- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Прэзэнтуючы ўвазе нашых вернікаў і прыхільнікаў гэты першы друкаваны Беларускі Праваслаўны Каляндар, Епархіяльная Управа спадзяецца, што ён хоць у пэўнай меры задаволіць самыя пякучыя патрэбы праваслаўных Беларусаў на чужыне. Ужо ў гэтым толькі сэнсе Каляндар ёсьць нашым важным дасягненьнем. Але цэннасьць гэтага пачыну яшчэ больш увыдатняецца, калі глянуць на яго зь іншых бакоў. 3 тае простае прычыны, што гэта ёсьць першая наша публікацыя такога характару, складальнікі яе з натуры рэчы мусілі праходзіць па нязьведаным дасюль грунце й там-сям давялося працярэбліваць новыя сьцежкі. Тэй нязьведанай дасюль тэрыторыяй ёсьць справа беларусізацыі стара-славянскіх імёнаў ды ўвядзеньне нашае мовы ў малітвы і іншыя рэлігійныя тэксты. Усе мы адчуваем патрэбу такога мерапрыемства й згаджаемся, што прыйшоў час завяршыць вялікую ідэю, пачатую ажно 450 год таму назад праз выдатнага сына нашага народу, др. Фр. Скарыну, які пералажыў Сьв. Пісаньне на стара-беларускую мову. Ведаем мы, што, калі-б Царква нашая тых часоў была падтрымала той геніяльны пачын вучонага, дык нятолькі зьвязала-б сябе навекі з народам моцнымі натуральнымі вязямі, але і адгарадзілася-б нязьнішчальным мурам ад прагнае Масквы. Нажаль, па многіх прычынах так ня сталася.