя-сферы ў 2023 годзе ацэньваюць нашы госці – беларускі медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі ды намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, з якімі размаўляў Улад Грынеўскі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: baj.media