- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Да сёньняшняга дня тэма пасьляваеннага антыкамуністычнага партызанскага руху зьяўляецца белай плямай беларускай гісторыі. Аб падзеях тых дзён нам распавядаюць толькі кароткія архіўныя зьвесткі, а нешматлікія жывыя ўдзельнікі тагачасных падзеяў да сёньняшняга дня захоўваюць маўчаньне. Аб сюжэце дакумэнтальнага фільму расказвае ягоны рэжысэр, Антось Цялежнікаў: А. Цялежнікаў: Фільм наш аснаваны на кнізе "Беларускі супраціў", якую напісалі гісторыкі Сяргей Ёрш і Сяржук Горбік. Кніга была створаная на падставе архіўных дакумэнтаў, мэмуараў, а таксама размоваў з апошнімі жывымі ўдзельнікамі тых падзеяў. Мы вырашылі гэтую кнігу ілюстраваць - зрабіць агульнадаступны сучасны дакумэнтальны фільм, які будзе візуальна адкрываць беларусам гэтую старонку гісторыі. Задоўга да свайго выхаду на экраны стужка прыцягнула ўвагу беларускага КДБ. У канцы 2006 году на беларуска-польскай мяжы былі затрыманыя трое беларускіх студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў здымках дакумэнтальнага фільму. Спэцслужбы канфіскавалі ў іх кампутары. Супрацоўнікі КДБ шукалі ў іх, між іншым, рабочыя матэрыялы да фільму аб беларускім антыкамуністычным супраціве. Стваральнікі дакумэнтальнай стужкі не выключаюць, што беларускія ўлады пастараюцца ачарніць іх твор, таму заклікаюць кожнага, хто мае такую мажлівасьць, самому паглядзець і ацаніць фільм. (Беларуская служба, Польскае радыё для замежжа)