Другі дзень фестывалю “Прадмова”
2025-10-12 14:08
Другі дзень, 11 кастрычніка, фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» ў Вільні пачаўся з прэзентацыі беларуска-польскага зборніка вершаў Алеся Аркуша «Чаму праўда такая слабая?» і кнігі Змітра Бартосіка «Забіць упалмінзага».
Наведвальнікаў «Прадмовы» зацікавіла назва зборніка Алеся Аркуша. На гэтае пытанне адказвае сам аўтар кнігі:
— Я падумаў, што мушу вершы сабраць пад адну вокладку, і калі я гугліў гэтыя вершы, манітараваў у інтэрнэце і ў сябе ў «Фэйсбуку», я знайшоў верш «Чаму праўда такая слабая?». Калісьці ён даўно друкаваўся ў газеце «Наша Ніва», мо ў дзясятых ці нават нулявых гадах. І мне падалося, што гэты верш вельмі актуальны для сённяшняга часу. І я па назве гэтага верша назваў і кнігу.
Ванда Марцінш душ Рэйш і Алесь Аркуш
Таксама ў праграме другога дня было шмат дыскусій вакол кніг, выдавецтваў і нават пра тое, як творчасць дапамагае перажыць палітычнае зняволенне.
Паводле прадстаўніцы праваабарончага цэнтра «Вясна» Марыны Кастылянчанка, творчасць сапраўды дапамагае людзям за кратамі. Яны пра гэта самі кажуць, калі выходзяць.
Марына Кастылянчанка ў цэнтры
— Актыўна, напрыклад, дзеляцца гэтымі творамі, ці іх прадастаўляюць на выставы. І гэта пра тое, як людзі адгукаюцца на той запыт, каб падзяліцца сваімі творчымі працамі. А па-другое, гэта і пра тое, як супрацоўнікі сістэмы пакарання дзейнічаюць у дачыненні да палітвязняў. Як толькі яны бачаць вось гэтую актыўнасць, што палітвязні малююць, яны пачынаюць наўпрост забараняць людзям маляваць ці, напрыклад, абмяжоўваць іх у часе, каб яны не маглі гэтага рабіць.
«Прадмова» ў Вільні праходзіць на дзвюх пляцоўках. Другі дзень на пляцоўцы клуба «Павільёніс» скончыцца прэзентацыяй аўтабіяграфічнага рамана «Яблык у валізцы» з удзелам аўтара Уладзіслава Наважылава а ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ўвечары пакажуць спектакль
«Сумны суп» тэатра
«Прыехалі» (па творах
Вольгі Гапеевай).
Праграму фестывалю можна паглядзець
ТУТ.
Цалкам матэрыял — у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя