Чаму жыхары Віцебска не хочуць на «Славянскі базар»
2020-07-16 14:44
Увечары 16-га ліпеня мае адбыцца ўрачыстае адкрыццё 29-га Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
У гэтым годзе ён будзе значна карацейшы: усяго 4 дні замест 10-11-ці, як бывала ў ранейшыя гады. Скараціць праграму было вырашана праз эпідэмію каронавірусу.
Шматлікія жыхары Віцебска лічаць, што ў складанай эпідэміялагічнай абстаноўцы фестываль можна было б перанесці на іншы час альбо ўвогуле не праводзіць, бо людзі страцілі да яго цікавасць:
– Там жа няма нармальных груп сёлета! Усе нармальныя групы адмовіліся сюды ехаць, па-мойму.
– Я на такія імпрэзы не хаджу, для мяне нічога там цікавага няма!
– Ва ўмовах пандэміі, калі валанцёры збіраюць маскі, калі іншыя краіны дасылаюць нам гуманітарную дапамогу, гэта ўсё не вабіць.
Жыхары Віцебска адзначаюць і тое, што на канцэрты «Славянскага базару» гледачы часта ходзяць па прымусу:
– Ён, напэўна, ужо нікому не цікавы. Вядомыя факты, што людзей прымушаюць набываць квіткі, і гэта ганьба!
– Цяпер во, калі ў нас пандэмія, каронавірус віруе, людзі паміраюць, па дзяржаўных прадпрыемствах раздаюць квіткі, каб людзі ішлі –масавасць стваралі. Жонка прыйшла, кажа: «Мне далі 50 квіткоў. Куды хочаш, туды і падзень!»
Ніякіх асаблівых мераў засцярогі ад каронавірусу для наведнікаў «Славянскага базара» не прадугледжана. Хіба што наведнікам канцэртаў забаранілі падыходзіць да сцэны і дарыць артыстам кветкі.
Замест таго, каб купляць букеты, ахвотным прапануюць пералічваць грашовыя сродкі на рахунак дзіцячага дома ў райцэнтры Сянно Віцебскай вобласці.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск