Роўна чатыры гады таму, 14 ліпеня 2021 года, былі затрыманыя вясноўцы Уладзімір Лабковіч, Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч. У чацвёртую гадавіну іх адвольнага затрымання Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) разам з ніжэйпадпісанымі арганізацыямі заклікае беларускія ўлады паважаць вяршэнства права і неадкладна і безумоўна вызваліць усіх сябраў ПЦ «Вясна», а таксама ўсіх іншых праваабаронцаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай у Беларусі з парушэннем міжнародных стандартаў.
Парыж-Жэнева, 14 ліпеня 2025 г. Мінуў ужо чацвёрты год з моманту адвольнага зняволення лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру і старшыні «Вясны» Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча і юрыста «Вясны» Уладзіміра Лабковіча. Іх затрымалі 14 ліпеня 2021 года падчас беспрэцэдэнтнай хвалі рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі. 3 сакавіка 2023 года яны былі асуджаныя на 10, 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна — на падставе сфабрыкаваных і палітычна матываваных абвінавачванняў. На момант публікацыі яны ўсё яшчэ ўтрымліваюцца пад вартай, знаходзячыся ў цяжкіх умовах ды зведваюць жорсткае абыходжанне. У прыватнасці, сітуацыя з Алесем Бяляцкім выклікае сур’ёзную трывогу: яго камунікацыя з сям’ёй нестабільная — у апошні раз яго жонка атрымлівала ад яго ліст у снежні 2024 года, і цалкам верагодна, што яе лісты да яго не дайшлі. Таксама няма ніякіх сведчанняў таго, што ён атрымлівае дастатковую і своечасовую медычную дапамогу ў сувязі са сваімі хранічнымі захворваннямі, што выклікае сур’ёзныя асцярогі з нагоды пагаршэння яго здароўя праз умовы турэмнага зняволення.
Жорсткія рэпрэсіі супраць Праваабарончага цэнтра «Вясна» — адной з ключавых праваабарончых арганізацый, што ўжо даўно знаходзіцца ў авангардзе беларускага праваабарончага руху, — выклікаюць глыбокую занепакоенасць. Чатыры яе сябры застаюцца за кратамі. Ціск на арганізацыю і яе прадстаўнікоў з’яўляецца часткай маштабных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, што ўзмацніліся пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Пасля гэтых пратэстаў улады ліквідавалі ўсе праваабарончыя і іншыя незалежныя арганізацыі — у краіне не засталося ніводнай легальна дзейнай праваабарончай НДА.
Паводле стану на 2 ліпеня 2025 года, у Беларусі з палітычных прычын адвольна зняволеныя 1164 чалавекі. Сярод іх — Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, а таксама Марфа Рабкова, асуджаная амаль на 15 гадоў, і Наста Лойка, сузаснавальніца арганізацыі Human Constanta, якая адбывае сем гадоў зняволення. Усе яны сталі ахвярамі пераследу, жорсткага абыходжання і/або катаванняў, былі пазбаўленыя доступу да адвакатаў. Паводле платформы SOS-Defenders, па-ранейшаму адвольна затрыманыя як мінімум 38 работнікаў медыя, 6 юрыстаў і 27 прафсаюзных актывістаў.
Падпісанты заклікаюць беларускія ўлады гарантаваць у любых абставінах фізічную недатыкальнасць і псіхалагічны дабрабыт Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Марфы Рабковай, а таксама ўсіх астатніх адвольна затрыманых праваабаронцаў і неадкладна і безумоўна вызваліць іх.
Мы асуджаем рэпрэсіі ў Беларусі, якія працягваюцца, і падкрэсліваем, што палітычна матываваныя, адвольныя пераследы і жорсткае абыходжанне з праваабаронцамі ў Беларусі мусіць спыніцца. Мы таксама заклікаем да міжнароднай адказнасці ды неадкладнага спынення ўсіх формаў палітычна матываванага пераследу, уключна з эскалацыяй транснацыянальных рэпрэсій, накіраваных супраць беларускіх праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасці агулам, як у Беларусі, так і за мяжой.
Нарэшце, мы заклікаем улады Беларусі забяспечыць умовы, у якіх праваабаронцы могуць ажыццяўляць сваю законную дзейнасць, не асцерагаючыся рэпрэсій, без любых абмежаванняў або прымусовага выгнання.
Падпісанты:
Антыдыскрымінацыйны цэнтр «Мемарыял» (ADC Memorial)
Анаіс Марэн, былая Спецдакладчыца ААН па правах чалавека ў Беларусі (2018–2024)
ARTICLE 19
Беларуская асацыяцыя журналістаў
Беларускі Хельсінскі камітэт
Цэнтр грамадзянскіх свабод (Украіна)
Citizens’ Watch
Інстытут грамадзянскай супольнасці (Арменія)
Europäischer Austausch gGmbH
Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары (European Platform for Democratic Elections)
Expert Forum
FIDH (Міжнародная федэрацыя за правы чалавека), у рамках Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў
Front Line Defenders
Helsinki Citizens Assembly- Vanadzor
Human Rights Center (Грузія)
Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Human Rights House Foundation
Human Rights Movement Bir Duino-Kyrgyzstan
Human Rights Watch
ILI Foundation (Казахстан)
Institute for Public Environment Development
International Bar Association’s Human Rights Institute (IBAHRI)
International Society for Fair Elections and Democracy (ISFED)
Kazakhstan International Bureau for Human Rights and Rule of law (KIBHR)
Lawtrend
Legal Initiative
LIBERECO — Partnership for Human Rights
Memorial Human Rights Defense Center
Memo98
Netherlands Helsinki Committee
Norwegian Helsinki Committee
Östgruppen
OMCT (World Organisation Against Torture), within the framework of the Observatory for the Protection of Human Rights Defenders
Беларускі ПЭН
People In Need
Political Accountability Foundation
Promo-LEX
REDRESS
Respect-Protect-Fulfill
Right Livelihood
Transparency International Anticorruption Center Armenia