- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У першую чаргу, звернем вашу ўвагу на фотарэпартаж, прадстаўлены на вокладцы і ўклейцы часопіса. Ён прысвечаны значнай для нашай краіны падзеі — Дню беларускага пісьменства, які святкуецца штогод у пачатку верасня. Сёлета Дзень беларускага пісьменства адзначаўся 1 верасня ў Быхаве. Нагадаем, што гэты старажытны беларускі горад слаўны сваёй гісторыяй: знакамітым Быхаўскім замкам, абаронцы якога не раз адбівалі напады заваёўнікаў, каштоўным помнікам беларускай культуры — Баркалабаўскім летапісам, што быў створаны на Быхаўшчыне (у мястэчку Баркалабава) у XVII ст. Вераснёўскі нумар часопіса адкрывае артыкул вядомага беларускага даследчыка Аляксея Літвіна. У ім раскрываецца адна з цікавых старонак Вялікай Айчыннай вайны — падрыхтоўка савецкіх войскаў да летняй кампаніі 1943 г. Асноўную ўвагу аўтар звяртае на планаванне дзейнасці партызанскіх атрадаў Беларусі па актывізацыі дыверсій на камунікацыях ворага. Менавіта ў гэты перыяд пачалася знакамітая “рэйкавая вайна”. Адной з яе гераічных старонак стала дыверсія, здзейсненая падпольшчыкам Фёдарам Крыловічам 30 ліпеня 1943 г. у Асіповічах. Гэтая дыверсія, пра якую падрабязна расказвае аўтар, стала адной з буйнейшых дыверсій Другой сусветнай вайны.