- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Каля часоў IX сталецьця землі, занятыя ўсходнімі, рускімі славянамі, дзяліліся паводлуг рэчных сыстэм і гандлёвых цэнтраў на чатыры тэрыторыі. На поўначы, пасярод вазёр, балот і лясоў, цэнтруючыся ўкола Ільменю, лягла зямля Ноўгарадзкіх славян. Далёка на ўсход цягнуліся гэтыя землі, даходзячы аж да Уральскіх гор. Кіраваў імі «Гаспадзін вялікі Ноўгарад». Пад усходнімі землямі Ноўгараду, паміж Волгаю і Акою, ляглі землі, што цягнуліся да Ростава Вялікага і да Суздалю. Значную ролю будуць мець гэтыя землі толькі з пачатку XIII сталецьця. На поўдні, па сярэдняму і ніжнему Дняпру, уходзячы аж у стэпы, лягла Дняпроўская Русь, сцэнтраваная ўкола багатага Кіеву. Гісторыя гэтае зямлі нам добра вядома з агульных курсаў расійскай гісторыі, якая разглядала жыцьцё амаль што яго аднаго. Паміж заходнімі Ноўгарадзкімі і Кіеўскімі землямі, па верхняй Заходняй Дзьвіне і верхняму Дняпру з Прыпяцьцю, Бярэзінаю і Сожам лягліземлі будучай Беларусі, каторыя цэнтраваліся ўкола гораду Полацку. Гэта ёсьць так званая Полацкая Русь.