Дакументальная проза Ганны Комар
2024-03-01 20:44
Выдавецтва Skaryna Press выпусціла кнігу дакументальнай прозы Ганны Комар “Калі я выйду на волю”, якая апісвае дзевяць дзён, якія паэтка прабыла ў зняволенні ў 2020 годзе. Гісторыя раскрываецца праз дзённікавыя запісы самой аўтаркі і аповеды тых, хто зазнаў гвалт і арышт у той час, і блізкіх людзей, якія падтрымлівалі зняволеных.
“Гэта кніга — напамін пра найлепшых нас, смелых і аб’яднаных высокімі ідэямі. Мы такімі былі — і мы такімі застаёмся”, — піша Комар у эпілогу.
Адметнасць кнігі — дызайн ад Одрэн Аліны (Odren Alina). Гісторыі, расказаныя іншымі, перададзеныя амаль без знакаў прыпынку, а на месцы паўзаў — доўгія прабелы, якія перадаюць асаблівасці маўлення і эмацыйны досвед. Паколькі тэкст насычаны перажываннямі, дызайн кнігі стварае шмат паветра, каб чытач ці чытачка пачуваліся вольна, пачуваліся ў бяспецы.
Мовы кнігі — беларуская і расійская (з рэдкімі англамоўнымі ўстаўкамі), бо гэта не толькі мастацкі твор, але і дакумент свайго часу.
Дзякуючы падтрымцы Еўрапейскага Саюза ў межах праекта EU4Culture усе сродкі ад продажу будуць накіраваныя на дапамогу рэпрэсаваным людзям з Беларусі.
Прэзентацыі кнігі з удзелам аўтаркі і дызайнеркі пройдуць у Варшаве (12 сакавіка, 19:00, FBС), Беластоку (14 сакавіка, 18:30, хаб «Новая зямля») і Вільні (16 сакавіка, 16:30, Віленскі беларускі музей імя І. Луцкевіча). У пачатку красавіка кнігу можна будзе набыць (ці забраць замоўлены асобнік) у Грузіі.
А таксама падтрымаць праект і замовіць кнігу можна праз
ko-fi.com.