- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
...Быкаў сьмяецца ў трубку і кажа: «Ну, калі я вам яшчэ не надакучыў, калі ласка — прышлю». Праз пару дзён пошта прыносіць цяжкую капэрту з новай прыпавесьцю, у лісьце абавязковая прыпіска: «Перадайце прывітаньне вашым мілым дзяўчатам і хлопцам, якія так хораша чытаюць...» У 1965-м супрацоўнікі радыё выдалі ў Мюнхэне аповесьць «Мёртвым не баліць». І вось мы зноў выдаём кнігу Быкава. Шмат гадоў нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама меркаваньнямі, ацэнкамі й прагнозамі. Пераважна гэта былі невясёлыя прагнозы, але Быкаў не пагаджаўся, што гэта пэсымізм. Сьвечка надзеі ніколі ня гасла ў ягоных выступах. І ў рэдакцыйных сьценах ён запомніўся заўсёды з прыязнай цёплай усьмешкай, — мы спадзяёмся, ён пачуваў сябе на «Свабодзе» добра і лёгка, сярод сяброў. Апошнія месяцы мы мелі шчасьце сустракацца часьцей — у прагулках па Празе, на імпрэзах, у вулічных кавярнях, дома. І ў шпіталі. За тоўстымі сьценамі «Свабода» лавілася дрэнна, мы прынесьлі яму магнітафон, і ён атрымліваў навіны зь Беларусі ў запісе. Быкаў слухаў «Свабоду» даўно, але пасьля таго, як жыцьцё ў Менску стала нясьцерпным і пачаўся апошні вандроўны пэрыяд ягонай творчасьці, ён не расставаўся з караткахвалевым прымачом. Мы рабілі праграму, ведаючы, што яе будзе слухаць Быкаў. Мы так і будзем рабіць надалей, Васіль Уладзімеравіч. (Аляксандар Лукашук, Радыё Свабода, Прага)