- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Песьні Камоцкага заўжды вызначаліся сваёй інтэлігентнасьцю. Ён нават не пяе, а лагодна нашэптвае пад гітару свае вершы і зачароўвае сваімі мэлёдыямі. Гэты дыск — не вынятак, але на ім паўстае не Камоцкі-бард. “Дах” — музыка іншага гатунку, яна хіліцца ўжо ў бок шансону. У музычнай афарбоўцы альбому ўзялі ўдзел музыкі з WZ-orkiestra, гітарыст Алег Змушка (ён звычайна падыгрывае беларускім папсавікам), Юлія Глушыцкая (яе віялянчэль гучэла ў “Новым Небе”), Валер Башкоў (Kriwi, “Сястра”) ды іншыя. У выніку і без таго прыгожыя запамінальныя песьні Камоцкага расквітнелі яшчэ болей! У агульным настроі “Дах” паўтарае “Паравіны году” Вайцюшкевіча. Гэта песьні задуменнага дзівака, які любіць бязмэтна паблукаць па вулках; магчыма, што ў яго ўсё ў жыцьці добра, але ён, пэўна, знойдзе, зь якой нагоды пасумаваць-паразважаць: “Проста — убачыць неба, цяжка — у яго паверыць”. На дыску пераважаюць баляды, павольныя і ўдумлівыя, як “Марыльцы” — пра прыход “спрасоньня непрыбранай вясны” ці прысьвячэньне “Гораду”, у якім лірычны герой Камоцкага адпрошваецца дамоў. Рытмічная і вясёлая песьня на дыску толькі адна — “Птушкі”. “Дах” можна аднесьці да катэгорыі “Дыск для ўсіх”. Такая музыка не раздражняе нікога. С. Будкін, “Наша Ніва”