- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
19 чэрвеня споўнілася б 83 гады з дня нараджэння першага прэзідэнта МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. А 22 чэрвеня ўшанавалі сумную дату – чатыры гады ад дня яго смерці. Васіль Быкаў нарадзіўся ў 1924 г. на Вушаччыне, у вёсцы Бычкі. Сям’я зведала ўсе цяжкасці прымусовай калектывізацыі. З пачаткам Другой сусветнай вайны мабілізаваны на абарончыя работы, з 1942-га – у Чырвонай арміі. Скончыў пяхотную вучэльню, лейтэнантам трапіў на фронт. Вайна стала асноўнай тэмай ягонай творчасці. Усё жыццё ён асэнсоўваў падзеі, сведкам і ўдзельнікам якіх давялося быць. З творчасцю Быкава сёння знаёмы любы школьнік. Але не ўсе ведаюць, што некаторыя ягоныя творы былі фактычна забароненыя пры савецкай уладзе. Напрыклад, аповесць “Мёртвым не баліць” (1965) не ўкладвалася ў афіцыйную карціну вайны і доўга не друкавалася. Беларуская эміграцыя выдала гэтую аповесць у 1966 г. у Нью-Йорку. У той жа час у 1974 г. Васіль Быкаў быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (за аповесць “Дажыць да світання”, 1973), у 1980 г. атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі, у 1986 г. быў уганараваны Ленінскай прэміяй за аповесць “Знак бяды”.