Два беларускія мультфільмы трапілі на круты кінафестываль. Пра што яны?
2020-07-10 20:56
Беларускія мультфільмы "Ласкавы воўк" і "Легенда пра гуслі" трапілі ў конкурс фестывалю анімацыйнага кіно ў Хірасіме.
Арганізатары выбралі гэтыя мульцікі з больш чым 2300 заявак з 84 краін. А ўсяго ў конкурсе 59 работ — паведамляе Еўрарадыё.
Фестываль у Хірасіме — найбуйнейшы форум анімацыйнага кіно ў свеце. Нават проста ўдзельнічаць у ім лічыцца прэстыжным.
Пра што гэтыя беларускія мультфільмы і хто іх зняў?
Стужка "Ласкавы воўк" выйшла ў 2018 годзе на студыі "Беларусьфільм". Наталля Дарвіна-Хаткевіч зняла яе па казцы беларускай пісьменніцы Алены Масла. Гэта гісторыя галоднага ваўка-вегетарыянца з добрым сэрцам. Ён сілкуецца выключна травой, мёдам і гарбатай, але аднойчы зімовы голад становіцца настолькі невыносным, што воўк вырашае ўкрасці барана... Як гэта і прынята ў казках, перамагаюць дабро і сяброўства.
— Сучаснаму свету вельмі патрэбна дабрыня, — так каментуе сваю работу рэжысёр. — Ён задыхаецца ад гневу. Павінна быць такое кіно, пасля якога ты хочаш стаць лепшым, ты хочаш жыць.
Мультфільм "Легенда пра гуслі" рэжысёра Таццяны Кубліцкай — фантастычная гісторыя, як не складана здагадацца, пра гуслі. Хлопчык іх майструе з шчыта і цецівы лука. Усё для таго, каб скончыць вайну і вярнуць дадому бацьку. Пад чароўную музыку ваяры ўспамінаюць родных, пераадольваюць варожасць адзін да аднаго і мірацца.
18-ы Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў у Хірасіме пройдзе з 20 да 24 жніўня. Праз пандэмію фармат форуму абмежавалі: фільмы-пераможцы арганізатары будуць трансляваць анлайн.