Беларусы заспявалі ў анлайне «Пагоню»
2020-06-22 21:19
«Не разбіць, не спыніць, не стрымаць» — беларусы заспявалі ў анлайне нацыянальны гімн Беларусі «Пагоня».
Беларусы з розных краін свету заспявалі разам нацыянальны гімн Беларусі «Пагоня». Гэта натхняе! Грамадская кампанія «Годна» разам з музыкам Сержуком Доўгушавым, лідарам гурта Vuraj і стваральнікам ініцыятывы «Спеўны сход», запусціла штотыднёвы музычны праект «Спяваем Годна».
Сэнс яго: збіраць у анлайн-фармаце беларусаў з розных куткоў свету і спяваць вядомыя і знакавыя беларускія песні разам з іх аўтарамі і выканаўцамі.
Сёння, 22 чэрвеня, адбылася прэм’ера відэароліка «Спяваем Годна нацыянальны гімн «Пагоня».
У запісе песні паўдзельнічаў вядомы оперны барытон Ілля Сільчукоў, зайгралі на гуслях і праспявалі Алесь Чумакоў і Таццяна Ячная, мастацкі кіраўнік і дырыжор хору Concordia Галіна Казіміроўская.
Наступным разам удзельнікам будзе прапанавана заспяваць песню Сяргея Міхалка. Якую менавіта — пакуль трымаецца ў сакрэце. Але пра ўсё будзе своечасова паведамлена.
У запісе новых песень можа паўдзельнічаць кожны ахвотны. Каб не прапусціць навіны, можна далучыцца да тэлеграм-канала і чата «Годна»:
https://t.me/hodnaby.
Там
Сяржук Доўгушаў будзе публікаваць анонсы і інструкцыі па новых песнях, а таксама даваць парады як правільна спяваць і граць, каб Яўгену Цярэнцьеву, які ў праекце адказны за вытворчасць відэа і гуку, было прасцей усё гэта зводзіць у адзін ролік.
Да гэтага беларусы спявалі разам са Змітром Вайцюшкевічам «Я нарадзіўся тут» і Лявонам Вольскім «Паветраны шар», што з гэтага атрымалася, можна паглядзець на ютуб-канале «Годна».