Два тамы шчырасці і эксперыментаў ад Макса Шчура. Выданне SayBeat
2025-03-26 20:30
Кніга ўспамінаў лаўрэата прэміі Гедройця (2016) Макса Шчура «Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе» — гэта першая публікацыя новай выдавецкай ініцыятывы SayBeat. Выданне кнігі стала магчымым дзякуючы падтрымцы фундатараў на краўдфандынгавай платформе «Гронка».
Аб'ём кнігі — 440 старонак (першы том) і 490 старонак (другі). «Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе» — гэта белетрызаваная аўтабіяграфія
Макса Шчура, які пазначае жанр кнігі як «мэм-угáры». Спроба зразумець, чым ёсць і як узнікае асобна ўзятае чалавечае «я».
Аўтар не хавае ад чытачоў ніякіх падрабязнасцяў, у тым ліку інтымных. Жыццё продкаў у Буэнас-Айрэсе, дзяцінства часоў «перабудовы» ў Берасці і Карэлічах, sex drugs rock'n'roll і пачуццёвая анархія ў Менску, пошукі сэнсу, грошай і кахання ў Празе і Стакгольме. Максімальна шчырая кніга для сучаснай беларускай літаратуры.
Выданне можна набыць у варшаўскай кнігарні «Кнігаўка».
Макс Шчур — паэт, перакладчык, лаўрэат прэміі Гедройця (2016 г.) за раман «Завяршыць гештальт» і прэміі Юхнаўца за раман «Там, дзе нас няма» (2004 г.) Аўтар шэрагу кніг паэзіі і прозы («Амальгама», «Ліст, знойдзены на папялішчы», «Галасы», «Кінараман»), перакладчык з англійскай, іспанскай, чэшскай і іншых моваў.
Галоўны рэдактар сайту
«Невідочнае места» (2003—2008) і віртуальнага літаратурнага часопіса
«ЛітРаж» (2013—2020).
Пераклаў на беларускую мову фільм «Крымінальнае чытво», у 2008—2020 гг. як перакладчык супрацоўнічаў з «Белсатам».
Мае аўтарскі
ютуб-канал, дзе публікуе свае пераклады песень і развагі пра будызм.
З 1998 года стала жыве ў Чэхіі.