Дэтэктывы, містэрыя і фантасмагорыя. Хто сёлета мае шанцы на прэмію Гедройця
2025-09-02 21:36
«Мое баба — Діректор морга», «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме», «Гвалт», «Забойства на вуліцы Макаёнка» — назовы некалькіх кніг, якія трапілі ў доўгі сьпіс галоўнай літаратурнай прэміі Беларусі. Пагаварылі пра адметнасьці прэміі зь літаратуразнаўцам і з драматургам.
Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця — незалежная ўзнагарода, якую ўручаюць штогод з 2012-га за найлепшую кнігу прозы па-беларуску, выдадзеную ў папярэднім годзе.
Сёлета на прэмію пададзена 19 твораў. У доўгі сьпіс трапіла 13 (замест традыцыйных дванаццаці, бо за 12-е і 13-е месцы сябры журы аддалі роўную колькасьць галасоў пры паўторным галасаваньні).
Доўгі сьпіс — «чортаў тузін»
«Мое баба — Діректор морга» — Вольга Аполька (Голя з Ополя) (самвыдавецтва);
«Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» — Вольга Вялічка (выдавецтва Gutenberg Publisher);
«Вольнеры. Бясконцы дзень» — Валер Гапееў (выдавецтва «Янушкевіч»);
«Гульні Цырцэі. Раман» — Зьміцер Дзядзенка (фонд Kamunikat. org);
«Занзібар. Сталеньне маладой душы» — Сяргей Дубавец (выдавецтва «Вясна»);
«Стрыжэ і піша» — Сяргей Календа (выдавецтва Gutenberg Publisher);
«Перамена месцаў» — Югася Каляда (выдавецтва «Пфляўмбаўм»);
«Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» — Аляксандар Лукашук (выдавецтва «Вясна»);
«Апошняе пакаленьне» — Макар (выдавецтва «Янушкевіч»);
«Жыцьцё ў дванаццаці апавяданьнях» — Аляксей Правалоцкі (выдавецтва «Янушкевіч»);
«Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — Анка Упала (выдавецтва Alena Kazlova);
«Гвалт» — Аляксандар Чарнуха (выдавецтва «Янушкевіч»);
«Забойства на вуліцы Макаёнка» — Клёк Штучны (аўдыявыдавецтва Audiobooks. by і выдавецтва «Янушкевіч»).
Кнігі, выдадзеныя за мяжой
Адметнасьць сёлетняга адбору — сябры журы вырашылі дапусьціць да ўдзелу аўдыёкнігі. Гэта «Забойства на вуліцы Макаёнка», аўтар Клёк Штучны. У
Audiobooks.by спачатку выйшла аўдыёвэрсія, пазьней у выдавецтве «Янушкевіч» зьявілася і друкаваная.
Пра іншыя адметнасьці сёлетняй прэміі імя Ежы Гедройця пагаварылі зь сябрам журы
Сяргеем Кавалёвым — літаратуразнаўцам, драматургам, загадчыкам катэдры славянскага літаратуразнаўства Люблінскага ўнівэрсытэту імя Марыі Складоўскай-Кюры, галоўным рэдактарам навуковага часопіса
Studia Białorutenistyczne.
Сяргей Кавалёў заўважае, што апошнімі гадамі істотна скарацілася колькасьць кніг, пададзеных на прэмію. Калі ў 2012-19 гадах іх бывала да 50, то ў 2023 было ўжо толькі 15.
«Аднак сёлета ёсьць рост у параўнаньні з той крытычнай лічбай. Сёлета пададзена 19 кніг. Але агульная тэндэнцыя — усе гэтыя кнігі выдадзеныя па-за межамі Беларусі: у Польшчы, Чэхіі, Літве выдавецтвамі „Янушкевіч“, Gutenberg, „Вясна“, „Пфляўмбаўм“.
Ня думаю, што беларусы сталі менш пісаць, беларусы сталі менш выдаваць. Кожную справу можна разглядаць палітызавана, і гэта залежыць не ад пісьменьнікаў, а ад выдавецтваў. Іх вельмі мала засталося ў Беларусі. І для іх гэта небясьпечна — удзельнічаць у конкурсе. Так ці інакш, я канстатую факт. На жаль, летась і сёлета ў конкурсе ўдзельнічаюць кнігі, выдадзеныя за мяжой», — адзначае сябра журы.
Сур’ёзная проза, добрая бэлетрыстыка
З словаў Кавалёва, тэндэнцыя апошніх гадоў — зьмяншэньне колькасьці выданьняў мастацкай прозы. Справу ратавала літаратура «нон-фікшн», а таксама «аўтафікшн» — успаміны, мэмуары і эсэістыка. Кавалёў узгадвае, што леташнім пераможцам быў філёзаф Валянцін Акудовіч з сваёй хронікай інтэлектуальнага жыцьця, а раней былі Зьміцер Бартосік, Сяргей Абламейка. Гэты жанр фігуруе і ў сьпісе для сёлетняй прэміі.
«Ёсьць дзёньнік Сяргея Дубаўца „Занзібар“; успаміны Аляксандра Лукашука „Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода“; кніга „Стрыжэ і піша“ на падставе ўласнага дзёньніка Сяргея Календы; да „аўтафікшн“ можна аднесьці кнігу Анкі Ўпалы „Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў“», — пералічвае сябра журы.
Прэзентацыя кнігі былога дырэктара Радыё Свабода Аляксандра Лукашука "Там, дзе няма цемнаты", Вільня
Яго вельмі радуе, што сёлета зьяўляецца ўсё больш сур’ёзнай прозы, добрай бэлетрыстыкі.
«Прычым гэта проза розных паджанраў: гістарычны дэтэктыў „Гульні Цырцэі“ Зьмітра Дзядзенкі і сучасны дэтэктыў-містэрыя „Забойства на вуліцы Макаёнка“ Клёка Штучнага, фэнтэзі Валерыя Гапеева „Вольнеры. Бясконцы дзень“, традыцыйная рэалістычная проза „Жыцьцё ў дванаццаці апавяданьнях“ Аляксея Правалоцкага, фантасмагорыя „Гвалт“ Аляксандра Чарнухі, „Перамена месцаў“ Югасі Каляды.
То бок мы бачым, што нарэшце і мастацкая проза — а яе ў першую чаргу чытаюць — досыць шпарка разьвіваецца. Іншая рэч, што гэта кнігі рознай якасьці, рознага ўзроўню, але мы бачым папаўненьне жанру прозы, а ня толькі дакумэнтальнай літаратуры», — тлумачыць Сяргей Кавалёў.
І адзначае, што ў конкурсе ўдзельнічаюць як знаныя аўтары (Валер Гапееў, Югася Каляда, Зьміцер Дзядзенка), так і маладыя: Макар, Аляксандар Чарнуха.
«Назіраем зьмену пакаленьняў і кантынуацыю гэтых традыцый. Ну і самае галоўнае, мне здаецца, — з кніг доўгага сьпісу кожны чытач у залежнасьці ад сваіх упадабаньняў знойдзе некалькі цікавых пазыцыяў, якія прачытае з прыемнасьцю», — кажа Кавалёў.
Суразмоўца ня першы год уваходзіць у журы прэміі. Гаворыць, што ёсьць кнігі, якія прымаюць амаль аднагалосна, але звычайна ўзьнікаюць канструктыўныя спрэчкі.
«Гэта не матэматыка, ня фізыка, кожны мае сваё меркаваньне. Мы ня проста галасуем — абмяркоўваем, дзелімся думкамі. За апошнія некалькі гадоў я не прыгадаю канфліктаў. Самае галоўнае — каб пасьля галасаваньня не было выпадкаў, каб сябры журы перасталі размаўляць адно з адным, узьнікалі нейкія крыўды, або аўтары перасталі зь імі размаўляць і вітацца. Апошнімі гадамі я не назіраў такіх сытуацыяў», — кажа сябра журы.
Без Бахарэвіча
Некалькі гадоў прэмія Гедройця была для беларускіх літаратараў вельмі прывабнай і ў фінансавым пляне — пераможцу прызначалі 10 тысяч эўра ды творчыя вакацыі на швэдзкай высьпе Готлянд. За другое месца — месячны побыт ва Ўроцлаве, за трэцяе — выданьне кнігі ў Польшчы.
Першым ляўрэатам прэміі імя Гедройця ў 2012 годзе стаў тады яшчэ малавядомы літаратар-пачатковец Павал Касьцюкевіч — за зборнік апавяданьняў «Зборная РБ па негалоўных відах спорту». Больш вядомыя намінанты —
Альгерд Бахарэвіч і
Андрэй Федарэнка — апынуліся па-за сьпісам пераможцаў.
На прэмію ў наступным 2013 годзе было пададзена 43 кнігі. Многія аўтары падалі па два новыя творы: Альгерд Бахарэвіч — «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» і «Шабаны»; Сяргей Календа — «Кантынэнтальны сьняданак» і «Трохлітровая проза»; Людміла Рублеўская — «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» і «Сутарэньні Ромула»; Сяргей Рублеўскі — «Пасьпець надыхацца» і «Сьвятло Лускі»; Андрэй Федарэнка — «Ланцуг» і «Сечка». У 2013 годзе ляўрэатам прэміі Гедройця стаў Уладзімер Някляеў за кнігу «Аўтамат з газіроўкай зь сіропам і без».
Альгерд Бахарэвіч не ўдзельнічае ў прэміі Гедройця з 2018 году
Аднак рэкордным стаў наступны, 2014 год. Тады журы атрымала на разгляд ажно 46 кніг. У 2015-м на прэмію падалі 42 творы. Летась (за 2023 год) пададзена сама менш кніг за ўсю гісторыю прэміі — паўтара дзясятка, у доўгі сьпіс адабраныя 10 твораў.
Звычайна журы абірае ў доўгі сьпіс 12 кніг. У пятым сэзоне (2017 год) у сьпіс трапў «чортаў тузін» кніг. Тады першае месца атрымаў Макс Шчур за кнігу «Завяршыць гештальт», якому выпаў «нешчасьлівы» 13 нумар. Сёлета ў доўгім сьпісе зноў 13 кніг.
У розныя гады пераможцамі прэміі імя Гедройця станавіліся згаданы Макс Шчур" (2016), Зьміцер Бартосік «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017), Ільля Сін Libido (2019), Ганна Кандрацюк «У прысьценку старога лесу» (2022). Атрымлівалі прэмію і «мэтры»: Віктар Казько за «Час зьбіраць косьці» (2015); Уладзімер Арлоў за «Танцы над горадам» (2018); Валянцін Акудовіч за кнігу «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» (2023).
Не ўзялі прызавых месцаў у свой час такія нашумелыя творы, як «Мова» і «Ноч» Віктара Марціновіча, «Радзіва „Прудок“» Андруся Горвата.
Бясспрэчны лідэр у колькасьці прызавых месцаў — Альгерд Бахарэвіч: на ягоным рахунку чатыры другія месцы («Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча», «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча», «Белая муха, забойца мужчын», «Сабакі Эўропы») і адно трэцяе месца («Дзеці Аліндаркі»). Трэба падкрэсьліць важную акалічнасьць: пасьля 2018 году пісьменьнік прынцыпова больш не намінаваўся на прэмію.
Адам Глобус з дачкой Ядвігай Адамчык, архіўнае фота
Адам Глобус падаваў заяўкі на ўдзел 7 разоў, двойчы заваёўваў трэцяе месца. 6 спробаў мае Людміла Рублеўская, у 2017-м яна ўзяла другое месца. Па 4 разы на прэмію намінаваліся Сяргей Дубавец (у 2020-м стаў пераможцам за кнігу «Тантамарэскі»); Вінцэсь Мудроў (дзьве «бронзы»), Андрэй Федарэнка (адно трэцяе месца); Сяргей Абламейка — першае месца за «Невядомы Менск» у 2022 годзе і адно трэцяе).
Ужо чацьвёрты год уручаць прэмію будуць не ў Беларусі. Два гады запар — у 2022-м і 2023-м — урачыстасьці праходзілі ў Варшаве, летась у Гданьску. Мяркуецца, што ў верасьні журы абвесьціць кароткі сьпіс з шасьці твораў, а арганізатары вызначацца з часам і месцам урачыстай цырымоніі.