Сённяшняя госця Беларускага радыё Рацыя — Аліна Нагорная, праваабаронца і моўная актывістка. Яна распавядае пра перавыданне па-расейску і па-ангельску сваёй кнігі «Мова 404». А таксама пра праваабарончую дзейнасць і беларускую адукацыю за мяжой.
Размаўляе з ёй наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч.
РР: Ваша кніга «Мова 404» выйшла па-расейску, камусьці гэта можа падасца нават дзіўным. Распавядзіце для чаго гэта было зроблена і разам з тым пра прэзентацыі, якія ўжо адбыліся.
Аліна Нагорная: Гэта было зроблена таму, што большасць людзей, якія нас дыскрымінуюць па моўнай прыкмеце, якраз-такі карыстаюцца расейскай мовай. У шматлікіх выпадках толькі расейскай мовай, і яны не маглі б даведацца пра моўную дыскрымінацыю нейкім іншым шляхам, акрамя як на расейскай мове. Таму што калі ты, напрыклад, жывеш у Беларусі і карыстаешся толькі расейскай мовай, ты ніколі не сутыкнешся з ніякімі перашкодамі ў плане моўнай дыскрымінацыі. Таму што ў Беларусі ўсё створана для чалавека, які карыстаецца расейскай мовай, і гэта факт. Таксама іншая мэтавая аўдыторыя гэтай кніжкі – гэта людзі, якія жывуць у Расеі. Таму для мяне вельмі важна было правесці прэзентацыю ў расейскай прасторы. Тут, у Вільні ёсць «Рэформ-спэйс» – гэта прастора, дзе сустракаюцца расейскія журналісты, актывісты, розныя грамадскія дзеячы. І для мяне было важна правесці прэзентацыю менавіта там.
РР: Якія былі водгукі, цікава, як расейскамоўныя людзі і расейцы па нацыянальнасці адгукаюцца і ці разумеюць яны праблему?
Аліна Нагорная: Мне вельмі цікава, што насамрэч расейцы разумеюць праблему, таму што расейцы, якія дэмакратычных поглядаў, якія супраць вайны і супраць падняволення іншых народаў і гэтак далей, яны разумеюць, што Беларусь – гэта асобная краіна. Я памятаю нават цікавы выпадак, ён не тычыцца гэтай прэзентацыі, ён адбыўся раней, калісьці быў фэст «Віва Браслаў», ён і зараз ёсць, але калісьці на гэтым фэсце была такая пляцоўка з беларускімі ініцыятывамі. І я таксама там была. І там кожная ініцыятыва прапаноўвала сваю актыўнасць. І я прапаноўвала падпісаць зварот за тое, каб квіткі на беларускай мове з’явіліся на беларускай чыгунцы і таксама, здаецца, за шыльды, я не памятаю ўжо ў якім горадзе, на беларускай мове. І там было шмат расейцаў, і яны вельмі ахвотна падпісваліся, яны адразу разумелі. А шмат хто з беларусаў запытвалі, а навошта гэта трэба, мы ж разумеем па-расейску і г.д. Таму насамрэч мяне не здзіўляе, што расейцы добра рэагуюць на кніжку, бо сапраўды яны разумеюць, што гэта асобная краіна.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Аліна Нагорная нагадвае — справа захоўвання беларускай ідэнтычнасці і мовы ў руках кожнага, прасцей за ўсё для вялікай справы зрабіць першы маленькі крок і пачаць з сябе і сваёй сям’і.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: hrodna.life