- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На абароце вокладкі дадзенага выпуска “Бібліяпанарамы” мы прадстаўляем зборнік вершаў берасцейскіх паэтаў М. Рудкоўскага, М. Пракаповіча, А. Каско “Трохперсце” (Мінск : “Літаратура і Мастацтва”, 2008). Гэта – чарговая кніга сумеснага праекта, які ажыццяўляюць УК “Абласная бібліятэка імя М. Горкага” і РВУ “Літаратура і Мастацтва” (дырэктар – Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч). Сутнасць праекта ў тым, што “ЛіМ” пачаў выпускаць у свет кнігі брэсцкіх аўтараў па спісках, якія сфарміраваны бібліятэкай на аснове вывучэння чытацкіх запытаў, актуальнасці тэматыкі і грамадскай значнасці. Так, напрыканцы 2007 года ўбачылі свет кнігі прозы Міколы Купрэева “Палеская элегія” і зборнік таленавітай паэтэсы, брэстчанкі, супрацоўніцы абласной бібліятэкі Ярыны Дашынай “Графіці на сэрцы”; у сакавіку 2008 года перавыдадзена кніга В. Я. Ляшук-Зарэцкай і Г. М. Снітко “Літаратурная Берасцейшчына”. Названыя выданні былі вельмі высока ацэнены літаратурнай, навуковай і культурнай грамадскасцю рэспублікі, што адлюстравана ў вялікай колькасці станоўчых рэцэнзій у СМІ. А кнігу “Літаратурная Берасцейшчына” адзначыў міністр інфармацыі У. В. Русакевіч як узор для стварэння падобных выданняў ва ўсіх абласцях рэспублікі. У перспектыве супрацоўніцтва – выданне шэрагу кніг, якія істотна і якасна папоўняць ядро краязнаўчага фонда масавых і ведамасных бібліятэк Брэстчыны. Акрамя таго, гэта дазволіць яшчэ раз заявіць на рэспубліканскім узроўні аб нашай вобласці як аб самабытным і багатым у літаратурным стаўленні краі.