Чарнуха едзе ў Беласток
2025-10-15 10:00
18 кастрычніка ў Беластоку адбудзецца сустрэча з беларускім журналістам і публіцыстам Аляксандрам Чарнухам, вядомым таксама як «міністр сепультуры».
Падчас сустрэчы аўтар распавядзе пра свае апошнія праекты, развагі пра сучасную Беларусь і ролю іроніі ў час крызісу.
- Еду са сваёй кнігай «Гвалт». Я з ёй ужо вандраваў шмат па розных краінах і гарадах, але да Беластоку яшчэ не даязджаў. Таму буду распавядаць пра яе, чытаць апавяданні з кнігі, будзем абмяркоўваць яе.
Па словах Аляксандра, ён таксама прадставіць і зусім новы праект:
- Мой новы праект на Ютубе — гэта сапраўды даволі складаная шматхадовачка. Праз гэты праект хочацца паказаць, што Беларсь — гэта не пра геаграфічныя межы, яна там, дзе мы, адбываецца. І не важна, дзе мы зараз знаходзімся. Мы ўсе беларусы і маем права глядзець сваё, слухаць сваё, размаўляць са сваімі. Таму мы прыдумалі такую серыю анлайн-канцэртаў беларускіх музыкантаў.
Сустрэча з Аляксандрам Чарнухам адбудзецца ў хабе «Новая Зямля» 18 кастрычніка а 18-й гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Аляксандра Чарнухі