“Дзеці Аліндаркі” Альгерда Бахарэвіча выйшлі па-ўкраінску
2025-12-05 10:00
Раман Альгерда Бахарэвіча «Дзеці Аліндаркі» (2014) выйшаў ва ўкраінскім выдавецтве «Стилос». Пераклад здзейснілі Лэсік Панасюк і Дарына Гладун. Гэта першая кніга Альгерда Бахарэвіча на ўкраінскай мове.
«А ўкраінская мова — чацвертая (ці нават пятая), на якой існуе гэты раман», —
дзеліцца навіной у сацсетках сам аўтар і дзякуе ды віншуе ўсіх, хто спрычыніўся да з’яўлення навінкі.
У 2014 «Дзеці Аліндаркі» выйшлі ў выдавецтве «Галіяфы» ў Менску і атрымалі прэмію «Кніга году» і трэцюю прэмію Гедройця. У 2018 раман выйшаў па-французску ў выдавецтве Le ver a soi ў перакладзе Алены Лапатнёвай пад рэдакцыяй Віржыні Шыманец.
У 2020 — па-ангельску ў перакладзе Джыма Дынглі ў шатландскім выдавецтве Scotland Street Press (з элемэнтамі скотс ад паэткі і перакладчцыцы Пэтры Рыд). У 2022 ангельскі пераклад выдалі ў ЗША New Directions. У 2024 годзе раман па-беларуску перавыдала выдавецтва «Янушкевіч».
Украінскі пераклад з’явіўся пры падтрымцы праграмы Еўразвязу «Дом Еўропы».