«Беларускія галасы з Познані»: гісторыі, пра якія нельга маўчаць
2025-12-01 17:03
Кніга паказвае беларусаў у Польшчы, якія не спыняюцца, вучацца, адаптуюцца, падтрымліваюць іншых, ствараюць супольнасць і вераць у лепшую будучыню.
Кніга «Беларускія галасы з Познані» — гэта жывыя сведчанні тых, хто быў вымушаны пакінуць радзіму пасля падзей 2020 года і распачаць жыццё наноў у незнаёмай краіны. Познань — адзін з гарадоў, дзе за апошнія гады паўстала вялікая і актыўная беларуская супольнасць. І менавіта тут нарадзіўся важны праект, які стаў своеасаблівым летапісам новай хвалі беларускай дыяспары.
Журналіст Беларускай службы Польскага радыё Павел Залескі, аўтар кнігі, згадвае, што ідэя выдаць інтэрв’ю з беларусамі-эмігрантамі ў выглядзе кнігі належала галоўнай рэдактарыцы Ёланце Смялоўскай:
«Спачатку я сумняваўся. Здавалася, што гісторыі будуць аднастайнымі. Але варта было пачаць, і я ўбачыў, што ў кожнага — свае раны і свае надзеі. У кожнага — свой 2020-ы. І калі аб’яднаць усе гэтыя гісторыі, атрымаецца важная частка сучаснай беларускай гісторыі».
Героі кнігі — звычайныя людзі. Тыя, хто выходзіў на акцыі з бел-чырвона-белымі сцягамі. Кагосьці арыштоўвалі і катавалі, нехта сядзеў у турме, хтосьці ўцякаў праз балоты і рэкі. Многія не змаглі назваць свае імёны — дома засталіся тыя, каму ўсё яшчэ пагражае небяспека. «Я разумею гэты выбар і стаўлюся да яго з поўнай павагай», — кажа Залескі.
Ёланта Смялоўская ўпэўненая: «Кожная такая гісторыя важная, бо яна пра сілу чалавека. „Беларускія галасы з Познані“ — сведчанне таго, што беларусы не губляюць годнасці і здольнасці рухацца наперад, нават калі ўсё развальваецца навокал». Журналістка дадае, што папяровая кніга надае аповедам асаблівую вагу: «Яе можна ўзяць у рукі, адчуць. І яна будзе не ў нейкай лічбавай, эфемернай форме. Гэта кніга — важнае сведчанне эпохі, якая ўласна пачалася падзеямі 2020 года ў Беларусі».
Выданне ажыццявіла Skaryna Press. Дырэктар выдавецтва Ігар Іваноў тлумачыць: «Для нас гэта гонар — выдаць кнігу пра беларусаў, якія ў новым свеце мусяць нанова будаваць жыццё. Калі мы самі не зафіксуем сваю гісторыю, яе запішуць іншыя — і не заўсёды так, як нам бы хацелася».
Кніга — гэта мазаіка з 64 інтэрв’ю, выбраных з дзесяткаў размоваў, якія Залескі запісваў на працягу двух гадоў. У іх — настаўнікі і інжынеры, рабочыя і творцы, медыкі і студэнты. Людзі розных узростаў і ў розным сацыяльным статусе, але з адным болем у сэрцы і адной мэтай — захаваць сябе і не згубіць Беларусь у сабе.
Выдавец кнігі Ігар Іваноў падкрэслівае: «У гэтых гісторыях шмат страху і стратаў, але не менш — надзеі, энергіі, здольнасці пераадольваць немагчымае. Беларусы здольныя ператварыць нават самыя цяжкія абставіны ў нешта, што дае сілы жыць далей».
Адметнай рысай кнігі «Беларускія галасы з Познані» стала тое, што на чужыне многія героі ўпершыню ўсвядомілі сябе беларусамі, кажа аўтар:
«Эміграцыя — не выбар, а выклік. Яна не знішчыла людзей, а зрабіла мацнейшымі. Тут яны вучацца мове, знаходзяць працу і сяброў, адкрываюць у сабе новыя здольнасці. Яны хочуць вярнуцца дамоў, але пакуль — будуюць Беларусь у сабе і вакол сябе. Таму вельмі часта ўпершыню адкрываюць для сябе беларускі акіян ужо на эміграцыі».
Журналіст прызнаецца: праца над кнігай стала для яго самога адкрыццём чалавека як галоўнай каштоўнасці: «Я зразумеў: самае важнае ў жыцці — гэта чалавек, яго воля жыць і ягоны голас».