- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Паважнасьць падзеі. Да 37-ых угодкаў Акту 25 Сакавіка. У гісторыі вызвольнага змаганьня паняволеных народаў ёсьць найпаважнейшыя мамэнты, якія арганізуюць гэтыя народы й вызначаюць шляхі да дасягненьня канчальнае мэты. У Беларускага Народу гэтакім мамэнтам ёсьць Акт 25-га Сакавіка 1918 году. Гэтым актам Беларускі Народ станоўка выказаў сваю волю й навагу да стварэньня незалежнага гаспадарства. Акт 25-га Сакавіка стаўся важным фактарам для Беларускага Народу, як у сваім нутраным значаньні, так і ў вонкавым. Перад ім сьхілілі галовы нацыянальныя мяншыні, што жылі на Беларусі, прызнаючы яго актам бязумоўнай гаспадарствавай вагі й адразу прыступіўшы да супрацоўніцтва з новаствораным Урадам Беларусі. Абвешчаную 25-га Сакавіка 1918 г. Беларускую Народную Рэспубліку ў кароткім часе прызналі: Украіна, Фінляндыя, Эстонія, Лацьвія, Летува, Грузія, Польшча, Чэхаславаччына, Аўстрыя, — дэ-юрэ, ды Баўгарыя, Данія, Югаславія, Турэччына, Нямеччына, Францыя — дэ-факта.