Пасля 2020 года стала значна менш твораў беларускіх аўтараў. У 2019 годзе журы прэміі Ежы Гедройця давялося чытаць і ацэньваць пад 50 тэкстаў, а ў мінулым і гэтым годзе — недзе 15-16. Але вельмі добра, што гэтыя 15-16 тэкстаў ёсць, кажа сябар журы, літаратуразнаўца, крытык, драматург Сяргей Кавалёў.
Сёлетняя цырымонія ўзнагароджання прэміяй імя Ежы Гедройця пройдзе ў Гданьску 26 лістапада. Журы вызначыць тры найлепшыя кнігі, напісаныя ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы і выдадзеныя ў 2023 годзе.
За два тыдні да ўручэння найбуйнейшай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі на прэс-канферэнцыі арганізатары і сябры журы падзяліліся некаторымі назіраннямі гэтага года.
Сяргей Кавалёў. Фота Радыё Рацыя
Літаратуразнаўца, крытык, драматург, галоўны рэдактар навуковага часопіса «Studia Białorutenistyczne» Сяргей Кавалёў кажа, што «наша галоўнае ўражанне, што пасля 2020 года беларуская літаратура знаходзіцца ў такім стане экстрэмальным, фактычна, адбываецца (...) такая трансфармацыя, якая адбывалася недзе ў канцы 80-х-пачатку 90-х гадоў». З дадаткам, што «выдавецтвы выязджаюць за мяжу, аўтары выязджаюць».
«Галоўны вынік — стала значна менш (пакуль стала менш) саміх твораў. Скажам, калі ў 2019 годзе нам давялося чытаць і ацэньваць недзе блізу 50 тэкстаў, то ў мінулым і гэтым недзе 15-16. Але вельмі добра, што гэтыя 15-16 тэкстаў ёсць, я спадзяюся і лічу, што іх стане больш. Патрэбны час на тое, каб выдавецтвы наладзілі працу за мяжой, каб аўтары прыстасаваліся да новых умоў», — сказаў ён.
Сяргей Кавалёў. Фота dramacenter_org
Акрамя таго, заўважыў Сяргей Кавалёў, на змяншэнне колькасці твораў, пададзеных на прэмію, яшчэ ўплывае тое, што «проза найпазней рэагуе на сучаснасць».
Што да тэндэнцый, то «ў апошнія гады больш дамінуе дакументальная літаратура, эсэістыка, менш уласна мастацкіх твораў, а побач з дакументальнай літаратурай — на мяжы эсэістыкі і на мяжы нейкага навуковага даследавання — усё часцей з’яўляюцца нейкія ўспаміны, мемуары, тое, што прынята цяпер называць аўтафікшн». «Але з’яўляюцца і фабулярныя творы, прычым у нашай гэтай палітры, што прыемна, творы для рознага ўзросту. (...) І былі такія тэксты, пра якія ўжо можна сказаць, што яны адлюстроўваюць ментальнасць пэўнай генерацыі. (...) Ёсць тут і знаныя аўтары, а ёсць і маладыя, ёсць аўтары, якія дэбютуюць, альбо якіх мы ведаем як крытыкаў ці паэтаў, а яны дэбютуюць у прозе. І яшчэ адзнака нашага часу, што некаторыя кнігі напісаны пад псеўданімам, таксама зразумела чаму», — сказаў Сяргей Кавалёў.
Кароткі спіс сёлетняй прэміі Гедройця:
«Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» — Валянцін Акудовіч
«Забіць упалмінзага» — Зміцер Бартосік
«Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» — Ева Вайтоўская
«На прызбе ў Сілічах» — Марыя Вайцяшонак
«Вольнеры. Прадвесце» — Валер Гапееў
«Час пустазелля» — Ганна Янкута
Калі казаць пра галоўнае ў цяперашняй беларускай прозе, то, паводле Сяргея Кавалёва, «гэта час, час, які сыходзіць, які змяняе планету Зямля, які змяняе чалавечую гісторыю і час, які змяняе наш беларускі дыскурс».
Літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катажына Дрозд-Урбаньска звяртае ўвагу на гендарную роўнасць у сёлетнім спісе фіналістаў, гэта «важна і добра». За 12 папярэдніх гадоў існавання прэміі сярод пераможцаў было толькі дзве жанчыны — Ева Вежнавец і Ганна Кандрацюк.
Катажына Дрозд-Урбаньска
Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 года. Сярод лаўрэатаў мінулых сезонаў — Уладзімір Някляеў, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец. Летась галоўную ўзнагароду атрымала пісьменніца з Падляшша, журналістка тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценках старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы».
26 лістапада 2024 года ў Гданьску ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Europejskie Centrum Solidarności, pI. Solidarności 1) будуць агучаны вынікі конкурсу і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця.
25 і 26 лістапада адбудуцца дадатковыя падзеі прэміяльнага сезона: сустрэчы з аўтарамі і аўтаркамі, дыскусія і кніжны кірмаш.
Намінантаў і намінантак на прэмію сёлета ацэньваюць сямёра літаратурных экспертаў і экспертак, з якіх чацвёра пагадзіліся на публічны ўдзел: Ульяна Верына — літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук; Катажына Дрозд-Урбаньска — літаратуразнаўца, кандыдатка філалагічных навук, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, даследчыца беларускай літаратуры; Сяргей Кавалёў — літаратуразнаўца, крытык, драматург, прафесар, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне; Югася Каляда — пісьменніца, паэтка, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі, аўтарка кнігі прозы «Галоўная памылка Афанасія».
Арганізатары прэміі Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
З праграмай мерапрыемстваў у Гданьску цалкам можна азнаёміцца
тут.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org